Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Белы Бім Чорнае вуха

Троепольский Гавриил Николаевич

Шрифт:

— Самі даведзяце? — запытаўся дзяжурны ў Дашы.

— Сама. Дадому, Чорнае вуха, дадому.

Бім цяпер ішоў паперадзе, азіраўся на Дашу і чакаў яе: ён выдатна ведаў слова «дадому» і вёў яе менавіта дадому. Людзі і не дакумекалі, што ён і сам знайшоў бы кватэру, ім здавалася, што ён неразумны сабака; толькі Даша ўсё зразумела, адна Даша, гэтая бялявая дзяўчына з вялікімі задумёнымі і цёплымі вачыма, якім Бім паверыў з першага позірку. І ён прывёў яе да самых сваіх дзвярэй. Яна пазваніла — адказу не было. Пазваніла яшчэ раз, цяпер да суседзяў. Выйшла Сцяпанаўна. Бім прывітаў яе: ён быў прыкметна весялейшы, чым учора, ён гаварыў: «Прыйшла Даша. Я прывёў Дашу». (Не

было другіх слоў, каб растлумачыць позіркі Біма на Сцяпанаўну, на Дашу.)

Жанчыны гаварылі ціха і вымаўлялі «Іван Іванавіч» і «асколак», потым Сцяпанаўна адамкнула дзверы. Бім запрашаў Дашу: не спускаў з яе вачэй. Яна перш-наперш узяла міску, панюхала кашу і сказала:

— Скісла. — Выкінула кашу ў вядро на смецце, вымыла міску і паставіла зноў на падлогу. — Я зараз прыйду. Чакай, Чорнае вуха.

— Яго Бімам клічуць, — паправіла Сцяпанаўна.

— Чакай, Бім. — І Даша пайшла.

Сцяпанаўна села на крэсла, Бім сеў насупраць яе, аднак пазіраў увесь час на дзверы.

— А ты змысны сабака, — загаварыла Сцяпанаўна. — Застаўся адзін, а разбіраешся, хто да цябе з душою. Я вось, Бімка, таксама… на старасці год з унучкаю жыву. Бацькі-то нарадзілі ды і падаліся ў Сібір, а я выгадавала. І яна, унучка, добрая, мяне любіць, усім сэрцам да мяне.

Сцяпанаўна адводзіла душу сама з сабою, гаворачы да Біма. Так часам людзі, калі няма да каго абазвацца, гавораць да сабакі, да любімага каня ці карміцелькі-каровы. Сабакі ж, у якіх выдатны розум, вельмі добра адрозніваюць няшчаснага чалавека і спачуваюць яму. А тут у абаіх: Сцяпанаўна жаліцца Біму, а Бім гаруе, мучыцца ад таго, што людзі ў белых халатах забралі яго сябра; бо ўсе непрыемнасці, што здарыліся за дзень, толькі крыху забавілі Біма ад болю, які цяпер зноў узяўся з новаю сілаю. Ён разабраў з гаворкі Сцяпанаўны два знаёмыя словы «добра» і «да мяне», сказаныя з сумнай цеплынёю. Вядома ж, Бім падышоў да самае яе і паклаў галаву на калені, а Сцяпанаўна прытуліла да вачэй хусцінку.

Даша вярнулася з пакуначкам. Бім ціха падышоў, лёг жыватом на падлогу, паклаў адну лапу на яе туфельку, а галаву на другую лапу. Так ён сказаў «Дзякуй табе».

Даша дастала з паперы дзве катлеты, дзве бульбіны і паклала іх у міску.

— Бяры.

Бім не ўзяўся есці, хаця трэція суткі ў яго не было ў роце і пылінкі. Даша далікатна пацерабіла за загрывак і ласкава гаварыла:

— Вазьмі, Бім, вазьмі.

Голас у Дашы мяккі, душэўны, ціхі і, здавалася, спакойны; рукі цёплыя і пяшчотныя, ласкавыя. Але Бім адвярнуўся ад катлет. Даша адкрыла Біму рот і ўвапхнула туды катлету. Бім трымаў, трымаў яе ў роце, здзіўлена глядзеў на Дашу, а катлета тым часам пракаўтнулася сама. Тое здарылася і з другою. З бульбінамі — таксама.

— Яго сілком карміць трэба, — сказала Даша Сцяпанаўне. — Ён занудзіў без гаспадара, таму і не есць.

— Ды што ты! — здзівілася Сцяпанаўна. — Сабака сам сабе знойдзе. Колькі іх ходзіць, а ядуць жа.

— Што ж рабіць? — спытала Даша ў Біма. — Ты ж так прападзеш.

— Не прападзе, — упэўнена сказала Сцяпанаўна. — Такі разумны сабака не прападзе. Буду раз у дзень варыць яму кашу. Што ж рабіць? Жывое ж.

Даша нечаму задумалася, потым зняла аброжак.

— Пакуль я не прынясу аброжак, не выпускайце Біма. Заўтра гадзін да дзесяці я прыйду… А дзе ж цяпер Іван Іванавіч? — спытала яна ў Сцяпанаўны.

Бім страпянуўся: пра яго!

— Павезлі на самалёце ў Маскву. Аперацыя на сэрца, цяжкая. Асколак жа побач.

Бім — увесь адзін слых: «асколак»,

зноў «асколак». У гэтым слове чуваць гора. Але, калі яны гавораць пра Івана Іванавіча, значыць, ён павінен недзе быць. Трэба шукаць. Шукаць!

Даша пайшла. Сцяпанаўна — таксама. Бім зноў застаўся адзін бавіць ноч. Цяпер ён не-не і задрэмле, але толькі на некалькі хвілін. І кожны раз ён сніў Івана Іванавіча — дома ці на паляванні. І тады ён прахопліваўся, азіраўся, хадзіў па пакоі, нюхаў закуткі, прыслухоўваўся да цішыні і зноў клаўся ля дзвярэй. Вельмі моцна балеў рубец ад дубца, але гэта было нішто, калі раўняць з большым горам і невядомасцю.

Чакаць. Чакаць. Сціснуць зубы і чакаць.

Раздзел 7. Пошукі працягваюцца

Гэтае раніцы Бім ледзь не плакаў. Сонца ўжо вышэй за акно, а ніхто не ідзе. Ён прыслухоўваўся да крокаў жыхароў у пад'ездзе, якія праходзілі паўз яго дзверы з верхніх паверхаў або падымаліся ўгору. Усе крокі знаёмыя, а яго няма і няма. Нарэшце выразна пачуў туфелькі Дашы. Яна! Бім уголас даў пачуць пра сябе. Яго крык, калі сказаць па-чалавечаму, абазначаў: «Я цябе чую, Даша!»

— Зараз, зараз, — абазвалася яна і пазваніла да Сцяпанаўны.

Яны абедзве ўвайшлі да Біма. З кожнаю ён павітаўся, потым кінуўся да дзвярэй, спыніўся там, павярнуў галаву да жанчын і патрабаваў, прасіў, павільваючы хвастом: «Адчыняйце! Шукаць трэба».

Даша адзела на яго аброжак, на якім цяпер была на ўсю шырыню трывала прымацавана латунная пласцінка-жэтон з выгравіраваным надпісам: «Яго завуць Бім. Ён чакае гаспадара. Добра ведае, дзе дом. Жыве адзін у кватэры. Не крыўдзіце яго, людзі». Даша прачытала надпіс Сцяпанаўне.

— Якая ж ты добрая душа! — успляснула рукамі Сцяпанаўна. — Любіш, выходзіць, сабак?

Даша паглядзела на Біма і адказала незвычайна:

— Муж мяне пакінуў, хлопчык памёр… А мне трыццаць год. Жыла на кватэры. Паеду…

— Адзінокая. Мая ж ты дарагая! — запрыказвала Сцяпанаўна. — Ды гэта ж…

Але Даша абарвала:

— Пайду. — А ад дзвярэй дадала: — Пакуль што не выпускайце Біма, каб не пабег за мною.

Бім паспрабаваў праціснуцца ў дзверы разам з Дашаю, але яна адапхнула яго і выйшла разам са Сцяпанаўнай.

Не болей чым праз гадзіну Бім заскуголіў, потым і завыў ад суму ўголас, так завыў, як пра гэта гавораць людзі: «Хочацца завыць, як сабаку».

Сцяпанаўна выпусціла яго (Даша цяпер далёка):

— Ну, ідзі, ідзі. Вечарам кашы навару.

Бім нават і вухам не павёў на сказанае, не зірнуў у вочы, а кулём зляцеў уніз і — на двор. Чаўнаком паснаваўся па двары, выйшаў на вуліцу, чуць пастаяў, быццам падумаў, а потым пачаў чытаць пахі, радок за радком, нават не звяртаючы ўвагі на тыя дрэвы, дзе стаялі роспісы братоў і чытаць якія павінен кожны сабака, калі хоць крыху паважае самога сябе.

За ўвесь дзень Бім не знайшоў ніякіх прыкмет Івана Іванавіча. А надвячоркам на ўсякі выпадак заблудзіў у малады парк новага гарадскога раёна. Там чацвёра хлапчукоў ганялі мячык.

Ён пасядзеў крыху, праверыў наваколле, на колькі хапала яго носа, і хацеў ужо ісці. Але хлопчык год дванаццаці адышоў ад тых, што гулялі, падышоў да Біма і з цікавасцю глядзеў на яго.

— Ты чый? — спытаўся ён, быццам Бім мог адказаць на пытанне.

Бім перш-наперш павітаўся: павіляў хвастом, але нявесела, нахіліўшы галаву спачатку ў адзін, а потым у другі бок. Гэта, акрамя ўсяго, абазначала пытанне: «А ты што за чалавек?»

Поделиться с друзьями: