Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Крытыка

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Адгортваю "Маладзік над стэпам" (1959).

Я тады амаль цябе не знаў. Ведаў — ёсць. Ведаў — вершы, якіх пажадаў бы найлепшаму другу. Пажадаў бы — каб гэта я мог — сабе.

Як захлынуўся ад радасці жаўранак… Як засінелася возера чыстае… І крапіва маладая стрыкаецца, Быццам пяшчотны, прыемны ўспамін. Ем я капусту трыгубую зайцаву, Гладжу змарожаны ліст журавін… Сонца гарыць!

Цытаваць цябе амаль нельга! Іначай атрымаецца кніга цытат.

Ведаю бадай што

ўсё пра цябе. І кароткае "прыедзе" з верша "Бацьку", і "цётку-жартаўніцу" з верша "Дома", і нават песні, якія яна спявала.

Дарогі нашы — спачатку — былі розныя. У таварным вагоне ты ехаў на цаліну. Я ў ім — беспрытульнічаў. Цябе чакалі цаліна і падкручванне гадзіннікаў і прыгажосць "Вечара над Таболам". Мяне — вайна і адсутнасць нават мары аб гадзінніку і голад на беразе Табола. І ўсё ж вечна перасякаліся нашы шляхі. Нават у "Насцінай кухні".

З гадамі ты, паэт, робішся прасцей. Як маці. Паспрабуй перакласці "Рунець, красаваць, налівацца", "Нагбом", "Неруш". А пасля (за выключэннем рэцыдыва "Рум") прыходзіць вельмі простае — "Адам і Ева", вячыстая тэма тваёй творчасці.

Што там кажуць аб залішняй складанасці?!

У верасня — свой, асаблівы пах: Курыць сівец — плыве дымок гаркавы, Зямлёю пахне бульба у капцах, Антонаўкамі — зоры па начах, І туманы — ляжалаю атавай.

Гэта, па-мойму, прасцей за ўсё. Асабліва калі ўспомніш тваю хату, вяз ля варотаў і тое, як двухзубыя ваўчкі чапляюцца за порткі, калі роснай раніцай пройдзешся па бульбянішчы.

Свежасць погляду. Вось, мабыць, самае галоўнае, што ты прынёс. Тое, што кожны з нас стараўся рабіць, але не кожнаму гэта ўдавалася.

Гінулі нашы з табою сябры ("Палата мінёраў"). Нас гэта абышло.

Наша пакаленне — дзіўнае. Сумленнае і пакрыўджанае смерцю бацькоў, братоў, таварышаў. Мала радасці ў вершы паэта Рыгора Барадуліна "Труба". Усё адно як Мефістофель трубіць над пажарышчам. Але што было б, калі б не знайшлося хлопца, які мог бы трубіць? На котлішчах. У самых безнадзейных абставінах. І што было б з чалавекам, які не насіў бы пад пахаю пілу, нібы скрыпку ("Скрыпачы")? Які не навучыўся б падмазваць стэарынавай свечкай патэльню пад аладкі, пісаць добрыя вершы…

Ніяк не магу быць бесстаронні да Маці, да Ушацкай зямлі, да Задаброцця, да дзічкі на роднай тваёй Верасовачцы.

Дабраўся толькі да сорак другой старонкі. А іх трыста дзевяноста тры. І невядома, на чым спыніць вока. Ці на парадзелым касяку гусей над борам, ці на Лысоні, якая ветліва махала галавою гасцям?

…Вечна мы спрачаліся за "нагбом" (па-вашаму, ушацку, гэта, мабыць, правільна, бо "нагібам") і за наша, аршанскае, "набгом". А спрачацца і не было чаго. Бо сувязныя недапілі, усё адно — "нагбом" ці "набгом". Чашу гэтую дапіваць нам. І, як сказаў ты:

Маці, Не сорамна анідзе Сынам тваiм называцца.

Хочацца цытаваць усю кнігу. Ад бароў, якія валілі інваліды "для ўдоўіх хат", да суседняй "панны Варшавы" і да любай нашай усеагульнай "Сафійкі", да агульнага нашага Вечалля.

А вось радкі гарэзлівыя, свавольныя:

Лiлею млявы плёс люляе, З-пад злежаных аблок Здалёк Ляціць, вяхлясты і бялявы, Пялёстак лёгкі — матылёк.

Мабыць, ніхто з паэтаў не пайшоў бы на такое. Нехта казаў мне, што ў "гэтай вытанчанасці

занадта вычварнай вытанчанасці" (стыль!), што ў гэтым ёсць "пэўны інфантылізм".

Дазвольце спытаць, чаму такую "дзяціннасць" мы прабачаем аўтару, "чуждому чарам черному челну", а сабе — не. Харошае свавольства не пашкодзіць ніякай літаратуры. Хутчэй зробіць яе багацей.

Асабліва калі побач "паляць бульбоўнік", калі праз паэта "прарасла Белавежа".

Бадай што, адзіны верш, які не прымаю, — "Мая мова".

Але гэта здаецца не такім важным, калі побач, на лясной дарозе, дрыжыць "саломінка з абмалочаным каласком…"

Тым болей што побач "Лісток ушацкай восені" з яго мокрай пыскай, тым болей што побач "Беларусь — мая мова і песня".

Перачытваю "латышскі" (і надта ж беларускі) цыкл Рыгора Барадуліна. Любоў і прыхільнасць нашы да гэтай зямлі вядомыя ўсім. Але мне ніколі не даводзілася сказаць пра гэта на сотую долю так моцна, як ён. Мы былі з ім разам і ў "Леснічоўцы Вэлдзіс", на возеры пад Малтаю раздавалі белыя лілеі латышскім і літоўскім дзяўчатам, бачылі — па вялікім паўколе — агні на беразе Рыжскага заліва. Было "Ліго", Янаў дзень, дзень Яна Купалы.

Інтэрнацыяналізм уласцівы кожнаму з нас. Беларускія паэты разумеюць спевы сібірскіх людзей, але ўсё ж галоўнымі для іх застаюцца беларусы Адам і Ева, перасяленцы ў далёкаўсходняй тайзе, людзі, якія зрадніліся з ёю і садзяць там сваю бульбу.

Ні дождж ні град цябе не песцяць, Надзейны хлеб маёй зямлі. Не грэбвалі табой і песняй — З сабою землякі ўзялі. А покуль недзе спіць залева, Тайфун вятры ў мяхах вязе, — Яны ўдваіх, Адам і Ева, Капаюць бульбу у тайзе.

Паэты ўвогуле болей хваляцца, чым робяць. І болей аддана робяць, чым хваляцца. Іх толькі хваляць пасля, часам запозна:

Калі б усе навальніцы плакалі — Іхнія слёзы Былі б драбнюткай расінкай На вейцы тугі па Табе. Іван Дамінікавіч, Дзядзька Янка, Купала…

За што яго, Барадуліна, трэба яшчэ любіць? За яго неймаверную працавітасць, за сакавітую мову яго вершаў.

Цяжка пісаць пра такую кнігу. Бо кожны яе радок адзываецца ўва мне, яго земляку і амаль равесніку, несамавітым болем. Вось радкі пра нашых жанчын:

Гадаваць, Бедаваць — Мелі права адно. І падумаць пра смерць Часу й права не мелі… І лічылі гады Ад вайны да вайны, Прыхваткамі Кудзелю ўспамінаў сукалі. …Можа, прыйдуць мужы, Можа, прыйдуць сыны, Можа, прыйдуць унукi — Чакалі…

Аб усім не скажаш. Але даўно-даўно ты казаў мне аб задуме "Матчыных песень". А я ж і сам іх чуў ад Куліны Андрэеўны. І не дадумаўся да такога. Але на тое ты і ёсць яе сын. Я ж помню, як мы сядзелі ў Задаброцці за малой рачулкай. І маці твая трымала на руках тваю Ілону, тады яшчэ сапраўды малую "Лану". І мы спявалі. І што гэта былі за песні — мабыць, ніхто болей не ўведае. Хіба што па тваіх "Матчыных песнях". Яна была больш таленавітая за нас абодвух.

Поделиться с друзьями: