Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

— Дай грошай, памажы!

— Я заняты… Абавязкова прыеду, — усім аднолькава адказваў Адольф.

Ён выслаў дачцэ і сыну невялікія сумы, але замест падзякі атрымаў адчайны лямант, што мала, кропля ў моры!

— Не, гэта пераходзіць усе межы, — абураўся, трымаючыся за сэрца, Адольф. — Я ведаю, чаго яны хочуць: каб па машыне ім выслаў, а наступны раз па катэджы пабудаваў, а на трэці — паклаў ім у банк па мільёну еўра! Чаму мне ніхто нічога не прышле? Чаму я ні ў кога не прашу?

І зноў пракляты Хутар, зноў гарлапаніць у трубцы вясёлы Талян.

— Дзядзя, як вы пажываеце?

— Я заняты.

Але

Талян не разумеў намёкаў. Тое, што для дзядзькі было прыкрасцю, драбязой, не вартай ні званка, ні згадкі, для пляменніка з’яўлялася цэлай падзеяй, і ён спяшаўся падзяліцца ёю:

— Вы не бойцеся пра грошы! Гэта ж я вам званю, дык я і заплачу!

— Лёніка знайшлі? — спытаў Адольф.

— А хто яго шукаў? А так усё добра ў нас, вы не хвалюйцеся! Мамку Нінку абяцалі хутка з бальніцы выпісаць!

— Дык яна… у бальніцы? Як?! Чаго?!

— Кляшчы пакусалі! — весела крычаў Талян. — Мы па лісічкі пайшлі, мне хоць бы што — я ж радыяцыяй прапітаны, а мамку… Ды вы не хвалюйцеся, галоўнае, дзядзя, сэрца беражыце! Яе хутка адкачалі! З рэанімацыі перавялі ў палату… Так што ўсё выдатна!

— Я пакуль заняты… Але абавязкова пад’еду, разбяруся… Пазней.

— Не трэба, дзядзя! Вы сябе глядзіце, абы ў вас усё было добра!..

— Будзе з вамі добра, — адзваніўшыся, нервова казаў Адольф. — І чаму я павінен слухаць гэта? Пра нейкіх кляшчоў, нейкага Лёніка… Начорта мне вашыя кляшчы?

— Можа, сапраўды, з’ездзіў бы, разабраўся, — мякка раіла Тамара. Апошнім часам яна пачала пабойвацца Адольфа, не разумела яго, стала разгубленай з ім.

— З’ездзі… На ключы — едзь!

Яе ўпэўненасць у тым, што варта яму захацець, і ён вось так лёгка з усім разбярэцца, раздражняла Адольфа яшчэ больш, чым званкі. Ён бачыў, у які клубок усё гэта збіваецца: хутарскія, сын, дачка з зяцем, Тамара з Ірынай Бацькаўнай, — і выдатна разумеў, што дастаткова пацягнуць з гэтага клубка адну нітку, ён зацягнецца ў такі вузел, што сто Адольфаў не развяжуць. Толькі пачні вырашаць чужыя праблемы, хоць крыху падступіся да іх — і ад цябе самога нічога не застанецца; цябе проста імгненна расцягнуць, як мурашкі жука ў мурашніку, па кавалачках.

ІІІ

Усе гэтыя мітрэнгі зноў расхісталі Адольфу нервы і растрывожылі хворае сэрца.

Ён часта паціраў правую грудзіну. У вушах пачыналі звінець знаёмыя званочкі — як бы крызіс вяртаўся. Да ўсяго ён зрабіўся падазроны. Яму пачало здавацца, што і тут, у Тамары, да яго ставяцца ўсяго толькі як да таннай рабочай сілы, як да вешалкі для адзення.

У ім прачнулася цяга да выкрывання. Некаторы час ён цярпеў, капіў крыўду. А потым, каб паказаць, што ў яго ёсць уласная думка, усё пачаў рабіць і казаць насуперак Тамары. На кожнае яе слова, нават самае бязвіннае: «Бацькоў трэба на дачу завезці», — ён разгортваў цэлую лекцыю.

— …Ім бы не па дачах ездзіць, а задумацца. Яны, і ніхто больш, спарадзілі гэтае нікчэмнае пакаленне. Стварылі сістэму, якая працуе толькі на маладых і здаровых. Ну і ну! Сістэма ж, наадварот, павінна працаваць на старых і слабых, а маладыя і здаровыя самі не прападуць.

Некалі Ірына Бацькаўна заўсёды падтаквала кожнаму яго слову. Тома рашуча, катэгарычна, хоць і ў мяккіх выразах, не згаджалася літаральна ні з чым.

— Само

жыццё на баку маладых, — казала яна з мілай усмешкай. — Так і павінна быць. Маладога і здаровага — аберагай, старога і аслабленага — яшчэ больш аслабляй. Усё правільна.

Адольф гарачыўся, казаў: «Ну дзе ж правільна? А мы? Нашае пакаленне? Мы адпрацаваны матэрыял, баласт? Мы ж узялі ад жыцця яшчэ менш, чым нашы дзеці! Мы як мінімум у аднолькавым становішчы ў сваіх прэтэнзіях да жыцця!»

— Нам трэба падстройвацца пад час, — пазяхаючы, адказвала Тома. Усё ж яна была вельмі прыгожая, асабліва цяпер, у ложку, з рассыпанымі па белай падушцы валасамі. — Часы змяніліся…

— Нічога не змянілася! Ні за апошнія дзвесце гадоў, ні тым больш за мае пяцьдзясят. У дзевятнаццатым стагоддзі быў звычайны тэлефон, цяпер мабільны, у дзевятнаццатым стагоддзі ездзілі 20 кіламетраў у гадзіну, цяпер дзвесце — вось і ўсе змены. Усе вынаходніцтвы скіраваны толькі на інфармацыю і хуткасць. Каб яшчэ хутчэй разносіць па свеце сваё і чужое глупства.

— Нічога не зробіш. Трэба неяк жыць і ў такія часы. Памагаць маладым, дзецям. Нам памагалі, і мы павінны памагаць…

— Дзякую! Павінны! Я асабіста нікому нічога не павінен. У чым іхняя ў параўнанні з намі заслуга? У мабільных тэлефонах? Якія, дарэчы, прыдумала, наша пакаленне? Ці ў легалізацыі аднаполых шлюбаў!

Тома міла смяялася.

— Вось яшчэ прыдумаў! Па-мойму, гэта самае бяскрыўднае з усяго, што ёсць. Мне не замінаюць ні тэлефон, ні чужыя шлюбы. Хай жывуць на здароўе хто з кім хоча!

Яна старалася перавесці ўсё на жарт і ўзяць яго лагодаю.

— Нас жа ніхто не чапае, праўда? Я, напрыклад, толькі з табою магла б і хачу жыць… Ну, ідзі ў ложак… Тут у цябе лепш атрымліваецца, чым на трыбуне…

— А ведаеш, што твае ўнукі, — апускаўся да плявузгання Адольф, — што твая Наста казала? Якая ў яе мара ў жыцці? «Хачу стаць мадэллю, перамагчы ў конкурсе і на прызавыя грошы зрабіць пластычную аперацыю — каб сісі былі як у мамы!»

— Высокая мара! — смяялася Тома. Ці яна не разумела яго, ці не хацела разумець, альбо проста не ўспрымала яго ўсур’ёз. — Дзеці — што ты хочаш…

— А Дзімка, канечне, будзе банкірам? Нафтавым алігархам?

— Само сабою. Ну, ідзі сюды, — працягвала яна рукі, — прыдумляльшчык мой…

Тамара хоць бы слухала яго, адказвала, спрачалася. А больш не было з кім пагаварыць, выказаць усё, што накіпела: які вар’яцкі стаў свет і куды ён коціцца? Адстаўніка Адольф па-ранейшаму баяўся, ды і не стаў бы той з ім гаварыць, Вадзім і маці Томіная адпадалі, Дзімка з Настаю пачалі пазбягаць яго, адчуўшы, што з вясёлага дзядзькі Адольфа чалавек ператварацца ў старога зануду, буркатуна, больш не залазілі яму на калені і не дзяліліся сваімі сакрэтамі.

Паспрабаваў быў заядацца з Соф’яй: маўляў, віртуальнае пакаленне, не ведаеце жыцця… Але вопытная, загартаваная ў такіх пікіроўках Сафі нездарма штудзіравала брашурку «Як дасягнуць поспеху», яна была абаронена, як бранёй, і адразу паставіла яго на месца.

— Спрабуеце накідваць на вентылятар? — спакойна спытала яна. — Са мною не атрымаецца. На мне дзе сядзеш, там і злезеш.

Адольф не ведаў, што значыць — «накідваць на вентылятар», і адчапіўся ад яе.

Поделиться с друзьями: