Белы Бім Чорнае вуха
Шрифт:
Бім заснуў, сагрэўшыся ў цёплым сене. У такім сене, ад водару якога міжволі хочацца ўсміхнуцца, нават чалавек засынае адразу, і ад гэтага паху свежага сена ў яго ўзнікае ўваччу блакітны колер перад сном. Біму ж намнога лепш было чуваць усе самыя тонкія адценні гэтага водару, які заспакойваў, унімаў яго сум.
Пабудзіў Біма пеўнеў крык. Некалі ён яго чуў неаднойчы, але не так блізка, а гэты — проста за сцяною, гучна, працяжна і з гонарам: «Кука-рэ-ку-у-у!» Яму адгукнуліся ўсе вясковыя пеўні. (Крыху пазней Бім даведаўся, што гэты певень — запявала і што такія пеўні сярдзітыя.) Бім сядзеў і слухаў дзіўную музыку; далей яна кацілася па вёсцы хвалямі — то бліжэй, то далей, у залежнасці ад таго, чыя была чарга, а апошні, адзін пракукарэкаў нейкі немагушчы пеўнік, хрыпла, коратка і непадобна да пеўня, вартага павагі. Потым, праз некаторы час, Бім разабраўся, што
Бім прылёг і задрамаў. Раптам зноў з канца ў канец пракаціўся па вёсцы спеў. І Бім зноў сеў і зноў слухаў з вялікім задавальненнем. Потым трэці раз, яшчэ мацней, галасіста, нават урачыста! Ах, цудоўна спяваюць! Во дзе сіла! А што яны вытваралі недзе далёка — і ўявіць нельга! Бім пакуль што не ведаў, што гэта раскашавалі хорам на калгаснай птушкаферме, па няпісаных нотах, белыя, як кіпень, самаўпэўненыя пеўні-прыгажуны, і таго разу, каб не быў ён запёрты ў сенцах, ён абавязкова збегаў бы і паглядзеў і паслухаў такое дзіва. Але сенцы былі яму за клетку.
Праз шчыліну ў дзвярах і ў сенцы пакрысе запаўзаў шэранькі восеньскі досвітак. Бім устаў, агледзеў сенцы: стаіць дзежка са збажыною, у адным кутку — засек з кукурузнымі пачаткамі, у другім — качаны капусты. Вось і ўсё.
Выйшла з вядром Пятроўна. Бім прывітаў яе. Яна — на двор, і Бім — на двор, следам. Яна села пад карову. Бім — непадалёку. Струменьчыкі зазвінелі аб вядро, а Бім затупацеў пярэднімі лапамі ад здзіўлення: малако! Карова стаяла спакойна і жавала сабе, без нічога ў роце, — быццам шаптала і булькала сімпатычная жывая цыстэрна з адкрытымі кранікамі.
Пятроўна скончыла даіць, паклікала Біма («Чарнавух»), наліла яму ў міску малака, сказала: «Нельга», чуць пастаяла, сказала: «Вазьмі», добра засмяялася і заспяшала ў хату.
Ах, божа мой, якое гэта было малако! Цёпленькае, духмянас, тут табе і травою пахне, і кветкамі, полем — усім разам, а яшчэ (гэта цяпер дакладна), яшчэ — рукамі Пятроўны, а не проста чалавечымі рукамі наогул, як здалося гэта Біму ўчора здалёку. Бім выхлебтаў усё, вылізаў, справіў ранішнія патрэбы і скоранька агледзеў двор. Карова сустрэла яго зусім даверліва, нават лізнула ў галаву, за што Бім дакрануўся языком да яе шурпатае, малочна-пахучае пысы; авечкі з-за перагародкі патупалі на яго капытцамі, быццам бы пагражалі, і тут жа супакоіліся, бо ўбачылі, што Бім не ўсчынае ніякае агрэсіі; свіння і двое парасят на першы раз і не паглядзелі на Біма, а проста пахрукалі між сабою і нават не варухнуліся, хаця і ляжалі галовамі да Біма, ля плоціка. Так сустрэлі яго чатырохногія, але куры — гэта та-абе! Уласна, не самі куры, а чырвоны певень. Ён, як толькі зляцеў з седала, залопаў крыллем і злосна забурчаў: «Ко-ко-ко-ко-ко!» Ды і кінуўся на Біма, як коршак. Чырвоны певень з чырвоным грэбенем ударыў сабаку грудзьмі і кіпцямі. (Вось якія пеўні бываюць!) Бім гыркануў на яго ў адказ і ўдарыў лапаю. І адразу ж, у тое самае імгненне, певень звесіў крылле і прыгнуўся, пабег у куток двара да курэй, што сабраліся чародкаю, як зацікаўленыя гледачы; уцякаў ад Біма зусім перапалоханы, а падбег да іх ужо як герой. Ды яшчэ і закрычаў: «Вось як я яму! Вось як, вось як!» Куры дружна хвалілі пеўня на ўсю сваю курыную моц. І што вы думаеце? Бім пільна паглядзеў на пеўня з павагаю. Што ні кажы, а Бім ні разу не бачыў, каб птушка кідалася на сабаку. А гэта ўсё-такі месца мае.
— Што тут за вэрхал? — спытаў Хрысан Андрэевіч, выходзячы з сянец на двор. І на курэй: — Кыш, вы! Сабакі напужаліся, дурныя. — Узяў Біма за аброжак і падвёў да курэй, пастаяў так з ім і адпусціў.
Бім адышоў і адвярнуўся: ну іх! З тае пары певень і куры не падыходзілі да сабакі, але не надта і баяліся, а так — пасакоча каторая — і з дарогі. А яму што? Ходзяць куры— не лятаюць, не плаваюць; зноў жа, ніхто ў іх не страляе — значыцца, не птушка, а так сабе — самаходная істота. Певень, гэты, вядома, не тое: і на страху ўзляціць, і папярэдзіць пра чужога не пазней, чым Бім, ды і кіруе салідна —
сам чарвяка не есць, а падначаленых кліча і, здараецца нават падзеліць. Так што певень заслугоўвае павагі.З-за таго, што Біма пакуль што не выпускалі з двара на вуліцу яшчэ з тыдзень, ён неяк сам па сабе стаў тут галоўны: ляжаў пасярод двара і сачыў. Курэй ён ужо на чацвёрты дзень ведаў усіх у твар, а калі залятала цераз тын чужая, то ён яе так наганяў, так наганяў, што яна яшчэ доўга тараторыла, то некуды ўцякаючы, то вяртаючыся назад і топчучыся на адным месцы. Смех, дый годзе!
Парася, тое, напрыклад, само прапанавала пазнаёміцца бліжэй: падышло да Біма, хрукнула, чуць-чуць штурханула яго вільготным пятачком у шыю і глядзела дурненькімі бялявымі вачанятамі. Бім лізнуў яго ў пятак. Таму бог як спадабалася: яно аж падскочыла ад задавальнення — і пачало рыцца каля Біма. Бім паблажліва перайшоў на другое месца, а парася зноў да яго: пабурчала нешта на сваёй незразумелай мове (свінні і сабакі не разумеюць адзін аднаго гэтаксама, як і людзі з розных краін) ды і ўклалася побач з Бімам, прытуліўшыся да цёплае Бімавай спіны. Таму калі аднаго халоднага асенняга дня Біму зрабілася не па сабе (дзверы ў сенцы зачынены на ўвесь дзень), то ніхто на двары не дзівіўся з таго, што Бім спаў на мяккай падсцілцы, сагрэты парасятамі з двух бакоў. Супроць гэтага сяброўства і парасяткава маці нічога не мела супраць, нават наадварот, кожны раз, як Бім заходзіў да іх у жыллё, яна энергічна стагнала ад наплыву прыязнасці, а зусім не ад болю. Між іншым, гэту адметнасць свіное гаворкі Бім заўважыў адразу, хоць болей у гэтым мовазнаўстве нічога не зразумеў. Мабыць, гэта не так і важна — ведаць мову. Сабака і свіння — розныя ва ўсім, але гэта не перашкаджае ім жыць мірна і згодна.
Кармілі Біма вельмі добра, а акрамя таго, і парасяты — ужо рослыя, Біму напаўросту — не пярэчылі, калі ён здымаў пробу ў іхнім карыце. Кожнай раніцай ён меў амаль літр малака, якое тут не лічылі дарагім. Здавалася, што б яшчэ трэба сабаку? Але двор гэта двор — клетка, лагер, адгароджаны тынам і заўсёды зачыненымі варотамі і веснічкамі. Не паляўнічага гэта сабакі занятак — ляжаць, пільнаваць курэй, гадаваць парасят, — не і не, ды яшчэ з такім выдатным нюхам, які — мы ўжо ведаем — меў наш Бім.
Ён ужо прывык да свайго двара, да яго жыхароў, не дзівіўся сытаму жыццю. Але калі з лугу цягнула вецярком, Бім неспакойна хадзіў ад плота да плота ці станавіўся на заднія лапы перад тынам, быццам хацеў хоць крышку бліжэй быць да вышыні, і глядзеў угару, у неба, дзе ляталі галубы — лёгкія, вольныя. Нешта смактала ўсярэдзіне, і ён невыразна адчуваў, што і пры такім сытым жыцці і добрым доглядзе не хапае нечага самага галоўнага.
…Ах, галубы вы, галубы, нічога вы не ведаеце пра сытага сабаку ў няволі!
Бім адчуў яшчэ і тое, што не цалкам яму давяраюць, калі не выпускаюць. Кожнай раніцай Хрысан Андрэевіч і Алёшка выганялі сваіх авечак з двара і ішлі за імі на ўвесь дзень, у плашчах, з палкамі. А Біма, як ён ні прасіўся, пакідалі на двары.
І вось аднойчы Бім ляжаў, уткнуўшыся носам у тын, а вецер прыносіў весткі: луг ёсць, дзесьці непадалёку ёсць лес. Воля побач! Убачыў у шчыліну — прабег сабака. Тады яму і стала неўмагату. Ён грабянуў лапаю зямлю пад тынам раз, другі, грабянуў яшчэ раз і давай працаваць на ўсю сілу: пярэднімі гроб зямлю пад сябе, а заднімі адпіхаў далей; нават і разлапістаю можна працаваць, хоць і не на ўсю сілу.
Невядома, што было б пасля таго, але калі Бім ужо канчаў падкоп, увайшлі на двор авечкі. Яны ўбачылі, як ляціць зямля з-пад тыну, і шарахнуліся назад у веснічкі, дзе стаяў Алёшка. Авечкі павалілі Алёшу і шуганулі па вуліцы, як дурныя. Алёша пабег за імі, а Бім не звяртаў увагі ні на каго: гроб і гроб!
Але падышоў Хрысан Андрэевіч, узяў яго за хвост. Бім затаіўся ў сваёй нары, быццам нежывы.
— Занудзіўся, Чарнавух? — спытаў Хрысан Андрэевіч, чуць пашморгваючы за хвост, запрашаючы Біма назад.
Бім вылез. Што зробіш, калі цябе цягнуць за хвост!
— Што з табою, Чарнавух?! — здзівіўся Хрысан Андрэевіч і адступіўся, утрапёны: — Ты хоць не ўскруціўся?
Вочы ў Біма набеглі крывёю, ён нервова перасмыкаўся, вадзіў носам у бакі, часта-часта дыхаў, быццам толькі што кончыў цяжкае паляванне. Ён неспакойна забегаў па двары і нарэшце пачаў драпаць за варотцы, азіраючыся на Хрысана Андрэевіча.
Той стаяў пасярод двара і моцна задумаўся. Бім падышоў да яго, сеў і гаварыў позіркам зусім зразумела: «Мне трэба туды, на прыволле. Пусці мяне, пусці!» Ён, просячы, выпрастаўся на жываце і заскуголіў так ціха і жаласна, што Хрысан Андрэевіч нагнуўся і пачаў яго лашчыць.