Злая зорка
Шрифт:
— Ды гары яна гарам, такая работа! Лепш у Цюмень паеду, лес валіць.
— Дэзерціра мы i там знойдзем. Рашэнне наша аб выключэнні цябе з партыі знойдзе.
Прыціх чалавек: лес валіць не хацелася, кіраваць хацелася.
З такім «сябрам» прыйшлося гаварыць на інтымную тэму.
— Слухай, Яфрэм. Ты з-пад зямлі дастаць можаш?
— Раней мог. Цяпер — не.
— Дрэнна. Па-навуковаму гэта называецца дэгра-да-цыя.
— У народзе гэта прасцей называецца: гаўно дзела.
— Чыё?
— Наша з вамі.
— Ну, тваё — не знаю. А мае — як мае быць. Глядзі, якія рэчы ты павінен дастаць мне, — i падаў спісачак, сачынёны
Калоша глянуў на назву першай пакупкі «футра мутонавае» i лёгенька свіснуў, але вырашыў калупнуць свайго нядаўняга бязлітаснага прабіралу:
— Значыцца, Сінякоў — у Віцебск. А вы куды навастрылі лыжы — у Варкуту ці ў Цюмень, што футра запасці вырашылі?
Пыльчанка не пакрыўдзіўся, засмяяўся — любіў людзей дасціпных i смелых.
— Лапух ты, Яфрэм. I шпільнуць добра не ўмееш. Прачытаў бы далей i варухнуў мазгаўнёй. Дзіцячыя пялёнкі для чаго мне патрэбныя? Нукліды выцерці? Ці на анучы байкавыя? Унук у мяне нарадзіўся! Першы! Знаеш ты, што гэта такое, — першы ўнук?
Ведаў старшыня райспажыўсаюза, бо меў ужо ўнукаў — i першага i другога.
— Ну, калі так, то i з-пад зямлі дастанем. Віншую. Шчыра. Бо веру: цяпер вы падабрэеце.
— Не падхалімнічай. I слухай. Ты ўжо хапаў за парушэнне правіл радыяцыйнай санітарыі. Пастарайся ўзяць на рэспубліканскай базе. Запакуй — хоць у свінец. Але каб стэрыльная чысціня. Усіх тавараў. А то рассцелеш тут перад сваімі бабамі… на нуклідным скразняку… Другая ж месяц спаць не будзе, калі не паглядзіць, што прывезлі для Пыльчанкі. Праверу дазіметрам, будуць брудныя — спішу за твой кошт.
— Добры вы свёкар.
— Не хітруй. Лаўлю я, які ты сэнс укладаеш — свёкар. Сам ты ў якім званні?
— Цесць.
— Цесць, які ўмее грэбсць.
— Куды?
— Не куды, а пад каго. Пад сябе — у першую чаргу.
— Невысокай вы думкі пра нашага брата. Крыўдна.
— Пра цябе высокай. Самай высокай. Не пратрымаўся б ты ў нас дзесяць гадоў. I ордэн табе не павесілі б. Атрымаеш i другі, калі забяспечыш школы чыстым харчам. За школы на літасць не спадзявайся. Не запісваць будзем — спісваць, без доўгіх ушчуванняў.
Калоша цяжка ўздыхнуў.
— Гэта я разумею. Сваіх двое вучняў, у восьмым i дзесятым. A ўнукаў адашлю. Карайце — не карайце… Хоць i настаўніца дачка…
Пыльчанка ўважліва паглядзеў на свайго памочніка ў вельмі цяжкай працы па забеспячэнні раёна прадуктамі, таварамі. Уздыхнуў, успомніўшы, колькі не хапае ix, настаўнікаў.
— Унукаў адсылай. Не пакараем.
Калоша шчыра ўзрадаваўся.
— Во за гэта дзякуй, Уладзімір Паўлавіч. За гэта я такія падарункі нявестцы вашай дастану! З-пад зямлі. Няхай носіць на здароўе.
У хаце горача. Ажно ў нос ударыла духмяная сухмень пасля асенняга халоднага дажджу, які суправаджаў усю дарогу. Сцены яшчэ не атынкованыя, i на суках у бярвенні выступілі слёзы жывіцы. Пахла расплаўленай смалой, пахла свежай сасной — дашчаныя перагародкі, што адгароджвалі кухню i спальні, не паспелі пажаўцець, збудаваныя, можа, тыдзень-два назад. Нагрэтая сасна аддавала ўвесь свой водар. Яшчэ пахла мохам i глінай, пэўна, i грубка не зусім высахла. Хату прывялі да добрага жылога ладу, калі Ірына была ўжо ў раддоме.
Уладзімір Паўлавіч тут жа ацаніў i якасць цяслярскай работы, нават з пэўнай рэўнасцю: ёсць i тут, на Бабруйшчыне, майстры, зроблена не цяп-ляп, па-пустаходаўску, за кароткі i нялёгкі час — у разгар летне-асенняга прыпару. Малайчына, Іван.
Іншае
пачула Вольга Андрэеўна: адвечна хвалююць мацярынскую душу ў любым узросце пахі народ жанага дзіцяці — пахі жыцця i радасці. Задняя палавіна хаты з рускай печчу, куды яны ўвайшлі па-сялянску без стуку, завешаная пялёнкамі, прасцінкамі, коўдрачкамі. I свякроў парадавалася, што бацька падрыхтаваў Ірыне такія ўмовы. З лёгкім смуткам прыгадала, як нялёгка прыходзілася ёй, калі нарадзіўся Барыс i яны жылі на прыватнай кватэры ў малюсенькім пакойчыку, i не было нават дзе пасушыць пялёнкі — адна вузенькая батарэя, ледзь цёплая.Ix ніхто не сустрэў. Але за перагародкай чуліся галасы — Ірынін i Марыі Пятроўны. Не, яны не размаўлялі паміж сабою. Яны размаўлялі з ім — з новым чалавекам. Адвечнае буркаванне галубак над галубяткам. Словы — што песня, у ix мала сэнсу, але многа хвалюючай музыкі. I радасці, i трывогі.
Вользе Андрэеўне нясцерпна захацелася далучыцца да гэтае песні. Уладзімір Паўлавіч кашлянуў; нядобра падслухоўваць нават песню, калі яе спяваюць не табе.
Марыя Пятроўна выглянула з дзвярэй. Не здзівілася — узрадавалася шчыра.
— Якія госці!
Але пацалавалася толькі са сваццяй. На свата як забылася — i рукі не падала. Уладзіміра Паўлавіча гэта развесяліла: разумеў — не ад крыўды гэта i не ад разгубленасці. Ад пачуццяў.
Марыя Пятроўна мітусілася, спяшалася, быццам госці спазніліся.
— Распранайцеся ж, распранайцеся.
I гукала:
— Ірачка! Паглядзі, якія госці да нас!
— Мама! Я ж спавіваю.
— Спавівай, спавівай, дачушка. Свякроў твая…
— Я чую. Добры дзень, мама. Добры дзень, Уладзімір Паўлавіч.
— Віншуем цябе, Ірына! — весела гукнуў свёкар.
— Дзякую. I вас віншую… I вас.
Павесілі паліто на цвікі, убітыя ў бярвенне. Увайшлі ў залу — у самы вялікі пакой, самы абжыты. Пасярод стаяў круглы стол, які рассоўваўся: сям’я — дзевяць душ! У кутку — тэлевізар. Над ім, у прасценку — вялікі Лізін партрэт, каляровы, — як ікона. Партрэт гэты на нейкі час азмрочыў Уладзіміру Паўлавічу радасць… вярнуў туды, дзе адбылася трагедыя i дзе, ведаў, адбудзецца не адна яшчэ. Заселі ў галаве словы аб палескім генафондзе. Ніхто яшчэ, нават з зацятых песімістаў, гэтак не выказваўся, як той чортаў генерал. Успамінаў яго — злосна мацюкаў. Згаджаўся з ім i адмаўляў. Есць рэчы, якія лепш не ведаць ці лепш не чуць ад аўтарытэтаў. Прасцей было б, каб сказаў гэта любы балбатун, выказванні такіх жывуць што матылькі-аднадзёнкі. А ёсць словы, кінутыя часам між іншым, мімаходам, а ляжаць яны пасля цяжкім валуном, калі ніхто больш не чуў ix. А даходзяць да людзей — робяцца крылатымі, i тады ад ix або дабро, або вялікая бяда. Не дай божа, каб паляцелі словы аб генафондзе. Ен баіцца ix паўтараць. Здаецца, толькі Пятру ды Аляксею сказаў. Жонцы не расказаў пра сваю размову з Волкавым.
Добра, што Вольгу, здаецца, не скалануў так Лізін партрэт, як яго. Вольга яўна рыхтуецца ўзяць на рукі першага ўнука: абняла грубку, грэла рукі i грудзі.
Немаўля за перагародкай закугакала. Звычайна, як усе дзеці. Але нават яму, дзеду, скептычна настроенаму да жаночых пяшчот, здалося, што голас унука незвычайны. Засмяяўся.
— Басок мужчынскі. Шаляпінскі. Якое імя дамо?
— Ужо далі,— сказала свацця, задаволеная, што паведаміць прыемнасць, зрабіла паўзу, углядаючыся, з якой увагай чакаюць сваты. — Уладзімір. Па дзеду. Каб быў — як дзед.