Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Фаўст

Гётэ Ёган Вольфганг

Шрифт:

Маўчанне.

Пачута ўжо мальба Гаротнага раба: Геката ў гонар згоды Мяняе рух прыроды. Бліжэй, бліжэй — о, ўжо і блізка Срабрысты бляск начнога дыска, Багіні прамяністай трон — Як сімвал гневу ззяе ён. Не набліжайся, грозна-ўладны шар: Зямлю і мора спаліць твой пажар. Вядома ўсім, як часта чары, скокі Фесальскіх ведзьмаў, чарадзеяў Уніз скіроўвалі твой лёт высокі Да спраў ліхіх, нядобрых дзеяў. Цямнее шар… яшчэ… яшчэ… І
раптам — іскры, гром і стрэлы,
Штось па зямной кары сячэ! — Чаго ж я стаў, нібы здранцвелы? — У ногі, раб! — ты вінаваты: Бяду наклікаў іменем Гекаты.

(Падае ніцма.)

Фалес

Што не прымарыцца Анаксагору? Што з ім такое? Ўпаў. Глядзіць угору. Па-рознаму на ўсё глядзім мы У гэтыя вар’яцкія гадзіны: Ён бачыць шар, а мне здаецца, Што месяц не крануўся з месца.

Гамункул

Зірні на месца, дзе было Нядаўна карлікаў жытло. Упала з месяца скала, І ўжо не стала там жытла. Сам бачыў я, як са свяціла Ляцела глыбіна і як змясіла Сяброў і ворагаў яна. Мяне, аднак, хвалюе тая сіла, Якая ў творчых дзеяннях відна І воляю зямлі й нябёсаў Будуе тысячы уцёсаў.

Фалес

Тут толькі здані, патарочы! Няхай іх прыме пыл і гразь! І добра, што не ты іх князь. А ці не лепей нам замест Пустых дыскусій зведаць фэст.

Выходзяць.

Мефістофель (прадзіраецца з другога боку)

Як цяжка па крутых гарах цягацца, Як хочацца ўдыхаць смалісты водар Гарца! Ах, мілы Гарц, туды адкрыта Я сцебануў бы наўскапыта; Аднак я ўведаць быў бы рады, На чым усё ж сыны Элады, Не маючы ні серкі, ні смалы, Патэльні грэюць і катлы.

Дрыяда

Магчыма, дома ўвішны ты і ўпарты, А ў нас дык проста смеху варты. Чым выгаворваць злосныя намовы, Святыя ўшанаваў бы ў нас дубровы.

Мефістофель

Пакінуты аднойчы родны край І чорту дарагі, як богу рай. Што за пачвара там гняздзіцца Трайная? Мо ў вачах траіцца?

Дрыяда

Там фаркіяды! Падыдзі! Кабеты Ў эстэтыку ўвядуць і ў этыкеты.

Мефістофель

Чаму б і не? Мне хараство ўласціва! Эге! Тут болей дзіва чымся піва, Агіда сутаргай мне зводзіць пысак. Лепш здохнуць, чым яшчэ хоць раз Такіх убачыць адалісак, Такіх страшыдлаў і зараз. Ды гэта проста — як кашмар! Падумаць толькі — тых пачвар Яшчэ й антычнымі завуць! Мы выспяткамі з пекла прэч Прагналі б гэтакіх старэч! — Бы кажаны, пішчаць, сапуць.

Фаркіяда{192}

Падайце
вока мне, зірну я,
Хто гэта ў госці ўжо шыбуе.

Мефістофель

Шаноўныя! Прыміце мой трайны паклон! Вам не знаёмы я, але спакон Я родзіч ваш з пабочных ліній. Наведаўшыся ў вашыя святыні, Багіням Опс{193} і Рэі біў чалом, Сустрэў дачок Хаоса — німф і парак — Сябровак вашых і таварак. І хоць багата вартых скрозь было, Аднак не бачыў вам раўні ні разу. Не маю слоў на паўнату расказу.

Фаркіяды

А ён не дурань — дэман гэты.

Мефістофель

Адно здзіўляе, — што паэты Не склалі гімнаў, што партрэты Яшчэ не пісаны ў натуры — Бо мастаку і твары вашы і манеры Дадуць натхнення болей, чым амуры, Чым хараство захваленай Венеры.

Фаркіяды

Самоце ночы і цямна Забыта існая цана.

Мефістофель

Як можна ў змрочышчы пячор Глуміць адзіны ў свеце ўзор Красы, пасланай вам з нябёс? Я на алтар мастацтва вас бы ўзнёс І ўвекавечыў бы ў скульптуры Прынады вашае натуры.

Фаркіяды

Маўчы, навошта нам спакусы, Якімі цешацца какоткі музы. Мы — дзеці ночы; у антычным клане Трымаемся на заднім плане.

Мефістофель

Тым больш патрэба і ў рэкламе! На трох па зубу маеце, па воку. Без шкоды смаку вашаму і зроку Узмоцнім мы міфічны дух, Істоты трох злучыўшы ў дзвюх, Аддаўшы трэці мне партрэт На дасягненне гэтых мэт.

Адна фаркіяда

Ну, як ідэя?

Дзве другія

Толькі без пазык!

Мефістофель

А мой ты д’ябле, — ўвесь разлік — Якраз на вашым зубе.

Адна фаркіяда

Мілы кавалер, Заплюшчы вока, зуб ашчэр, Зацісні ці заклей наздру, Падобны будзеш на сястру — У профіль станеш акурат, Бы наш адзінакроўны брат.

Мефістофель

Хай так!

Фаркіяды

Няхай!

Мефістофель (у абліччы фаркіяды, у профіль)

Прымай жа позу! — Найлепшы з лепшых, сын Хаосу!

Фаркіяды

Мы дочкі, сёстры, ў нас жаночы від!

Мефістофель

Якая ганьба! Я — гермафрадыт!

Фаркіяды

Поделиться с друзьями: