Белы Бім Чорнае вуха
Шрифт:
Выйшла Пятроўна.
— Шкадуеш Чарнавуха? — спытала яна.
— Шкада, мама!.. Шкада…
— Гора ж якое, бацька! — усхліпнула яна. — Але што ж цяпер зробіш, Алёшка… Так таму і быць… Шкада…
…А ў гэты самы час Бім ужо ляжаў пад лаўкаю ў павільёнчыку аўтобуснага прыпынку.
Ляжаў і чакаў. Чакаў ён толькі аднаго — світання.
Раздзел 13. Лясная бальніца. Тата і мама. Навальніца ў лесе
Як толькі засвятлелася на досвітку, Бім паспрабаваў устаць, але гэта было нялёгка, амаль немагчыма. Галоўнае, цяжка выпрастацца з абаранка: нешта застыла ўсярэдзіне і быццам склеіла там. Сяк-так, не па-сабачаму, ён спачатку выпрастаў адну заднюю нагу, быццам
Паспрабаваў крыху трушком — не так баліць у грудзях. І ён павольна-павольна патрухаўся і патрухаўся наперад. З боку здалося б, што сабака і не бяжыць. І не ідзе, а красае нагамі, каб не трэслася толькі тулава. Так Біму лягчэй. Ён адчуў, што яму і наогул стала здаравей ад травы і ад таго, што пачаў варушыцца. І ён драбніў, драбніў па шашы.
Ішоў па левай абочыне дарогі, насупраць сустрэчных машын. Ён, вядома ж, не ведаў «Правіл вулічнага руху на дарогах СССР», і ніякае логікі, спрактыкаванасці ў яго законным руху не было — проста падказваў інстынкт; па гэтым баку мяне везлі сюды, пайду і назад тою ж дарогаю. Людзі, што мільгалі ў акенцах машын, няйначай, думалі: «…Разумны сабака — выконвае правілы руху. Але хворы». На самай жа справе тут ніякага вялікага розуму не трэба было, каб пацвердзіць, што адпаведны артыкул задавальняе патрабаванні бяспекі.
Доўга трухаўся Бім — магчыма, тры, магчыма, чатыры гадзіны (спыняючыся і адлежваючыся — больш, вядома). Рухаўся не скарэй за пешага, магчыма, чуць-чуць і хутчэй. І то ўжо добра!
Але вось ён нечакана нават і для самога сябе, пазнаў той аўтобусны прыпынак, дзе звычайна выходзіў з Іванам Іванавічам на пачатку палявання. Пазнаў!
Каля павільёна стаялі людзі і чакалі аўтобуса. Бім прыпыніўся, не даходзячы да іх, і скіраваў улева, на тую дарогу, па якой хадзіў калісьці на паляванне. Нехта засвістаў яму ўслед, нехта загалёкаў, нехта крыкнуў: «Шалёны!» Бім не звяртаў увагі. Ён нават прыбавіў ходу, спрабуючы перайсці ў галоп, але гэтага не ўдалося, хутчэй не пабег, толькі стала яшчэ цяжэй.
Галоўнае — туды. Туды, дзе, магчыма, быў нядаўна ці скора будзе Іван Іванавіч. Туды, наперад.
Бім трухаўся да лесу. На ўзлеску ён прыпыніўся, агледзеўся і пайшоў у лес. Непадалёку адразу ж знайшоў знаёмую палянку і стаў ля пянька, быццам укопаны. Пастаяў, пакруціў наўкола носам, не знаходзячы месца, абышоў пянёк, прынюхаўся да самое зямлі. І раптам неяк рашуча лёг ля пянька на апалае лісце: тут, вось тут заўсёды сядзеў перад паляваннем Іван Іванавіч. Бім выцягнуў галаву і цёрся, цёрся аб жоўтае лісце на тым месцы, дзе стаялі некалі ногі яго сябра, хоць увесь пах даўно выветрыўся.
А дзень жа быў цёплы-цёплы!..
Бывае ў познюю восень, нават і пасля зазімкаў, вернецца лета і патурбуе на адыходзе восень вогненным хвосцікам. І восень прыгрэецца, запесціцца і прыціхне, быццам ласкавы сабака, якога гладзіць жанчына. І тады запахне ў лесе развітальным водарам апалага лісця, рубінавымі ягадамі шыпшыны і бурштынам барбарысу, церпкім і вострым, як перац, падалешнікам, баравіком, якога ніхто не зачапіў і які ўжо рассыпаўся, прамоклы ад вільгаці, але яшчэ пахучы, які напамінае пра мінулае надвор'е, і пацячэ па лесе ўсмешлівы добры дух ад сасны да бярозы, ад бярозы да дуба, а той адкажа магутным пахам сілы, лясное моцы і вечнасці. Ёсць у лясным паху нешта вечнае і невынішчальнае, асабліва адчувальнае ў цёплыя, мяккія і ласкавыя развітальныя, апошнія дні восені; яна ўжо вольная ад нуднага дажджу, злосных зазімкавых налётаў і настырных, да ўсяго ліпучых іголак інею: усё прайшло, усё мінулася. І быццам восень, засынаючы, бачыць сон пра лета, а нам паказвае ўсё, што прыснілася, ва ўсёй велічнасці адухоўленае прыгажосці і ў жыватворных водарах зямлі. Шчаслівы той, хто сумеў узяць сабе ўсё гэта з дзяцінства і пранёс па ўсім жыцці, не выліваючы ні кроплі з падараванага прыродаю сасуда для ратунку душы!
У такія дні сэрца можа дараваць усё, але і яшчэ больш патрабаваць ад сябе самога. Заспакоены,
ты зліваешся ў адно з прыродаю. Гэтымі ўрачыстымі хвілінамі асенніх сноў так хочацца, каб не было няпраўды і бяды на зямлі. І ў цішыні адыходзячай восені, агорнуты яе пяшчотнаю дрымотаю, у дні нядоўгага забыцця пра тое, што будзе зіма, ты пачынаеш разумець: толькі праўда, толькі чалавечая вартасць, толькі чыстае сумленне, і пра ўсё гэта — слова. Слова да малых людзей, якія потым будуць дарослымі, слова да дарослых, якія не забыліся, што былі калісьці дзецьмі.Магчыма, таму і пішу я пра лёс сабакі, пра яе вернасць, пра яе сабачую вартасць і адданасць. Пра таго самага сабаку, што ляжаў цёплага-цёплага асенняга дня ў лесе ля пянька. І сумаваў.
Дык вось, у адзін са шчаслівых дзён прыроды ў лесе ляжаў няшчасны сабака Бім. А дзень стаяў — бог ты мой! — цёплы-цёплы!
Але зямля ж была халодная. Таму Бім скруціўся ля пянька, быццам ля ног у гаспадара, адпачыў крышку ды і пайшоў павольненька лесам, нешта шукаючы. Ля толькі што зрэзанага ясакара ён пачаў грызці сакавітую кару, смачную, любімую ласіную ежу. Ці здагадваўся Бім, што і гэтая кара — гаючая. Людзям, між іншым, і неўздагад, што востры сабачы нюх, мабыць, пазнае па паху, што шкоднае, што не. Не стаў жа Бім есці атрутны падалешнік, а ля кораня валер'яны спыніўся. Чаму сабакі і каты любяць яго пах?
Таксама невядома. Але Бім сяк-так капнуў раз-другі мяккую пухова-лістоўную зямлю, адгрыз карэньчык і з'еў. І яшчэ з'еў. Валяр'янавы корань амаль зверху, даставаць яго лёгка. Але з'еў ён роўна столькі, колькі яму трэба, і ні кроплі не болей, пакруціўся на адным месцы, быццам вытоптваў, дзе легчы, але месца чамусьці яму не спадабалася (таксама невядома чаму). Зрабіў невялікі круг, потым звузіў яго, натрапіў на стары франтавы акопчык, закіданы даверху лісцем, увайшоў у яго і закруціўся на месцы, але, відаць, не хацеў класціся, быццам бы перамагаў сон: аднак раптоўна ўпаў на пасцель і адразу ж заснуў моцным сном. Валяр'ян узяў сваё. Купыр завуць яго ў Тамбоўскай вобласці. Але ні ў адной вобласці здаровыя сабакі не елі і не ядуць корань купыра, хіба толькі патрэцца каторы аб яго носам, а хворыя вось ядуць. Бім у адносінах да гэтага быў не горшы за астатніх сабак, дарма што інтэлігент. Вось ён і з'еў. Так што вельмі прашу вас, цішэй. Цішэй. У той ямцы спіць наш добры Бім.
Ужо трэція суткі нічога не еў Бім, акрамя травы, не спаў ад болю і асцярогі, відаць, і даўно не спаў так моцна. У ямцы было цёпла і ціха. Лес, прыціхлы па-восеньску, сцярог спакой хворага Біма, лячыў яго травою і гаючым паветрам. Дзякуй табе, лес!
Прачнуўся Бім ужо надвячоркам, вылез з ямы. Ісці хоць і было цяжка, аднак лягчэй, намнога лягчэй, чым раніцою. Усярэдзіне адпусціла. Толькі вось сілы не было яшчэ ранейшае. Ён схадзіў да роднага пянька, пасядзеў крыху і вярнуўся да свайго логаўца. Зноў пасядзеў. І зноў панюхаў навокал, агледзеўся: усё было спакойна. І зноў лёг у цёмную, утульную глыбокую яму. Відаць, Бім сніў прыемны сон. Сапраўды бачыў, таму што злёгку павільваў хвастом.
Так ён праспаў усю ноч і не змёрз.
На світанні яго пабудзіў ціхі шоргат, ён прыпадняў голаў, прыслухаўся: нехта гробся ў лісці. Вылез Бім, прачытаў носам ледзь адчувальныя без ветру, мікраскапічныя струменьчыкі паветра і даведаўся: слонка!
Неадольны паляўнічы азарт напрудзіў слабае цела і прыглушыў боль, які ціснуў усярэдзіне. Слонка была крокаў за пяць, не далей. Яна разграбала лісце, усоўвала нос у мяккую зямлю, дакладна цаляючы ў норку чарвяка-расавіка, выцягвала таго і ахвотна з'ядала. Птушынае крыло цягнулася па зямлі (так застаюцца падранкі пасля гора-паляўнічых, жывуць да зімы, а потым або становяцца лісінаю здабычаю, або гінуць, калі ўхітраюцца ацалець да вялікіх марозаў).
Бім пераступіў — слонка не пачула, захапіўшыся работаю. Пераступіў яшчэ раз — не чуе. Слонцы таксама нельга марнаваць час: у цяпло чарвяк падыходзіць наверх або залягае нават пад шчыльным лісцем. Бім падкраўся вось так, з-за дрэва, і замёр стойкаю. Ніхто не загадаў яму: «Наперад!», хацеў скочыць на птушку і прыціснуць яе лапамі, але скочыць не ўдалося: ён проста ўпаў на зямлю і схапіў слонку зубамі. Патрымаў, лежачы на баку, лёг на жывот і… з'еў дзічыну. Усю. Засталіся толькі пёрцы. Нават дзюбу, зусім мяккую, як вызначыў Бім, таксама з'еў усю.