Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ахвяры

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Аднак неба на ўсходзе святлее. Да раніцы яму трэба выбрацца з гэтых балоцістых гародаў. А куды выбрацца? Куды ён можа пайсці? Дадому не пойдзеш — там засада. I да Аксаны… Думкі пра Аксану кідалі застылае цела ў жар. За сябе, распранутага, па сутнасці бездапаможнага, не баяўся — за яе баяўся. Калі яе і не ўзялі, то засаду, напэўна, зрабілі. Пайсці да яе — загубіць і сябе і яе. Дзесьці трэба ўзяць напратку, інакш акалееш. Ды і з’явіцца ўдзень на людзі ў адным пінжаку немагчыма: не толькі любы «штурмфюрэр», салдат, паліцай западозрыць, але і кожны хлапчук, кожная баба зверне ўвагу і запомніць. Напратку трэба дастаць да світання! Але як? Зайсці ў першы ж дом і папрасіць. Адмовяць — прыстрашыць. Чым? Трымаць руку ў пустой кішэні? Такое неспадзяванае ўварванке ашаломіць любога, самага

смелага, і чалавек дасць якое-небудзь старое паліто — абы хутчэй адчапіцца ад такога госця. Зайсці зараз жа? Спакусліва. Але пакуль так блізка стаяць машыны з жандарамі, заходзіць рызыкоўна.

Прытуліўся да хлеўчука. Аднак як застыла спіна! Абмытае лістападаўскімі дажджамі дрэва здалося цёплым. I адразу, як у турме, пацягнула на сон. Міг — і праваліўся ў салодкую бяздумнасць. Але тут жа пачуў рохканне свінні. Сасніў? Пакруціў галавой, працёр вочы. Не, сапраўды свіння. За сцяной і як бы ў падзямеллі. Безумоўна, у склепе. Хто цяпер стане трымаць свінню так, каб рохканне яе, а тым больш віск чулі ўсе суседзі. Такую свінню не адкорміш — украдуць тут жа, народ галадае. Ды і ўлады… Цікава, якая існуе пастанова наконт жывёлы. Дарэмна не пацікавіўся. На акраінах, на татарскіх гародах трапляліся адзіночныя каровы. Значыцца, жывёлу трымаць можна. Але ў дом гэты лепш не заходзіць: свінню трымае безумоўна мужчына, гаспадар пільны; калі не мае стрэльбы, — зброю абавязалі здаць пад пагрозай смяротнай кары яшчэ ў мінулым годзе, у пачатку вайны, — то вострая сякера, напэўна, ляжыць каля дзвярэй. I такі раскроіць табе чэрап не задумваючыся.

Не, за напраткай трэба заходзіць у бяднейшы дом, не ў такі, дзе хляўчук пахне смалой і трымае цеплыню лесу.

I… зноў праваліўся ў сон. Разбудзіў шум матораў. Нарэшце. Ад’язджаюць. Машыны ішлі на падфарніках за дамамі. Ды раптам зусім блізка павярнулі налева — на яго, пэўна, у перавулак, да якога ён трохі не дайшоў. Машыны ўключылі дальняе святло і лёгка маглі выхапіць яго постаць на фоне сцяны. Ён плюхнуўся ў гразь, што пахла свіным гноем. Стала брыдка. Не ад гною — ад таго, што моцна спалохаўся, як, бадай, нідзе за гэтую незвычайную ноч.

Машыны прайшлі міма, недалёка загрукалі па бруку, набіраючы хуткасць.

I тут абпякла страшэнная думка: яму памаглі ўцекчы. Памагло СД. Ён уключаны ў злавесную правакацыю, галоўная фігура якой — той, бяспалы юрыст.

Але навошта СД ён, Шабовіч? Як яны могуць уключыць яго ў сваю аперацыю? З якой мэтай? Безумоўна, ведаюць, што ён не пешка ў падполлі, што ён ведае многіх людзей, каналы сувязі, яўкі. СД не сумняваецца: першае, што ён стане рабіць, апынуўшыся на волі, — папярэджваць сваіх людзей. Але як яны намераны сачыць за ім, пакінуўшы аднаго ўначы на камароўскіх гародах? Ці ўжо сочаць? Якім чынам? Ніводнага гуку, ніводнага чаўкання ботаў. Ачапілі раён? У такой цемры гэта немагчыма. Ведаюць, што тут побач явачная кватэра — «Шушкета», і спадзяюцца, што ён пойдзе на гэтую кватэру? Хлопчыкі ў фуражках з бліскучымі казыркамі былі б дурнямі, каб так лічылі — прымітыўна. А ён не лічыць іх дурнямі. О не, гэта вельмі спрактыкаваныя сышчыкі! Але ж і яны з сябрамі не лыкам шытыя. Неаднойчы разгадвалі іх планы, адшуквалі і абясшкоджвалі пасткі, настаўленыя на падпольшчыкаў. А тут абсалютна ніякай здагадкі, што ж СД надумала на гэты раз? Хіба толькі зразумела іх ідэя: пасля вераснёўскай чысткі падполле дзейнічае, змяніла хіба формы работы, сувязі. Трэба раскрыць іх. Але як яны могуць выканаць гэтую задачу з яго дапамогай? Прастачка для такой мэты не сталі б выбіраць. А калі ведаюць, што ён не прастачок, то павінны ведаць, што нічога такога, што ім вядома і на што яны разлічваюць, ён не зробіць. Але што ім вядома? I што ён не зробіць? А што можна зрабіць? У галаве — ніводнай вартай увагі думкі. У галаве пуста. I шуміць, як у бетоннай трубе. А можа, усе яго жахі не што іншае, як хворае трызненне? Сапраўды, на што ён здатны? Нюхаць свіны гной.

Шабовіч падняўся. Абцёр гразь. Трэба падцягнуцца, засяродзіцца. Трэба настроіцца на блізкае і вельмі хітрае нападзенне ворага — тады ўміг з’явіцца мноства прыёмаў самаабароны.

Не, гэта не хворыя фантазіі разгарачанага ад холаду, безвыходнасці і

страху мозга. Прыгадалася імгненнае першае ўражанне ад гэтых шасці арыштаваных, калі ён убачыў іх у турэмным пакоі. Бліснула тады, што яны не здаюцца акалелымі да паўсмерці, у Івана быў зусім іншы выгляд, хоць ён і ў шынялі — ліловы нос, сінія вушы, няўпэўненая хада — як бы кульгавасць на дзве нагі.

Пэўна, гэткі ж выгляд меў і сам ён, на сябе не мог глянуць. Можа, у розных людзей розны выгляд ад доўгага прабывання на холадзе: адны чырванеюць, другія сінеюць, трэція бялеюць. Але ўсё роўна адрозніваюцца гэтыя людзі ад тых, хто знаходзіўся ўвесь час у цеплыні. У апошніх аднолькава «цёплы» выгляд. Такімі, падобнымі адзін на аднаго, і здаліся шасцёра. Але там імгненная думка не сфармавалася ў падазронасць. Урэшце, людзі маглі быць у турме, ці з двара іх прывялі раней. Падазронасці не ўзнікла і тады, калі ў кузаве пры рэзкім тармажэнні яго, Шабовіча, кінула на аднаго з «сяброў па няшчасці», і ён адчуў мяккасць яго напраткі. Мала як чалавек мог быць адзеты перад арыштам.

А цяпер усё гэта набывае іншы сэнс. Далучыліся сюды і пісталетныя стрэлы, што ляскалі паміж аўтаматнымі чэргамі. Мнагавата іх было для аднаго афіцэра. Выходзіць, «арыштаваныя» — дадатковая ахова. Безумоўна, трох аўтаматчыкаў на воеем чалавек мала, каб ездзіць у адкрытым кузаве ў цемры па глухіх вуліцах. Але разам з тым, навошта столькі аховы, калі ўся аперацыя праводзілася, каб даць яму ўцячы? Ахоўвалі Івана? А можа, наадварот, уцёкі арганізавалі яму, Івану, а вартавалі яго, Шабовіча? Каго ж лавілі, што нарабілі столькі страляніны? Што з Іванам? Удалося яму ўцячы?

Ні ў адной аперацыі — а падпольшчыкі правялі іх нямала, складаных, хітрых, — не прыходзілася рашаць столькі задач адначасова. Разгадаць намер ворага немагчыма — як ні ламай застылую галаву. Перахітрыць можна хіба адным: невытлумачальным, непаўтаральным, хітрым дзеянням камбінатараў з СД супрацьпаставіць гэткія ж свае дзеянні — такія, каб не ўкладваліся ў логіку майстроў вышуку, аблаў, правакацый.

I першы яго ход…

3

Развіднела, калі дабраўся да дома, з якога ўвечары іх узялі, — да паліцая Чурсіка.

Весніцы былі зачынены. Пераскочыў цераз плот, патрабавальна і пагрозліва забарабаніў у акно, так маглі стукаць толькі немцы ці паліцаі. Край коўдры, якой было занавешана акно, падняла гаспадыня. Пазнала яго і… не ецяміла, з якой мэтай мог з’явіцца такі госць, пэўна, падумала, што і Стася адпусцілі, як яе Васіля, і чалавек прыйшоў па сваё паліто.

Хрысціна паспешлша адчышла дзверы.

Шабовіч адразу ўбачыў, што гаспадар дома: на касяку дзвярэй на цвіку вісела кабура, незашпіленая, тырчэла ручка пісталета. Там жа яна вісела і тады, калі яны гулялі ў карты. Стась прыгадаў, што ўвечары ў яго, не першы раз, з’яўлялася спакуса на развітанне прыхапіць гэты пісталет. Не, разумеў, безумоўна, што нельга, але за карцёжнай гульнёй чаму не павесяліць сябе гарэзлівай думкай: кабура была ўвесь час перад вачамі.

Афіцэр СД перш-наперш зняў з цвіка кабуру; бадай, гэта была адзіная рэч, якую забралі пры арышце.

Закрыўшы кабуру сабой, непрыкметна сунуў пісталет у кішэню пінжака.

— Васіль дома?

— Пад раніцу вярнуўся. Ні жывы ні мёртвы. Перакалеў дужа. Гэта ж і ты, Стасік, у адным пінжачку. Грэйся. Я грубку напаліла. Самагонкі даць? Васіль пакуль не выпіў ды на гарачы чарон не лёг, сагрэцца ніяк не мог, калаціла яго, як пры трасцы. Дурныя нейкія, гестапа гэтае, — сваіх апаюць. Дакументы хоць паглядзелі б. У магілу маглі чалавека загнаць. Як шчэ абыдзецца… Каб запаленне не схапіў…

— Адагрэеш.

I тут азваўся гаспадар, сонна праскрыпеў:

— Хто там?

Пасля перажыванняў, астуджанасці, сугрэву добрай порцыяй самагонкі і гарачым чараном не адразу прачнуўся, не адразу прыйшоў да памяці.

— Я, Васіль. Я. Шабовіч.

Уміг паліцай выскачыў з-за перагародкі. Быў ён у світэры — грэў прастуджаныя грудзі, у брудных сподніках.

— Ты? Ты?! Як ты?

— Як і ты.

— Цябе адпусцілі?

— Я ўцёк.

— З турмы?

— З турмы.

— Ой, Стасік! — пляснула далонямі Хрысціна.

Поделиться с друзьями: