Ціша
Шрифт:
Яна аж захліпвалася смехам:
— Ты ў якім часе жывеш? І хто мой бацька? Камісію… Прыдумаць жа такое! Ты наіўны такі… Усё ты можаш, ты ідэальны, толькі адстаў ад жыцця гадоў на дваццаць. Нічога — здагонім, я памагу.
Скончылася тым, што адразу пасля Новага года Адольф прайшоў медкамісію і запісаўся на курсы ў аўташколу. Прычым не на паскораныя, а на трохмесячныя — каб усё грунтоўна. Доўга з Томай выбіралі графік (ранішнія групы: 8.30–13, вячэрнія: 18–22, група выхаднога дня, дзённыя: 13.40–17.30), спыніліся на ранішнім варыянце, калі галава свяжэйшая. Для самастойнага вывучэння тэорыі Сафі паставіла яму на камп’ютары ПДР, правілы дарожнага руху, надта зручная штучка, дзе было ўсё: каляровыя дыяграмы, тлумачэнні, дарожныя знакі, тэсты і самыя розныя сітуацыі,
Вучэбны клас. Група з трыццаці чалавек. Самыя розныя ўзросты. Гэтая ўраўнілаўка была асабліва сімпатычная. У асноўным, канечне, вучыліся маладыя дзяўчаты і хлопцы, але была і бабуля з унучкай, і маці з сынам, былі такія, як Адольф, і старэйшыя. Усе ў аднолькавым становішчы. Розум, вопыт не мелі тут ніякага значэння, а трэба было мець талент да гэтага, ці хаця б любіць, як, зрэшты, і ўсялякую справу. Хто любіў — у таго і атрымлівалася.
Спачатку ішло тугавата.
Тэарэтычныя заняткі пачалі не з элементарнага — напрыклад, як завесці машыну і крануцца з месца, або растлумачыць, чаму дарожныя знакі адны круглыя, другія — квадратныя, і чаму яны розных колераў, — а з прыдумвання нейкіх фантастычных сітуацый, ледзь не на ўзроўні: самалёт пасля вымушанай пасадкі на аўтастраду выкаціўся на паласу сустрэчнага руху і рухаецца ў напрамку горада; пры ўездзе ў горад, дзе сапсаваны светлафор, збіліся — грузавая фура справа, гужавы транспарт (конік, упрэжаны ў воз, на якім вясёлы дзядзька з лейцамі ў руках) — на ўзбочыне, веласіпедыст злева, трамвай на павароце, а тут яшчэ коціцца чортаў самалёт… Хто каму павінен саступіць дарогу?
Абсурд гэтых сітуацый, неверагоднасць, складанасць іх увагналі Адольфа ў лёгкую паніку. Тут на дапамогу прыйшла Сафі:
— Не звяртайце ўвагі і з усяго вылучайце галоўнае.
— А што галоўнае?
Аказалася — саступаць дарогу транспарту спецыяльнага прызначэння («членавозам з мігалкамі», сказала Сафі) і да аўтаматызму вывучыць, дзе «права», дзе «лева».
І праўда, гэтыя словы — «права-лева»— неўзабаве набылі велізарнае значэнне. Адольф блытаўся, адчуваў сябе то першакласнікам, то зялёным прызыўніком, траціў каштоўныя секунды, каб скеміць, куды павярнуцца: справа — там, дзе быў пярсцёнак на пальцы, злева — гадзіннік на руцэ… Цяпер ён нават калі ішоў пехам, дык увесь час суадносіўся: злева — «праезджая частка», справа — «пешаходная зона». Да канца курсаў ён нават сваю правую палавіну цела пачаў любіць больш за левую.
Разам з тым яму нечакана спадабаўся гэты новы свет — як чалавеку, якому пачынае рабіццца зразумелай замежная мова. Назіраючы за іншымі, бачачы, што ён не самы горшы, Адольф уцягваўся, зубрыў правілы ПДР, запамінаў знакі, ці, як у іх казалі — вучыўся «чытаць знакі», нароўні з тым, як чытаюць кнігу.
Тое, што здавалася цёмным лесам, прачышчалася, святлела.
Аказваецца, гэтыя строгія правілы, знакі, калі іх разумець і выконваць, някепска дысцыплінуюць. Вось каб яшчэ можна было ў жыцці такія прыдумаць! — у бытавым, прыземленым значэнні. Адкрыў камп’ютар, адгарнуў лісток календара, глянуў — і бачыш свой «дарожны знак-указальнік», які раіць, дзе табе павярнуць, дзе збавіць хуткасць, а дзе і даць задні ход… Колькі б тады знікла розных дурных праблем выбару: жаніцца ці разводзіцца, змяняць працу ці заставацца на старой…
На аўтадроме, калі пачалася практыка — ваджэнне на старых, дабітых «Жыгулях» (знарок, патлумачылі Адольфу, каб потым адчуў асалоду ад сапраўднай машыны), стала лягчэй.
Дзе руль — там лева, а дзе небяспека — права. Усе перавагі меў той, хто справа. Яму трэба было саступаць дарогу, перад ім тармазіць, памятаць пра «перашкоду справа»… Плюс гэтыя небяспечныя левыя павароты, во ўжо дзе біч!
Таксама на ваджэнні высветлілася, як заўсёды, што тэорыя адно, практыка — іншае, і ў экстрэмальных выпадках лепш забыць на правілы, а дзейнічаць інтуітыўна, быць псіхолагам, умець ацэньваць, хто перад табой, ці збоку, ці ззаду: «тормаз», «чайнік», «адмарозак» ці нармальны чалавек — і толькі з гэтага сыходзіць. Яшчэ Адольф даведаўся пра самае галоўнае правіла — «трох
Д»:— Дай Дурню Дарогу.
Тамара ўсё ж папярэдзіла бацькоў, каб радзей наведваліся. Цяпер выхадныя ў Адольфа былі больш-менш вольныя. Ён прыязджаў на дачу, адчыняў гараж, сядаў у машыну: а) сесці, б) адрэгуляваць сядзенне і нахіл спінкі, в) адрэгуляваць нахіл рулявой калонкі, д) адрэгуляваць люстэркі задняга віду, ж) прышпіліцца рамянём бяспекі, з) яшчэ раз паглядзець у задняе люстэрка і пераканацца ў правільнасці рэгулёўкі… Паварочваў ключ запальвання. Машына паслухмяна вуркатала, як кошка, што ссумавалася па ласцы, увазе, пяшчоце. Па адным гуку матора зразумела было, якая яна адданая, згодная стаць яму сяброўкай.
Хутка ішла тая зіма. Адольф акуратна наведваў курсы, кожны месяц здымаў з банкаматаўскай карткі грошы — як так і трэба; у СпецПрадМаш за гэты час не заглянуў ні разу. У жыцці яго пакрысе ўсталяваўся рэжым, а рэжым дае супакой душы і целу. Адольф нават характарам стаў пакладзісты, рахманы.
Усё было б зусім добра, каб не маўчанне жонкі. Гэтая стрэмка сядзела, і ніяк не можна было выцягнуць яе. Тома ледзь не кожны вечар пытала:
— Жонка маўчыць?
— Маўчыць.
— З’ездзі ты туды! І дачку заадно адведаеш…
— Ну вось хутчэй вам з’ездзі, — адмахваўся Адольф ад непрыемнай тэмы. — З’езджу! Здам на правы… Сын вернецца з арміі… Тады — і з’езджу… На нашай уласнай машыне. Каб усё заадно. Дачакаюся сына — і з’езджу!
ІV
У канцы цёплага сакавіка, калі таполі выкінулі першыя клейкія лісточкі, на бульвары каштаны пачалі набрыньваць сваімі пупышкамі, а пад імі з травы, са старых, пад снегам праляжалых пладоў, прабіваліся раздвоеныя расткі — будучыя дрэвы, прыехалі ў госці Ніна з Талянам. Лёнік баяўся горада.
Тамара пастаралася: стол, беласнежны абрус, кветкі-сурвэткі… Ніна нават не заікнулася пра меркантылізм і мяшчанства, да таго была падаўлена, забіта, расціснута маральна: Мінскам, кватэрай, абстаноўкай, багаццем ежы на стале, і выглядам Тамары, яе свежасцю, спеласцю, дабрынёй. Выбраўшы момант, калі Тома выйшла на кухню, шапнула Адольфу: «Ну, Адоля, злавіў ты лісу за хвост — трымай моцна, аберуч, не выпускай, бо другі раз не зловіш… Зайздросна жывеш!»
А Талян радаваўся чужому поспеху, як уласнаму:
— Ну і дзядзя ў мяне!.. Во дзе жыве чалавек. Вось як жыць трэба!
За сталом Тамара сказала:
— А ведаеце, Анатоль, — сказала яна, — за вас многія пайшлі б.
— А мне яно трэба? — стараючыся быць бесклапотным, адказваў Талян. — У нас і так усё ёсць. Як у раі жывем!
— Я не жартую. Вы вельмі сімпатычны. І адразу відаць, вось паверце, жанчыны гэта чуюць — вы незвычайна добры, у вас чыстая душа. Гэта самае галоўнае, паверце. А ўсё іншае цяперашнім часам нажыўное. Да таго ж вы — герой, прайшлі амаль што Афганістан…
Талян густа пачырванеў і ад збянтэжанасці выпіў чарку гарэлкі.
— Ды ну… Скажаце вы… Які герой…
І, прыкусіўшы салатам са свежых памідораў, гуркоў і зялёнай цыбулькі ў алеі, хутка перавёў размову на любімую тэму:
— Вось мамка ў мяне… Лёнік у мяне… Дзядзя Адольф во сядзіць — ён ведае, не дасць схлусіць… Эх, каб вы Лёніка пабачылі! Во хто сапраўдны герой! Што я ў параўнанні з Лёнікам? Ты яго ўночы ў чужым лесе ў дзікім месцы да дрэва прывяжы — распутаецца! Вылузнецца! Агонь здабудзе, дзічыну злобіць голымі рукамі — і выжыве! Нам усім тут да Лёніка — як да Венеры! У Лёніка шалаш на дрэве, ён ведае, як засаду рабіць — па ўсіх правілах! Другі шалашык на вадзе, з чароту, каб да дзікіх гусей падплыць… Лёнік любую хованку зробіць. Вальдшнэп цяпер у балоты забіўся, а Лёнік ведае адну сям’ю, назірае за ёю — ну й расказвае! — хоць ты фільм здымай, так расказвае! Дзюбкі доўгія, галоўкі маленькія, а разумней за людзей. Сам сабе пераломы лечыць. Лапка зламаная, дык ён сам дзюбаю скруціць жгуцік з травы і на лапку накладзе — як гіпс у паліклініцы. Чарвякоў трэба з зямлі выманіць, дык вальдшнэп стане і лапкамі тупае — нібыта дождж ідзе! Туп-туп-туп — як кроплі дажджу! Чарвякі вераць, паўзуць на шум…