Белы Бім Чорнае вуха
Шрифт:
У Люсі сцялася сэрца ад прадчування чагосьці нядобрага.
— Дрэнна, — сказала яна дрыготкім голасам.
Бім падышоў да яе, глядзеў на далоні, якія закрылі тварык, і чуць заскуголіў (не трэба, маўляў, Люся, не трэба). Ён памятаў, як некалі Іван Іванавіч, седзячы за сталом і абапёршыся локцямі, гэтаксама часам закрываў твар далонямі. Гэта было дрэнна — Бім ведаў. Бім заўсёды ў такім выпадку падыходзіў да гаспадара, а гаспадар гладзіў яго па галаве і гаварыў: «Дзякуй, Бім, дзякуй». Вось і Люся таксама, адняла далонь ад твару і пагладзіла Біма па галаве.
— Ну, вось і ўсё, Люська, вось і ўсё. Нашто плакаць? Прыйдзе Толік. Прыйдзе-е,
Бім пакульгаў да дзвярэй, быццам хацеў сказаць: «Толік прыйдзе. Пайшлі пашукаем яго».
— Просіцціа, — сказала Сцяпанаўна. — Мне ўжо надакучыла яго слухаць. І не выводзіць нельга — жывое…
Люся чуць падняла галаву і неяк незнаёма цвёрда сказала:
— Я павяду сама.
Сцяпанаўна раптам заўважыла: сталее дзяўчынка не па днях, а па гадзінах. І ёй таксама стала горка ад таго, што не прыйшоў Толік.
…Дзяўчынка з сабакам ішлі па вуліцы. Насустрач — тры хлопчыкі.
— Дзяўчынка, дзяўчынка, — застракатаў адзін з іх, рыжы і ў рабацінні, — твой сабачка мужычок ці бабка?
— Дурань! — коратка адказала Люся.
Усе ўтрох акружылі Люсю з Бімам, а яна была гатова заплакаць ад першага ў жыцці хамства. Але, убачыўшы, што шэрсць у Біма на загрыўку ўздыбілася і ён нагнуў галаву, раптам асмелілася і крыкнула рэзка:
— Пайшлі вон!
Бім так гаўкнуў, так ірвануўся, што ўсе ўтрох пасыпаліся ў розныя бакі. А Рабенькі, адбегшыся і пакрыўдзіўшыся за свой спалох, закрычаў, як кнігаўка:
— Э! Э! Дзяўчынка з сабакам! Э! Бясстыжая! Э!
Люся пабегла як магла дадому, Бім, вядома, пабег следам. Упершыню ў жыцці ён сустрэў дрэннага маленькага чалавека — Рабенькага.
Пасля такога выпадку зноў пачалі выпускаць Біма аднаго, як і раней. Спачатку Люся выходзіла ўслед і стаяла за вуглом, пасвіствала, як хлопчык, каб не адыходзіў далёка. Потым Сцяпанаўна выпусціла досвіткам яго аднаго. Ад гэтага разу ён і заўсёды гуляў адзін, а вечарам вяртаўся і з ахвотаю еў.
І трэба ж такому здарыцца! Неяк на перакрыжаванні, на пераходзе цераз трамвайныя пуці, яго паклікалі:
— Бім!
Ён азірнуўся. З дзвярэй вагона паказалася знаёмая вагонаважатая.
— Добры дзень, Бім!
Бім падбег і падаў лапу. Гэта ж тая самая добрая жанчына, што вазіла Біма з гаспадаром на паляванне да аўтобуснага прыпынку. Яна!
— Нешта даўно не відаць гаспадара? Ці захварэў Іван Іванавіч?
Бім здрыгануўся: яна ведае, яна, магчыма, едзе да яго!
Калі ж вагон рушыў, ён ускочыў у яго цераз прыступкі. Жанчына-пасажырка дзіка крыкнула, мужчына закрычаў («Пайшо-оў!»), некаторыя смяяліся, спачуваючы Біму. Вагонаважатая спыніла трамвай, выйшла з кабіны, супакоіла пасажыраў (Бім дакладна гэта заўважыў) і сказала Біму:
— Ідзі, Бім, ідзі. Нельга. — Лёгенька падштурхнула яго і дадала: — Без гаспадара нельга. Без Івана Іванавіча нельга.
Што ж зробіш, калі нельга то нельга. Бім сеў, пасядзеў і затрухаўся туды, куды паехаў трамвай. Тут яны ездзілі з гаспадаром, тут — гэта дакладна: вось паварот ля вежы, вось паставы міліцыянер, — тут!
Бім бег па трамвайных пуцях, не перасякаючы іх нават на паваротах. Міліцыянер свіснуў. Бім на хаду азірнуўся і пабег сваёй дарогаю. Ён паважаў міліцыянераў: гэтыя людзі ні разу яго не крыўдзілі, ніколі; ён памятаў свой першы прывод у міліцыю, усё памятаў, разумны сабака, адтуль яны пайшлі з Дашаю дадому, і ўсё было
добра. Больш таго, ён не раз бачыў міліцыянера з сабакам — чорны такі, вельмі сур'ёзны, на першы погляд; з ім ён нават пазнаёміўся на тратуары: Іван Іванавіч і міліцыянер падпусцілі іх адзін да аднаго і далі магчымасць нагаварыцца ўволю.«Ад яго пахне лесам», — сказаў чорны сабака, гледзячы на міліцыянера.
— Былі ўчора на паляванні, — пацвердзіў Іван Іванавіч.
«Які ты чысцюля», — сказаў Бім чорнаму, канчаючы законны абрад абнюхвання.
«А як жа інакш! Работа такая», — віляў кароткім хвастом чорны.
У знак сяброўства, якое намячалася, яны нават распісаліся на адным і тым жа дрэве, знізу.
Не, міліцыянер чалавек добры, ён сабак любіць, тут Біма не абхітрыш і не абманеш.
І ён сабе бег і бег ціхенька ўздоўж трамвайнага пуці, але збоку, бо памятаў, што наступаць на жалезныя палосы нельга — прышчэмяць нагу.
На канцавым кальцы ён даў кругаля па ходу трамвая і затрымаўся ля прыпынку. Пасядзеў, паглядзеў: людзі навокал усе добрыя. Так. Гэта ўжо добра. Адсюль яны пераходзілі з Іванам Іванавічам вуліцу — вунь да таго месца з дошчачкаю на слупе. Бім пайшоў туды не спяшаючыся і сеў побач з чаргою, якая чакала аўтобуса. Прыгледзеўся: зноў дрэнных людзей не відаць.
Калі падышоў аўтобус, чарга папаўзла ў дзверы, а Бім патупаў апошні, як і трэба кожнаму сціпламу сабаку.
— Ты куды? — закрычаў шафёр. Раптам ён азірнуўся яшчэ раз на Біма і праспяваў: — Пачакай, пачакай. Ды я ж цябе ведаю.
Бім таксама зразумеў, што гэта той сябар, які ўзяў з рук гаспадара паперку. І завіляў хвастом.
— Памятае, сабачая душа! — усклікнуў шафёр. Потым падумаў і паклікаў Біма ў кабінку: — Да мяне!
Бім умасціўся там, прыціснуўшыся да сценкі, каб не перашкаджаць, умасціўся хвалюючыся: менавіта ж гэты шафёр вёз некалі іх з Іванам Іванавічам на паляванне, у лес.
Аўтобус гырчаў і гырчаў, ехаў і ехаў. Сціх ён на тым прыпынку, дзе Бім заўсёды выходзіў з Іванам Іванавічам у лес. Вось тут-то Бім і захадзіўся. Ён драпаў за дзверы, скуголіў, прасіўся са слязамі: «Выпусці. Мне сюды і трэба».
— Сядзець! — строга прыкрыкнуў шафёр. Бім паслухаўся. Аўтобус зноў загырчаў. Адзін пасажыр падышоў да шафёра і спытаўся, паказваючы на Біма:
— Твой сабака?
— Мой, — адказаў той.
— Вучаны?
— Не вельмі… Але разумны. Бачыш? Глядзі: ляжаць!
Бім лёг.
— Можа, прадасі сабачку? Мой памёр, а я чараду авечак пасу.
— Прадам.
— Колькі?
— Чацвярцінку.
— Ого! — вымавіў пасажыр і адышоў, палашчыўшы Біма за вуха, праказваючы: — Харошы сабачка, харошы.
Добра вядомы Біму гэтыя ласкавыя словы, словы гаспадара. І ён вільнуў хвастом чужому.
Бім цяпер зусім не ведаў, куды едзе. Але зараз, гледзячы ў ветравое шкло, ён запамінаў дарогу, як запамінае кожны сабака, калі ўпершыню едзе па новым месцы: так ужо ў сабак вядзецца — ніколі не забываць дарогу назад. У людзей гэты інстынкт з вякамі знікаў і знік амаль. А дарэмна. Вельмі патрэбна ведаць дарогу назад.
На адным з прыпынкаў той добры чалавек, ад якога пахла травою, выйшаў з аўтобуса. Шафёр таксама выйшаў, пакінуўшы Біма ў кабіне. Бім сачыў за ім, не адрываючы позірку. Вось шафёр паказаў на Біма, вось ён узяў за плячо Добрага чалавека, а той, усміхнуўшыся, дастаў паперкі і аддаў іх, потым закінуў за плечы рукзак, зайшоў у кабіну, зняў з сябе папругу, прычапіў за Бімаў аброжак і сказаў: