Белы Бім Чорнае вуха
Шрифт:
Як жа гэта атрымалася, што вучаны сабака, настаўлены вопытным паляўнічым, Бім паступіўся сваім гонарам — з'еў дзічыну? Вось у гэтым і справа, і я сам пра гэта думаю. Выйшла так таму, што нават і сабака хоча жыць. Другое меркаванне наўрад ці можа быць.
Сілы прыбыло, вось што галоўнае. Захацелася піць. Бім знайшоў лужынку, якіх у гасцінным лесе колькі хочаш, сагнаў смагу. Па дарозе назад абнюхаў мыш: з'еў у прыдачу да першае порцыі. І стаў шукаць траву. Перш сарваў сухія сцябліны дзікага часнаку, выплюнуў іх, затое дастаў яго галоўку. З'еў, зморшчыўся: як ні як, а часнок. Ішоў па лесе і знаходзіў, што яму патрэбна. Бог яго ведае, адкуль стала яму вядома, што ў часнаку — дзве або тры дзесятых
Лячыўся Бім яшчэ пяць дзён. Карміўся чым бог пашле, але лячыўся настойліва. Спаў у абжытай яме, стаўшай часова ягоным домам. Аднойчы нават натрапіў на соннага зайчыка, але паспрабаваць яго не давялося: той падхапіўся і даў дзёру. Бім і не спрабаваў яго даганяць. Не дагоніць і здаровы сетэр, а хвораму нечага і думаць. Правёў вачыма, аблізаўся, ды і ўсяго. Аднак лес не крыўдзіў Біма, ён сяк-так карміўся — дрэнна, вядома, але пракарміўся. Хоць ён схудаў, выпятраў ад хваробы і недаядання, ды зёлкі зрабілі сваё — Бім не толькі застаўся жыць, але знайшоў магчымасць ісці далей сваёй дарогаю, шукаць чалавека-сябра. І зноў жа гэта прыйшло без асаблівага розуму, а толькі ад сэрца, адданасці і вернасці.
Калі зноў наведаўся да палянкі з пяньком, прылёг Бім, устаў, і яшчэ прылёг, і яшчэ ўстаў. Відаць, вырашыў ён, што Івана Іванавіча тут не дачакаецца. Вярнуўся да ямы, ад яе зноў да пянька; там і тут затрымліваўся толькі на хвілінку і зноў вяртаўся. Вельмі моцны непакой адчуваўся ва ўсёй гэтай бегатні туды-сюды; непакой мацнеў. Нарэшце ён прабег усё-такі паўз пянёк, не прыпыніўся, а ціхенькаю рыссю пакіраваў да шашы. Гэта было надвячоркам, калі сонца толькі збіралася на адпачынак.
У горад Бім прыйшоў позна ўвечары. У горадзе было светла, не так, як у лесе ноччу, але менавіта гэтае святло і турбавала Біма. Такога з ім ніколі не было раней. І ён пайшоў асцярожна і адначасова паспешна, колькі дазваляла здароўе, кіруючыся, вядома, дадому, да — гаспадара, да Сцяпанаўны, да Люсі, да Толіка: усе яны, відаць, там. Але нечакана для самога сябе, яшчэ ва ўскраінным новым раёне, сярод тых дамоў-блізнят, Бім вырашыў абысці небяспечнае месца, каб не сутыкнуцца з Шэрым. Пайшоў укруга, скіраваў на бакавую вуліцу і ўпёрся ў плот. Пачаў быў яго абыходзіць і нечакана замёр ля варотцаў: Толікаў след. Хлопчык, якога так палюбіў Бім, прайшоў тут. Вось толькі-толькі прайшоў. Варотцы былі зачынены, але Бім не задумваючыся палез падніз і пайшоў па слядах маленькага сябра. Ну, вось толькі, вось толькі прайшоў! Гэта быў малюсенькі парк-сад, а пасярод яго стаяў невялічкі двухпавярховы дом. Туды і павёў след.
Бім падышоў да дзвярэй, у якія толькі нядаўна зайшоў Толік. Прывучаны са шчанячага ўзросту кожным дзвярам давяраць, ён падрапаўся і ў гэтыя. Адказу не было. Біму ж не здагадацца, што такія яго паводзіны ля гэтых дзвярэй можна было назваць нахабствам наіўнага. Але ён яшчэ раз падрапаў, яшчэ мацней.
За дзвярыма пачуўся жаночы голас:
— Хто тут?
«Я — адказаў Бім. — Гаў!»
— Гэта яшчэ што такое? Толік! Нехта да цябе з сабакам. Гэтага толькі не хапала!
«Я, я, — сказаў Бім. — Гаў, гаў!»
— Бім, Бім! — закрычаў Толік і адчыніў дзверы. — Бім, мілы Бім, Бімка! — І абняў яго.
Бім лізаў рукі хлопчыку, куртачку, пантофлі і бесперастанку глядзеў яму ў вочы. Столькі было надзеі, веры і любові ў позірку сабакі, які гэтулькі вытрываў!
— Мама, мама, ты паглядзі, якія ў яго вочы! Чалавечыя! Бімка, разумны Бімка, знайшоў сам. Мама, сам знайшоў
мяне…Ды мама не вымавіла ні слова, пакуль сябры радаваліся сустрэчы. Але калі захапленне аціхла, яна запытала:
— Гэта той самы?
— Ага, — адказаў Толік. — Гэта Бім. Ён добры.
— Зараз жа прагані.
— Мама!
— Зараз жа!
Толік прытуліў Біма да сябе.
— Не трэба, мама, калі ласка! — І заплакаў.
Музычна празвінеў званок. Увайшоў чалавек. Ён добрым, але стомленым голасам спытаў:
— Што тут у вас за крык? Ты плачаш, Толік? — Ён зняў паліто, разуўся, уссунуў пантофлі і, падышоўшы да хлопчыка з сабакам, сказаў: — Ну чаго ты, дурненькі? — І пагладзіў Толіка па галаве, палашчыў за вушка і Біма. — Бач ты! Сабачка. Глядзі, які сабачка. Бач, які сабачка… худы.
— Тата, тата, ён добры, Бім. Не трэба.
Мама цяпер ужо закрычала:
— Вось так заўсёды! Я гавару адно, а ты другое. Выхаванне называецца. Скалечыш дзіця! — Яна загаварыла на «вы»: — Будзеце локці кусаць, Сямён Пятровіч, але позна.
— Пачакай, пачакай, не крычы. Спакойна. — І павёў яе ў далёкі пакой, дзе яна крычала яшчэ мацней, а ён яе супакойваў.
З усяго гэтага Бім зразумеў, што Мама не хоча Біма, а Тата — за яго, і што ён пакуль што застанецца ў Толіка. Слоў не трэба было разумець нават чалавеку, але ён усё зразумеў бы і тады, калі б яму заткнулі вушы. А тут усё ж сабака з адаткнутымі вушамі і разумнымі вачыма. Як не зразумець! І праўда, Толік павёў Біма ў свой асобны пакойчык (там пахла толькі Толікам).
Ні Бім, ні Толік не чулі, што далей гаварылі Мама і Тата.
А там было вось што:
— Нашто ты крычыш пры Толіку такія словы: «Скалечыш дзіця» і ўсякае такое? Гэта ж згуба яму.
— А гэта не згуба: відавочна хворы сабака, бадзяга — і ў нашую ўзорную чыстату? Ты з глузду з'ехаў! Ды ён жа заўтра захварэе ад яго чортведама чым. Не дам. Зараз жа выгані сабаку!
— Эх, маці, маці! — уздыхнуў Сямён Пятровіч. — Ні грама ты не знаеш, што такое тактыка.
— Прападзі ты пропадам, Сямён Пятровіч, са сваёю тактыкаю!
— Ну вось, зноў за сваё… Трэба ж з галавою рабіць: і Толіка не траўміраваць, і сабаку прыбраць. — Потым нешта пашаптаў ёй на вуха і кончыў: — Так і зробім: прыбяром.
— Так бы і сказаў адразу, — супакоілася Мама.
— Не мог жа я гэта сказаць пры Толіку… А ты, дурненькая, завялася: «Прападзі з тактыкаю». — Ён пагладзіў яе па шчацэ (гэта значыць, памірыліся).
Яны зайшлі да Толіка. Мама сказала:
— Ну, хай жыве, што ж…
— Вядома, хай жыве, — падтрымаў Тата.
Толік зарадаваўся. Ён удзячна глядзеў на Маму і Тату, ён расказваў пра Біма і паказваў усё, што той умее.
Гэта была шчаслівая сям'я, дзе ўсе цяпер былі задаволены жыццём.
— Але адна ўмова, Толік: Бім будзе спаць у прыхожай і ні ў якім выпадку не з табою, — скончыў Тата.
— Вядома, хай, — згадзіўся Толік. — Ён жа вельмі акуратны, Бім. Я добра ведаю.
Бім прыкмеціў, вядома, што Тата — добры, спакойны, упэўнены чалавек. А калі, крышку пазней, Толік правёў Біма па пакоі, знаёмячы з кватэраю, то тады Бім прыкмеціў, што Тата еў адзін, з газетаю ў руках, і таксама спакойна і ўпэўнена. Добры чалавек — Тата, ён жа Сямён Пятровіч.
Дапознага прагуляў Толік з Бімам, расчасаў яго, крыху накарміў (больш не дазволіў Тата: «Галоднаму сабаку многа нельга, можна загубіць»), выпрасіў у Мамы матрасік (зусім новы!), паслаў у кутку прыхожае і сказаў:
— Вось тваё месца, Бім. На месца!
Бім паслухмяна падпарадкаваўся. Ён усё зразумеў: тут ён будзе пакуль што жыць. Усярэдзіне ў яго ўсё пацяплела ад ласкі і спагады маленькага чалавека.
— Пара спаць, Толік. Пара. Палова адзінаццатае. Ідзі кладзіся, — угаворваў Тата.