Ахвяры
Шрифт:
«Знаходка! — адразу ўхваліў Піліп Станулін, камандзір групы. — Падбівай клінні».
Але не так гэта проста было нават раскусіць гаваркога электрыка. Сыпаў прымаўкі, але ўсе яны — сухія, без «навару», не тое што пахвальба паліцэйскага: той, каб сцвердзіць, што ён шышка, выдае такія звестачкі, за якія падпольшчыкі дзякуюць. Напрыклад, вераснёўская татальная аблава. Шкада, што позна паліцай выбалбатаў, не ўсіх людзей удалося папярэдзіць. Але яго, Шабовіча, справа не толькі самародкі адкопваць, але збіраць і драбнюткія пясчынкі інфармацыі, і ён гэта ўмеў, яго Станулін нават перастаў браць на дыверсіі — каб захаваць для разведкі.
Нарэшце Хацяновіч, здаецца, скрануўся, як цяжкая крыга. Тыдні два назад, вяртаючыся ад Чурсіка, Стась пагаварыў з ім адкрытым тэкстам: у пошуках аднадумцаў ва ўмовах падполля заўсёды ёсць рызыка, без яе нікога не знойдзеш. Хацяновіч сказаў:
«Не цямні. Я даўно здагадаўся,
Стась верыў людзям, якія думаюць пра будучае жыццё, а не толькі пра тое, каб сёння набіць чэрава. А сур’ёзныя думкі пра будучыню выводзяць чалавека на правільную дарогу.
Камандзір групы, здавалася Шыбовічу, нярэдка спяшаўся, ва ўсялякім разе цярплівасці яму не хапала. А тут ён не паспяшаўся. Вырашыў звязаць Хацяновіча з правераным членам групы байцом батальёна самааховы, які і ўправу ахоўваў, — Іванам Ткачуком.
Логіка разважанняў Стануліна была, як кажуць, жалезная. Па-першае, лічыў ён, гэтыя два чалавекі не могуць не знаць адзін аднаго — электрык, які па дваццаць разоў на дні ўваходзіць і выходзіць з памяшкання, і стралок аховы, які нярэдка стаіць ля дзвярэй на варце. Па-другое, Ткачуку, як нікому, проста будзе звязвацца з Хацяновічам: гавары колькі хочаш, не хаваючыся, не азіраючыся. Нарэшце, сяброўства яго, Шабовіча, з такім жа нямецкім служкам, як і сам Чурсік, здыме ў паліцая ўсялякую падазронасць, і ён можа зусім развязаць язык.
Так яны апынуліся з Іванам у доме паліцая. Праўда, Ткачук меў сур’ёзны недахоп — быў нікуды не вартым карцёжнікам. Сваякі са спрытам шулераў ачышчалі іх кішэні ад марак. На Шабовіча ажно сверб напаў, ён сур’ёзна перажываў. Лаяў напарніка: недарэка, а яшчэ напрасіўся пайграць, навучыся спачатку. Ды табе што, цябе кормяць, а мне, бальнічнаму брату, хоць зубы на паліцу кладзі, хоць У хворых прасі, жабруй.
Задаволены Чурсік рагатаў на ўвесь дом. Можа, з-за яго шумнай радасці і не пачулі, як пад’ехала машына. Пачулі, як яны пастукалі. Таксама ціха, нязвыкла, без нахабнасці акупантаў — далікатна, як добрыя суседзі.
Хрысціна адчыніла ім і, прытуліўшыся да касяка, збялелая, моўчкі прастаяла на адным месцы.
Іх было чацвёра, трое ў форме СД, чацвёрты паліцэйскі — перакладчык. Ён, бадай, ветліва закамандаваў:
«Рукі, панове».
«Штурмфюрэры» абмацалі іх кішэні. Ні гарачыя тлумачэнні, хто яны ёсць, ні дакументы, якія кожны з іх спешліва прад’явіў, — пасведчанне паліцэйскага, рабочага ўправы, малодшага камандзіра самааховы, вячэрні аўсвайс фельчара, — ніяк не ўздзейнічалі. Афіцэр уважліва вывучыў іх і сунуў у сваю кішэню. Вобыск зрабілі кароткі, беглы, у бялізне не корпаліся, у грубку не заглядвалі.
«Прашу, панове, у машыну», — са здзеклівай ветлівасцю запрасіў перакладчык. Але калі яны паспрабавалі апрануцца, іх груба выштурхнулі на двор. «Шнель! Шнель!» Чамусьці аднаму Ткачуку дазволілі ўзяць шынель. А на дварэ лістапад, халодны дождж.
Уціснулі ў закрытую машыну, дзе сядзелі на падлозе іншыя арыштаваныя, чалавек пяць, на іх свяцілі ліхтарыкам з кабіны, адтуль праз акенца з кратамі тырчэла дула аўтамата. Афіцэры СД, відаць, селі ў «опель», што стаяў наперадзе гэтай спецыяльнай закратаванай машыны.
Незразумелы арышт, падумаў Шабовіч. Арыштавальнікаў нямнога, і большасць афіцэры, невядома, хто сядзіць у кабіне, за рулём і з аўтаматам, кукарда фуражкі і вочы свецяцца паверх праменя ліхтара, пагонаў не відаць. А што, калі паспрабаваць вырваць аўтамат? На дзевяць арыштаваных адзін вартавы, у нязручнай позе, відаць, стаіць на сядзенні на каленях. Застрэліць ён можа аднаго, двух, не больш. Не, відаць, ёсць нейкая страхоўка, ды і «опель», безумоўна, ідзе ўпрытык.
Дзіўны арышт. Загадкавы. Чаму ім такі гонар? Калі не лічыць цывільнага, акцыю праводзілі афіцэры СД, адзін з іх у званні роўным маёру. Дакументам не паверылі, хоць ва ўсіх іх пасведчанні сапраўдныя, без усялякай ліпы. Хто ж з іх у такой «пашане»? Не падобна, што ён, Шабовіч. I гаспадару нямнога аддавалі ўвагі. Больш — Хацяновічу. Чаму? Фігура ў падполлі? Па розуме і па рабоце падобна. Стась усміхнуўся думцы, што ён, магчыма, вербаваў аднаго з кіраўнікоў падполля. Але нельга выключаць і другі варыянт: Хацяновіч — агент СД, правакатар, даволі Шабовічу было адкрыта пагаварыць аб яго дапамозе нашым — і вось, калі ласка, маеш. Пры такой сітуацыі трэба сачыняць асаблівую легенду. Але наліха тады ім хапаць гэтак неадзетага гаспадара дома? Няхай Хацяновіч тайны агент і яго трэба скрыць, напусціць туману. А Чурсік жа служыць адкрыта, верна служыць, выслужваецца перад акупантамі — хлопцы выведалі, як ён паводзіць сябе ў паліцыі.
Пакуль машына кулялася
па разбітых старажоўскіх вуліцах, Шабовіч «пракруціў» самыя «верагодныя» варыянты. Але ні адзін не заставаўся без пытанняў, не ўкладваўся ў схему, якую група выпрацавала. Яны сур’ёзна прадумалі, на чым кожны з іх можа засыпацца, як яго могуць арыштаваць, паводзіны і ў часе арышту, і на допыце. Станулін да занудлівасці ўнікліва прымушаў кожнага з іх сачыніць не адзін-два — дзесяткі варыянтаў; на кожных занятках разам з прыёмамі японскай барацьбы, разведкі, закладкі мін, азбукі Морзе, здавалі экзамены на «допыт» — на ўменне адказаць дасціпна, лёгка на любыя, самыя мудрагелістыя правакацыйныя пытанні. Ён, Шабовіч, спецыялізаваўся на прастачка, на дурня, тут ён ішоў на «выдатна», таму, маўляў, і стаў брат міласэрнай сястрой, што на мужчынскую ролю розуму не хапае.Тыя, раней арыштаваныя, селі на падлогу самі — цяплей. Па баках меліся лаўкі, ды там жа — вокны, закратаваныя, але незапжлёныя, праз іх урываўся злосны скразняк.
Лягчэй за іншых быў адзеты гаспадар, па-хатняму, у вязанай безрукаўцы, пінжак маглі б дазволіць надзець, але, пэўна, са страху ён забыўся пра яго, і Хрысціна не падала ніякай напраткі. Таксама са страху, відаць.
Шабовіч прыгадаў, што, пакуль яны скідаліся ў «ачко», яна на кароткі час, на паўгадзіны, выходзіла да суседзяў, так і сказала мужу: «Я да Камарковых». Хто яны, гэтыя Камарковы? Спытаць у Чурсіка? Не. У паліцая сапраўды такі падазронасць, ён староніцца кожнага з іх, разоў колькі паўтарыў: «Падвялі вы мяне, ох, падвялі. Хто толькі?» Не, ён, Шабовіч, не можа паддавацца пачуццю падазронасці. Выхад гаспадыні не вяжацца з налётам СД. Скажы, калі ласка, які агент старажоўская баба! Ды тут тэлефона за вярсту не знойдзеш. Ды і навошта ім такая гульня? Калі кагось з іх ці ўсіх трох трэба было ўзяць, дык узялі б з бальніцы, з управы, з батальёна. Ніхто ж не хаваўся, усе легальныя, прозвішчы сапраўдныя, адзнакі маюць у пашпартах аб рэгістрацыі. Аднак чаму гэтак «замялі»? Во задача з трыма невядомымі. Калі гэта не «агульная чыстка», татальная, рашыць такую задачу будзе вельмі няпроста. Што з арганізацыяй? Ці ўцалеюць хлопцы? Шкада, калі вобыскам напалохаюць яго гаспадыню. Добрая бабуля пані Ярэна, польская арыстакратка, інтэрнацыяналістка, Міцкевіча чытае па-польску, Пушкіна па-руску, Гётэ па-нямецку, Купалу па-беларуску і захапляецца іх мудрасцю і мудрасцю народаў, што нарадзілі геніяў. Аднак жыла ў ілюзорным свеце — як на небе, а не на акрываўленай зямлі. Вайну ўяўляла такой, якой яна была тады, калі пані ў пятнаццатым уцякла ад немцаў з Беластока ў Мінск, дзе жыла сястра яе, а ў дваццатым вярталася назад пад сцягі адроджанай Польшчы, каб у трыццаць дзевятьш зноў прашпацыраваць пехатою чатырыста кіламетраў. Але быў налёт нейкай дзіўнай рамантыкі ў яе расказах пра сваё бежанства. I ўсе салдаты былі добрыя — і рускія, і польскія, і нямецкія. Рыцары. Ажно пакуль з месяц назад ён, Шабовіч, не прынёс газету паліцаяў «Беларусь», і ў ёй заклік, «шапка» над старонкай: «Забі жыда і ляха!» Пані не адразу нават паверыла, што такое маглі надрукаваць у сапраўднай газеце. «I гэта не адзін экземпляр? Тысячы?! I людзі чытаюць гэта? I маладыя хлопцы ў шынялях будуць ажыццяўляць гэта? Пан Станіслаў! Пан Станіслаў! Што ж гэта такое? Што ж гэта робіцца? Дзе бог? Дзе Езус?»
З вялікім страхам у душы жыве пасля гэтага пані Ярэна. Калі жандары СД наляцяць у яе дом і перавернуць камоды і пярыны, загоняць бабулю ў магілу заўчасна. «Пройдзе ўсё добра — выберуся з гэтай кватэры. Нельга старога чалавека ставіць пад удар», — падумаў Стась. Пройдзе… Пройдзе, але куды. На добрае спадзяванняў мала, вельмі мала.
Машына грукала па бруку.
Шабовіч глянуў у акенца. У начным змроку праплывалі невысокія будынкі, да іх — рукой падаць. Цесная вуліца. Няміга. Вязуць у турму? Не. Хутчэй — у СД, гэта амаль побач з турмой, у будынку медінстытута. Пра гэта, відаць, падумаў і Хацяновіч, бо на стогны зяця сказаў:
— Запасайся цярпеннем. Хутка нас патрашыць пачнуць.
— Каго? Я пры чым тут! Я ні пры чым! Я — лепшы паліцэйскі, — заскуголіў Чурсік.
— Не вый, пёс, — зняважліва кінуў нехта з чужых.
«Свае хлопцы», — падумаў Шабовіч адначасова са смуткам і задавальненнем: той, што ахрысціў так паліцая, не папаўзе на каленях, побач з такімі і на смерць лягчэй ісці.
Не, прывезлі іх у турму. Высадзілі у турэмным двары.
На глухой сцяне будынка пад казыркамі гарэлі сінія лямпачкі. Цьмяна свяцілі. Але ў фантастычным святле гэтым Шабовіч разгледзеў постаці людзей, што стаялі тварам да сцяны, уткнуўшыся ў яе лбамі. Калі іх вялі сюды, машына, разварочваючыся, чырканула яркім промнем фар па гэтай сцяне. Людзей было нямнога, чалавек трыццаць. На татальную аблаву не падобна. Але, магчыма, гэта пачатак — група стаяла шчыльна, адзін паўз адзін, мімаволі падумалася, што месца каля сцяны эканомяць для іншых.