Белы Бім Чорнае вуха
Шрифт:
— А колькі месяцаў вы не мыліся?
— З трэцяе суботы перад тым, як быў пакусаны. Баяўся, каб не загразніць, як бы антонаў агонь не падкінуўся. Месца-то сур'ёзнае.
Умяшаўся ветдоктар:
— Месца ў вас сапраўды сур'ёзнае. Як тэлевізар. (Штукар быў гэты сімпатычны ветдоктар.)
— Што ж вы нарабілі! — закрычала жанчына-доктар, яшчэ раз паглядзеўшы на рану. — На пункт, на пункт, на пункт! Неадкладна ўколы ад шаленства… у жывот… шэсць месяцаў.
— Вы што, пасатанелі! — зароў Шэры дзядзька.
— Мы не пасатанелі, — спакойна ўняў яго ветдоктар. — Не паслухаеце — сілаю прымусім, цераз міліцыю, калі вы такі
— Я? Цёмны чалавек?! — зароў Шэры. — Ды вы ведаеце, дзе я ў свой час рабіў?
— Мяне гэта не датычыць, — адказала доктар. — На пункт! — дадала яна яшчэ стражэй, чым дагэтуль.
Цяпер даносчык рэгулярна павінен быў хадзіць на ўколы ў вызначаныя дні і гадзіны. Мала прыемнага, уліп як муха ў мёд: сабака — за азадак, а дактары — у жывот.
А далей было так.
Як іх звяло з Цёткаю тою — невядома, але звяло. Магчыма, яны былі знаёмыя даўно (мабыць, так яно і было), але таго дня яны спаткаліся на вуліцы. Такія чуюць адно аднаго, як рыбак рыбака, дурань дурнога, а сплетнік сплетніка. Сышліся, значыцца, разгаварыліся. Высветлілася, што ходзіць ён рубам пасля ўкусу сабакі з чорным вухам.
— Дык я ж яго ведаю! Дальбог, ведаю! — усхрапянула Цётка. — І мяне пакусаў.
Шэры ж ведаў, што хлусіць яна, аднак сказаў так:
— Я асабіста напісаў заяву, каб яго ўлавілі і знішчылі. Так мне сумленне падказвае.
— І правільна падказвае, — акрыяла Цётка.
— А вы таксама напішыце… калі, вядома, вы чэсны чалавек.
— Я? Я не адступлюся!
І яна таго ж дня занесла заяву на той самы ветэрынарны пункт. Сам сабе Шэры думаў (моўчкі думаў): «Калі нахлусіла, то хай і табе дактары — у жывоцік». Ён не любіў, калі яму казалі няпраўду, і ганарыўся гэтым. Ну, Цётка таксама ўліпла як муха ў мёд: крычала, лаялася, хлусіла, колькі магла, у прыватнасці, што ранка была маленькая і ўжо загаілася, тыцкала пальцам у стары шрамік на руцэ і яшчэ крычала, што яна, як чэсная савецкая жанчына, напісала, каб была карысць, а яе за гэта караюць у жывот.
Дзіўна, але яе чамусьці адпусцілі, запісаўшы адрас, і сказалі, маўляў, заедзем заўтра дадому, высветлім. Як бы там ні было, але Цётка ўзненавідзела Біма лютаю нянавісцю. Шэрага — таксама, але крышку менш, хоць ён і падвёў яе пад дурнога хату.
У сувязі з дзвюма такімі заявамі праз два дні ў абласной газеце з'явілася аб'ява:
«Ёсць прычына думаць: сабака, беспародны сетэр, вуха чорнае, кусае прахожых. Хто ведае месцазнаходжанне таго, а таксама ўкушаных просім паведаміць на адрас… для таго, каб злавіць на аналіз і ліквідаваць магчымыя непрыемнасці. Грамадзяне! Беражыце сваё здароўе і здароўе другіх — не маўчыце…» і г.д.
За некалькі дзён пасыпаліся лісты ад чытачоў. У адным з іх паведамлялася:
«…(пэўнага чысла і месяца гэтага года)… бег сабака да вакзала (беспародны сетэр, вуха чорнае), ён не разбіраў нічога і пёр напрасцякі; так здаровыя сабакі не бегаюць — напрамкі ці наўскасяк цераз плошчу, а абмінаюць тое, што сустракаецца з перашкод на іх дарозе. Хвост быў апушчаны ўніз. Названы сабака (беспародны сабака, сетэр, чорнае вуха) рэальна небяспечны, можа ўкусіць любога грамадзяніна Савецкага Саюза і нават замежнага турыста, якія бываюць, а таму патрэбна лавіць і знішчаць сабак без усякага там даследавання, пра якое ўпамінаецца ў аб'яве вашае паважанае газеты».
Пад пасланнем стаяла дванаццаць подпісаў.
Былі і яшчэ лісты (усіх не пералічыць).
Ну, напрыклад, такое: «…Гэтакі ж самы сабака, толькі без чорнага вуха, таксама бег напрасткі…» Або: «У горадзе поўна сабак, а які з іх шалёны, ніяк не разбярэшся». Або: «І зусім той сабака не шалёны, самі вы шалёныя віцінары». Або: «Калі аблвыканком не можа паставіць на шырокую нагу арганізацыю планамернага, разлічанага на гады, знішчэння сабак, то да чаго мы ідзём, таварыш рэдактар? Дзе план? Дзе карысная крытыка і чаму вы да яе не прыслухоўваецеся? Хлеб жа пячы мы ўмеем, а вось ахоўваць здароўе працоўнага грамадзяніна — кішка тонкая. Я — чэсны чалавек і гавару заўсёды праўду-матку ў вочы. І не баюся я нікога, дарэчы. А вы падумайце пра тое, што я вам напісаў. У мяне ўжо сілы нестае цярпець: пішаш, пішаш, а толку мала».Наогул, пісем было так многа, што разгарнулася дыскусія, у выніку якое з'явіўся рэдакцыйны артыкул «Том у кватэры», дзе прыводзіліся вытрымкі з ліста дацэнта педінстытута. Той дацэнт быў відавочны сабаканенавіснік. Чаму гэта так, цяжка здагадацца, але выхаваўчае значэнне для дзяцей і юнакоў яго выступленне мела гіганцкае: калі яны яго зразумеюць правільна, то з маленства будуць душыць сабак, клапоцячыся пра здароўе працоўных, а на чалавека, які трымае сабаку дома, будуць калектыўна і дружна крычаць на вуліцы: «Гультай!» (так дацэнт аблаяў людзей, якія трымаюць сабак), «Гразнуля!» (таксама творчасць таго ж самага дацэнта).
Ужо гаварылася, што ўсіх пісем нельга пералічыць, але адно прачытаем усё ж, апошняе. У ім было толькі два радкі. Чытач проста пытаўся: «А калі на абодвух вухах чорнае — біць?» То чытач быў практычны, далёкі ад таго, каб абстрактна глядзець на свет. Але, тым не меней, ліст гэты ні ў артыкул, ні наогул на старонкі друку не трапіла і нават засталося без адказу. Падумаць толькі! Якая непавага да чалавечых запатрабаванняў!
Ёсць яшчэ, ёсць чытач актыўны, не звёўся-такі, дзякуй богу. Такі чытач не праміне, каб не выказацца і не закляйміць. Так вось і ў нашай гісторыі: Біма ўжо шукалі па ўсім горадзе, зганьбілі добрага сабаку. А за што: хай ён укусіў, скажам, — гэта праўда, а тое, як ён укусіў і тое, што шалёны, — гэта чыстае вады хлусня. Клапатлівы чытач перамяшаў усё гэта па сваёй ахвоце: ён і не думаў пра нагавор, а ў сплетні хоць і кароткія, але моцныя ногі.
Але рэдактар у час заўважыў, што дыскусія гэтая стыхійная, якую пачаў, мабыць, чалавек укушаны, дыскусія ніяк не арганізаваная, самацёчная. І ён зрабіў разумна — даў аб'яву нонпарэллю (тым шрыфтам, які не праміне пастаянны чытач): «Сабака Чорнае вуха злоўлены. Рэдакцыя спыняе дыскусію на гэту тэму. Рукапісы не вяртаюцца».
Рэдактар быў гумарыст, чаго «чытач-змагар» не можа цярпець.
Але то была няпраўда: Біма ніхто не ўлавіў. Проста-напраста Толік, даведаўшыся ў школе пра аб'яву, зайшоў адвячоркам да ветдоктара, пазваніў, а калі адчынілі, сказаў:
— Я ад Чорнага вуха, ад Біма.
Пытанне вырашылася тут жа: на наступны дзень Толік паехаў да Біма і завёў яго, трохногага, на ветпункт, да доктара. Той агледзеў яго і сказаў:
— Хлусня — уся гэтая дыскусія. Сабака не шалёны, а хворы. Збіты і скалечаны. Эх, людзі! — неяк неканкрэтна ўздыхнуў ён.
Затым агледзеў скалечаную лапу, паслухаў, што ўсярэдзіне, выпісаў мазь на лапу, лякарства піць і, праводзячы сяброў, хлопчыка і сабаку, спытаў на развітанне:
— Як жа завуць цябе, герой?