Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Белы Бім Чорнае вуха

Троепольский Гавриил Николаевич

Шрифт:

Хаця Бім і не зразумеў слоў, але больш не вытрымаў: ён скочыў да цёткі, гаўкнуў на ўсю моц і ўпёрся ўсімі чатырма лапамі, каб стрымацца (за тое, што потым можа быць, ён не ручаўся). Інтэлігент. Ды ўсё-такі сабака.

Цётка закрычала не сваім голасам:

— Міліцыя! Мілі-і-цыя!

Дзесьці засвістаў свісток, нехта, падыходзячы, крыкнуў:

— Праходзьце, грамадзяне! Праходзьце каму куды трэба! — Гэта быў міліцыянер. (Бім нават чуць павіляў хвастом, хоць і быў устрывожаны.) — Хто крычаў?! Вы? — загаварыў міліцыянер да цёткі.

— Яна, — пацвердзіў

студэнт.

Умяшаўся Кірпаты:

— І куды вы гледзіце! Што робіце? — запсіхаваў ён на міліцыянера. — Сабакі, сабакі на праспекце ў абласным горадзе!

— Сабакі! — крычала цётка.

— І гэтакія вось яшчэ піцекантропусы! — крычаў і студэнт.

— Ён мяне збэсціў! — чуць не плакала цётка.

— Грамадзяне, р-разыдзіцеся! А вы, вы ды і вы, пройдзем да міліцыі, — сказаў ён да цёткі, юнака і Кірпатага.

— А сабака? — аж запішчала цётка. — Чэснага чалавека ў міліцыю, а сабаку…

— Не пайду, — адрэзаў юнак.

Падышоў другі міліцыянер:

— Што тут?

Чалавек пры гальштуку, пры капелюшы з гонарам і памяркоўна растлумачыў:

— Ды вось, гэты студэнцік не хоча ў міліцыю, не слухаецца. Гэныя вунь, абое, хочуць, а гэны не хочаць. Неслухства? А гэта не дазволена. Вядуць — трэба іціць. Ці мала што… — І ён адвярнуўся ад усіх, закруціў у сваім вуху вялікім пальцам, быццам каб большая дзірка стала і лепш чуць было. Гэта быў самы што ні на ёсць жэст уласнай перакананасці, упэўненасці ў трываласці сваіх думак і несумненнай перавагі свае асобы над усімі, хто тут быў, — нават над міліцыянерам.

Абодва міліцыянеры зірнулі адзін на аднаго, але студэнта ўсё ж павялі з сабою. Следам за імі патупацеў Кірпаты і Цётка. Людзі разышліся і ўжо не зважалі на сабаку, акрамя тае мілае дзяўчыны. Яна падышла да Біма і пагладзіла яго, але таксама пайшла за міліцыянерамі. Сама пайшла, як бачыў Бім. Ён паглядзеў ёй услед, патаптаўся на месцы і пабег, дагнаў яе і пайшоў поруч.

Чалавек і сабака ішлі ў міліцыю.

— Каго ж ты чакаў, Чорнае вуха? — запытала яна, прыпыняючыся.

Бім сумна прысеў, апусціў галаву.

— Падцягло табе жываты, мілы. Я накармлю цябе, пачакай, накармлю, Чорнае вуха.

Ужо некалькі разоў называлі Біма «Чорнае вуха». І гаспадар некалі гаварыў: «Эх ты, Чорнае вуха!» Даўно-даўно ён так сказаў, яшчэ ў дзяцінстве. «Дзе ж ты, мой сябар?» — думаў Бім. І ўсё ж зноў пайшоў з дзяўчынаю, сумны і журботны.

У міліцыю яны прыйшлі ўсе разам. Там крычала цётка, рыкаў кірпаты дзядзька, угнуўшы голаў, маўчаў студэнт, а за сталом сядзеў міліцыянер, незнаёмы, і непрыязна глядзеў на ўсіх траіх.

Дзяўчына сказала:

— Прывяла віноўніка. — І паказала на Біма. — Сімпатычнейшае стварэнне. Я ўсё чула і бачыла там з самага пачатку. Гэты хлопец, — яна кіўнула на студэнта, — ні ў чым не павінен.

Расказвала яна спакойна, то паказваючы на Біма, то на каго-небудзь з траіх. Ёй спрабавалі перабіць гаворку, але міліцыянер строга спыняў і Цётку, і Кірпатага. Ён, было відаць, давяраў дзяўчыне. Пад канец яна жартам спыталася:

— Правільна я гавару, Чорнае вуха? — І да міліцыянера яшчэ

дадала: — Я Даша. — Потым да Біма: — Я Даша. Зразумеў?

Уся Бімава істота паказвала, што ён яе паважае.

— А ну, ідзі да мяне, Чорнае вуха. Да мяне! — паклікаў міліцыянер. О, Бім ведаў гэты загад «да мяне». Добра ведаў. І падышоў. Той ласкава палапаў па шыі, узяўся за аброжак, паглядзеў нумарок і нешта запісаў. А Біму загадаў:

— Ляжаць!

Бім лёг так, як і трэба: заднія ногі пад сябе, пярэднія выцягнуты ўперад, галава — вочы ў вочы з субяседнікам і чуць набачок.

Цяпер міліцыянер пытаўся ў тэлефонную трубку:

— Таварыства паляўнічых?

«Паляванне!» — здрыгануўся Бім. «Паляванне!» Што гэта абазначае тут?

— Таварыства паляўнічых? З міліцыі. Нумар дваццаць чатыры паглядзіце. Сетэр… Як гэта няма? Быць не можа. Сабака харошы, вывучаны… У гарсавет? Добра. — Паклаў трубку і яшчэ раз узяў, нешта пытаўся і пачаў запісваць, паўтараючы ўслых: — Сетэр, са знешнімі дэфектамі, пасведчання на радаслоўную няма, гаспадар Іван Іванавіч Іваноў, вуліца Праезджая, сорак адзін. Дзякую. — Цяпер ён загаварыў да дзяўчыны: — Вы, Даша, маладзец. Найшоўся гаспадар.

Бім затанцаваў, ткнуў носам у калена міліцыянеру, лізнуў руку Дашы і глядзеў у вочы, проста ў вочы, так, як умеюць глядзець толькі разумныя і ласкавыя, даверлівыя сабакі. Ён жа ўсё зразумеў, што гаварылі пра Івана Іванавіча, пра яго сябра, пра яго брата, пра яго бога, як на гэта сказаў бы чалавек. І аж уздрыгваў ад хвалявання.

Міліцыянер строга буркнуў да Цёткі і Кірпатага:

— Ідзіце. Усяго добрага.

Дзядзька ўзяўся пілаваць дзяжурнага:

— І гэта — усё? Які ж у нас пасля ўсяго будзе парадак? Распусцілі!

— Ідзіце, ідзіце, дзед. Усяго добрага. Да пабачэння. Адпачывайце.

— Знайшоў мне «дзеда»! Я табе бацька, баця. Нават як ветліва гаварыць забыліся, с-сукіны сыны. А хочаце вось такіх, — кіўнуў на студэнта, — выхоўваць, па галоўцы гладзіць, па галоўцы. А ён вас — пачакайце! — гаў! І з'есць. — Гаўкнуў і сапраўды, якраз як сабака.

Бім, вядома, таксама гаўкнуў.

Дзяжурны засмяяўся:

— Глядзіце, папаша, а сабака ж вас разумее, спачувае.

А Цётка, здрыгануўшыся ад падвойнага брэху — чалавечага і сабачага, — плішчылася ад Біма да дзвярэй і крычала:

— Гэта ён на мяне, на мяне! І ў міліцыі ніякае абароны савецкай жанчыне!

Яны пайшлі ўсё-такі.

— А мяне што — затрымаеце? — насуплена спытаў студэнт.

— Слухацца трэба, мілы. Запрашаюць — павінен ісці. Так трэба.

— Трэба? Адкуль такое, каб цвярозага чалавека весці ў міліцыю, як злодзея? Цётцы гэтай трэба было пятнаццаць сутак, а вы… Эх, вы! — І пайшоў, пацерабіўшы Біма за вуха.

Цяпер Бім ужо зусім нічога не разумеў: дрэнныя людзі лаюцца на добрых людзей, добрыя таксама лаюцца, а міліцыянер трывае ды яшчэ і пасміхаецца; тут, відаць, і разумнаму сабаку не разабрацца.

Поделиться с друзьями: