Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ахвяры

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

— Ста-а-сік! — перадражняючы, загаласіў Чурсік. — Пацалуйся са сваім Стасікам. Каго ўпускаеш, разява! — і кінуўся да дзвярэй, сарваў з цвіка кабуру, але, па вазе адчуўшы, што яна пустая, шпурнуў пад стол і сам сагнуўся, быццам яго ўдарылі ў жывот, заенчыў.

— Не галасі. Пісталет твой у мяне. Сядай, пагаворым.

Чурсік паслухмяна і панура сеў на крэсла каля стала.

Хрысціна сунулася ў спальню.

— Ты куды?

— Штаны Васю дам. I валёнкі.

— Штаны дай. Без штаноў — якая ўлада!

Чурсік узняў галаву, здзіўлена паглядзеў на Шабовіча. А той глядзеў у акно: па вуліцы ішлі людзі, спяшаліся на працу, парадак у немцаў строгі.

— Ты яшчэ жартуеш?

— А

чаму мне не жартаваць? Прыйшоў у госці…

— У госці…

— Ты не лічыш мяне госцем? Дарэмна.

Хрысціна прынесла штаны і валёнкі, але Чурсік штаны не надзеў, толькі сунуў ногі ў валёнкі, падлога халодная, вярталася нутраное адчуванне холаду, ад якога пачынала калаціць. А ён не хацеў, каб закалаціла так, як у першыя хвіліны, калі ён вярнуўся дадому, не хацеў, каб гэты нахабнік Шабовіч падумаў, што яго трасе ад страху.

Стась абышоў вакол стала і спыніўся перад ім.

— Цябе нябось у легкавушцы везлі? З прабачэннямі. Памыліліся ці сыгралі спектакль?

— Які спектакль? — шчыра не зразумеў Чурсік.

— Ты нас выдаў? Прызнавайся!

Паліцай падхапіўся з крэсла, закрычаў:

— Не выдаваў я! Адкуль я знаў, хто вы! Чорт вас ведае! Думаў — свае людзі.

— Не крычы, дзіця разбудзіш, — знарок шэптам, пагрозлівым шэптам загадаў Стась. — А мы і ёсць свае. Мы — свае! Разумееш?

Да Хрысціны дайшло ўрэшце, з якім намерам мог прыйсці «госць», які ўцёк з турмы. Яна прыляпіла сябе да сцяны, ажно стукнулася патыліцай аб рамку з фатаграфіямі. Твар яе спалатнеў. Жанчына і без таго жыла пад страхам і неаднойчы ўгаворвала Васіля кінуць паліцыю, пайсці на завод. Лічыла, што муж яе добры чалавек, крыўды людзям не робіць, але на такой. службе ўцягнуць яго ў крывавую справу. А ён якраз тым і адбіваўся, што, маўляў, трэба ж некаму служыць і такому, хто можа абараніць сваіх людзей, не адным жа кулакам, угалоўнікам, вырадкам, якія гатовы распяць на крыжы кожнага, хто сумленна працаваў пры бальшавіках. Таму і падбіраліся да Чурсіка падпольшчыкі, бо ведалі, што рукі яго не запэцканы яшчэ крывёю. Іван, калега па службе, адважваўся рабіць яму намёкі. Але паліцай хітра прыкідваўся, што не разумее. Станулін загадаў спыніць «вярбоўку». Пагадзіліся на тым, што лепш мець у яго асобе прыкрыцце — сябруюць з паліцаем! А ў доме — зручнае месца для сустрэч, адкрытую яўку. Туды аднойчы і сам Станулін заглянуў.

Шабовіч не думаў, што Чурсік выдаў іх — ні тады, калі арыштавалі, ні нават тады, калі следчы ўзнагародзіў паліцая аплявухай і таго вывелі з агульнай шарэнгі пад сцяной. Толькі нечаканая, проста-такі ашаламляючая думка, што ўцёк ён у выніку нейкага злавеснага плана карнікаў, «раскручванне» гэтай думкі, каб дайсці да вытоку, да высновы, да разгадкі ўсяго нерата — як пляцецца, куды заводзіцца, упляла ў гэты нерат і Чурсіка: ён таксама можа быць нейкім звяном, няхай і не галоўным. У адным не сумняваўся: пра тое, што ён можа вярнуцца на месца арышту, ніхто не падумае, а гэта моцна зблытае разлікі іх. Але не толькі праз гэта пайшоў на такую рызыку. I не з тым, каб пакараць паліцая. З іншай мэтай.

Спадзяванні яго апраўдваюцца. Чурсік моцна спалохаўся. I жонка яго. Гэта добра. Гэта тое, што трэба! Больш нагнаць на іх страху!

Зашаптала жанчына, ацяміўшыся ад шоку.

— Стасік, родненькі… ды Вася… ён жа куранятка не пакрыўдзіў, не тое каб сваіх выдаваць…

— Ды ўжо ж, міласэрнасцю займаецца ў паліцыі, балячкі лечыць, як я ў бальніцы. Сляпцы вы! Пра дзіця сваё хоць падумалі? Што ёй людзі скажуць пасля вайны? Дочка здрадніка! Думаеце, так проста? Напаскудзіць і схавацца? Не, не выйдзе! Спісы на паліцэйскую сволач даўно перададзены ў Маскву. Не думайце, што мы дрэмлем. Усяму роду вашаму ў сёмым калене прыгадаюць, дзе ваяваў

іх бацька, дзядзька, дзед…

Хрысціна ўсхліпнула:

— Ды кіне Вася гэтую праклятую паліцыю. Я даўно кажу яму.

— Цяпер не кідаць трэба. А памагчы адтуль нашым.

Сказаў лішняе. Знайшоў каго агітаваць! Такая прапанова расслабляе ўстрашэнне. А яго трэба нагнятаць — страх.

Чурсік панура буркнуў:

— Ідзі памажы.

— Я памагаю. З самага пачатку вайны памагаю Чырвонай Арміі.

— Даўно я здагадваўся, што ты памагаеш. I каб я быў гадам, то даўно загрымеў бы ты… можа, на той свет.

— Здагадка — не доказ. А не выдаў ты мяне, бо хацеў глыбей закінуць свой нерат. Бачылі мы твае хітрыкі. Шкура ў цябе авечая, ды клыкі воўчыя.

— Стасік, не думай так пра Васю. Не думай.

— Не буду думаць, калі пераканаюся, што ён чалавек, а не гад паўзучы.

— Пераканаешся, Стасік, пераканаешся.

— Чым такіх пераканаеш? — усумніўся Чурсік і ўпікнуў жонку: — Куды ты мяне штурхаеш? У пятлю?

— Нямецкай пятлі ты баішся? Партызанскай не баішся?

— Аднолькавая яна, пятля. Якая розніца, хто яе накіне на тваю шыю. Вунь на Гаманкава накінулі.

— М-да… выкапень ты першабытны. А ты, Хрысціна, кажаш, што ён чалавек. А пятля неаднолькавая, Васіль! Не! Для дачкі тваёй неаднолькавая. Для маці. Для бацькі. Дзе яны ў цябе? Пра іх думаеш? Ці толькі пра свой трыбух? Не-е, бачу, гаварыць з табой няма пра што. Я, дурань, уніжаюся да размовы з такім…

Дастаў з кішэні пісталет, не да канца адцягнуў дула для баявога ўзводу, адпусціў, шчоўкнуўшы. Дзьмухнуў у дула, як рабілі гэта героі даваенных фільмаў — махноўцы.

Чурсік падхапіўся, выставіў перад сабой рукі, быццам хацеў імі закрыцца. Крыкнуў у роспачы:

— Не выдаваў я!

А Хрысціна кінулася паміж імі, закрыла сабой мужа.

— Не страляй. Стасічак, не страляй!

Шабовіч сунуў пісталет у кішэню. Адступіў да акна, глянуў на вуліцу, не столькі для таго, каб пераканацца, што там пуста і ціха, колькі для таго, каб даць ім апамятацца.

— Добра, даю магчымасць даказаць вам, што вы людзі.

Яны стаялі побач, узяліся за рукі, як пад вянцом. Шабовіча нават кранула, што жанчына гатова ахвяраваць сваім жыццём, каб ратаваць мужа, хоць, гуляючы ў карты, чуў неаднойчы, як яна з жаночай уедлівай дасціпнасцю ўпікала Васіля за тое, што ён зазіраенда на чужых баб.

Надзея на ратунак пераўтварыла іх, яны напружыліся і схіліліся ў пачцівай паставе. А ён вытрымліваў паўзу, быццам яшчэ думаў, якую магчымасць ім даць і ці даваць увогуле.

Хрысціна не вытрымала:

— Стасік, не мучай ты нас.

— Я вас мучаю? Ха! Скажыце дзякуй.

— Мы табе паклонімся ў ножкі. У нас жа дзіця.

Такое рабскае прыніжэнне не спадабалася. I ўласныя дзеянні асудзіў: не да твару яму цешыцца ўладай над людзьмі ды і час цягнуць неразумна.

— Ну, вось што… калі ў вас засталося штось чалавечае, то слухайце… Зараз ты, — кіўнуў гаспадыні, — пабяжыш у першую бальніцу. Знойдзеш там сястру Каваленку Аксану і скажаш ёй… сама разумееш, як трэба сказаць. Ёй адной! Словы простыя. Але запомні. Не наблытай… «Град. Варыянт трэці. Страла».

— «Град. Варыянт трэці. Страла», — прашаптала Хрысціна і здзіўлена спытала: — I ўсё?

— I ўсё.

— А калі пра цябе спытае? Дзе ты? Што з табой?

На міг Шабовіч задумаўся.

— Не спытае. А калі спытае, скажы, хто ты. I скажы: ніякай самадзейнасці. I сама… Ніякай самадзейнасці! Цяміш?

— Што я — дурная?!

— Гэта твая каханка? — спытаў Чурсік.

— Гэта мой таварыш па барацьбе з чумой.

— Рызыканты вы.

— А ты жывеш без рызыкі?

— Цяпер дайшло, колькі яе ў мяне, рызыкі. Ратунку няма нікому.

Поделиться с друзьями: