Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Белы Бім Чорнае вуха

Троепольский Гавриил Николаевич

Шрифт:

«Эх, работа…» — сказаў Кудлаты і паплёўся да чарады, угнуўшы галаву.

Так было. Вось і цяпер пахне авечкамі. Бім не мог не ўспомніць пра Івана Іванавіча ад гэтага паху, які трывожыў памяць: у чужых сенцах, у чужым доме, у сутонні вечара, без людзей яму стала сумна-сумна.

Потым ён чуў, як па жалезе роўна гудзелі нейкія струменьчыкі: жжых-жжых! жжых-жжых! Бім не ведаў, што гэта такое — жжых! жжых-жжых! Незнаёмыя гукі сціхлі, і адразу ж з двара з тым вядром увайшла жанчына. А з вядра пахла малако. Цудоўна пахла! У горадзе каб так пахла малако, Бім ні разу не чуў, ні разу, а гэта — іншае, але ўсё роўна малако — гэта так. У горадзе малако не пахне чалавечымі рукамі, рознымі

прыемнымі травамі і зусім не пахне кароваю — вось што дзіўна. А тут усё гэта перамяшалася ў чароўны водар, які дзівіў сваёй абаяльнаю, нейкаю ружаваю пахучасцю. Не будзем спрачацца: калі ўжо чалавек ніколі не адрозніць малако ад малака, то як гэтага не заўважыць нашаму Біму, які мае надзвычайны нюх, як не дзівіцца паху, у якім чалавечыя рукі змяшаліся з кветкамі і травою. Таму ён і падхапіўся хуценька, і павіляў жанчыне хвастом. Але наўрад ці яна магла зразумець Бімава захапленне.

За доўгія чатыры гады свайго жыцця ён, на жаль, так ні разу і не бачыў, як дояць кароў. А малако пахне ўсё-такі кароваю. Нейкая няяснасць так і засталася ў Біма: ён сяго-таго не ведаў. Паміж іншым, ці мала чаго не ведае кожны сабака? У гэтым нічога брыдкага няма. А калі які-небудзь сабака і скажа, дапусцім, што ён усё ведае і ўпэўнены ў тым, што можа вучыць, што і як рабіць і куды бегчы, то нават і курыца яму не паверыць; мала што ён здароўшы за курыцу — не паверыць. А такія сабакі бываюць, мушу сказаць вам. Напрыклад, скоч-тэр'ер, возьмем яго: ён прытвараецца, што яго галава-цагліна напхана рознымі ідэямі (барада, доўгія вусы і бровы — філосаф!), а сапраўды бяспутны, камандуе, лаецца на гаспадара штодня, як нервовы, круціцца бесперастанна. А толку? Ніякага! Адзін выгляд. А ўсярэдзіне пух або зусім пуста.

Бім — іншая справа: ён шчыры і прамадушны. Калі чаго не ведае, то так і з выгляду: што не ведаю, тое не ведаю. Калі не любіць каго, то так і скажа: «Нядобры ты чалавек. Ідзі адсюль! Гаў!» І забрэша часам так, што дай бог!

Жанчыну, якая дастае недзе такое цудоўнае малако, ён не мог не паважаць. Таму ён усё глядзеў і глядзеў на тыя дзверы, куды яна пайшла з вядром.

Але нехта падышоў з вуліцы і рашуча расчыніў дзверы.

«Хто? — адным словам запытаўся Бім. — Гаў!»

Чалавек шарахнуўся назад. З дому выбег Тата, уключыў у сенцах святло і запытаўся:

— Хто тут?

— Я, брыгадзір, — адказаў незнаёмы.

Потым ён зайшоў у сенцы, яны паціснулі адзін аднаму рукі (значыцца, сябры — брахаць нельга) і падышлі да Біма. Тата прысеў на кукішкі, гладзіў Біма і гаварыў:

— А ты маладзец, Чарнавух. Маладзец — службу ведаеш. Харошы сабака. — Адвязаў яго і ўпусціў у пакой.

Саміае галоўнае — у хаце была і кульгавая курыца. Бім прыцэліўся на яе, зрабіў стойку, прыпадняўшы пярэднюю лапу, але неяк няўпэўнена, а гэта азначала, што ён гаварыў прысутным: «Што гэта за птушка? Нешта не даводзілася…»

— Глядзі, брыгадзір! — крыкнуў Тата. — Гэта ж залаты сабака, Чарнавух, — на ўсе рукі!

Але паколькі курыца не звярнула на Біма ўвагі, то ён сеў, усё ж скоса пазіраючы на яе, што па-сабачы абазначала: «От мне… Знайшлася!.. Яшчэ і ты!» І зірнуў на прысутных.

— І курэй не зачэпіць! — захапляўся Алёшка.

Бім уважліва глядзеў на яго.

— А вочы! Мама, а вочы! Як у чалавека, — радаваўся Алёшка. — Чарнавух, ідзі да мяне… да мяне!

Хіба Бім маўчаў у адказ на шчырую радасць? Ён падышоў да Алёшы і сеў побач.

