Чарнобыльская малітва
Шрифт:
— Дзікія гусі крычаць — вясна надышла. Сеяць пара. А мы ў пустых хатах… Адно — стрэхі цэлыя…
— Міліцыя сварылася. Прыедуць на машынах, а мы — у лес. Як ад немцаў. Адноечы наваліліся на нас з пракурорам, дык ён гразіўся, што будуць судзіць па дзесятай стацці… Я кажу: "Хай мне дадуць хоць год турмы, я адбуду і сюды вярнуся". Іх клопат пакрычаць, а наш памаўчаць. Я ордэн маю, як перадавы камбайнер, а ён мне гразіцца — "па дзесятай стацце пайдзёш"…
— Кожан дзень мне мая хата снілася. Я вярталася: то гарод капаю, то пасцель прыбіраю… I заўсёды што-небудзь знайду: то туфель, то куранят… Да дабраўсё, да радасці. Навяртанне…
— Уначы Бога просім,
— I перажылі ўсё, ператрывалі…
— Дадыбала я да доктара: "Любенькі, ножкі не ходзяць. Сустаўчыкі баляць". — "Кароўку трэба здаць, бабка, малако атручанае". — "Ой не, — плачу, — ножкі баляць, каленькі баляць, а кароўку не аддам. Мая карміцелька".
— У мяне сямёра дзяцей. Усе ў гарадах жывуць. Я тут адна. Замаркочуся, сяду пад іхнімі фатаграфіямі… Гаманю. Сама з сабою. Усё, усё адна. Хату адна пафарбавала, шэсць бляшанак фарбы выклала. Так вось і жыву. Выгадавала чатырох сыноў і трох дочак. А муж рана памёр. Адна.
— Я з ваўком спатыкаўся вось гэтак: ён стаіць, і я стаю. Паглядзелі адзін на аднаго… Ён убок адскочыў… Паімчаўся. Дык у мяне шапка паднялася ад страху.
— Любы звер баіцца чалавека. Ты звера не чапай, і ён цябе абыдзе. Раней ходзіш па лесе, пачуеш галасы, бяжыш да людзей, а цяпер чалавек ад чалавека хаваецца. Не давядзі Бог напаткаць у лесе чалавека!
— Усё, што ў Бібліі напісана, усё спраўджваецца. Там і пра наш калгас напісана… I пра Гарбачова… Што будзе вялікі начальнік з кляймом і вялікая дзяржава рассыплецца. А пасля надыдзе Божы суд… Хто ў гарадах жыве, усе пагінуць, а ў вёсцы адзін чалавек ацалее. Чалавек будзе рады чалавечаму следу! Не чалавеку, а толькі следу ягонаму…
— А святло ў нас — лямпа. Карасінка. А-а… Бабы ўжо выменцілі вам. Заколем парсюка, дык у пограб нясем і ў зямлю закопваем. У зямлі мяса тры дні ляжыць. Гарэлка ў нас са свайго жыта.
— У мяне два мяхі солі… Не прападзём без дзяржавы! Дроў поўна — вакол лес. Хата цёплая. Лямпа гарыць. Любата! Казу трымаю, козліка, трое свіней, чатырнаццаць курэй. Зямлі — хапае, травы — хапае. Вада ёсць у калодзежы. Воля! Нам добра! У нас тут не калгас, а камуна. Яшчэ аднаго коніка купім. I тады ніхто нам болей не трэба. Аднаго коніка…
— Мы не дадому вярнуліся, як адзін карэспандэнт тут быў і здзіўляўся, а на сто гадоў назад. Сярпом жнём, касой косім. Малоцім цапамі збожжа проста на асфальце.
— У вайну нас спалілі, жылі ў зямлі. У зямлянках. Майго брата забілі і двух пляменнікаў. Усяго ў родзе загінула семнаццаць чалавек. Мама плача і плача. А хадзіла старая па вёсках, жабравала. "Маркоцішся? — кажа маме. — Не маркоцься. Хто аддаў жыццё за другіх, той святы чалавек". I я ўсё за Радзіму магу… Толькі забіваць не магу… Я — настаўніца, я вучыла — любіце чалавека. Толькі так вучыла: "Заўсёды адольвае дабро". Дзеці, яны малыя, душою чыстыя.
— Чарнобыль… Над войнамі вайна. Няма чалавеку нідзе паратунку. Ні на зямлі, ні ў вадзе, ні на небе.
— Тэлевізара ў нас няма і радыё. Аніякіх навін не ведаем, затое нам спакайней жыць. Не расстрайваемся. Прыязджаюць людзі, пераказваюць: усюды вайна. I нібыта сацыялізм скончыўся, жывём пры капіталізме. Цар вернецца. Праўда?
— То дзік з лесу ў сад зойдзе, то ласіха… Людзі рэдка. Адны міліцыянеры…
— А вы ў маю хату зайдзіце.
— I ў маю. Гэтак даўно ў мяне ў хаце госць не сядзеў.
— I жагнаюся, і малюся… Госпадзі! Два разы міліцыя мне печ бурыла… На трактары вывозілі… А я —
назад! Пусцілі б людзей — яны ўсе на каленях бы дамоў папаўзлі. Разнеслі па свеце наша гора. Толькі мёртвыя назад вяртаюцца. Мёртвым дазваляюць вярнуцца. А жывыя — уначы. Лесам…— На Радаўніцу ўсе сюды рвуцца. Да адзінага. Кожан хоча свайго памянуць. Міліцыя па спісках прапускае, а дзецям да васемнаццаці няможна. Прыедуць і гэтак рады ля сваёй хаты пастаяць… У сваім садку каля яблыні… Спачатку на могілках плачуць, пасля разыходзяцца па сваіх дварах. I там таксама плачуць і моляцца. Ставяць свечкі. Вісяць на сваіх платах… Як на агародках ля магілак… Бывае, што і вяночак пакладуць ля хаты… Павесяць белы ручнік на веснічках… Бацюшка малітву чытае: "Брацця і сестры! Будзьце церпялівымі!"
— На могілкі бяруць і яйкі, і булкі… У каго што ёсць… кожны сядае ля сваёй радні. Клічуць: "Сястра, прыйшла цябе праведаць. Ідзі да нас абедаць". Ці: "Мамачка ты наша. Татулька ты наш. Татуля". Клічуць душы з неба… У каго ў гэты год памёрлі, тыя плачуць, а ў каго раней, тыя не плачуць. Пагавораць, успомняць. Усе моляцца. Хто не ўмее, таксама моліцца.
— Толькі ноччу не плачу. Ноччу па мёртвых плакаць няможна. Сонца зойдзе — ужо не плачу. Памяні, Божа, душачку іх. I царства ім нябеснае!
— Хто не скача, той плача. От хахлушка прадае на рынку вялікія чырвоныя яблыкі. Зазывае: "Купляйце яблычкі! Яблычкі чарнобыльскія!" Хтосьці ёй раіць: "Не прызнавайся, цётка, што яны чарнобыльскія. Ніхто не купіць". — "Не скажыце! Бяруць! Каму трэба цешчу пачаставаць, каму — начальніка!"
— Тут адзін з турмы вярнуўся. Па амністыі. У суседняй вёсцы жыў. Маці памёрла, хату закапалі. Прыбіўся да нас. "Цётка, дайце лусту хлеба і сала. Я вам дроў накалю". Жабруе.
— Бардак у краіне — і сюды ўцякаюць людзі. Ад людзей уцякаюць. Ад закону. I жывуць адны. Чужыя людзі… Суровыя, няма ветласці ў вачах. Нап'юцца — падпаляць. Ноччу спім, а пад ложкам — вілы, сякеры. На кухні ля дзвярэй — малаток.
— Вясною шалёная лісіца бегала, як яна шалёная, дык ласкавая-ласкавая. Не можа глядзець на ваду. Пастаў у двары вядро вады — і не бойся! Уцячэ.
— Мы — людзі заслужоныя. Я — партызан, год быў у партызанах. А як нашы немцаў адбілі, на фронт трапіў. На рэйхстагу сваё прозвішча напісаў: Арцюшэнка. Зняў шынель, камунізм будаваў. А дзе той камунізм?
— У нас тут камунізм… Жывём — браты і сёстры…
— Як вайна пачалася, не было тым годам ні грыбоў, ні ягад. Паверыце? Сама зямля бяду чула… Сорак першы год… Ой, прыпамінаю! Я вайну не забыла. Праляцела чутка, што прыгналі нашых палонных, хто пазнае свайго, можа забраць. Падхапіліся, пабеглі нашы бабы! Увечары хто свайго, а хто чужога прывёў. Але знайшоўся такі гад… Жыў, як усе, жанаты, двое дзяцей… Заявіў у камендатуру, што мы ўкраінцаў узялі. Васько, Сашко… Назаўтра немцы на матацыклах прыязджаюць… Просім, укленчваем… А яны вывелі іх за вёску і паклалі з аўтаматаў. Дзевяць чалавек. Яны ж маладыя-маладыя, прыгожыя! Васько, Сашко… Толькі б не было вайны. Як я яе баюся!
— Начальства прыедзе, пакрычыць-пакрычыць, а мы глухія і нямыя. I перажылі ўсё, перацярпелі…
— А я пра сваё… Пра сваё думаю і думаю… На могілках… Хто галосіць гучна, а хто ціха. Іншыя, бывае, прыгавораць: "Рассыпся, жоўты пясочак. Раскрыйся, цёмная ночка". З лесу прыжджэш, а з пяску ніколі. Буду звяртацца ласкава: "Іван… Іван, як мне жыць?" А ён нічога не адкажа мне, ні добрага, ні благога.
— Няма сваіх, каб па іх плакаць, дык я па ўсіх плачу. Па чужых. Пайду на могілкі, пагаманю з імі…