Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Белы Бім Чорнае вуха

Троепольский Гавриил Николаевич

Шрифт:

Толік лёг у ложак. Засынаючы, ён думаў: «Заўтра пайду да Сцяпанаўны і скажу, хай у мяне жыве Бім, пакуль вернецца Іван Іванавіч…» І яшчэ ўспомнілася такое: калі ён расказаў дома, што ходзіць да Сцяпанаўны і там ёсць Люся, а ён водзіць Біма, то мама пачала крычаць, а тата сказаў Толіку: «Болей туды ты не пойдзеш»; калі ж Толік плакаў, то тата напаслед сказаў маме: «Мы забыліся з табою, што такое тактыка?» І гладзіў Толіка па галаве, гаворачы: «Што ж цяпер зробіш? Трэба табе вырасці, вялікім чалавекам стаць, але не сабачнікам і не да бабак розных там хадзіць. Нічога не зробіш!» А цяпер вось Бім будзе жыць у яго і да «бабак» хадзіць не трэба… Ён толькі разочак сходзіць да Сцяпанаўны, каб сказаць ёй пра ўсё… і да Люсі… Яна харошая дзяўчынка,

Люся… А Бім спіць. Добры Бім».

Ад гэтых думак Толік заснуў радасным сном.

…Глыбокаю ноччу Бім пачуў крокі. Ён расплюшчыў вочы, не падымаючы галавы, і глядзеў. Тата ціха падышоў да тэлефона, пастаяў, прыслухаўся, потым узяў трубку і паўшэптам сказаў толькі два словы:

— Машыну… Зараз жа.

Значэння гэтых слоў Бім, вядома, не зразумеў. Але заўважыў, што Тата трывожна глядзіць на дзверы, дзе спаў Толік, неспакойна зірнуў на Біма, пайшоў на кухню, вярнуўся адтуль з вяровачкаю і нейкім клуначкам. Бім здагадаўся: нешта не тое, неяк перамяніўся Тата — ён быў не падобны да самога сябе. Нешта падказвала Біму, што трэба забрахаць, бегчы да Толіка! Бім не сумняваўся, абавязкова б зрабіў так, але Тата падышоў і пачаў гладзіць Біма (значыць, усё добра), потым прывязаў вяроўку да аброжка, апрануў паліто, ціхенька-ціхенька адчыніў дзверы і вывеў Біма.

Ля пад'езда мармытаў матор аўтамабіля.

І вось едзе Бім на заднім сядзенні. Уперадзе чалавек за рулём, побач з ім Сямён Пятровіч. З клуначка, што пакладзены побач з Бімам, пахне мясам. На аброжку вяроўка. Людзі маўчаць. Бім таксама. Ноч. Цёмная, цёмная ноч. Неба завалакло хмарамі — яно чорнае, як чыгун у доме ў Хрысана Андрэевіча. У такую ноч нельга сабаку назіраць з машыны і запомніць дарогу назад. І куды вязуць, Бім таксама не ведаў. Сабачы клопат — што? Вязуць — і ўсё. Толькі вось вяроўка навошта? Трывога зусім завалодала Бімам, калі пад'ехалі да лесу і спыніліся.

Сямён Пятровіч павёў Біма на вяроўцы ў глыб лесу, узяўшы стрэльбу. Ішлі ўніз у яр, свецячы на прасеку ліхтарыкам. Сцяжынка ўперлася ў невялічкую паляну, акружаную вялізнымі дубамі. Тут Сямён Пятровіч прывязаў Біма да дрэва тою вяровачкаю, развязаў клуначак, выняў з яго міску з мясам і паставіў перад Бімам, але не прамовіў ніводнага слова. І пайшоў назад. Ды, адышоўшы за некалькі крокаў, азірнуўся, асляпіў Біма ліхтарыкам і сказаў:

— Ну, будзь. Вось так.

Бім правёў вачыма святло, якое аддалялася, і маўчаў — здзіўлены, нічога не ведаючы, горка пакрыўджаны. Ён нічога, зусім нічога не зразумеў. І калаціўся ад хвалявання, хоць было цёпла, нават душна, нязвыкла для восені.

Машына паехала. «Туды» паехала, вызначыў Бім па гуку, які аддаляўся і рабіўся ўсё цішэйшы і цішэйшы, а потым і зусім заціх: гук той быццам даў Біму кірунак — куды ісці на ўсякі выпадак.

Лес маўчаў.

Цёмнаю-цёмнаю ноччу сядзеў у лесе сабака пад магутнымі дрэвамі, прывязаны за вяроўку.

І трэба ж здарыцца менавіта такому і ў гэту ноч! Рэдка, вельмі рэдка так бывае: пад канец лістапада, пры такой нязвыклай цеплыні, дзесьці далёка-далёка прагрымеў гром.

Спачатку Бім сядзеў і слухаў лес, правяраў навокал, колькі браў нюх. Сабаку лёгка вызначыць, які гэта лес, калі ён хоць раз пабыў у ім. Бім скора зразумеў, што ён знаходзіцца там, дзе некалі быў з гаспадаром на аблаве. Той самы лес. Але воўкам паблізу нідзе не пахла. Бім прыціснуўся бокам да дрэва, прапаў у непрагляднай цемені, адзінокі і безабаронны, пакінуты чалавекам, якому не зрабіў нічога ліхога.

Падсвядома, недзе ў глыбіні свае істоты, інстынктам Бім зразумеў, што ісці болей да Толіка нельга, што цяпер ён пойдзе да сваіх родных дзвярэй, і болей нікуды. І так яму захацелася туды, што ён, забыўшы пра вяроўку, ірвануўся ад дрэва на ўсю сілу і ўпаў: боль у грудзях аддаўся ва ўсім целе і падкасіў яго. Цяпер ён ляжаў нерухома, выцягнуўшы ўсе чатыры лапы. Але гэта было нядоўга, ён зноў устаў і сеў да дрэва, здавалася, змірыўшыся са сваім лёсам.

У чарнаце ночы яшчэ раз правуркатаў

гром, цяпер ужо блізка, і пракаціўся па бязлістаму лесе шырока і цяжка. Падзьмуў вецер, галіны на дрэвах занылі, быццам ад прадчування бяды; ствалы, якія слабейшыя, захісталіся; і нарэшце ўсё злілося ў адзін суцэльны трывожны чорны шум, у якім выразна чуўся стогн сухое асіны: яна раўнамерна рыпела і рыпела дзесьці ля кораня, ужо надломленая і слабая; яе глухі нудны стогн пужаў Біма больш, чым увесь лясны шум.

А лес шумеў, шумеў і шумеў. А вецер усё гуляў і гуляў як адзіны ўсяпраўны ўладыка ў непрагляднай цемені, разгуляўся так, што застагналі дубы. Біму здавалася, што нехта чорны-чорны, вялізны распластаўся над магутнымі дубамі, над безнадзейнаю асінаю, якая памірае над ім, згубленым у гэтай суровасці, сабакам; і гэты чорны біў поламі чорнага плашча па лясных вяршалінах, аблапліваў дрэвы і гойдаў іх у дзікім танцы, шаманіў, падскакваючы і выгінаючыся, крычаў і завываў, як стогалосы дзікун.

Біму стала так жудасна, што пра боль у целе на часіну забыўся.

Ён прыціснуўся да каменя, прыліп. Вецер пачаў кідаць на лес холад, таму ўнізе ў яры пацёк зябкі струмень і адразу ж працяў Біма. Так заўсёды позняе цяпло раптоўна мяняецца холадам. Бім перайшоў на другі бок за ствол, каб затуліцца ад ветру і супраць ветру сачыць нюхам, — па ветры вачыма. Але наперадзе была непраглядная цемень. Бім калаціўся.

Раптоўна, быццам вогненным вузкім нажом, маланка рассекла цемень, на імгненне асвятліўшы лес, які стагнаў і выў, а следам за ёю так вухнула ўверсе, стукнула, забрыньчала нечым пабітым, абрынулася ўніз і пакацілася па лесе ў розныя бакі. Маланка і гром быццам напалохалі шамана, і ён пусціўся ўцякаць, уцякаць, а потым і зусім заціх, і тады зверху застукалі кроплі. Дождж быў кароткі, моцны, халодны. Потым і ён перастаў.

Лес цяпер ціхенька бурчаў, атрасаючыся і прыхарошваючыся, быццам пасля бою. Але раптам асіна зарыпела, затрашчала, чапляючыся за суседнія дрэвы, развітваючыся з суседзямі, адчайна зашумела і ўпала на зямлю, ломячы свае галіны, у горкай, перадсмяротнай безнадзейнасці: вытрымала апошні бой і ўпала. Асіна стаяла непадалёку ад Біма, яму было трывожна чуць смерць дрэва і страшна таму, што яно падала, як спачатку яму здалося, проста на яго; ён тады паплішчыўся ад свайго ракавога дуба, напяў вяроўку, але… вяроўка ёсць вяроўка.

Бім сядзеў да світання, прасківелы, хворы, змучаны. Перад ім стаяла міска з мясам — да яго ён так і не дакрануўся.

Перад світаннем далёка завыў воўк. Адзін завыў: больш нікога на перазовах у лесе не аказалася. То быў самы хітры, ацалелы пасля тае аблавы воўк. Бім уздыбіў шэрсць на загрыўку, застукаў зубамі і слухаў, хапаў носам паветра, глыбока ўцягваў. Ён падрыхтаваўся да сустрэчы, ніколі не падазраючы, што ў ім столькі адвагі на самаахову, якую можна назваць гераізмам адчаю (укусіў жа ён тады Шэрага дзядзьку, чуць не збіў яго з ног!). Але воўк гэтага разу не прыйшоў. Ветру ўжо не было, так што здалёку звер не мог пачуць Біма, а час абыходзіць свой участак, відаць, яшчэ не прыйшоў. Але Бім у напружаным чаканні напяў вяроўку, таму аброжак стаў душыць яго да хрыпаты. Тады Бім падаўся на дрэва, прыціснуўся задам да ствала, перахапіў вяроўку на карэнныя зубы і… перакусіў. Як нажом шахнуў!

Збылося!

Бім вольны, хоць і адзінокі ў дрымучым лесе.

Так і кожны сабака робіць у рэшце рэшт, хоць у розных парод гэта бывае па-рознаму: вартаўнічыя, прывязныя — тыя перагрызаюць вяроўку адразу, таму што яны любяць толькі моцныя ланцугі; моська, хоць і не перагрызе, але калі прывязаны на вяровачку, то будзе кідацца, круціцца, крычаць і можа нават задушыцца; ганчакі доўга думаюць, але перагрызаюць; інтэлігентны сабака, які прывык да работы па краснай дзічыне, праседзіць многа дзён, чакаючы гаспадара, але вяроўку перагрызе толькі ў хвіліны адчаю ці небяспекі, калі стане ясна, што ніхто ўжо не прыйдзе на дапамогу. Вось так і Бім: прыйшоў час, і ён зрабіў тое, што павінен быў зрабіць.

Поделиться с друзьями: