Ахвяры
Шрифт:
Яны піхалі яе. Ахвотна, каб сагрэцца, бо на скорасці вецер пранізваў да касцей, ад холаду зноў застывала не толькі цела, але і мозг, душа.
Работа ажывіла. У кузаве яны ціснуліся адзін да аднаго, але адчужана маўчалі. А тут як бы раптам зблізіліся — загаманілі, піхалі машыну і штурхалі адзін аднаго — каб пагрэцца. Нехта нават «ціснуў» смехам. I ў Стася бліснула думка: калі яшчэ раз загрузне — уцякаць. Вартавыя, хоць і не памагаюць піхаць машыну, але ўвага іх аслаблена. А двары — вось яны, за тры крокі, і платы такія, што можна пераскочыць.
Калі лезлі ў кузаў, ускочыў першы, падаў Івану руку, прыняў яго ў абдымкі, як дзяўчыну, сказаў, не тоячыся:
— Рабі, як я.
Іван зразумеў і
Здраднік дрэнна ведаў камароўскія вуліцы, блукаў. Завёў у завулак-тупік, з якога ледзь выбраліся заднім ходам. Зноў піхалі машыны, абедзве. Але месца для ўцёкаў не лепшае — платы новыя, высокія. Не пераскочыш. Нэпаўскія платы. Ён, Шабовіч, яшчэ да вайны заўважыў на Камароўцы, на Старажоўцы гэтую асаблівасць: вуліцы тут, як вёскі, ёсць бедныя, струхлелыя, а ёсць багатыя, падноўленыя.
Урэшце здраднік знайшоў дом, у які «вадзіў іх Анціпка». Прозвішча знаёмае, але дзе чуў яго — Стась успомніць не мог. Брыгадзір? Які брыгадзір? У некаторых падпольных групах кіраўніка для канспірацыі таксама называлі брыгадзірам. Але насцярожыла іншае, калі ўгледзеўся: прыгадаў, што ён таксама некалі наведваўся ў гэты ладны дом, да вайны, тут жыў урач іх бальніцы Фрайман. Але ўрач з сям’ёй эвакуіраваўся з Мінска на трэці дзень вайны, бальнічны конюх Атрох падвозіў яго і яшчэ дзве сям’і з дзецьмі малымі ажно да Чэрвеня.
Хто ж заняў гэты пакінуты дом? Вельмі можа быць, што фрайман перадаў яго на захаванне некаму са сваіх калег — урачоў ці сясцёр, нямала іх жыло на прыватных кватэрах. Можа, толькі ў вайну Стась адчуў, як нечакана і загадкава пераплятаюцца лёсы людзей. Вельмі можа быць, што тут жыве яго аднакурсніца Марына Яська, яна, здаецца, казала, што перабралася на новую кватэру. Калі гэта было? Падпольная дзейнасць адцягнула яго ўвагу ад побыту саслужыўцаў, ды і ўвогуле вайна ўскладніла ўспрыняцце часу і падзей: з памяці знікае тое, што непатрэбна для дзейнасці.
У дом пайшлі здраднік, афіцэр, чатыры аўтаматчыкі. Усё-такі іх многа ў фургоне. Было. Наўрад ці засталося яшчэ столькі. Адзін-два, не больш. А тут трое, усяго трое. Двух можна выбіць — яны стаяць блізка, каля бакавых бартоў.
Тузануў Івана за крысо шыняля: «Рабі, як я!» I што ёсць сілы піхнуў у грудзі канваіра з правага борта. Той мяшком чмякнуўся за борт, у гразь. Шабовіч скочыў на яго, ударыў ботамі ў цвёрдае, не ўбачыў, не адчуў у што — ці ў галаву, ці ў грудзі, ці ніжэй. Немец зароў. Стась прытаіўся пад кузавам, побач з канваірам, які стагнаў і драпаў рукою кола. Дзіўна, чаму не страляюць? Разгубіліся? Куды кінуцца? Наперад па ходу машыны? Але шафёр, напэўна, уключыць фары, і тады ён стане мішэнню і для таго аўтаматчыка, што застаўся ў кузаве, і для тых, якія, вельмі можа быць, стаіліся ў фургоне. Перапоўз пад машынай на другі бок, куды павінен быў скочыць Іван? Ці скочыў? Нарэшце паласнула аўтаматнай чаргой з кузава, але туды, у той бок, трушчыла паркан, праз які ён намерваўся пераскочыць. Разумна ён перапоўз. У гэты бок не страляюць. Кулі могуць пацэліць у дом, куды пайшоў афіцэр з аўтаматчыкамі. Але ж дом гэты і для яго лепшы ратунак, калі ён паспее ўскочыць у двор раней, чым тыя выскачаць на стрэлы.
Паспеў. Ускочыў у весніцы. Вільнуў убок і ўпёрся рукамі ў дровы. Паветка з дровамі! Прысеў там у той міг, калі шыбы задрыжэлі ад грукату дзвярэй — немцы стрымгалоў выляталі з дома, у калідорах грымелі вёдры, гырготна трашчала лаянка.
Праз міг да двух аўтаматаў — засталося двое ў кузаве ці былі ў фургоне? — далучыліся яшчэ чатыры. I пісталетныя стрэлы. Колькі пісталетаў? У афіцэра, у шафёра… А, здаецца, страляюць больш. I ўсе паляць у той бок, куды ён намерваўся бегчы, куды, па логіцы праследавацеляў, ён павінен быў пабегчы. Чаму ніякай увагі сюды? Іван павінен быў скочыць на гэты бок. Няўжо не скочыў? Няўжо
не спіхнуў аўтаматчыка?Страляюць злосна, азвярэла. Дзынкаюць шыбы. Па вокнах паляць. Заб’юць людзей, сволачы. Людзей тут і так добра патрасуць, калі яго не зловяць, не заб’юць. Ашалеюць ад злосці, што так недарэчна выпусцілі здабычу. Напэўна, расстраляюць яго таварышаў па няшчасці. Але тым, што вернецца, ён не ўратуе ні сябе, ні іх. Вораг бязлітасны.
Стрэлы аддаляліся. Прачэсваюць гароды на тым баку. Паляць у белы свет як у капеечку. Могуць вярнуцца і на гэты бок. Што лепш для яго — сядзець тут ці аддаляцца, пакуль не позна? Так блізка яны не дадумаюцца шукаць яго. Але могуць шукаць кагосьці іншага ці штосьці ў таго, за кім сюды прыехалі. Нарэшце, на такую страляніну па трывозе напэўна прыбудуць начныя патрулі; калі з сабакамі-сышчыкамі, то тады не схаваешся і ў цемры асенняй ночы.
Аднак чаму так ціха каля машыны — ніводнага голасу? Куды падзеліся яго таварышы па няшчасці? Расстралялі іх? А свайго вартавога? Ён добра такі стукнуў яго ботамі, і той енчыў да таго, пакуль на стрэлы не выскачылі з дома афіцэр і аўтаматчыкі. Чаму змоўк ранены? Але не высунешся ж, каб паглядзець.
Холад тут горшы, чым у турэмным двары. Там ён не дрыжэў, а тут калаціла так, што ляскаў зубамі. Моцна ляскаў — можна пачуць па той бок варот. Падумаў, што гэта не ад холаду — ад страху, і стала брыдка. Здаецца ж, даўно прывучыў сябе да любой небяспекі, звыкся з думкай аб смерці. Дык чаго баяцца тут?
Далёка аддаліліся стрэлы. За кім яны гоняцца? За Іванам? За тымі, што сіганулі ў цемру следам за імі, аглушыўшы апошняга вартавога? Дзіўна, у доме гарыць святло, але ў незакрытым аканіцамі акне ніводнага чалавечага ценю. Мільганула нават думка: зайсці ў дом і схапіць хоць якую напратку. Але думкі-маланкі асвятлялі на міг і гаслі: цвярозая развага наступала ў цемры і цішыні. А калі там застаўся вартавы? Напэўна, застаўся. Не палічыў ён, колькі іх выскачыла на стрэлы. А па хуткасці, паспешлівасці, з якой яны кінуліся на вуліцу, па цішыні каля машын можна заключыць, што арыштаванага не вывелі. А калі ў доме нават адны дзеці — вартавога, напэўна, пакінулі, бо вобыску за такі кароткі час — колькі хвілін — зрабіць не маглі.
Нарэшце стрэлы сціхлі, і недзе там, на тым баку, на гародах ці на паралельнай вуліцы пачуліся галасы. Нямецкая ці руская гаворка — разабраць цяжка. Здалося, што руская. Але адкуль там столькі рускіх? Не вадзілі ж немцы за сабой арыштаваных. Аднак і каля машыны не чуваць — сапраўды там загадкавая цішыня.
Трэба адыходзіць! Чым далей, тым лепш. Урэшце, на такім балоце і сабакі не возьмуць след.
Каля хлеўчука, туды падала святло з задняга, пэўна, кухоннага акенца, Шабовіч намацаў драўляную кладку. Сцежка ў прыбіральню. Ступіў на яе — заскрыпела. Саступіў. I ўгруз ледзьве не па калені, добра што ў ботах, чаравікі засмактала б. Дрыгва. Багна. Ведаў ён добра асеннюю Камароўку. На гародах і вуліцах тут — меліярацыйныя канавы на выпадак мокрага лета. Але затое ў сухое лета жыхары завальвалі рынак гароднінай.
Ішоў па гародах. Лёгка пералазіў нізкія платы. Сабак няма, немцы знішчылі іх. Але ад такога шуму прачнулася, напэўна, уся Камароўка, і, безумоўна, не адзін гаспадар вылез са сваёй нары ў двор — паслухаць, што адбываецца. I невядома, на каго трапіш. Глядзі, улезеш у абдымкі паліцаю. Ды і мешчанін можа сустрэцца такі, які захоча выслужыцца перад новай уладай. А здагадаецца і дзіця, хто хаваецца за хлявамі пасля такой страляніны. Не, адзін чалавек не стане яго браць, пабаіцца. Ды і не дасца ён у рукі аднаму. Няхай паспрабуе. Разгледзець яго можна крокаў за пяць, не бліжэй: цемра што дзёгаць. I зямля такая ж чорная. I неба. Здрадліва чвякае багна пад нагамі. Такое чвяканне ў начной цішыні далёка чуваць. Стараўся ступаць як можна цішэй.