За сталом пайшла гаворка. Тата адкаркаваў бутэльку, Мама падала ежу. Брыгадзір выпіў усё са шклянкі, Тата таксама. Мама — таксама. Алёша чамусьці не піў, а еў вяндліну і хлеб. Ён кінуў кавалачак пасярод падлогі, але Бім не

скрануўся з месца (трэба ж было сказаць: «Вазьмі!»).

— Інтэлігент, мабыць, — заўважыў брыгадзір, — хлеба не есць.

Курыца прыкульгала і забрала той кавалачак, які належаў Біму. Усе смяяліся, а Бім уважліва-ўважліва глядзеў на Алёшку: смеху мала, калі не разумееш адзін аднаго, хоць і сябруеш.

— Пачакай, Алёша, — сказаў Тата. Ён паклаў кавалачак хлеба на падлогу, адагнаў куру і сказаў Біму: — Вазьмі, Чарнавух, вазьмі!

Бім з задавальненнем пракаўтнуў смачны кавалачак хлеба, хаця і быў пад'еўшы.

Брыгадзір таксама паклаў на падлогу кавалачак вяндліны.

— Нельга! — папярэдзіў ён.

Бім сядзеў. Кура бачком-бачком пакульгала да вяндліны, але толькі-толькі сабралася клюнуць, Бім фыркнуў, чуць не штурхануў яе носам. Адным словам, цырк, дый годзе.

— Чарнавух, вазьмі! — дазволіў брыгадзір.

Бім акуратна з'еў і гэты кавалачак.

— Усё! — крычаў Тата. Ён і так гаварыў моцна, а пачырванеўшы, стаў яшчэ дабрэй. — Чарнавух — цуд цудам што ні на ёсць! — І нават абняў яго.

«Харошыя людзі», — падумаў Бім. Яшчэ яму спадабаліся вусы ў Таты, мяккія, далікатныя, гэта ён адчуў, калі той абдымаў.

А потым пачалася такая размова, з якое Бім зразумеў толькі адно слова — «авечкі», але затое дакладна вызначыў, што абодва мужчыны спачатку пачалі спрачацца.

— Ну, Хрысан Андрэевіч, давай пра справу. — Брыгадзір паклаў руку на плячо Таты. — Авечкі есці хочуць ці не хочуць?

— Хочуць, — адказаў Тата. — Толькі мой тэрмін кончыўся, мне — да пакроў, а пакровы прайшлі.

— Авечкі людскія, асабістыя, а не калгасныя, і яны таксама хочуць карміцца. Мне калгаснікі вушы пратрубілі: снегу няма, паша пад нагамі, авечкі да снегу павінны быць на падножным. І праўду кажуць.

— «Авечкі — да снегу…» А я жалезны? А Алёшка табе — жалезны?

— Пакуль снег, Хрысан Андрэевіч — угаворваў брыгадзір, — удвая плаціць будзем. Зразумеў?

— Не буду, — спакойна, але настойліва паўтараў Тата. — Баба мая на бураках закісла — трэба дапамагаць, а ты — «пакуль снег».

Але ўсё-такі яны паляпалі адзін аднаго па руках са згодаю і перасталі далдоніць «авечкі да снегу». Потым брыгадзіра правялі на ганак усе ўтраіх, забыўшыся пра Біма.

Ну і што ж, ён таксама выйшаў на ганак, абабег навокал двара, пастаяў за тынам, пастаяў, удыхнуў пах авечак, з якімі звязан адзін з успамінаў пра любімага адзінага чалавека, і нерашуча прысеў.

Ноч. Восеньская чорная ноч у вёсцы, ціхая, затоеная ад зімы, хоць і гатовая сустрэць яе. Усё ў гэтай ночы невядома Біму. Сабакі наогул не любяць падарожнічаць уночы (хіба толькі бяздомныя, якія не вераць людзям і абмінаюць іх), а Бім… Што тут казаць! Бім пакуль што сумняваўся. Ды і Алёша — такі харошы маленькі чалавек.

Сумненні перапыніў Алёшкаў голас. Ён трывожна, на ўсю моц закрычаў:

— Чарнаву-ух!

Бім падбег і ўвайшоў следам за ім у сенцы. Алёша паклаў яго на месца, падаткнуў з бакоў сена, палашчыў і пайшоў спаць.

Усё заціхла. Не чуваць ні трамвая, ні тралейбуса, ні гудкоў — нічога звыклага.

Новае жыццё пачалося.

Сягоння Бім даведаўся, што Тата — яшчэ і Хрысан Андрэевіч, а Мама — яшчэ і Пятроўна, Алёша ж — так Алёша і ёсць. Акрамя таго, да курыцы ён не меў пагарды, але і не паважаў: на яго сабачы розум, птушка павінна лятаць, а гэтая толькі ходзіць, а таму і не варта, каб яе, бяскрылую, паважалі. Але вось авечкі — яны напамінаюць пра Івана Іванавіча; Алёша таксама пахне авечкамі… Пятроўна — зямлёй і буракамі… А такі земляны пах заўсёды турбаваў Біма. Магчыма, і Іван Іванавіч сюды прыйдзе…

Поделиться с друзьями: