Чарнобыльская малітва
Шрифт:
Настаўніца сказала: "Намалюйце радыяцыю". Я намалявала, як ідзе жоўты дождж… I цячэ чырвоная рака…"
"Па тату прыйшлі ўначы. Я не чуў, як ён збіраўся. Я спаў. Раніцою ўбачыў, як мама плача: "Наш тата — у Чарнобылі". Чакалі тату, як з вайны…
Ён вярнуўся і зноў пачаў хадзіць на завод. Нічога не расказваў. А ў школе я ўсім хваліўся, што мой тата прыехаў з Чарнобыля, ён — ліквідатар, а ліквідатары — гэта тыя, хто дапамагаў ліквідаваць аварыю. Героі! Хлопчыкі мне зайздросцілі.
Праз год тата захварэў…
Мы хадзілі па бальнічным скверы… Гэта было пасля другой аперацыі… I ён першы раз загаварыў пра Чарнобыль…
Працавалі яны непадалёк ад рэактара. Ціха-мірна, успамінаў, прыгожа. А ў гэты час штосьці адбываецца. Сады цвітуць. А для каго? Людзі вёскі пакінулі. Ехалі праз горад Прыпяць: на балконе вісіць бялізна, гаршкі з вазонамі. Стаіць пад кустом веласіпед з брызентавай сумкай паштальёна, набітай газетамі і пісьмамі. I
Яны "чысцілі" тое, што трэба было кінуць. Здымалі грунт, забруджаны цэзіем і стронцыем. Мылі дахі. Назаўтра — усё зноў "шчоўкала".
"На развітанне нам паціснулі рукі і ўручылі даведкі з падзякаю за самаахвярнасць"… Бацька ўспамінаў і ўспамінаў… У апошні раз, як вярнуўся з бальніцы: "Калі буду жыць, ніякай хіміі, ніякай фізікі. Завод кіну… Толькі ў пастухі…"
Мы з мамай засталіся ўдваіх. Я не пайду ў тэхнічны інстытут, як марыць мая мама. У той, дзе тата вучыўся…"
"У мяне ёсць малы брацік. Ён любіць гуляць у "Чарнобыль". Будуе бамбасховішча, засыпае пяском рэактар… Яго яшчэ не было, калі гэта здарылася".
"Начамі я лятаю… Лятаю сярод яркага святла… Гэта не рэальнасць і не незямное. Гэта і адно, і другое, і трэцяе. У сне я ведаю, што магу ўвайсці ў гэты свет, пабыць у ім… Ці застацца? Мой язык непаваротлівы, дыханне няправільнае, але мне не трэба там ні з кім размаўляць. Штосьці падобнае здаралася са мною ў маленстве. Мяне перапаўняе жаданне зліцца, але я нікога не бачу… Толькі святло… Адчуванне такое, што я магу яго пакратаць… Які я — велізарны! Я з усімі, але ўжо збоку, асобна, адзін. У маленстве я бачыў паасобныя каляровыя адлюстраванні гэтак, як цяпер бачу. У гэтым сне…
Ён неаднойчы вяртаўся да мяне, надыходзіць момант, калі я ні пра што іншае ўжо думаць не магу. Толькі пра гэты сон. Раптам расчыніцца акно… Нечаканы парыў ветру. Што гэта? Адкуль? Куды? Між мною і кімсьці ўсталёўваецца сувязь… сумоўе… Але як жа мне замінаюць гэтыя шэрыя, бальнічныя сцены… Які я кволы яшчэ… Я галавою засланяю святло, бо яно перашкаджае мне бачыць… Я цягнуўся, цягнуўся… Паспрабаваў убачыць… Стаў глядзець вышэй…
I прыйшла мама. Учора яна павесіла ў палаце абраз. Нешта шэпча там у куточку, апускаецца на калені. Яны ўсе маўчаць: прафесар, урачы, медсёстры. Думаюць, што я не здагадваюся… Не здагадваюся, што хутка памру… Яны не ведаюць, што начамі я вучуся лятаць…
Хто сказаў, што лятаць лёгка?
Калісьці я пісаў вершы… Я закахаўся ў дзяўчынку… У пятым класе… У сёмым зразумеў, што ёсць смерць…
Вычытаў у Гарсія Лоркі: "Цёмны корань крыку". Пачаў вучыцца лятаць… Мне не даспадобы гэтая гульня, але што рабіць?
У мяне быў сябра. Яго звалі Андрэем. Яму зрабілі дзве аперацыі і адправілі дадому. Праз паўгода чакала трэцяя аперацыя… Ён павесіўся на сваім раменьчыку… У пустым класе, калі ўсе сарваліся на ўрок фізкультуры. Урачы забаранілі яму бегаць, скакаць…
Юля, Каця, Вадзім, Аксана, Алег… Цяпер — Андрэй… "Мы памром і станем навукай", — гаварыў Андрэй. "Мы памром і нас забудуць", — гэтак думала Каця. "Мы памром…" — плакала Юля. Для мяне цяпер неба жывое, калі я на яго гляджу… Яны там…"
Самотны чалавечы голас
"Я нядаўна была такая шчаслівая. Чаму? Забылася… Усё гэта засталося ў нейкім іншым жыцці… Я не разумею… Не ведаю, як зноў змагла жыць. Захацела жыць. Вось — смяюся, размаўляю. Я гэтак тужыла… Я была як спаралізаваная. Хацелася з кім-небудзь размаўляць, але з кім-небудзь не з людзей. Зайду ў царкву, там ціха-ціха, як у гарах бывае. Ціха-ціха. Там можна забыць сваё жыццё. А раніцою прачнуся… Шукаю рукою… дзе ён? Яго падушка, ягоны пах… Маленькая невядомая птушачка бегае па падаконніку з маленькім званочкам і будзіць, ніколі раней такога гуку, такога голасу не чула. Дзе ён? Я не ўсё магу перадаць, не ўсё прамаўляецца. Не разумею, як я засталася жыць. Увечары дачка падыдзе: "Мам, я ўрокі ўжо вывучыла". Тут я ўспомню, што ў мяне ёсць дзеці. А дзе ж ён? "Мам, у мяне гузічак адарваўся. Прышый". Як мне пайсці за ім? Сустрэцца. Заплюшчу вочы і думаю пра яго, пакуль не засну. У сне ён прыходзіць, але толькі мелькам, хутка. Адразу ж знікае. Я нават чую ягоныя крокі… Вось куды ён знікае? Дзе? А яму так не хацелася паміраць. Глядзіць у акно і глядзіць. На неба… Я яму адну падушку пакладу, другую, трэцюю… Каб высока было. Ён паміраў доўга… Цэлы год… Мы не маглі расстацца… (Доўга маўчыць.)
Не-не, не бойцеся, я развучылася плакаць. Хачу гаварыць… Я не магу, як іншыя, сказаць сабе, што я нічога не памятаю. Як кажа гэта сабе мая сяброўка. Нашы мужы памерлі адным годам, яны разам былі ў Чарнобылі. Яна ўжо замуж збіраецца. Не-не, я не асуджаю… Гэта — жыццё… Трэба выжыць… У яе дзеці… Але мяне не пакідае дзіўная думка, мучае, яна як не мая, як быццам я яе недзе прачытала: я бачыла тое, што іншыя яшчэ не бачылі. Штосьці страшнае адкрылася нам раней, чым іншым…
… Ён паехаў у Чарнобыль
у мой дзень нараджэння. Госці яшчэ сядзелі за сталом, папрасіў у іх прабачэння. Пацалаваў. А машына ўжо чакала пад акном. Дзевятнаццатага кастрычніка тысяча дзевяцьсот восемдзесят шостага года. Мой дзень нараджэння… Ён — мантажнік, ездзіў па ўсім Савецкім Саюзе, а я яго чакала. Так павялося гадамі. Мы жылі, як жывуць закаханыя — развітваліся і сустракаліся. I тады… Страх авалодаў толькі нашымі мамамі, ягонай мамай і маёй, а ў нас з ім страху не было. Цяпер думаю: чаму? Мы ж ведалі, куды ён едзе? Ну, узяць бы ў суседскага хлапчука падручнік фізікі за дзесяты клас і хоць бы яго пагартаць. Ён там без шапкі хадзіў. У іншых яго хлопцаў праз год усе валасы высыпаліся, а ў яго наадварот чупрына гусцейшай стала. Нікога з іх ужо няма. Яго брыгада, сем чалавек, усе памерлі. Маладыя… Адзін за адным… Першы памёр праз тры гады… Ну, думалі: выпадковасць. За ім другі, трэці, чацвёрты. Цяпер кожны пачаў чакаць, калі ён… Вось як яны жылі! Мой муж памёр апошнім… Мантажнікі-верхалазы… Яны адключалі святло ў выселеных вёсках, лазілі па слупах… Па мёртвых хатах, вуліцах… Увесь час на вышыні, наверсе… Рост у яго пад два метры, вага — дзевяноста кілаграмаў, — хто мог яго такога забіць? Страху ў нас доўга не было… (Нечакана ўсміхаецца.)Ах, якая я была шчаслівая! Вярнуўся… У хаце — свята, заўсёды, як ён вяртаўся, было свята. Начная сарочка ў мяне ёсць доўгая-доўгая, прыгожая-прыгожая, я яе надзявала. Любіла дарагую бялізну, яна ў мяне ўся добрая, але гэтая сарочка асаблівая. Святочная. Для першага нашага дня… Ночы… Я ўсё ягонае цела ведала, назубок, я ўсё цалавала. Мне, бывала, нават прысніцца сон, што я нейкая частка яго цела, — гэткія мы непадзельныя. Без яго моцна смуткавала, мне фізічна без яго было балюча. Калі мы з ім расставаліся, я на нейкі час траціла арыенцір, — дзе я, на якой вуліцы, якая гадзіна… Ён прыехаў адразу з лімфавузламі на шыі, я іх губамі пачула, яны невялікія, але я спытала: "Сходзіш да ўрача?" Супакоіў: "Пройдзе". — "Як там, у Чарнобылі?" — "Звычайная работа". Ні бравады, ні панікі. Адно выпытала: "Там гэтак жа, як і тут". У сталовай, дзе іх кармілі, на першым паверсе абслугоўвалі радавых — лапша, кансервы, а на другім у начальства, ваенных генералаў — садавіна, чырвонае віно, мінеральная вада, чыстыя абрусы. У кожнага — дазіметр. А ім на ўсю брыгаду ніводнага не далі.
Ах, якая я была шчаслівая! Мы яшчэ ездзілі з ім да мора, я запомніла, што мора гэтак шмат, як і неба, яно была паўсюль. Сяброўка з мужам таксама ездзіла, яна ўспамінае: "Мора бруднае. Усе баяліся халерай заразіцца". Нешта такое газеты пісалі… Я памятаю іначай… У яркім колеры… Я памятаю, што мора было ўсюды, як і неба. Сіняе-сіняе. I ён побач. Я народжана для любові… У школе дзяўчаткі марылі: хто паступіць у інстытут, хто паехаць на камсамольскую будоўлю, а я хацела выйсці замуж. Кахаць, моцна-моцна, як Наташа Растова. Толькі кахаць. Але нікому ў гэтым не магла прызнацца, бо ў той час, вы павінны памятаць, належала марыць толькі пра камсамольскую будоўлю. Нам гэта ўбівалі ў галовы. Парываліся ў Сібір, у непраходную тайгу, спявалі, памятаеце: "За туманом и за запахом тайги". У інстытут у першы год не трапіла, не дабрала балаў, пайшла працаваць на тэлефонную станцыю. Там мы з ім пазнаёміліся… I я сама яго на сабе ажаніла, я яго папрасіла: "Ажаніся са мною! Я цябе так кахаю!" Закахалася па вушы. Такі прыгожы хлопец… Я ў нябёсах лятала! Я сама яго папрасіла: "Ажаніся са мною". (Усміхаецца.)
Іншым разам задумаюся і шукаю сабе розныя суцяшэнні: а можа, смерць — гэта не канец, ён усяго толькі змяніўся і жыве недзе ў іншым свеце. Я працую ў бібліятэцы, шмат кніг чытаю, з рознымі людзьмі сустракаюся. Мне хочацца гаварыць пра смерць. Зразумець. Я шукаю суцяшэння. У газетах, у кнігах вычытваю… У тэатр іду, калі там пра гэта, пра смерць… Мне фізічна без яго балюча, я не магу адна…
Ён не хацеў ісці да ўрача: "Я нічога не адчуваю. Мне не баліць". А лімфавузлы ўжо сталі велічынёй з курынае яйка. Сілком запхнула ў машыну і завезла ў паліклініку. Накіравалі да анколага. Адзін урач паглядзеў, паклікаў другога: "Тут яшчэ адзін чарнобылец". I яны ўжо яго не адпусцілі. Праз тыдзень зрабілі аперацыю: выдалілі цалкам шчытападобную залозу, гартань і замянілі іх нейкімі трубачкамі. Так… (Замаўкае.) Так… Цяпер я ведаю, што гэта таксама быў яшчэ шчаслівы час. Божа! Якім глупствам я займалася: бегала па магазінах, купляла падарункі ўрачам — цукеркі, імпартныя лікёры. Нянечкам шакаладкі. I яны бралі. А ён з мяне пасміхваўся: "Зразумей, яны — не багі. А хіміі і абпраменьвання тут усім хапае. Дадуць і без цукерак". Але я імчалася на канец горада па торт "Птушынае малако" ці па французскія духі, — усё гэта ў той час толькі па знаёмстве, з-пад прылаўка. Перад адпраўкай дадому… Мы едзем дадому! Мне далі спецыяльны шпрыц, паказалі, як ім карыстацца. Я павінна была карміць яго праз гэты шпрыц. Усяму навучылася. Чатыры разы на дзень варыла што-небудзь свежае, абавязкова свежае, перамолвала гэта на мясарубцы, перацірала на сіцечку і пасля набірала ў шпрыц. Праколвала адну з трубак, самую вялікую, а яна ішла ў страўнік… Але ён перастаў адчуваць пахі, адрозніваць. Спытаюся: "Смачна?" Не ведае…