Ахвяры
Шрифт:
Амаль усе арыштаваныя былі адзеты гэтак жа лёгка, як і яны, — у адных пінжаках, нават у сарочках. I гэта, бадай, пры нулявой тэмпературы.
Іх паставілі ў канцы сцяны, воддаль ад тых, каго прывезлі раней. Нешта новае ў метадзе акупантаў. Па расказах тых, хто апынуўся ў турме і каму ўдалося вырвацца ці перадаць вестку на волю, немцы пачынаюць з допытаў, і допыты гэтыя розныя і па сутнасці і па форме — ад захавання, знешне, працэсуальных норм да грубых бесчалавечных катаванняў. Рэжысёр падпольнай дзейнасці Станулін спрабаваў і допыты інсцэніраваць, катаванні ўмоўна, лічыў, што падполыпчыкі павінны рыхтаваць сябе і на подзвіг і на смерць. Але да гэтага ён не дадумаўся — да выпрабавання холадам.
Так, людзей катавалі холадам. Страшнае катаванне. Шабовіч спачатку не
Шабовіч разумеў, як паліцэйскі пакутуе, — ад страху, ад холаду. Яго спробы даказаць сваю вернасць акупантам прысякаліся грубейшым чынам. Падполылчыка гэта і цешыла і насцярожвала.
Чурсік павярнуўся, заскуголіў, закрычаў:
— Я — паліцэйскі! Я — паліцэйскі! Адпусціце мяне! Дайце вашага начальніка! Ён зразумее…
Яму «далі начальніка» — вартавы сунуў дулам аўтамата ў рот, выбіў зуб ды яшчэ і дадаў да гэтага выспятка ў жывот.
— Паварочвайся і маўчы, — ціха параіў Чурсіку швагер, — а то заробіш кулю.
I ўсё-такі гэта татальная аблава, заключыў Шабовіч, бо хоць і нячаста, але прыходзілі машыны з новымі арыштаванымі. Праўда, у верасні везлі на грузавіках, гналі калонамі, рабочых хлебазавода забралі ўсіх начыста. А тут — невялікія групы і толькі на закрытых машынах. Чаму? Каб хоць можна было паглядзець на гэтых людзей, па іх здагадаўся б, каго падбіраюць, а можа, і знаёмых убачыў бы, думаў Шабовіч. Нельга перакінуцца словамі, — урэшце падпольшчыкі ўмеюць нямала сказаць і вачамі, позіркамі. Але ўбачыць новых нельга не толысі з-за асвятлення, але і таму, што не даюць павярнуцца. Людзей гоняць за тваёй спіной, а ты глядзі ў сцяну, не смей нават вачэй скасіць.
Шабовіч не даваў холаду замарозіць свой розум, волю — увесь час нябачна рухаўся і праз гадзіны дзве-тры пераканаў сябе, што чалавек можа вытрымаць і такія выпрабаванні, хоць, як фельчар, добра разумеў, што большасць гэтых людзей атрымае крупознае запаленне лёгкіх, калі іх не вызваляць, а загоняць у гэты каменны мяшок з круглымі вежамі, збудаваны царызмам, ці яшчэ горш — пагоняць у Трасцянец, у халодныя баракі, гэта — смерць. Так памерці не хацелася. Трэба змагацца! З холадам. З фашыстамі. Калі паміраць, дык, чорт вазьмі, з музыкай, такі зарок ён даў сабе, уступаючы ў барацьбу. Але як у такіх вось умовах наладзіць тую «музыку»? Патрымаюць гэтак паўсутак, а вецер робіцца ўсё больш калючы, працінае наскрозь і ў зацішку, — і здубееш, загусцее кроў, і спыніцца «матор». Крыўдна ўвогуле. Крыўдна — дзе схапілі. Не на заданні. За картамі. У паліцая ў доме. Можа, памагчы яму вызваліцца? Ён, Шабовіч, трохі валодае нямецкай. Такім крокам можна заваяваць поўны давер паліцая — на будучае. А магчыма, і зараз палегчыць лёс свой, Іванаў, Хацяновіча: калі паверыць наконт Чурсіка, то іх, напэўна, павядуць на допыт, у цёплы пакой. Але нейкі вышэйшы чалавечы прынцып, гонар не дазволіў зрабіць гэта — ратаваць паліцая і ратавацца праз яго.
Недзе, можа, пад раніцу ў турэмны двор увайшлі цяжкія машыны і асвяцілі фарамі сцяну і людзей каля яе. I адразу пачулася зычная каманда:
— Кру-гом!
Але, мабыць, не ўсе арыштаваныя сцямілі, што каманда гэтая для іх, бо праз шум матораў прагучэла бадай лагоднае:
— Усім павярнуцца ад сцяны да мяне.
Фары асляпілі вочы, але праз хвіліну-другую, адаптаваўшыся да святла, Шабовіч убачыў паўзвода салдат з аўтаматамі на грудзях і асобна ўбаку, з краю строю арыштаваных, групу афіцэраў СД. Але зацікавілі не афіцэры — чалавек у даўгім цывільным паліто і… з чорным, накшталт куклукскланаўскага, капюшонам на галаве;
у тканіне прарэзаны шырокія дзіркі для вачэй.— Правакатар, — уголас сказаў Хацяновіч, як бы жадаючы папярэдзіць усіх, хто мог яго пачуць.
Але так замаскавацца мог толькі той, хто ведае многіх падпольшчыкаў і хто, пазнаўшы арыштаваных, намераны прадаўжаць сваю чорную справу па выяўленні патрыётаў-змагароў. Следам за правакатарам ішоў чалавек у скураным паліто і цывільнай фуражцы.
— Начальнік следчага аддзела паліцыі Сысоеў, — паведаміў пра яго Іван.
У акалелага Шабовіча стала гарачай спіна, застукала ў скронях. Як выкрыць шпіка? Сарваць капюшон? Але хто яго ведае? А калі і пазнае, то хто здолее вырвацца адгэтуль, каб папярэдзіць таварышаў? А між тым правакатар павольна ішоў паўз строй здубянелых людзей і пільна ўзіраўся ў ярка асветленыя твары. I раптам спыніўся і тыцкнуў рукой у чорнай пальчатцы ў грудзі арыштаванаму. Тут жа да яго падскочылі двое ў чорных шынялях, схапілі пад рукі і адвялі бліжэй да аўтаматчыкаў, пасадзілі на зямлю. Салдаты ўзялі аўтаматы напагатоў.
Чорная рука тыцкнула ў другога, трэцяга… Потым адразу ў траіх, што стаялі побач.
Іван Ткачук сціснуў Стасеву руку, прашаптаў:
— Двое — нашы.
Безумоўна, не з батальёна, — адзеты ў цывільнае, з падпольнай групы, якой Іван перадае заданні цэнтра. Вось і яго, Шабовіча, знаёмы — урач трэцяй бальніцы Ананыч; Стась не ведаў, што ён падпольшчык. Але арышт гэтага чалавека разануў сэрца страхам. Не за сябе. За Аксану. Рызыкоўную сувязную з партызанскімі атрадамі не маглі не высачыць. I маглі ўзяць. Калі яна яшчэ не ўзята — папярэдзіць! Але якім чынам? Ці адпусцяць тых, каго не апазналі? Ці адпусцяць Чурсіка? Каб адпусцілі, папрасіць яго перадаць Аксане, дзе ён, і сказаць ёй, напрыклад: «Схадзі да дзядзькі і дзеда». Зразумее: «Ідзі да Дзядзюлі».
Правакатар набліжаўся.
Аднаго з арыштаваных следчы ўдарыў па твары, і таго адвялі ўбок, але не да тых, каго садзілі перад аўтаматчыкамі, паставілі асобна.
Іван зноў сціснуў Стасеву руку, але так — як развітваюцца. Шабовіч не хацеў развітвацца не толькі з таварышам па барацьбе, але і з гэтай злавеснай маскай.
А «капюшон» падышоў і спачатку як бы мінуў іх — Івана і Стася. Але да Чурсіка ступіў следчы і з ходу, з размахам, «адвесіў ляшча», у паліцая ажно матлянулася галава, і ён стукнуўся патыліцай аб сцяну. Турэмшчыкі падхапілі яго пад рукі і адвялі да таго, першага, але, здалося Шабовічу, зрабілі не так груба, як адводзілі тых, што апынуліся пад дуламі аўтаматаў. Аднак не да Чурсіка было. Правакатар ступіў назад і ўгледзеўся спачатку ў Ткачука, потым у яго, Шабовіча. Пільна ўгледзеўся, зацянёныя вочы свяціліся з глыбіні капюшона, як у ката.
Рукой не тыцкнуў ні ў аднаго з іх, ніякага руху, здаецца, не зрабіў, ніякага знаку не падаў, толькі пастаяў даўжэй, чым перад іншымі, даўжэй, чым нават перад тымі, у каго тыцкаў сціснутым кулаком.
Але калі таемны агент адступіў, месца яго заняў афіцэр СД. Ён таксама ўгледзеўся ў іх, як бы запамінаючы твары, і ў вачах яго — ці, можа, Шабовічу здалося? — бліснула радасна азартная ўсмешка, як у паляўнічага, які ўбачыў дзіка.
Калі і эсэсавец пайшоў далей, Іван прашаптаў:
— Я пазнаў яго. У яго няма на правай руцэ вялікага пальца. Заўважыў?
Шабовіч скалануўся. Месяцы тры назад, улетку, у лесе пад Ждановічамі, групе падпольшчыкаў інтэлігентна апрануты чалавек расказваў аб афармленні дакументаў, аб памылках, праліках у гэтай рабоце, аб метадах выкрыцця гэтых памылак акупацыйнымі органамі. Расказваў з веданнем справы, цікава. Аднак сама ідэя сабраць разам пятнаццаць чалавек, многія з якіх не былі знаёмыя, Шабовічу не спадабалася, і ён не ўзяў на пікнік Аксану, нягледзячы на рэкамендацыю Стануліна. Яны былі з Іванам, і той першы заўважыў, што ў інструктара няма пальца. Драбяза. Ці мала ў вайну людзей без пальцаў? Але ім з Іванам гэта чамусьці не спадабалася. Сказалі камандзіру. Той назваў іх спалоханымі варонамі, якія баяцца куста. I вельмі хваліў Клюшава. Вучоны, юрыст, крыміналіст, спецыяліст па падробках, служачы пашпартнага аддзела. Знаходка. Найважнейшыя дакументы ідуць ад яго ці праз яго.