Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Белы Бім Чорнае вуха

Троепольский Гавриил Николаевич

Шрифт:

— Толік.

— Добры ты мужчына, Толік. Маладзец.

Бім, адыходзячы, таксама падзякаваў доктару на развітанне. Ён пах лякарствам, але ён ніякі не хворы, а, наадварот, высокі, мужны чалавек з добрымі вачыма.

«Добры чалавек, — сказаў яму Бім хвастом і позіркам. — Вельмі добры вы чалавек!»

…Сябар-чытач! Не той чытач, што думае, быццам без яго пісем, якія «кляймяць», сабакі паядуць усіх грамадзян і грамадзянак, не, не той. Другі — мой чытач, да цябе гавару. Прабач, што ў лірычна-аптымістычнай аповесці пра сабаку я часам напішу адну-дзве сатырычныя староначкі. Не вінаваць за тое, што парушаю законы творчасці, бо ў кожнага пісьменніка свае «законы». Не вінаваць, дарагі, і ў тым, што змешваю жанры, бо само жыццё — змяшэнне: дабро і ліха, шчасце — няшчасце, смех і гора, праўда

і хлусня жывуць побач, і так блізка, што часам цяжка адрозніць адно ад другога. Горш было б, каб ты прыкмеціў у мяне напалову праўду. Яна падобна да напалову поўнае бочкі. А даказваць, што не адно і тое ж паўпустая і паўпоўная бочка, не мае сэнсу.

Галоўнае, я за тое, каб пісаць пра ўсё, а не пра адно і тое ж. Апошняе шкодна. Ты падумай! Калі пісаць толькі пра дабро, то для недабра гэта шчасце; калі пісаць толькі пра шчасце, то людзі перастануць бачыць няшчасных і ў рэшце рэшт не будуць іх заўважаць, але калі пісаць толькі пра сур'ёзна-прыгожае, то людзі перастануць смяяцца з пачварнага.

Раздзел 10. За грошы

Дзякуючы клопату Толіка і Сцяпанаўны, Бім папраўляўся. А праз тыдні два лапа пачала гаіцца, хоць і засталася кляшнятая, нязграбная супраць астатніх; Бім ужо спрабаваў на яе ступаць, але пакуль што яшчэ так, крышку, — толькі спрабаваў. Расчасаная Толікам шэрсць надавала Біму зусім прыстойны выгляд. А вось галава пачала балець не перастаючы: пасля ўдараў Шэрага нешта там змянілася. Часам галава пачынала кружыцца, тады ён спыняўся і здзіўлена чакаў, што ж з ім будзе далей, але потым, дзякуй богу, усё праходзіла, да наступнага прыступу. Так і ў чалавека, які панёс траўму ці якога ашаламілі несправядлівасцю, нечакана, не адразу, а праз некаторы час раптам зашуміць увушшу, закружыцца галава, упадзе некуды сэрца, і ён, хістаючыся, спыняецца і чакае, што ж з ім будзе; потым сапраўды праходзіць, а часам нават і не паўтараецца. Усё бывае і ўсё мінае. Чалавек таксама жывёліна — толькі больш адчувальная.

Толькі позняю восенню, па ўжо цвёрдаму марозіку, Бім пайшоў на чатырох лапах, але такі накульгваў — чамусьці стала карацейшая нага. Так, Бім застаўся калека, хаця галава быццам і наладзілася. Сапраўды: усё бывае і ўсё мінае.

Гэта б яшчэ нічога, але гаспадара няма і няма. І аркуш ліста нічым не пахне, а ляжыць у кутку як звычайная паперка, нікому не патрэбная. Бім ужо б мог шукаць сябра, але Толік не пускаў яго з павадка, калі выводзіў гуляць. Толік усё яшчэ баяўся з-за тае аб'явы ў газеце і Шэрага дзядзьку, ды і прахожыя часам пыталіся: «А гэта ці не той шалёны сабака з чорным вухам?» Толік нічога не адказваў і скоранька ішоў, не азіраючыся, прэч. Ён мог бы сказаць: «Не, не той сабака», — і на гэтым канцы ў воду. Але ён не ўмеў хлусіць і таіць свае пачуцці — страх, насцярожанасць, сумненне і ўсё астатняе; нават наадварот: на хлусню ён казаў, што гэта хлусня, на праўду — праўда. І не толькі гэта, у яго пачынала развівацца адчуванне гумару, як адна з магчымасцей выражаць справядлівасць, сапраўднага гумару, калі пра смешнае гаворыцца без адзінае ўсмешкі, хоць чалавеку з гэтым пачуццём, можа, хочацца і плакаць. Першаю праяваю гэтага было тое самае сачыненне, сутнасці якога ён і сам яшчэ не разумеў як след, а толькі цьмяна пачаў здагадвацца пра тое-сёе.

Такім чынам, хлопчык у спартыўных асенніх штоніках і жоўтых чаравіках, у светла карычневым пінжачку і асенняй з ворсам шапачцы кожны дзень, адвячоркам, ішоў з кульгавым сабакам па аднаму і таму ж маршруту. Ён заўсёды быў такі чысценькі і акуратны, што кожны сустрэчны думаў: «Адразу бачыш — з культурнае сям'і хлопчык». Да Толіка пачалі ўжо прывыкаць бліжэйшыя да яго маршруту жыхары, а некаторыя нават пыталіся адно ў аднаго: «Чый жа гэта такі харошы і спакойны хлопчык?»

З унучкаю Сцяпанаўны, Люсяю, беленькаю равесніцаю, ціхаю і сціплаю, Толік моцна пасябраваў, хоць чамусьці і саромеўся браць яе на прагулкі. Затое ў кватэры ў Івана Іванавіча яны, здаралася, забаўляліся з Бімам, а той плаціў ім адданаю любоўю і неадступнаю ўвагаю. Сцяпанаўна сядзела тут жа з вязаннем і радавалася дзецям.

Аднойчы яны раўнялі Біму ачосы на нагах і падвесак на хвасце, і Люся запыталася:

— Твой тата тут, у горадзе?

— Тут. Толькі яго раніцаю забіраюць, а вечарам прывозяць на машыне,

ужо зусім позна. Стамляецца страшэнна! Гаворыць: «Нервы ўзвінчаны да адказу».

— А мама?

— Маме заўсёды няма часу. Заўсёды. То прачка прыходзіць, то падлогу націраць, то швачка, то тэлефон звоніць бясконца — ніколі няма ёй спакою. Нават на бацькоўскі сход не можа вырвацца.

— Цяжка, — уздыхнуўшы, пацвердзіла Люся ад чыстага сэрца, з сумам у вачах. Яна ж і папыталася ў Толіка толькі таму, што ўвесь час думала пра свайго тату і маму. Таму і сказала: — А мае тата-мама далёка. На самалёце паляцелі. А мы з бабулькаю ўдзвюх… — І зусім весела дадала: — У нас два рублі на дзень, во колькі!

— Хапае, слава богу, — падтрымала Сцяпанаўна. — Дзесяць булак белага хлеба можна купіць. Куды та-ам! А бывала ж, даўно — успамінаеш… Чаго та-ам! Аж млосна: боты гаспадаровы, твайго дзядулі, Люся, аддала за булку…

— А калі гэта было? — спытаўся Толік, здзіўлена ўскінуўшы бровы.

— У грамадзянскую вайну. Даўно. Вас і на свеце яшчэ не было. Не давядзі госпадзь вам такога.

Толік са здзіўленнем глядзеў на Сцяпанаўну і на Люсю: яму было зусім незразумела, як гэта так, каб таты і мамы не жылі з дзецьмі і каб некалі хлеб куплялі за боты.

Сцяпанаўна ўгадала пра яго думкі па позірку:

— Ды і паехаць жа нам нельга: кватэру трэба пільнаваць, а то адбяруць… Цяпер вось і гэту таксама трэба пільнаваць, пакуль прыедзе Іван Іванавіч. А як жа! Само сабою: мы ж суседы з Іванам Іванавічам.

Бім прыгледзеўся да Сцяпанаўны і здагадаўся: Іван Іванавіч ёсць! Але дзе ён? Шукаць, трэба шукаць. І ён пачаў прасіцца, каб яго выпусцілі. Жаданне аказалася нездзяйсняльнае. Ён лёг ля дзвярэй і пачаў чакаць. Здавалася, ніхто з прысутных яму не патрэбен. Чакаць! — вось мэта яго існавання. Шукаць і чакаць.

Толік заўважыў, што бабулька Сцяпанаўна сказала няправільна — «суседы», але зараз, не так, як пры першай сустрэчы, прамаўчаў, таму што паважаў бабульку, хоць і не мог бы сказаць за што, каб у яго пра гэта папыталіся. Так проста — Люсіна добрая бабулька. Вось Бім, любіць жа ён Сцяпанаўну. Толік так і запытаўся:

— Бімка, ты любіш Сцяпанаўну?

Бімка не толькі ведаў усіх прозвішчы, не толькі ведаў, што безымяннае няма ні аднае істоты, нават самага задрыпанага сабакі, але ён абавязкова выконваў, калі дзеці загадвалі, чые трэба прынесці пантофлі. Ён і зараз, па Толікавых і Сцяпанаўны позірках, па тым, як яна ўсміхалася, зразумеў, пра каго менавіта гавораць, таму падышоў і паклаў ёй галаву на калені.

Сцяпанаўна раней была абыякавая да сабак (сабака і сабака, што тут!), а Бім яе прымусіў любіць, прымусіў сваёю дабратою, даверлівасцю і адданасцю свайму сябру-чалавеку.

Добрыя і мілыя чатыры гэтыя істоты ў чужой кватэры — тры чалавекі і адзін сабака.

У Сцяпанаўны на душы было таксама цёпла і спакойна. Што яшчэ трэба пад старасць!

Потым, пасля, праз многа год, Толік будзе ўспамінаць гэты надвячоркавы час са светла-бэзавым акном. Будзе. Вядома, будзе, калі яго сэрца застанецца шчырым да людзей і калі п'яўка недаверу не прыссецца да ягонага сэрца… Але таго разу ён спахапіўся:

— Да дзевяці мне трэба дадому. У дзевяць — спаць. Заўтра я табе, Люся, прынясу альбом для малявання і чэшскія каляровыя алоўкі — ні ў адным магазіне такіх не купіш, не бывае нават. Замежныя!

— Праўда? — узрадавалася Люся.

— А ты тату хоць сказаў, куды ходзіш? — запытала Сцяпанаўна.

— Не-е. А што?

— Трэба сказаць. А як жа, Толік? Абавязкова.

— Ён жа не пытаецца і мама не пытаецца. У дзевяць гадзін каб дома…

Калі Толік адыходзіў, Бім вельмі, вельмі прасіўся, каб выпусціў, але марная была яго просьба. Яго бераглі і шкадавалі, не зважаючы на тое, што ён мучыўся і сумаваў па сябры, хаця і любіў іх.

На наступны дзень Толік не прыйшоў. А Люся так чакала яго з альбомам і алоўкамі, такімі, якіх не бывае ў магазінах і якія нельга купіць і за грошы. Так чакала! Яна і Біму паўтарала некалькі разоў:

— А Толіка няма. Не ідзе Толік.

Бім, вядома ж, зразумеў яе неспакой, ды і час, калі павінен быў прыйсці Толік, мінуў, таму ён разам з Люсяй пазіраў праз акно на вуліцу і нецярпліва чакаў яго. Але Толік не прыйшоў.

«Сказаў бацьку», — падумала Сцяпанаўна, а ўслых сказала:

— Вось табе і сабака… Дрэнна будзе нам без Толіка. Хто ж будзе вадзіць Біма?

Поделиться с друзьями: