Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Урэшце абняла яго, асцярожна, як цяжкахворага. Вельмі хацелася прытуліць яго галаву да грудзей, пацалаваць i сагрэць гэтую страшную лысіну дыханнем, цеплынёй сваёй. Так i падумала — што Глебавай галаве нязвыкла холадна; лысіна ўяўлялася ёй незакрытай ранай.

Знайшла ход: адступіла на крок i сказала гучна, бадзёра — як здолела:

— Ой, я ж не з таго пачынаю. Віншую цябе з сынам, Глебушка. Які хлопчык! Які хлопчык! Каб ты пабачыў. Учора мы пакупалі яго першы раз.

I зноў абняла сына. Пацалавала ў лоб, у адну шчаку, у другую — як перахрысціла.

— Як? У цябе нарадзіўся сын? I ты маўчыш? — весела выгукнуў таварыш па няшчасці,

з якім Глеб гуляў у шашкі,— Ну, жмінда! У дзве гадзіны пашлём Насцю па каньяк. Яна дастане!

— А вам… можна? — наіўна спытала Вольга Андрэеўна.

— Нам, маці, усё можна. Мы геніяльныя сімулянты, як назваў нас адзін вясёлы прафесар. Нашы хваробы не апісаны ні ў якіх трудах. Не дайшла навука да нашых хвароб.

Хлопцы далікатна выйшлі, каб даць маці i сыну пагаварьщь сам-насам. Выйсці было куды: паспешліва створанае радыелагічнае аддзяленне размясцілі ў філіяле рэспубліканскай бальніцы, які будавалі i абсталёўвалі для самых выбраных несмяротных. Мармуровыя холы. Нават зімовы сад. Ідэя філіяла належала Дырэктару, i ён не шкадаваў грошай. Але ён жа i зрабіў шырокі жэст: узваліўшы віну за раскошу на «стрэлачнікаў», аддаў філіял пад лячэбніцу для тых, хто ў зоне аварыі набраў лішнія бэры.

Глеб павесялеў, застаўшыся з маці, староннія людзі яго заўсёды бянтэжылі.

— Як там Ірына?

— Усё нармальна, сынок. Усё нармальна. Ніякіх аслажненняў. Загадала моцна-моцна цалаваць цябе. Ад сябе. I ад Валодзькі.

— Гэта я напісаў, каб дала імя такое. Дзе ён, бацька наш? Выбівае дазіметры? — іранічна пасміхнуўся. — Быццам ў дазіметрах ратунак.

— Ён скора прыйдзе. Да прафесара паехаў.

— На чорта мне той прафесар! Ты не знаеш, колькі ix тут было, прафесароў. Нашых, з Масквы. Аўстрыец быў… Колькі ix на нас абароніць дысертацыю!

Вольга Андрэеўна выкарыстала размову пра прафесароў, каб перавесці размову на яго самаадчуванне, пра што хацела спытаць у пачатку сустрэчы, але вырашыла перш-наперш падарыць яму радасць — віншаванне з сынам, Ірыніны пацалункі.

— Ну, як ты, сынок?

— Нічога, мама. Толькі вось, — i пагладзіў лысіну. — Іра не пазнае.

— Ад чаго гэта, Глебушка?

— А хто знае! Навука не дайшла, як кажа Павел Целеш. ён з нашага раёна, трактарыст з «Партз’езда». Сеяў у той дзень. I на другі. I на трэці. Гналі план да Мая. Вось так i гналі планы, — Глеб як адводзіў размову ад сябе. Але маці вяртала да таго, што, разумела, яму баліць, трывожыць.

— А пра Ірыну не думай так. Ірына — ты знаеш, якая яна! Праводзіла мяне — абняла i кажа: «Перадайце Глебу, што я вельмі-вельмі люблю яго». Яна прыедзе да цябе…

— Дзіця кіне… — шчыра запярэчыў малады бацька.

— Нічога дзіцяці не здарыцца з такой бабуляй, як Мар’я Пятроўна. Не на тыдзень. З Віктарам на «Жыгулях» яго — паўдня адлучкі. Дай ёй толькі трошкі акрыяць. Напішы, каб грудзі закрывала. Каб масціт не нажыла.

Хораша было з маці. Шырокай паводкай плыла размова. Легка пераходзілі з тэмы на тэму. Успаміналі толькі даўняе былое — радаснае, вясёлае.

Глеб ажыў.

Страх смерці, моцны, стрэсавы, ён перажыў аднойчы, кал i там, на станцыі, страціў прытомнасць i апрытомнеў у машыне «хуткай дапамогі». Вось там i ўдарыў ён, гэты страх, так, што ўспамін пра яго вострым болем адгукаецца ў галаве i цяпер. Але, дзякуй богу, гэта здараецца рэдка, часам у бяссонныя ночы. Пераехаўшы ў чысты горад, жывучы бадай што ў шчасці — з маладой жонкай, якая чакала дзіця, ён пачуваў сябе нармальна. Пакуль зноў не самлеў на нарадзе ў дырэктара

цеплацэнтралі. На гэты раз не спалохаўся, Ірыне не прызнаўся, але параду свайго ўрача вьксанаў: тэрмінова ехаць у Мінск, у радыелагічны цэнтр. Думаў, на тыдзень, два, як у Кіеве. Валяецца паўтара месяца. Сумуе ад бяздзейнасці. Ад яе ж, пэўна, слабее i фізічна, пагружаецца, як у сон, у нейкую брыдкую апатыю, калi мала што цікавіць. Паспаў, паеў, схадзіў на працэдуры, пагуляў… Мімаволі робішся хворым, хронікам.

Іншыя шумелі, лаялі начальства, выказвалі прэтэнзіі ўрачам, сварыліся з сёстрамі. Глеб ні на кога злосці не меў. Ён заўсёды быў добры. А тут, у бальніцы, яшчэ больш падабрэў. Сябры па няшчасці лаялі яго за такую дабрадушнасць, лагоднасць — за талстоўства, як сказаў адзін інтэлектуал. Добра яшчэ, што ніхто з ix не думаў, што ён прытворшчык, сімулянт; адукаваныя парабіліся, разумелі, што радыяцыя дае самыя загадкавыя сімптомы сапраўды, можа, нявывучаных хвароб. Адзін зрабіўся буйны, агрэсіўны, ударыў сястру, яго ізалявалі. А Пыльчанка вось такі: усё больш ляжыць, глядзіць у столь, пагаварыць лішне лянуецца, пагуляць у шашкі — не падняць.

Каб Вольга Андрэеўна ведала, як Глеб змяніўся з яе прыездам, — во парадавалася б!

Уладзімір Паўлавіч яшчэ з дому пазваніў былому міністру аховы здароўя, доктару медыцыны, які ў першыя пасляаварыйныя тыдні тройчы наведваў раён i з якім ён амаль пасябраваў; было штосьці агульнае ў ix характарах. Папрасіў: калі не сам ён, то няхай хтось з яго калег, блізкіх да падобнага захворвання, паглядзіць Глеба i скажа — не хвораму! — яму, бацьку, усю праўду, нават калі яна i жорсткая.

— Прыязджай, штось прыдумаем, — паабяцаў прафесар.

Абяцанне выканаў. Прывёз з сабою ажно двух спецыялістаў.

У палату ўваліўся цэлы натоўп: трое прафесароў, галоўурач, лечачы ўрач, дзяжурная сястра. Пыльчанка. Занялі сваё месца хворыя — ляглі на ложкі. З суседніх палат ціснуліся паслухаць такі прадстаўнічы кансіліум, але перад імі зачынілі дзверы. I хворыя ў калідоры выказваліся аб прафесарах не вельмі пахвальна. Асабліва чамусьці не любілі анколага — сівую жанчыну, якая часта наведвалася сюды. Да характару яе прэтэнзій не мелі — бабуля як бабуля, не любілі пэўна з-за страху перад хваробай, бо ўсе лічылі, што апрамяненне абавязкова канчаецца ракам, а гэтую заразу лячыць не ўмеюць; таму i не любілі прафесаршу, што пераконаны былі — i яна не ўмее.

Вольга Андрэеўна ведала, што муж паехаў па прафесара, але столькі ўрачоў спалохала яе. I Глеб, яе ціхоня Глеб, які заўсёды вызначаўся далікатнасцю ў адносінах з людзьмі, быў незадаволены. Адразу вызначыў, хто старэйшы ў кансіліуме, i сказаў Мікалаю Яўменавічу:

— Вам не здаецца, прафесар, што вы ператвараеце нас у паддоследных трусоў?

— А ты хочаш быць толькі героем? Не, брат, пабудзь i трусікам. Героем ты ўжо быў.

— Які я герой!

Гісторыю хваробы праглядалі ўсе трое, ссунуўшы ў букет тры белыя шапачкі.

Першым круціў Глеба ўролаг, мацаў i стаячага i ляжачага, стукаў кулакамі ў ныркі.

— Баліць?

— Не.

— Герой!

Пры гэтым проста непрыстойна дапытваўся:

— Мочышся без болю?

— Нармальна.

— Жонку сніш?

Добра, што выручыў жартаўнік Павел Целеш:

— Доктар! Вы думаеце: на здароўе, калі сніш уласную жонку? Не-е! Во калі чужых баб сніш — гэта на здароўе. Як сасніў — лічы, ачуняў, уцякай з бальніцы.

Рассмяшыў нават прафесара-анколага, якая наўрад ці калі ўсміхнулася пры хворых.

Поделиться с друзьями: