Чарнобыльская малітва
Шрифт:
Перасталі мяне прымаць. Выслухоўваць. Я закідаў іх пісьмамі. Дакладнымі запіскамі. Рассылаў карты, лічбы. Ва ўсе інстанцыі. Чатыры папкі па дзвесце пяцьдзесят лістоў. Факгы, толькі факты… На ўсялякі выпадак скапіраваў два экзэмпляры, адзін быў у маім службовым кабінеце, а другі схаваў дома. Жонка схавала. Чаму я зрабіў копіі? Мы жывём у такой краіне… Кабінет я заўсёды сам зачыняў. Прыязджаю аднойчы з камандзіроўкі — папкі зніклі… Але я вырас на Украіне, у мяне дзяды — казакі. Казацкі характар. Я працягваў пісаць. Выступаць. Трэба ратаваць людз'ей! Тэрмінова адсяляць! Мы не вылазілі з камандзіровак. Наш інстытут склаў першую карту "забруджаных" раёнаў… Увесь поўдзень у чырвоным…
Гэта ўжо гісторыя. Гісторыя злачынства…
З інстытута забралі ўсю апаратуру
Я напісаў у Маскву…
Выклікаў мяне прэзідэнт нашай акадэміі Платонаў:
— Беларускі народ калі-небудзь успомніць цябе, ты шмат для яго зрабіў, але кепска, што напісаў у Маскву. Вельмі кепска! Патрабуюць, каб я зняў цябе з пасады. Навошта ты напісаў? Хіба не разумееш, на каго замахнуўся?
У мяне — карты, лічбы. А ў іх? Маглі пасадзіць у псіхічку. Гразіліся. Мог трапіць у аўтамабільную катастрофу. Папярэджвалі. Маглі завесці крымінальную справу. За антысаветчыну. Ці за скрынку цвікоў, не ўлічаных інстытуцкім заўхозам…
Крымінальную справу завялі…
Яны свайго дамагліся. Я злёг з інфарктам… (Маўчыць.)
Я ўсё запісваў. Усё ёсць у папцы… Факты, толькі факты…
Правяраем дзяцей па вёсках… Хлопчыкаў, дзяўчынак… Тысяча пяцьсот, дзве тысячы, тры тысячы мікрарэнтгенаў… Больш за тры тысячы… Гэтыя дзяўчынкі… Яны ўжо нікога не народзяць… На іх генныя адмеціны… Арэ трактар. Пытаюся ў работніка райкома партыі, які суправаджае нас:
— Трактарыст абаронены хоць бы рэспіратарам?
— Не, яны без рэспіратараў працуюць.
— Што, вам іх не завезлі?
— Ды што вы! Завезлі столькі, што да дзвюхтысячнага года хопіць. Але мы не выдаём. Пачнецца паніка. Усе паўцякаюць. Раз'едуцца!
— Што вы робіце!
— Вам лёгка, прафесар, гаварыць! Вас выганяць з працы, вы іншую знойдзеце. А куды я падзенуся?
Якая ўлада! Бязмежная ўлада аднаго чалавека над іншым чалавекам. Гэта ўжо не падман, гэта вайна з бязвіннымі…
Вось едзем мы ўздоўж Прыпяці. Стаяць палаткі, людзі адпачываюць сем'ямі. Купаюцца, загараюць. Яны не ведаюць, што ўжо некалькі тыдняў купаюцца і загараюць пад радыеактыўным воблакам. Строга забаранялася з імі кантактавацца. Але я бачу дзяцей… Падыходжу і пачынаю тлумачыць. Недаўменне: "А чаму радыё і тэлебачанне пра гэта маўчаць?" Суправаджаючы… З намі звычайна ездзіў хто-небудзь з мясцовай улады, з райкома — такі парадак… Ён маўчыць… Я магу прасачыць па ягоным твары, якія пачуцці ў ім змагаюцца: далажыць ці не далажыць? У той жа час шкада людзей! Ён жа нармальны чалавек… Але я не ведаю, што пераможа, калі мы вернемся? Данясе ці не данясе? Кожны рабіў свой выбар… (Нейкі час маўчыць.)
Што нам сёння рабіць з гэтай праўдай? Зараз? Як з ёй абысціся? Калі яшчэ раз рване, паўторыцца тое ж самае… Мы ўсё яшчэ сталінская краіна… I жыве сталінскі чалавек…"
Васіль Барысавіч Несцярэнка, былы дырэктар Інстытута ядзернай энергетыкі Акадэміі навук Беларусі
Маналог пра ахвяраў і жрацоў
"Чалавек устае на досвітку… I ён не думае пра вечнае, ягоныя думкі пра хлеб надзённы. А вы хочаце прымусіць людзей думаць пра вечнае. Памылка ўсіх гуманістаў…
Што такое — Чарнобыль?
Прыязджаем у вёску… У нас маленькі нямецкі аўтобус (падарылі нашаму фонду), дзеці акружаюць нас: "Цёця! Дзядзя! Мы — чарнобыльцы. Што вы прывезлі? Дайце нам што-небудзь". Дайце!!
Вось ён — Чарнобыль…
Па дарозе ў зону напаткалася бабуля ў вышыванай спадніцы, фартушку, клуначак за спіною.
— Куды, бабуля? У госці?
— Іду ў Маркі… У свой двор…
А там сто сорак кюры! Ісці ёй кіламетраў дваццаць пяць. Яна дзень ідзе туды і дзень назад. Прынясе трохлітровы слоік, які два гады вісеў у
яе на плоце. Але яна пабыла на сваім дворышчы…Вось ён — Чарнобыль…
Што я памятаю з першых дзён? Як гэта было? Усё-такі трэба адтуль… Каб распавесці сваё жыццё, трэба пачаць з дзяцінства. Так і тут… У мяне свая кропка адліку. Я ўспамінаю быццам бы іншае. Успамінаю саракагоддзе Перамогі. Тады быў першы феерверк у нашым Магілёве. Пасля афіцыйнай урачыстасці людзі не разышліся, як звычайна, а пачалі спяваць песні. Зусім нечакана. Я памятаю гэтае агульнае пачуццё. Праз сорак гадоў пра вайну загаварылі ўсе, прыйшло асэнсаванне. А дагэтуль выжывалі, аднаўлялі, раджалі дзяцей. Гэтак і з Чарнобылем… Яшчэ вернемся да яго, ён адкрыецца нам глыбей. Стане святыняй. Сцяною плачу. А пакуль формулы няма. Няма формулы! Ідэй няма. Кюры, бэры, зіверты — гэта не асэнсаванне. Гэта — не філасофія. Не светапогляд. У нас чалавек — ці са стрэльбай, ці з крыжам. Праз усю гісторыю… А іншага чалавека не было… Пакуль што не было….
… Мая мама працавала ў штабе грамадзянскай абароны горада, яна адна з першых уведала. Спрацавалі ўсе прыборы. Па інструкцыі, якая вісела ў іх у кожным кабінеце, патрабавалася адразу апавесціць насельніцтва, выдаць рэспіратары, супрацьгазы і іншае. Адчынілі яны свае сакрэтныя склады, апячатаныя, засургучаныя, але ўсё там аказалася ў такім жахлівым стане, непрыдатнае, скарыстаць нельга. У школах супрацьгазы былі даваенных узораў і нават памеры дзецям не падыходзілі. Прыборы зашкальвала, але ніхто нічога не мог зразумець, такога ніколі не было. Прыборы проста выключылі. Мама расказвала: "От калі б грымнула вайна, мы ведалі б, што рабіць. Ёсць інструкцыя. А тут?" Хто ў нас узначальваў грамадзянскую абарону? Адстаўныя генералы, палкоўнікі, для якіх вайна пачынаецца так: па радыё перадаюць урадавыя заявы, паветраная трывога, фугасы, запальнічкі… Да іх не даходзіла, што змяніўся век. Патрэбен быў псіхалагічны пералом… I ён адбыўся… Цяпер мы ведаем: будзем сядзець, піць чай за святочным сталом… Будзем гаманіць, смяяцца, а вайна ўжо будзе ісці… Мы нават не заўважым, як знікнем…
А грамадзянская абарона — гэта такая гульня, у якую гулялі дарослыя дзядзькі. Яны адказвалі за парады, за вучэнні… Нас зрывалі з працы на тры дні. Без ніякіх тлумачэнняў — на вайсковыя вучэнні. Называлася гэтая гульня "На выпадак атамнай вайны". Мужчыны — салдаты і пажарнікі, жанчыны — сандружынніцы. Выдавалі камбінезоны, боты, санітарныя сумкі, пакет бінтоў, нейкія лекі. А як жа! Савецкі народ павінен сустрэць ворага як мае быць. Сакрэтныя карты, планы эвакуацыі, — усё гэта захоўвалася ў незгаральных шафах пад сургучнымі пячаткамі. Паводле гэтых планаў за лічаныя хвіліны па трывозе павінны былі падняць людзей і вывезці ў лес, у бяспечную зону… Вые сірэна… Увага! Вайна…
Прысуджалі кубкі, сцягі. I, вядома ж, паходны банкет. Мужчыны п'юць за нашу будучую перамогу! I, вядома ж, за жанчын!
А нядаўна… Ужо цяпер… Аб'явілі ў горадзе трывогу. Увага! Грамадзянская абарона! Гэта было тыдзень назад… У людзей — страх, але страх іншы. Ужо не амерыканцы напалі, не немцы, а што там — у Чарнобылі? Няўжо зноў?
Восемдзесят шосты год… Хто мы? Якімі нас заспела гэта тэхналагічная версія канца свету? Я? Мы? Гэта мясцовая інтэлігенцыя, у нас быў свой гурток. Мы жылі сваім жыццём, адасабляючыся ад усяго, што вакол. Форма нашага пратэсту. У нас былі свае законы: не чыталі газету "Правда", але часопіс "Огонёк" перадавалі з рук у рукі. Толькі-толькі лейцы адпусцілі, мы гэтым ап'яняліся. Чыталі Салжаніцына, Шаламава. Хадзілі адзін да аднаго ў госці, бясконцыя гамонкі на кухні. Аб чымсьці смуткавалі. Аб чым? Дзесьці жывуць акцёры, кіназоркі… Вось я буду Катрын Дэнёў… Апрану на сябе бязглуздую хламіду, укладу валасы… Туга па свабодзе… Той, іншы свет… Чужы свет… Як форма свабоды… Але і гэта была гульня… Уцёкі ад рэальнасці. Хтосьці з нашага гуртка зламаўся, спіўся, хтосьці ўступіў у партыю, зрабіў кар'еру. Ніхто не верыў, што гэтую крамлёўскую сцяну можна праламаць… Што яна рухне… Калі так, дык начхаць на тое, што ў вас там робіцца, будзем жыць тут… У нашым ілюзорным свеце…