Белы Бім Чорнае вуха
Шрифт:
Нічога Біму не было зразумела, нічога-нічога, ніякіх знаёмых слоў, ніякіх зразумелых жэстаў — нічога. Вось Шэры пайшоў з аброжкам з прыхожай у пакой. Адтуль і паклікаў:
— Бім, да мяне!
Бім падумаў-падумаў і асцярожна пайшоў. У пакоі агледзеўся, не падыходзячы да Шэрага, а так — седзячы ля дзвярэй. На чыстай сцяне віселі дошкі, абабітыя аксамітам, а на іх радамі віселі сабачыя знакі: нумаркі, жэтоны, медалі шэрыя і медалі жоўтыя, некалькі прыгожых павадкоў і аброжкаў, некалькі ўдасканаленых напыснікаў і іншыя сабачыя рэгаліі, нават капронавая пятля, каб душыць, нашто яна, Бім не разумеў; дзе здабыў яе ўладар калекцыі — нельга зразумець нават і чалавеку, а Біму яна здалася
Бім уважліва глядзеў, як Шэры пакруціў у руках аброжак, пласкагубчыкамі зняў таблічку і прымацаваў яе на адну з дошак на аксаміце; тое самае зрабіў і з нумарком, а потым адзеў на Біма аброжак і сказаў:
— Ты — добры сабака.
Гэтак жа сама некалі гаварыў гаспадар, але цяпер Бім не паверыў. Ён выйшаў у прыхожую ля дзвярэй, гаворачы: «Выпускай! Мне няма тут чаго рабіць».
— Ужо выпусці, — сказала жанчына. — Чаго толькі сюды прыпёр яго? Зняў бы на вуліцы.
— Нельга было — падшыванцы прычапіліся. І цяпер нельга: убачаць яны яго — без таблічкі, — могуць давесці да ведама… Так што хай начуе да світання. Ляжаць! — загадаў ён Біму.
Бім лёг ля дзвярэй: нічога не зробіш! І зноў жа: трэба было яму завыць уголас, кідацца па кватэры, накінуцца на Шэрага, і ўсё! Выпусціў бы. Але Бім умее чакаць. Ды і стаміўся ён, знясілеў так, што нават ля чужых дзвярэй задрамаў на хвіліну, хоць і трывожным сном.
То была першая ноч, калі Бім не прыйшоў дадому, у сваю кватэру. Ён гэта адчуў, калі ачнуўся ад дрымоты, і не адразу зразумеў, дзе знаходзіцца. А калі змікіціў, засумаваў. Ён жа зноў сніў Івана Іванавіча; кожны раз, калі толькі засынаў, сніў яго, а прачынаўся і адчуваў цеплыню яго рук, знаёмых са шчанячага ўзросту. Дзе ён, мой харошы і добры сябар? Дзе? Нудота нязносная. Такая цяжкая адзінота, і нікуды не дзецца ад яе. А тут яшчэ Шэры чалавек храпе, як заяц пад хортам. І пахне ад усіх гэтых дошак мёртвымі сабакамі. Нудота. І Бім заскуголіў. Потым і забрахаў двойчы, таксама з лёгкім падвывам, так, як ганчак, калі дабірае заячы след па ўчарашняй жыроўцы. І нарэшце не вытрымаў — завыў працяжна.
«Ох-хо-хо-й! Ой-ой, лю-удзі-і, — плакаў ён. — Цяжка мне, ой цяжка без сябра. Адпусціце вы мяне, адпусціце шукаць яго. Ой-ой-ой, л-юдзі-і-і, ой!»
Шэры падхапіўся, уключыў святло і пачаў малаціць Біма палкаю і шыпець:
— Маўчы, маўчы, вырадак! Суседзі чуюць! На табе! На табе!
Бім адхіляўся ад удараў, інстынктыўна хаваючы галаву, і стагнаў, як чалавек: «Ох… Ах-х… Ах-хр-р… Ох…»
Але ліхі чалавек злаўчыўся і лупянуў-такі па галаве. Бім на некалькі секунд страціў прытомнасць, задрыгаў лапамі, але скора апамятаўся, адскочыў да дзвярэй, упёрся азадкам у куток і выскаліў зубы. Упершыню аскаліўся.
Шэры паплішчыўся ад Біма:
— Бач ты! Укусіць яшчэ, чорт… — І расчыніў дзверы.
Але Бім не верыў нават і таму, што дзверы сапраўды адчынены, не верыў і тады, калі Шэры загаварыў:
— Ідзі, ідзі, ідзі, Бім, гуляй! Ідзі, сабачка, ідзі.
Не верыў ён гэтаму лісліваму ласкаваму голасу, таму падлізванню пасля таго, як біў. О, падлізванне пасля таго, як б'юць, — новае Бімава адкрыццё ў жыцці. Цётка і Кірпаты — проста нядобрыя людзі. А вось гэты… гэтага Бім ужо ненавідзеў. Ненавідзеў! Бім пачынаў пераставаць верыць людзям. Менавіта так.
Бім выцягнуў шыю, выскаліў зубы і… пайшоў на Шэрага, ціха, але рашуча, паволі, але ўпэўнена. Шэры прыціснуўся да сцяны.
— Ты што? Ты што?
Жанчына ў начной сарочцы крычала на Шэрага:
— Далазіўся! Укусі-іць!
Бім убачыў, што страшны дзядзька перапужаўся, што ён яго панічна баіцца. Ад гэтага Бім упэўніўся ў сваёй рашучасці: скочыў, цімануў ворага, які хацеў вылузацца, за мяккае
месца і выскачыў у расчыненыя дзверы. Бім бег і адчуваў у роце смак чалавечага мяса з азадка, які ён зненавідзеў усёю сваёй істотаю. Не, Бім не лічыў сябе няшчасным і вартым жалю, наадварот, зараз ён быў храбры, а храбрасць заўсёды заадно з гонарам і пачуццём сваёй вартасці — нават у тхара.У ранішніх прыцемках бег Бім па вуліцы, хоць і з аброжкам, але ўжо без нумарка «24». Спачатку ён згарача пакіраваў не туды, не ў горад, а з горада (далей дамоў не было). Ён вярнуўся назад і патрапіў у той жа самы лабірынт аднолькавых дамоў. Кружыў, кружыў, пятляў, пятляў ды і трапіў да таго самага дома, з якога выскачыў. І тут аж заспяшаўся куды патрэбна, а дапамагло яму тое, што людзям амаль не вядома: учора, калі яго вялі тут, ён улавіў на адным вугле роспіс сабрата, на другім — другога, цяпер жа, прабегшы ад знаёмага па гэтай прыкмеце вугла да наступнага, узяў патрэбны арыенцір. Сапраўды, трэба выдатнае чуццё, каб не толькі знайсці тут дом, але і выбрацца адсюль. У Біма было выдатнае чуццё і цудоўная кемлівасць.
Ужо завідна ён дабег да свайго дома, узбег да родных дзвярэй, падрапаўся. Адказу не было. Яшчэ падрапаўся — тое самае: цішыня. Галоўнае, ля дзвярэй не было слядоў Івана Іванавіча. І яшчэ рана, вельмі рана, каб Сцяпанаўна пачула скрозь ранішні сон пазыўныя Біма. Ён задумёна пасядзеў ля дзвярэй.
Пасля таго, як білі, стукала ў галаве і было млосна, не вытрымаць. Але ён усё ж пайшоў. Пайшоў шукаць свайго сябра. Ды і хто ж, акрамя Біма, будзе шукаць яго?
Па горадзе бег на выгляд невясёлы засмучаны сабака, але адданы, верны і смелы.
Раздзел 8. Выпадак на стрэлцы
Ішлі дні за днямі. Бім не заўважаў іх ужо. Ён рэгулярна аглядаў горад і ўведваў самыя драбніцы яго. Цяпер ён хадзіў па зараней намечаным маршруце: каб людзі маглі здагадацца, яны правяралі б па Біму гадзіннікі. Паказваўся ля парку ён — пяць гадзін раніцы, ля вакзала — шэсць, ля завода — палавіна восьмае, на праспекце — дванаццаць, на левым беразе — чатыры гадзіны апоўдні і гэтак далей.
Завяліся і новыя знаёмыя між людзей. Бім вызначыў, што большасць з іх добрыя, але такія ішлі па вуліцы моўчкі, а нядобрыя заўсёды многа балбаталі. Знайшоў людзей, якія пахлі маслам і жалезам (раней ён сустракаў іх па аднаму). Яны штодня, недзе пад восем гадзін раніцы, цяклі несупыннаю плынню да варот, потым да дзвярэй будкі.
Тут яны былі гаманлівыя, як гракі, так што і пачуць, мабыць, нічога было нельга, ды гэта, між іншым, і не цікавіла Біма. Ён садзіўся збоч і глядзеў, чакаў.
— Гэй, Чорнае вуха! Прывітанне! — вітаўся кожнае раніцы хлопец у сінім камбінезоне і клаў перад Бімам загадзя прыгатаваны пакуначак з ежаю. — Жыві, курылка. Мацуйся. — І падаваў Біму добрую чалавечую лапу, грубаватую, але цёплую.
Другія моўчкі працягвалі яму руку, віталіся і спяшалі сабе. Ніхто тут ні разу не пакрыўдзіў Біма.
Цяпер Бім сяк-так навучыўся пазнаваць людзей. Вось, напрыклад, часта сустракаецца ў яго на дарозе мажная жанчына, ногі — як бутэлькі, заўсёды такая задаволеная, бадзёрая, твар свеціцца ад шчасця; але сустракаючыся з Бімам, яна фыркала, быццам кошка, плявалася, падымала сумку з прадуктамі да раскошных грудзей і кожны раз спавядала адно і тое ж самае:
— Вуй, якая гадасць! Няўжо нельга падушыць усіх сабак, каб нервы не трапалі? Вось вам, калі ласка: «Мая міліцыя мяне сцеражэ». Як жа! Усцеражэ… А тут кожны сабака можа сярод бела дня спусціць з цябе спадніцу. А што міліцыі! Міліцыі мы — як сабаку пятая нага.