Чарнобыльская малітва
Шрифт:
Я ніколі іх не апраўдаю… Ніколі!!! Толькі з-за адной той дзяўчынкі… Яна танцавала ў бальніцы… Танцавала "полечку"… Ёй недзе гадкоў дзевяць. Гэтак прыгожа танцавала… Праз два месяцы пазваніла яе мама: "Волечка памірае!" I ў мяне не хапіла сілы пайсці ў той дзень у бальніцу. А пасля ўжо было позна. У Волечкі была малодшая сястрычка. Яна прачнулася раніцою і кажа: "Мамачка, я ў сне бачыла, як прыляцелі два анёлы і забралі нашу Волечку. Яны сказалі, што Волечцы будзе там добра. У яе нічога не будзе балець. Мамачка, нашу Волечку забралі два анёлы…"
Я нікога не магу апраўдаць".
Ірына Кісялёва, журналістка
Маналог пра бязмежную ўладу аднаго чалавека
"Я — не гуманітарый, я — фізік. Таму факты, толькі факты…
За Чарнобыль калі-небудзь давядзецца адказваць… Надыдзе такі час, што давядзецца адказваць, як за трыццаць сёмы год. Хай праз пяцьдзесят гадоў! Няхай старыя… Няхай мёртвыя… Яны — злачынцы! (Памаўчаўшы.) Трэба пакідаць толькі факты… Факты! Іх запатрабуюць…
…Тым днём, дваццаць шостага красавіка, я быў у Маскве. У камандзіроўцы. Там даведаўся пра аварыю.
Званю ў Мінск першаму сакратару Цэка Беларусі Слюнькову, адзін, два, тры разы званю, але мяне не злучаюць. Знаходжу яго памочніка (той мяне добра ведае):
— Я званю з Масквы. Звяжыце мяне са Слюньковым, у мяне тэрміновая інфармацыя. Аварыйная!
Званю па ўрадавай сувязі, але тым не менш ужо ўсё засакрэцілі. Як толькі пачынаеш гаварыць пра аварыю, тэлефон тут жа разлучаецца. Назіраюць, натуральна! Праслухоўваюць. Зразумела, хто? Адпаведныя органы. Дзяржава ў дзяржаве. I гэта прытым, што я званю першаму сакратару Цэка… А я? Я — дырэктар Інстытута ядзернай энергетыкі Акадэміі навук Беларусі. Прафесар, член-кар… Але і ад мяне засакрэцілі.
Гадзіны дзве спатрэбілася, каб трубку ўсё-такі ўзяў сам Слюнькоў. Дакладваю:
— Аварыя сур'ёзная. Па маіх падліках (а я ўжо з сім-тым у Маскве перамовіўся, аблічыў), радыеактыўны слуп рухаецца да нас. На Беларусь. Трэба неадкладна правесці ёдавую прафілактыку насельніцтва і адсяліць усіх, хто жыве паблізу станцыі. Да сотні кіламетраў трэба вывезці людзей і жывёлу.
— Мне ўжо дакладвалі, — кажа Слюнькоў, — там быў пажар, але яго патушылі.
Я не вытрымліваю:
— Гэта — падман! Відавочны падман! Вам любы фізік скажа, што графіт гарыць дзесьці пяць тон у гадзіну. Уяўляеце, колькі ён будзе гарэць!
Першым жа цягніком выязджаю ў Мінск. Бяссонная ноч. Раніцою — дома. Мераю ў сына шчытавідку — сто восемдзесят мікрарэнтгенаў у гадзіну! Тады шчытавідка была ідэальным дазіметрам. Патрэбен быў ёд калія. Гэта звычайны ёд. На паўшклянкі кісялю дзве-тры кроплі дзецям, а для дарослага — тры-чатыры кроплі. Рэактар гарэў дзесяць дзён, дзесяць дзён трэба было гэтак рабіць. Але нас ніхто не слухаў! Вучоных, медыкаў. Навуку ўцягнулі ў палітыку, медыцыну ўцягнулі ў палітыку. Яшчэ б! Не трэба забываць, на якім фоне свядомасці ўсё гэта адбывалася, якія мы былі на той момант, дзесяць гадоў назад. Працавала кадэбэ, таемны вышук. Глушыліся "заходнія галасы". Тысячы табу, партыйных і ваенных тайнаў… У дадатак усе выхаваны на тым, што мірны савецкі атам такі ж бяспечны, як торф і вугаль. Мы былі людзьмі, скаванымі страхам і забабонамі. Прымхлівасцю веры… Але факты, толькі факты…
У той жа дзень… Дваццаць сёмага красавіка я вырашаю выехаць у Гомельскую вобласць, пагранічную з Украінай. У райцэнтры Брагін, Хойнікі, Нароўля, ад іх да станцыі ўсяго некалькі дзесяткаў кіламетраў. Мне патрэбна поўная інфармацыя. Узяць прыборы, замерваць фон. А фон быў такі: у Брагіне — трыццаць тысяч мікрарэнтгенаў у гадзіну, у Нароўлі — дваццаць восем тысяч… Сеюць, аруць. Рыхтуюцца да Вялікадня… Фарбуюць яйкі, пякуць пірагі… Якая радыяцыя? Што гэта такое? Ніякай каманды не паступіла. Зверху патрабуюць зводкі: як ідзе сяўба, якімі тэмпамі? На мяне глядзяць, як на вар'ята: "Пра што вы, прафесар?" Рэнтгены, мікрарэнтгены… Мова іншапланецяніна…
Вяртаемся ў Мінск. На праспекце ваўсю гандлююць піражкамі, марожаным, мясным фаршам, булачкамі. Пад радыеактыўным воблакам…
Дваццаць дзевятага красавіка. Усё памятаю дакладна… Па датах… У восем гадзін раніцы я ўжо сядзеў у прыёмнай Слюнькова. Прабіваюся, прабіваюся. Мяне не прымаюць. I гэтак да паловы шостай вечара. А палове шостай з кабінета Слюнькова выходзіць адзін наш вядомы паэт. Мы з ім знаёмы:
— З таварышам Слюньковым абмяркоўвалі праблемы беларускай
культуры.— Хутка не будзе каму развіваць гэтую культуру! — не стрымліваюся я. — I чытаць вашы кніжкі, калі мы зараз жа не адселім людзей з-пад Чарнобыля. Не ўратуем!
— Ды што вы?! Мне сказалі, што там ужо ўсё патушылі.
Прарываюся-такі да Слюнькова. Абмалёўваю карціну, якую ўчора бачыў. Трэба ратаваць людзей! На Украіне (я туды ўжо званіў) пачалася эвакуацыя…
— Што гэта вашы дазіметрысты (з майго інстытута) па горадзе бегаюць, паніку сеюць! Я раіўся з Масквой, з акадэмікам Ільіным. У нас усё нармальна… А там працуе Урадавая камісія. Пракуратура. На прарыў кінута армія, ваенная тэхніка.
На нашай зямлі ўжо ляжалі тысячы тон цэзію, ёду, свінцу, цырконію, кадмію, берылію, бору, невядомая колькасць плутонію (ва ўранава-графітавых РБМК чарнобыльскага варыянта напрацоўваўся зброевы плутоній, з якога вырабляліся атамныя бомбы), — усяго чатырыста пяцьдзесят тыпаў радыенуклідаў. Іх колькасць была роўная тромстам пяцідзесяці бомбам, скінутым на Хірасіму. Трэба было гаварыць пра фізіку. Пра законы фізікі. А гаварылі пра ворагаў. Шукалі ворагаў.
Рана ці позна, але адказваць за гэта давядзецца. "Вы пачнеце апраўдвацца, — гаварыў я Слюнькову, — што вы трактарабудаўнік (былы дырэктар трактарнага завода), і ў радыяцыі не разбіраліся, я ж фізік, маю ўяўленне пра наступствы". Але як гэта? Нейкі прафесар, нейкія фізікі асмельваюцца вучыць Цэка? Не, яны не былі шайкай бандытаў. Хутчэй за ўсё — змова невуцтва і карпаратыўнасці. Прынцып іх жыцця, апаратная вывучка: не высоўвацца. Патрапляць. Слюнькова якраз забіралі ў Маскву на павышэнне. Вось-вось! Думаю, быў званок з Крамля… Ад Гарбачова… Маўляў, вы там, беларусы, не падымайце панікі, Захад і так шуміць. А правілы гульні такія, што калі не дагодзіце вышэйшаму начальству, вас не павысяць у пасадзе, выдзеляць не тую пуцёўку, дадуць не тую дачу… Былі б мы па-ранейшаму закрытай сістэмай, за жалезнай заслонай, людзі да гэтага часу жылі б каля самой станцыі. Засакрэцілі б!! Прыгадайце: Кыштым, Сяміпалацінск… Сталінская краіна. Усё яшчэ сталінская краіна…
У інструкцыях на выпадак ядзернай вайны прадпісваецца, што пры пагрозах ядзернай аварыі, ядзернага нападу неадкладна праводзіць ёдавую прафілактыку насельніцтва. Пры пагрозе? А тут… Тры тысячы мікрарэнтгенаў у гадзіну… Але баяцца не за людзей, а за ўладу. Краіна ўлады, а не краіна людзей. Прыярытэт дзяржавы бясспрэчны. А вартасць жыцця чалавечага зведзена да нуля. Знаходзіліся ж спосабы! Без аб'яў, без панікі… Проста ўводзіць ёдавыя прэпараты ў вадаёмы, з якіх бяруць пітную ваду, дадаваць у малако. Ну, адчулі б, не той смак вады, не той смак малака… У горадзе трымалі напагатове семсот кілаграмаў прэпаратаў. Яны так і засталіся на складах… Гневу зверху баяліся больш, чым атама. Кожны чакаў званка, загаду, але нічога не рабіў сам. У партфелі я насіў дазіметр… Навошта? Мяне не прапускалі, я ім абрыдзеў… У вялікіх кабінетах… Я браў з сабой дазіметр і прыкладваў яго да шчытавідак сакратарак, асабістых вадзіцеляў, што сядзелі ў прыёмнай. Яны палохаліся, і гэта часам дапамагала — мяне прапускалі. "Ну, што гэта вы істэрыкі, прафесар, наладжваеце? Вы адзін, ці што, пра беларускі народ непакоіцеся? Чалавек жа ўсё роўна ад чагосьці памірае: ад курэння, у аўтамабільных катастрофах, рукі на сябе накладае". Смяяліся з украінцаў. Тыя на каленях у Крамлі поўзаюць, выпрошваюць грошы, медыкаменты, дазіметрычную апаратуру (яе не хапала), а наш (гэта Слюнькоў) за пятнаццаць хвілін далажыў абстаноўку: "Усё нармальна. Справімся сваімі сіламі". Пахвалілі: "Малайцы, браткі-беларусы!"
Колькі жыццяў каштавала гэтая пахвала?!
У мяне ёсць інфармацыя, што самі яны (начальства) ёд прымалі. Калі іх абследавалі супрацоўнікі нашага інстытута, — ва ўсіх чыстая шчытавідка. Без ёду гэта немагчыма. Сваіх дзяцей яны таксама цішком вывезлі, далей ад граху. Самі, калі выпраўляліся ў камандзіроўкі, мелі рэспіратары, спецробы. Усё тое, чаго ў іншых не было. I ўжо даўно не сакрэт, што пад Мінскам утрымліваўся спецыяльны статак. Кожная карова з нумарком і замацавана індывідуальна. Персанальна. Спецыяльныя землі, спецыяльныя цяпліцы… Спецкантроль… Самае агіднае… (Памаўчаўшы.) За гэта яшчэ ніхто не прыцягнуты да адказнасці…