Ціша
Шрифт:
«Здравствуйте».
«Простите, мне нужна ваша соседка Алефтина Валентиновна Воскобойникова из 32 квартиры».
Паўза. Камера пераскоквае з аднаго твару пенсіянеркі на другі. На тварах трывога.
«Или вы её не знаете?»
Паўза.
«Почему — знаем».
«И где же она?»
«А она уехала на дачу».
«Где находится дача, конечно, не знаете?» — без усялякай надзеі спытаў малады чалавек.
Музыка дасягнула апагея трагічнасці: вось-вось павінен быць стрэл, ці выбух, ці хоць бы нечаканае слова… Маўчанне — дзве хвіліны. Буйныя планы ўсіх герояў па чарзе.
«Почему не знаем — знаем…»
V
Прыехаў
— Вадзім, грузчык з ЦУМа.
Сын не проста ў адведкі прыехаў, а прасіць грошы на адваката. Папаўся на сваіх «спайсах», і цяпер яму «свяціла» ці то нейкае пасяленне, ці «хімія», ці «ўмоўна», ці то прымусовыя работы — у залежнасці ад сумы, якую ён спадзяваўся выцыганіць у бацькі.
Адольфа проста перасмыкала ад адной толькі гэтай лексікі. Якія адвакаты, «хіміі», суды?.. Сын ляпнуў яго па плячы і, каб павесяліць, працягнуў руку:
— Бачыш, як палец з пальцам размаўляе?
І праўда, пальцы трэсліся.
— А як там… маці? — спытаў Адольф
— Што ёй станецца? Усё хварэе. Паказваў ёй здымкі твае. Во, на тэлефон нават скачаў. Слухай, баця, мне трэба флэшка новая, кроў з носу. Я твае здымкі перакачваў, флэшка зламалася, там жа ўсяго адзін гегабайт… Сказала, што ты пахудзеў. Вось я б так не сказаў — ты яшчэ моцны баця!
— А… Іра?
— І Іра хварэе. Не дом, а бальніца. Азер п’яны прыходзіць, скандаліць… Не дом, а бахчысарай. Дык ты паможаш?
Адольф моўчкі падыйшоў да шафы і даў роўна, колькі сын прасіў — з агульных іх з Томаю зберажэнняў.
Потым, калі машынай падвозіў сына на вакзал, да электрычкі, той усё лез пад рукі: «Ну ты падняўся! Не, ты, ты…»
— Баця, побач з такой тачкай — ты салідны! Шчыра скажу. Ганаруся. Паважаю. Дай, абдыму цябе!..
Абняў, пацалаваў, пайшоў да перона хуткай хадой дзелавога чалавека. Расхлістаны, бесталковы… Адольф сеў у машыну (сесці… адрэгуляваць сядзенне і нахіл спінкі… нахіл рулявой калонкі… люстэркі задняга віду…)
«Пахудзеў!» А сама хварэе… А ён думаў уразіць яе здымкамі, Парыжам, дачай, шашлычкамі ды машынамі — «раскошаю». А яна толькі і заўважыла, што пахудзеў. За год адно слова. І гэтае слова пераважвала ўсё — усе яго набыткі, поспехі, жарсці, выкрыванні, праблемы.
У Адольфа ледзь слёзы не выступілі. І палезла ў галаву розная сентыментальная драбяза. Напрыклад, як яна, сірата, плакала ад шчасця, калі ён зрабіў ёй прапанову. Або як ён аднойчы у час «выкрывання» змахнуў са стала любімы жончын кубак, разбіў яго, а яна толькі і сказала: «На шчасце». Як ездзіла да яго ў бальніцу праз увесь горад.
Ён з нейкай мазахісцкай упартасцю пачаў успамінаць адно за адным нязначныя, маленькія выпадкі, дэталькі, эпізоды. Як яна была цяжарная сынам і ціха дзялілася з мужам, што ад такога таленавітага бацькі абавязкова народзіцца незвычайны, адораны сын… А як яна радавалася, калі ён купіў мапед і зможа цяпер выязджаць «на натуру», маляваць акварэлькі! Заўсёды перахрышчвала яго перад кожнай паездакай, каб не трапіў у аварыю… Смешная! Мо таму ніколі і не патрапіў, нават паддаты.
Ён успамінаў — і расчульваўся. Як усё адносна, як умоўна. Сядзець у «Вольве» і з пяшчотаю ўспамінаць мапед… Бачыла б яна яго цяпер… І тут упершыню ў яго курынах мазгах раптам праскочыла людская думка — узяць вось зараз ды рвануць на кальцавую, а там у гарадок на Дняпры! Зайсці, стаць на…
Яму пастукалі ў шкло: давай, ад’язджай! Ён паслухмяна крануўся. Робячы
левы паварот, ледзь-ледзь размінуўся з трамваем. Іскры з дроту, віскат чыгунных колаў аб рэйкі… Ён пакорліва праглынуў: «Чмо!!!» — і яшчэ некалькі мацюкоў наўздагон ад раз’юшанай жанчыны-кіроўцы, што высунулася да пояса ў акно. Толькі калі ад’ехаў далёка ад вакзала, працадзіў праз зубы:— Маё шанаванне.
Калі Тома зайшла ў кватэру, ёй адкрылася такая карціна: мальберт, выпэцканыя анучкі, фарбы, цюбікі, грунтоўка, пэндзаль… На стале амаль пустая бутэлька гарэлкі. Адольф сядзеў, падціснуўшы пад сябе босыя ногі, і ціха наігрываў «Чобаты».
— Гэта — усё? — ціха спытала яна. — Гэта развітанне? Я так разумею, што ўсё скончана? Ну, што ж, я бачу, як табе… Не буду трымаць. Я вельмі ўдзячная табе за…
Яна падыйшла да мальберта і ахнула.
— Гэта ж наш… асіннік! Дык ты не забыў?!
У яе былі мокрыя вочы. Яна не ведала, што ён, акрамя гэтага асінніка, нічога больш не ўмее, толькі на ім набіта рука.
— Які талент даў табе Бог, — прашаптала яна.
Адольф сам разгубіўся. Ён чакаў скандалу, а атрымался рамантыка. Акварэлькі, да якіх ён ніколі не ставіўся ўсур’ёз, цяпер так выручалі яго. Ён адклаў гармонік і падняўся на зацёклыя ногі.
— З чаго ты ўзяла, што… развітанне? — блытаючыся языком, сказаў ён.
— А хіба не?! Я падумала…
Яна, няшчасна-шчаслівая, аддана, з падзякаю на яго пазірала. Апранаючыся, каб ісці ў супермаркет па дабаўку, ён не строга, а хутчэй паблажліва не забыў нагадаць:
— Я — Адольф! Чалавек вольны. Калі што не па мне — зборы кароткія. Мальберт, гармонік і — маё шанаванне.
Ён спусціўся ўніз. Ад алкаголю, ад свабоды, ад таго, што ўбачыў, як яго кахаюць, на душы ў яго было ясна, лёгка, зразумела. Што ж, калі так — гэта мяняе справу. Можна пакуль… яшчэ і тут пажыць. Шанцуе — карыстайся, не будзь дурнем. Нічога! У Адолі шчаслівая доля! Я вам не проста так! Во як я ўмею! — урывацца ў чужыя лёсы, тасаваць іх, як карты, быць прычынай чужых слёз і чужой радасці… А да Ірыны Бацькаўны паспею вярнуцца… Яна даруе. Прыме, зразумее… Папрашу прабачэння… Раз сказала «пахудзеў», значыць, па-ранейшаму кахае. Хай толькі скончацца гэтыя разборкі… А то сын, дачка, азер цягаецца… Пачакаць, пакуль утрасецца там…
На першым паверсе каля ліфта цярпліва чакала маленькая, з дзвюма цаглінамі пад пахаю, бабулька, худзенькая, як дзесяцігадовы падлетак.
Адольф выйшаў бокам, ветліва даючы ёй зайсці. Потым пастаяў, паглядзеў — пацягне ліфт ці не? Зачыніліся дзверы, ліфт паехаў.
— Усё не так цікава, як здавалася ў пачатку, — прамармытаў Адольф і засмяяўся. Ён ціха зацягнуў:
— Чобаты, чобаты вы мае!..
Цяпер, п’янаму, яму было мора па калена.
— Нарабілі клопату яны мне!..
VІ
З самай раніцы на далёкім, за 300 кіламетраў адсюль, Хутары Талян пачаў збірацца да маці ў бальніцу.
Яна папрасіла прынесці зялёнай свежай цыбулі з салам і чорнага хлеба — больш нічога.
Ён падагрэў на пліце ўчарашні суп, сагнуў лыжку, як чарпак, пасёрбаў трохі з каструлькі. Паеў трохі, а ўзмакрэў, як паўлуга выкасіў.
Гадзіннік на сцяне спыніўся. Талян засвяціў мабільнік, у якім западалі кнопкі, паглядзеў, колькі часу, перавёў стрэлкі і падцягнуў гіры. Паспрабаваў пальцам суп, ці астыў, панёс, выліў Жуку ў міску. На агародзе вырваў некалькі корчыкаў цыбулі, каля калодзежа, нахілячы вядро, абмыў вадою, акуратна паабшчыкваў пазногцямі белыя ніткі-карэньчыкі. У каморы адрэзаў кусман сала, разам з хлебам закруціў усё ў газету. Адвязаў Жука, узяў палку і пасунуўся ў Старушкі.