Ахвяры
Шрифт:
«Цімох, хачу зрабіць табе падарунак. Ад жывога адрываю. Але для добрага сябра нічога не шкадую. Канешне, парачку скрынак патронаў ты не пашкадуеш. Не як плату. Як удзячнасць. Пакідаю табе групу Золатава. Арлы! Рвуцца ў Мінск. Выведзі іх на падпольшчыкаў».
Дзядзюля прыжмурыў хітрыя вочкі пад чорнымі кашлатымі брывамі. I раптам без усмешкі паказаў кукіш.
«На, адкусі хвосцік. Цалуй сам сваё золата».
«Кулак ты, Цімох».
«Чаму гэта я кулак? Кулак грабе пад сябе».
«Але раздае дулі».
«Во няпраўда! Гэта ганарысты бядняк круціць фігі ва ўсе бакі. А добры
Сарвалася акцыя. Любоў не загарэлася і з другога боку. У дарозе Аляксей Іванавіч спытаў у Золатава: «Не дамовіліся з Цімохам перайсці да яго?» — «А нам і ў вас добра».
Мабыць, пераканаўшыся, што партызаны не прымуць адстаўкі таго, хто арганізаваў атрад, нават і тады, калі будзе такі загад з Масквы (Золатаў ламаў галаву, як атрымаць такі загад), маёр пайшоў у «лабавую атаку». Аднойчы за вячэрай, добра выпіўшы, катэгарычна абвясціў:
«Я старэйшы па званні. Маёр! I камандаваць атрадам павінен я! З Масквой дамоўлена. Цябе, Аляксей Іванавіч, назначаю начальнікам штаба. Навума — камандзірам вучэбнага ўзвода…»
Ашаломлены Ігар падскочыў да столі зямлянкі. Абурыўся. Закрычаў:
«Не маеце права! Гэта узурпатарства! Ні з кім вы не дамаўляліся. Такія справы вырашае не НКУС, а падпольны райком. Як камісар я пратэстую. I зараз жа еду ў райком…»
Брагінскі, таксама ашаломлены, моцна закашляўся. Душачыся кашлем, пачаў умольваць Золатава:
«Якаў Міхайлавіч, вы не падумалі… Не падумалі. Вы новы чалавек. А Ман… ён ужо год камандуе атрадам. А атрад… ці зразумелі вы за такі кароткі час?.. гэта не толькі тыя людзі, што тут, у лесе, гэта і тыя, што ў вёсках. Яны кормяць нас, адзяюць, вядуць разведку… Аляксей Іванавіч — тутэйшы чалавек. Усіх ведае ён, усе ведаюць яго. А вас ніхто не ведае… прыйдзіце вы ў вёску… Хто вас ведае, Якаў Міхайлавіч?..»
А сам камандзір маўчаў. Твар застыў, аледзянелі вочы, не выпраменьвалі ні цяпла, ні іроніі, ні ўдзячнасці сваім маладым сябрам. Толькі, магчыма, у вуснах, што непрыгожа скрывіліся, хацела з’явіцца ўсмешка, але не нарадзілася, амярцвела.
Холад манаўскіх вачэй спалохаў Золатава: усё-такі за Манам семдзесят чалавек, а ў яго, Золатава, чацвёра засталося. Брагінскі і той не падтрымаў яго. Але адступаць ён не ўмеў, задумы заўсёды даводзіў да лагічнага, як яму здавалася, завяршэння. Адказаў Брагінскаму:
«Вось і добра. Начальнік штаба і будзе займацца забеспячэннем атрада. А чым жа яшчэ яму займацца? — і хмыкнуў: — Планіраваць аперацыі? Наступленне на фронце?»
Ціха, але з гневам пагразіў Кіпеню:
«У райком ты можаш ехаць. Але з такім камісарам ваяваць я не буду».
Аляксей Іванавіч падняўся з лаўкі, пацягнуўся ўгору, дастаў рукамі столь, скалупнуў наплыў смалы, панюхаў, задаволены ахнуў.
«Які пах! — і спакойна сказаў: — А навошта шумець? Давайце збяром партыйную групу, і яна скажа, каму камандаваць…»
Ігар засмяяўся: як проста! Мудрэц атаман! Золатаў папярхнуўся салам. Абдало яго халодным ліўнем. Зразумеў, што партызаны — не НКУС. Супраць партыйнай групы тут не выступіш. Як ён не падумаў?
Больш да гэтай тэмы не вярталіся. Але пазней дыпламат і міратворца Ігар аформіў рашэнне райкома аб назначэнні
Золатава начальнікам асобага аддзела двух суседніх атрадаў.Знешне ўсё ішло сваёй чаргой, але ўнутраную напружанасць кожны з чатырох адчуваў. Брагінскаму ўжо не рабіла асаблівай радасці апека Золатава, хоть ён па-ранейшаму быў уважлівы і ласкавы. А Ігар… Цяпер ён не адступаў ад Золатава не ад захопленасці вопытным чэкістам, а таму што з чэкісцкай пільнасцю сачыў за кожным крокам і не скрываў гэтага, нават адважыўся вымавіць за сеансы сувязі без яго. I Золатаў пракаўтнуў вымову ад хлапчука.
Толькі Аляксей Іванавіч ніводным, як кажуць, рухам, ніводным уздыхам не выдаваў свой душэўны стан.
…«Сучок. Брак», — і ўсё. Хамства Золатава — знішчэнне плода яго руплівай працы, — безумоўна, абурыла, але Аляксей Іванавіч і брывом не павёў. Спытаў пра галоўнае, пра тое, што аб’ядноўвае заўсёды:
«А што на франтах?»
Ігара засмуціла, што радыст не сказаў і пяці слоў аб становішчы ў Сталінградзе. Новы радыст, ці што? Але камандзір ведаў, чым жывуць людзі — Сталінградам.
— Давайце пагуляем у стратэгію. Няхай кожны з нас на нейкі момант уявіць сябе Галоўнакамандуючым. Што ён зрабіў бы? Дзе нанёс бы ўдар? У самым Сталінградзе? На Каўказе?
— Галоўнакамандуючы не гуляе, ён думае. Не кожнаму дадзена гэта — думаць так, як таварыш Сталін.
— Так думаць — безумоўна, не кожнаму. Але ў арміі ёсць паняцце: ваенная гульня. Мы яшчэ ў дваццатыя гады гулялі. Усе. Ад камбрыга да камандзіра ўзвода. На карце ствараліся сітуацыі, якія мелі месца на вайне. Брусілаўскі прарыў, абарона Царыцына, марш Тухачэўскага…
— Каго? — Золатаў зрабіў выгляд, што не пачуў.
— Паход на Варшаву ў дваццатым, — спакойна растлумачыў Ман. — Іншыя аперацыі. Мы ведалі іх вынік, але стратэгічнае, тактычнае рашэнне задачы — хто з нас, бязвусых камандуючых, ведаў? Аднак некаторыя, у тым ліку і я — верыце? — давалі такія нечаканыя рашэнні, — што камбрыг наш здзіўляўся. Мне гадзіннік падарыў. Во гэты! — дастаў з кішэні «цыбуліну» «Павел Бурэ», шчоўкнуў крышкай. — Во рэч! Дагэтуль ідзе.
— Стратэгі, — зняважліва хмыкнуў Золатаў. А Брагінскі ахвотна падхапіў гульню:
— Я ўдарыў бы тут, перад намі, на заходнім. Гітлер аслабіў тут сваю групу, кінуўшы сілы на поўдзень.
— Правільна, Навум! А мы ў дапамогу рэйкавы канцэрт арганізавалі б. I бог за нас, дорыць раннюю зіму, — задаволена, быццам наступленне пачалося ўжо, пацёр над печкай рукі Ігар.
— Ранняй зімы не будзе. Гэтая кругаверць ненадоўга.
— У бацькі атамана кажуха няма, — засмяяўся Ігар. — Улетку згарэла камандзірская зямлянка, і ў ёй пагарэла зімовае адзенне.
Золатаў узяў яшчэ адну міску, не новую, з якой елі ўжо.
Брагінскі сцяўся: калі ён зломіць і гэтую, што сказаць яму? На словы асуджэння — не хопіць адвагі. Але змаўчаць — здрадзіць другому чалавеку, камандзіру, якога паважаў больш.
Не, на гэты раз маёр узяў місачку па-ўзбекску, на пальцы, прымерыўся, як бы выпіў з яе.
— Налі, камандзір, — і, можа, упершыюо прызнаўся ў сваім настроі: — Засмягла ў душы.
— А ў мяне ў горле перасохла, — падтрымаў Ігар весела, бесклапотна.