Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Артыкулы

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Што думае кожны чалавек. Ёсць практыка збору рукапiсных архiваў, рукапiсных i друкаваных успамiнаў розных асоб (каб яны з часам утварылi партрэт эпохi). Чаму не зрабiць практыкай збiранне думак кожнага, з якiх толькi i нараджаецца фiласофiя эпохi, калi яна жывая, а не мёртванароджаная.

Кніга "Што мы думаем…" — адна з першых (і таму асабліва карысных і патрэбных) спроб паднесці люстру да майго і твайго аблічча. І калі ў кагосьці з нас пыса крывая, то крыўдаваць не трэба, "на зеркало неча пенять". Ды і ўвогуле культурна і па-філасофску выхаваны сучасны чалавек на праўду крыўдаваць не будзе.

Калі Рыгору Скаварадзе (Украіна, XVIII ст.), асветніку, дэмакрату і гуманісту, сказалі, што ён займаецца непатрэбшчынай і размоўнымі

гулямі, жадаючы ведаць, што думае кожны чалавек па тым ці іншым пытанні, і што яму трэба гэта канчаць, бо ён пры яго талентах быў бы "стаўпом царквы", сей вандроўны філосаф адказаў з пункту гледжання жывой філасофіі: "Досыць і вас, стаўпоў неабчасаных". А ён ведаў, што такое філасофія абстрактная, меў права сказаць пра сябе: "Свет лавіў мяне, але не спаймаў".

Па-мойму — зноў жа толькі па-мойму — гэта адзіны шлях кожнай навукі: піць ваду не толькі з крана (кніг), не толькі дыстыляваную са шклянкі, але і заўсёды ісці да крыніц, якія б'юць з роднага берага недзе пад тваёй хатай.

Таму што ўсе мы — народ, і філасофія кожнага (і сукупнасць іх) — ёсць філасофія, мудрасць, а значыць, і справа народная.

З самага пачатку скажу, што праца А. А. Бембеля мне спадабалася не таму, што там сказана вуснамі людскімі добрае і пра мяне (адзіна вартая ўзнагарода, хаця, можа, яе і не трэба было, не заслужыў), а проста таму, што яна ўзняла жывое пытанне самога жыцця. Таму што яна не толькі сям-там гаварыла асабіста пра мяне добрае, але сям-там, зноў жа чалавечымі вуснамі, надавала мне асабіста такіх выспяткаў, што я аж дрыжэў ад абурэння і злосці (заслужыў і на тое і на другое). Думаю, што памяркоўныя, разумныя і культурныя людзі паставяцца да яе гэтак жа сама. Бо калі цябе хваліць парсюк, тады прызнайся, што ты і сапраўды "пляшешь" дрэнна. А калі ён цябе лае — гэта значыць, не ўсё яшчэ згублена.

І наадварот.

Таму, паставіўшыся да добрых слоў і да лаянкі талерантна, я спадзяюся, што маю права адразу ж выказаць і сваю думку, і свой погляд на рэчы і іх стан (а значыць, і на праблему кнігі). Гэта не прэтэндуе на глыбакадумнасць, гэта толькі думка, "вандроўнага філосафа і збіральніка філасофіі людской". І таму пастаўцеся да яе цярпіма і бесстаронне, як я паставіўся да вашай.

Вось адна: "Паміраць збірайся, а жыта сей". І незайздросныя доля і слава ў тых, хто ў чаканні "страшнага суда" распрадасць, растрэнькае маёмасць бацькоў і сваю, закіне сваё поле, ляжа ў труну і будзе рыхтавацца, чакаць.

Ганьба яму і пагарда і ў сваім доме і ў чужым. Думаеце, сусед, які сее, будзе паважаць такога? Ды не! Ці яму патрэбен лішні работнік, найміт, на ягоным клапціку поля? Дудкі! Плюне ён толькі і скажа: "Працуй. А наконт страшнага суда, дык гэта яшчэ бабка надвае варажыла ("бабка надвое сказала" або "na dwoje babka wrozyla, albo umrze, albo bedzie zyla" — выбірайце той варыянт, які вам больш даспадобы).

Ну вось, цяпер, выказаўшыся проста, без двухсэнсоўя, я нібы падзяляю з аўтарам ягоны поспех (магчымы) і яго адказнасць. І магу пагаварыць пра кнігу ягоную больш падрабязна. І няхай не надта злуюцца тыя, каго давядзецца зачапіць, а тыя, каго захочацца пахваліць, не так ужо надта скачуць. Па словах вашых мяркуюць пра вас, а вось уздасца вам — па дзеях вашых. А на іх яшчэ трэба будзе паглядзець.

Спачатку думкі тых, чыё слова ўжо канчаткова, на вялікі наш жаль, стала дзеяй і "абскарджанню не падлягае". А.Міцкевіч (ясна, што з яго, як з песні, слова не выкінеш, хаця ён і дарэмна рабіў толькі з нас адных няшчасненькіх, бо ўсе народы і ўсе гісторыі народаў былі гісторыяй прыгнёту і большай ці меншай галечы), Ф. Багушэвіч, Я. Купала, Цётка, Ядвігін Ш., П. Глебка (агульнае ўражанне страшнае: сапраўды мароз па скуры і труба архангела).

І сучаснікі нашы, годныя людзі, якія (будзем спадзявацца і жадаць, каб гэта здарылася праз сто год) некалі таксама з гонарам скончаць свой шлях. Іначай жа нашто жыць?

Пасля Багушэвіча і Купалы і іншых такіх і сапраўды,

здаецца, няма чаго казаць. Але гэта толькі здаецца. Занадта яшчэ моцна сядзіць у некаторых учарашні раб, і яму трэба паўтараць вачавіднае тысячу разоў, бо сорам у наш час і нашаму чалавеку хаця ў чымсьці быці добраахвотным рабом… А ёсць і простыя нашчадкі чарнасоценцаў з нейкіх там правінцыйных "лісткоў", якія лічаць, што пасля рэвалюцыі нічога не змянілася, што найлепшы шлях для кар'еры (бо таленту ж і змогі працаваць на службе Айчыне, "не складваючы рук і не шкадуючы сілаў" — няма) — гэта подласць і рэптыльнасць.

І ёсць такія, што, накшталт сына са старой байкі, які спытаў бацьку, як яму "преуспеть в жизни", і, атрымаўшы адказ "служы радзіме", сказаў: "цяжка", а на другую параду: "будзь флюгерам" сказаў:

Ах, нет, я не хочу быть с подлостью знаком. Ни труд и ни порок меня равно не привлекают.

На што бацька слушна адказаў:

Тогда… тогда будь просто дураком. Я слышал, многие из них преуспевают.

Усё ж ёсць адзiна годны шлях: служыць айчыне да крывавага поту, не чакаючы ўзнагароды ад людзей i лёсу, проста таму, што iначай нельга. Iначай — сорам. I не апраўданне ганебнаму ўчынку ў тым, што "яны самi так хочуць". Сорам — самiм так хацець. I яшчэ большы сорам, спасылаючыся на гэта, на "аб'ектыўную" (хто гэта вызначаў, аб'ектыўна гэта цi не?) хаду падзей, на самой справе падпарадкоўвацца не сваёй думцы, а думцы нейкага дзядзькi. Свой "перапе?с" i праўда ж у сто разоў горшы за iншых.

Так, кніга балючая, кніга непрыемная (а хто хацеў ад літаратуры, ад філасофіі, каб яны "рабілі прыемна"? Мы не ў ложку, мы ў цяжкім рэйдзе, партызаны, дзеці і ўнукі партызанаў). Кніга непрыемная (і ліст "беларуса" з Масквы: раб прыкрывае сваё разумовае халуйства гучнымі словамі), але патрэбная. Як ланцэт лекара.

Бо мае рацыю аўтар, калі кажа пра "бязлітаснае выпрабаванне на жыццяздольнасць". Сорамна не вытрымаць. І ніякі гуманізм (адзіны выпадак!) не апраўданне таму, хто паступіўся свядомасцю, што ён, чалавек, паступіўся сваёй высокай годнасцю чалавечай. Ніякае апраўданне, што гэта "дзеля карысці", "дзеля прагрэсу" — тут… прабачце… ніякае не апраўданне. Як, скажам, Каліноўскі, Сусанін, Альгіяці, Міхал Крычаўскі ад болю заплакалі б і выдалі, скажам, маці, бацьку, брата, таварыша. Прычым тады, калі перастала балець.

"Лёс не толькі беларускай, але і ўсіх іншых нацыянальных культур і моў вырашаецца тут, на Беларусі".

Правільна. І кепска, калі мы, гераічны народ (успомніце кожнага чацвёртага!), падамо ўсім кепскі прыклад. Самых слабых. Самых горшых.

Я не хачу належаць да ніводнага тыпу, акрэсленага на адной са старонак. Ні да "балота", ні да "эміграцыі", вонкавай ці ўнутранай. Не хачу і жыць у чужым выгодным сутарэнні, працаваць у сухой чужой шахце. Я хачу разам са сваімі шматлікімі братамі сумленна працаваць у шахце сваёй, ставіць падпоры са сваёй сасны, каб яны (і я) даўжэй жылі і працавалі. Без гэтага жыцця не мыслю, а калі давядзецца (немінуча!) адыходзіць з яго, то я хачу, каб труну мне зрабілі з роднай сасны. Я быў, думаецца, някепскім гарняком-крапільшчыкам і, думаю, заслужыў на гэта.

А наконт таго, ці шмат здолее адзін (с.34), — тут не. Нават адзін здолее, калі да канца. І тут трэба выкарыстаць сябе як мага разумней. Бо і сапраўды, нашто мне інтэгрыравацца. Калі ўжо глабальная інтэграцыя, то інтэграцыя ўсіх (а й нудны жа ж будзе гэты свет, калі ўсе інтэгрыруюцца). Ты мужчына, таму аддай каму хочаш (людзям, лёсу, радзіме, жанчыне) душу, жыццё, сэрца. Але хоць гонар свой пакінь сабе. Не дазваляй нікому трымаць цябе за вусы, хай нават рэдкія. І нават калі здарыцца няшчаснаю воляю лёсу горшае — трэба быць не Неронам і не Мамурай латыні, а яе славай.

Поделиться с друзьями: