Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Артыкулы

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Відаць, наш дом ляжыць далёка ад гэтых васьмі пунктаў. Я зрабіў летапіс забеспячэння вадой нашага дома на працягу амаль двух месяцаў.

25 сакавіка. Усю другую палавіну дня аж да ночы і пазней краны маўчалі.

26 сакавіка. З дзевяці гадзін раніцы ішла ці толькі гарачая вада, ці адна халодная.

27 сакавіка. Нягледзячы на "нешчаслівы" дзень, панядзелак, вада зрэдку лілася, даўшы магчымасць за дзень дзяжурства наліць (далёка не ўсе) вываркі, вёдры, тазы, чайнікі і ўпрыгожыць імі ванны пакой і кухню. Гэта быў мой абавязак, бо жонка была на рабоце. Мой дзень работы, дзякуючы гэтаму, — прапаў.

28 сакавіка. Вады не было з сямі гадзін раніцы, у дзесяць пацурчала адна халодная,

а ў дзесяць трыццаць пайшла і ледзь цёплая.

29 сакавіка. З дваццаці адной гадзіны не было ніякай вады. У дваццаць дзве дзесяць пайшла халодная.

30 сакавіка. У чатырнаццаць гадзін дваццаць мінут гарачая вада некуды прапала. Пасля ёй абрыдла гуляць у хованкі, і ў пятнаццаць пяцьдзесят пацякла, толькі, каб знікнуць у дваццаць гадзін і з'явіцца ў дваццаць дзве….

3 красавіка. Гуллівы настрой не пакідае нашу сістэму. Да 15.30 вада госціць недзе ў іншых месцах. Пяць мінут работы — і "перакур".

16.35–16.45 — ёсць струменьчык. Гэта ж падсачыць трэба. Жыхары сядзяць, як паляўнічыя ў засадзе. З такім самым поспехам. Колькі сапсаваных нерваў… 17.10–17.15 — зноў няма. Нарэшце, вада выходзіць на прагнага "лаўца" толькі ў 23 гадзіны.

5 красавіка. У 15.30 пайшла, каб знікнуць да 18.30.

12 красавіка. Да 17 гадзін гарачай вады не было. Так што гарачай вады ў гэты дзень мінчане скарысталі крыху менш. Прынамсі, у нашым доме.

15 мая. Да 13.50 — суха нібы ў Сахары. У 13.50 выбухамі б'е гразь. Ну, а каб, скажам, чалавек у такі дзень вярнуўся з водпуску? У кватэры нават запасу мінералкі няма. І стала чалавеку, скажам, кепска, а запаслівыя суседзі ў гэты час на рабоце…

Дык вось: "Калі раптам у вашай кватэры перастала цячы вада, не спяшайцеся біць трывогу. Аб гэтым ужо ведаюць тыя…" і г.д.

А сур'ёзна кажучы, да якіх, таварышы, часоў?! Хто там з матэматычным складам мыслення, падлічыце, колькі гадзін за гэтыя амаль два месяцы мы мелі ваду? А за гады? Дык можа плаціць трэба меней? Або наладзіць урэшце водазабеспячэнне?

Ці не досыць? Чэхаў сказаў, што калі зайца біць, ён навучыцца запальваць запалкі. А калі водную гаспадарку?.. Што тады будзе з вадой?

Коласаўцы

Назвы такой да 1944 года не было. І ўсё адно для мяне яны — коласаўцы. Так з вялікай пяшчотай называюць гэтую трупу на маёй роднай Віцебшчыне, і не толькі на ёй.

Колькі я жыву, столькі памятаю гэты тэатр і спадзяюся дажыць вызначаны мне век разам з ім, радуючыся, што ён жыве, нястомна расце, працвітае і, як заўсёды, заваёўвае сэрцы людзей.

Першыя спектаклі БДТ-2 мне давялося бачыць яшчэ да вайны. Тады мы — і я, і тэатр — былі зусім дзеці. Мне год сем. Ён гады на чатыры старэйшы. Бачыць і ў Віцебску, які пасля правінцыяльнай тады Оршы здаваўся вялізным, як Парыж, і ў самой Оршы, у даваенным драўляным тэатры, што так утульна размяшчаўся сярод дрэў парка над рэчкай Аршыцай.

Ясна, што тыя спектаклі моцна падзабыліся, але адчуванне свята ад святла, яркасці фарбаў, музычнасці, нават паху сцэны — яны не забудуцца. І менавіта з гэтай прычыны я не верыў і не буду верыць у хадзячую тэорыю смерці тэатра, забітага кіно і тэлебачаннем. Не будзе такога, пакуль існуюць дзеці, якія прагна глядзяць на заслону і чакаюць дзіва, якое адкрыецца іхнім вачам, а пасля застаюцца сябрамі гэтага дзіва, гэтага свята — на ўсё жыццё.

Не будзе для мяне асабіста і для тысяч і тысяч іншых, бо на свеце былі і ёсць — коласаўцы.

…Памятаю іх выязныя спектаклі пасля вайны ў выпаленай, ушчэнт спапялёнай Оршы. Калі нават завея не магла выць у руінах, бо і руін не было (немцы разабралі іх на ўмацаванні). Тэатр выступаў

тады ў сяк-так адноўленым будынку старога касцёла. І ў нас, падлеткаў, ясна ж, не было грошай, каб паглядзець усе спектаклі. А нам так хацелася гэтай вялізнай штодзённай радасці! Мы проста не маглі без яе жыць. Як без хлеба.

Грэшным чынам, гэта я абследаваў тады хады ў мурах касцёла і дазнаўся, што імі можна прабрацца і на галёрку (былыя хоры), і пад сцэну, і, у горшым выпадку, на гару, адкуль відаць было толькі патыліцы акцёраў.

І мы (хай даруе нам адміністрацыя) кожны раз пранікалі туды і глядзелі, і смяяліся, і абліваліся слязьмі.

Ці мог я тады думаць, што "Званы Віцебска", першая з маіх п'ес, якая ўбачыць святло рампы, убачыць яго менавіта тут, на падмостках тэатра віцебскага, што ёю адкрыецца свята 1000-годдзя горада, што любімыя мае акцёры будуць гаварыць мае словы, што ў гэтым тэатры я ўрэшце не толькі глядач? А здарылася так. Такое шчасце здарылася. І падзеі трохсотгадовай даўнасці, апісаныя мной, ажылі ў знаёмых мне так даўно мурах, у абліччах так даўно мною любімых.

Мне лёгка і радасна працавалася з імі. І з рэжысёрам, і з мастаком, і з кампазітарам, і з усімі акцёрамі да адзінага. Гэта, згадзіцеся, шчасце. І калі вам будзе так жа добра з усімі намі, з гэтай п'есай, з гэтым цудоўным тэатрам — мы будзем лічыць, што зрабілі ўсё, што маглі.

Гэты тэатр для мяне, як каханне, на якое адказалі ўзаемнасцю. Я дзякую яму.

Мова (што я думаю пра цябе)

Перагарнуў апошнія старонкі кнігі "Што мы думаем пра цябе, беларуская мова?". Кнігі, бо гэты рукапіс — гэта ўжо нешта такое, што адбылося, здзейснілася. Назнарок не кажу нічога пра дзве-тры папраўкі, якія зрабіў бы ў рукапісу я. Таму што, магчыма, іх зрабіў бы толькі я, і яны аніяк не могуць прэтэндаваць на "ўсеагульнасць".

Таму што цікавасць гэтай кнігі менавіта не ва ўсеагульнасці, а ў шматплыннасці, у мностве твараў жывой, сённяшняй чалавечай думкі. І менавіта ў гэтай цякучасці, сённяшнясці, адлюстраванні становішча, якое маем зараз, цяперашняга пункту гледжання на яго — галоўная каштоўнасць кнігі, складзенай А. А. Бембелем па цаглінцы на фундаменце і пад дахам, якія склаў, стварыў ён.

З самага пачатку згодзімся з аўтарам, які перафразаваў думку М. Глінкі, што "мудрасць стварае народ; філосафы яе толькі аранжыруюць", і з сумнай, на жаль, часта справядлівай заўвагай, што гэтым яны яе почасту "толькі псуюць". З цалкам правільнай заўвагай аб двух узроўнях філасофствавання. Бо гэта праўда, што жывое спасціжэнне ісціны і існага кожнай чалавечай душой, незалежна ад "прафесійнай вывучкі і заняткаў яе носьбіта", заўсёды куды больш жывое, часам куды больш глыбокае і заўсёды куды больш цікавае.

Таму што — магчыма, гэта толькі мая думка, ды я і не прэтэндую на непагрэшнасць, я не папа рымскі — філасофіі нельга навучыць, калі ў аб'екта няма свайго погляду на рэчы, свайго светаадчування, сваіх густаў і — тады ўжо гэта справа зусім безнадзейная — сваіх, непазычаных мазгоў.

А паколькі — па словах Мефістофеля — разумнікаў, як тое быдла:

Злы дух іх водзіць па стаптанай пашы, Хаця навокал свежая атава.

Паколькі кожная былка (чалавек) на гэтым поплаве на сваю асобіцу, паколькі яна — свой, непадобны сусвет, то поплаў (народ) — гэта сукупная непаўторнасць кожнай травіны. І калі чалавецтва — лес, то лес гэты ёсць сукупная непаўторнасць дрэў, а не сукупнасць тэлеграфных слупоў (хаця ніхто і не адмаўляе ім у пэўнай карыснасці).

Поделиться с друзьями: