Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чарнобыльская малітва

Алексиевич Светлана Александровна

Шрифт:

А мае студэнты кахаюцца, раджаюць дзяцей. Але яны ў іх ціхія, слабыя. Пасля вайны я вярнулася з канцлагера… Выжыла… Тады трэба было толькі выжыць. Я магла замест вады есці снег, улетку не вылазіць з рэчкі, ныраць па сто разоў. Іхнія дзеці не могуць есці снег. Нават самы чысты, самы белы снег…"

Лілія Міхайлаўна Кузьмянкова, выкладчык Магілёўскага культпрасветвучылішча, рэжысёр

Маналог пра вечнае і праклятае: што рабіць і хто вінаваты?

"Я — чалавек свайго часу. Модна… Бяспечна нас зараз лаяць… Усе камуністы — злачынцы. Цяпер мы адказваем за ўсё, нават за законы фізікі. Я быў тады першым сакратаром райкома партыі. У газетах пішуць. Гэта яны, маўляў, камуністы, вінаватыя: будавалі кепскія, танныя атамныя

станцыі: эканомілі, а чалавечыя жыцці не лічылі. Чалавек для іх — пясок, гной гісторыі. Кусі іх! Кусі! Праклятыя пытанні: што рабіць і хто вінаваты? Вечныя. Заўсёдныя. Усе ў нецярпенні, у празе помсты, крыві. Кусі іх! Кусі!

Іншыя маўчаць, а я скажу… Вы пішаце… Ну, не канкрэтна вы, а ў газетах пішуць — камуністы падманвалі народ, хавалі ад яго праўду. Але мы павінны былі… Тэлеграмы з цэка, з абкома партыі… Перад намі паставілі задачу: не дапусціць панікі. Паніка, сапраўды, страшная штука. Толькі ў час вайны гэтак сачылі за зводкамі з фронту, як тады за паведамленнямі з Чарнобыля. Страх. Чуткі. Людзі былі прыбіты не радыяцыяй, а здарэннем. Мы павінны былі… Нельга сказаць, што адразу ўсё хавалі, ніхто не разумеў маштабаў таго, што адбываецца. Кіраваліся вышэйшымі палітычнымі меркаваннямі. Але калі адкінуць эмоцыі, палітыку адкінуць… Трэба прызнаць, што ніхто не верыў у тое, што здарылася. Вучоныя і тыя не маглі паверыць! Ніводнага падобнага прыкладу… Не толькі ў нас, але і ва ўсім свеце… Вучоныя там, на месцы, на самой станцыі вывучалі сітуацыю, і тут жа прымалі рашэнні. Я нядаўна глядзеў перадачу "Момант ісціны" з Аляксандрам Якаўлевым, членам Палітбюро, галоўным ідэолагам партыі ў той час. Побач з Гарбачовым… Што ён успамінае? Яны там, наверсе, таксама не ўяўлялі ўсёй карціны… На пасяджэнні Палітбюро хтосьці з генералаў тлумачыў: "А што радыяцыя? На палігоне… Пасля атамнага выбуху… Увечары выпілі па бутэльцы чырвонага віна. I нам нічога". Гаварылі пра Чарнобыль, як пра аварыю, звычайную аварыю…

Заяві я тады, што людзей нельга выводзіць на вуліцу. ("Вы што, хочаце сарваць Першамай?") Палітычная справа. Партбілет на стол. (Крыху супакойваецца.) Не анекдот, я мяркую, а праўда. Быль. Распавядаюць, што старшыня Урадавай камісіі Шчарбіна, які прыбыў на станцыю ў першыя дні пасля выбуху, запатрабаваў адразу ж адвезці яго на месца здарэння. Яму тлумачаць: графітныя завалы, шалёныя радыяцыйныя палі, высокая тэмпература — туды нельга. "Я павінен убачыць усё на ўласныя вочы, — крычаў ён на падначаленых. — Мне ўвечары дакладваць на Палітбюро". Вайсковы стэрэатып паводзін. Іншага не ведалі… Не разумелі, што ёсць фізіка… Ланцуговая рэакцыя… I ніякія загады і ўрадавыя пастановы яе не зменяць. Але заяві я тады, паспрабуй адмяніць першамайскую дэманстрацыю? (Зноў пачынае гарачыцца.) У газетах пішуць… Як быццам народ быў на вуліцах, а мы ў падземных бункерах сядзелі! Я стаяў на трыбуне дзве гадзіны пад гэтым сонцам… Без шапкі, без плашча… I на Дзевятага мая… У дзень Перамогі… Ішоў з ветэранамі… Іграў гармонік. Танцавалі. Выпівалі. Мы ўсе былі часткаю гэтай сістэмы. Верылі! Верылі ў высокія ідэалы. У перамогу! Пераможам і Чарнобыль! Узахлёб чыталі пра гераічную барацьбу па ўтаймаванні рэактара, які выйшаў з-пад улады людзей. Чалавек без ідэалаў? Гэта таксама страшна… Што цяпер робіцца… Развал. Безуладдзе. Патрэбны ідэалы… Толькі тады будзе моцная дзяржава. Высокія ідэалы! Яны ў нас былі.

У газетах… Па радыё і тэлебачанні крычалі: праўду, праўду!! На мітынгах патрабавалі: праўду! Дрэнна, вельмі дрэнна… Вельмі дрэнна! Мы неўзабаве ўсе памром! Каму яна патрэбна такая праўда? Калі ў Канвент уварваўся натоўп і запатрабаваў пакарання Рабесп'ера, хіба праўда была на баку натоўпу? Падпарадкавацца натоўпу, стаць натоўпам… Азірніцеся наўкол… Паглядзіце, што цяпер адбываецца? (Маўчыць.) Калі я — злачынец, дык чаму мая ўнучка… Маё дзіця… Яна таксама хворая… Дачка нарадзіла яе той вясной, прывезла да нас у Слаўгарад у пялюшках. У калясцы. Яны прыехалі праз некалькі тыдняў пасля выбуху на станцыі… Верталёты лётаюць, ваенныя машыны на дарогах… Жонка прасіла: "Трэба іх адправіць да сваякоў. Вывезці адсюль". Я быў першым сакратаром райкома партыі… Я катэгарычна забараніў: "Што людзі падумаюць, калі я сваю дачку з малым дзіцем вывезу? Іхнія ж дзеці тут застаюцца". Тых, хто ўцякаў, ратаваў сваю скуру… Я выклікаў іх у райком, на бюро: "Ты камуніст ці не камуніст?" Людзі правяраліся. Калі я злачынец, дык чаму я забіваў сваё дзіця? (Далей бязладна.)

Вы прасілі расказаць пра першыя дні… На Украіне — трывога, а ў нас у Беларусі ўсё спакойна. Пасяўная ў разгары. Я не хаваўся, не адседжваўся ў кабінетах, а матляўся па палях, лугах. Аралі, сеялі. Вы забылі, што да Чарнобыля атам называлі мірным працаўніком, ганарыліся: жывём у атамнай эры. Атамнага

страху не памятаю… Ну, што такое — першы сакратар райкома партыі? Звычайны чалавек са звычайным інстытуцкім дыпломам, часцей за ўсё інжынера ці агранома. Хтосьці яшчэ скончыў вышэйшую партыйную школу. Я ведаў аб радыяцыі тое, што нам паспелі расказаць на курсах грамадзянскай абароны. Там я не чуў ні слова пра цэзій у малацэ, пра стронцый… Мы везлі малако з цэзіем на малаказаводы. Здавалі мяса. Касілі саракакюрыйную траву. Выконвалі планы… Я іх выбіваў. Планы з нас ніхто не здымаў…

Адзін штрых… Пра тое, якія мы былі тады… У тыя першыя дні людзі зведвалі не толькі страх, але і ўздым. Я — чалавек, у якога адсутнічае інстынкт самазахавання. (Падумаўшы.) Моцна развіта пачуццё абавязку… У мяне на стале ляжалі дзесяткі заяў з просьбай: "Прашу накіраваць у Чарнобыль". Добраахвотнікі. Што б вы там ні пісалі, але быў ён, савецкі характар. I быў ён, савецкі чалавек. Што б вы там ні пісалі…

Прыязджалі да нас вучоныя, яны спрачаліся да крыку. Да хрыпаты. Падыходжу да аднаго: "Нашы дзеці ў радыяцыйным пяску корпаюцца?" А ён мне ў адказ: "Панікёры! Дылетанты! Што вам аб радыяцыі вядома? Я — ядзершчык. Вось адбыўся ядзерны выбух. Праз дваццаць хвілін я ехаў да эпіцэнтра на уазіку. Па плаўленай зямлі. Што вы паніку падымаеце?" Я ім верыў. Я выклікаў да сябе ў кабінет людзей: "Браткі! Я ўцяку, вы ўцячэце. Што людзі пра нас падумаюць? Скажуць, што камуністы дэзерціравалі?" Калі не пераконваў словамі, пачуццямі, дзейнічаў іначай: "Ты патрыёт ці не патрыёт? Калі не — кладзі на стол партбілет. Кідай!" Сёй-той кідаў…

Штосьці стаў падазраваць… Заключылі мы дамову з Інстытутам ядзернай фізікі на абследаванне нашых земляў. Яны бяруць траву, бяруць пласты чарназёму і вязуць туды, да сябе, у Мінск. Праводзяць там аналізы. А пасля звоняць мне: "Арганізуйце, калі ласка, транспарт, каб забраць вашу глебу назад". — "Вы што, жартуеце? Да Мінска чатырыста кіламетраў… — у мяне трубка з рук ледзь не выпала. — Везці зямлю назад?" — "Не, не жартуем, — адказваюць мне. — У нас гэтыя пробы па інструкцыі падлягаюць захаванню ў магільніку, у падземным жалезабетонным бункеры. З усёй Беларусі да нас вязуць. За месяц ёмістасць, якую маем, запоўнілі цалкам". Вы чулі? А мы на гэтай зямлі аром, сеем. На ёй нашы дзеці гуляюць… З нас патрабуюць планы па малаку і мясе. Са збожжа гналі спірт. Яблыкі, грушы, вішні ішлі на сок…

Эвакуацыя… Калі б хто-небудзь паглядзеў зверху, падумаў бы, што пачалася трэцяя сусветная вайна… Адну вёску вывозяць, а другую папярэджваюць: эвакуацыя праз тыдзень! I ўвесь гэты тыдзень там кладуць у тарпы салому, косяць траву, корпаюцца на гародах, сякуць дровы… Жыццё як жыццё. Людзі не разумеюць, што адбываецца. А праз тыдзень іх вывозяць на ваенных машынах… Нарады, камандзіроўкі, накачкі, бяссонныя ночы. Столькі ўсяго было. Ля гаркома партыі ў Мінску, памятаю, стаіць чалавек з плакатам: "Дайце народу ёду". Спякота. Ён у плашчы…

(Вяртаецца да пачатку нашай размовы.)

Вы забылі… Тады… Атамныя станцыі — гэта будучыня… Я не аднойчы выступаў… Прапагандаваў… Я быў на адной атамнай станцыі: ціха, урачыста. Чыста. У куце — чырвоныя сцягі і вымпелы "Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва". Наша будучыня…

Я — чалавек свайго часу… Я — не злачынец…"

Уладзімір Мацвеевіч Іваноў, былы першы сакратар Слаўгарадскага райкома партыі

Маналог абаронцы савецкай улады

"Што вы тут запісваеце? Хто вам дазвол даў? Фатаграфуеце… Прыбярыце сваю цацку… Схавайце. А то разаб'ю. Падумаеш, прыехалі… Мы жывём. Пакутуем. А вы людзей з толку збіваеце… Бунтуеце… Выпытваеце не тое, што трэба. Няма цяпер парадку! Парадку няма! Падумаеш, прыехалі… З магнітафонам…

Так, я абараняю! Я савецкую ўласць абараняю. Нашу ўласць. Народную! Пры савецкай уладзе мы былі моцнымі, нас усе баяліся. Увесь свет на нас глядзеў! Каго трэсла ад страху, хто зайздросціў. Б…ь! А што цяпер? Зараз? Пры дэмакратыі… "Снікерс" і маргарын заляжалы да нас вязуць, ношаныя джынсы, як туземцам, якія нядаўна з дрэва злезлі. З пальмы. За дзяржаву крыўдна! Падумаеш, прыехалі… Такая была дзяржава! Б…ь! Пакуль Гарбачоў не ўзляцеў… На царства… Чорт з адмецінай! Горбі… Горбі дзейнічаў па іхніх планах, па планах цэрэу… Што вы мне тут даказваеце? Падумаеш… Яны Чарнобыль узарвалі… Цэрэушнікі і дэмакраты… Я ў газетах чытаў… Не ўзарваўся б Чарнобыль, дзяржава б не ляснулася. Вялікая дзяржава! Б…ь! Падумаеш… Буханка хлеба пры камуністах каштавала дваццаць капеек, а цяпер дзве тысячы. Я за тры рублі купляў пляшку… Яшчэ на закусон хапала… А пры дэмакратах? Распрадалі ўсё! Пазакладалі! Нашы ўнукі не разлічацца…

Поделиться с друзьями: