Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Крытыка

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

І такая песня, як "Кароль з Фуле", зацяганая мяшчанскімі спевакамі, катрыншчыкамі, далікатнымі мяшчаначкамі, абсмяяная Генрыхам Гейнэ, — яна таксама загучала па-новаму.

І прывітаў гасціну Сардэчны валадар, І выпіў і ў пучыну Ён кінуў мілай дар. Прыбой у золкім змроччы Той кубак падхапіў. Кароль заплюшчыў вочы І больш ужо не піў.

І яшчэ адна дадатная рыса перакладу. В. Сёмуха не саромеецца грубасці жыцця, грубасці вялікай трагедыі. А гэтым грашылі амаль усе перакладчыкі — нібы Гётэ адчувае пільную патрэбу ў тым, каб яго выпраўлялі,

прыгладжвалі, прычосвалі, забываючы, што бліскучы залізаны радок — прывілей бездараў, за гэта іх і любяць. І ніколі ў свеце не пераможа той, хто не глядзіць жыццю ў вочы і баіцца называць рэчы іх найменнямі.

Перакладчык не цураецца і грубаватасці так званай простанароднасці. І вось глядзіце.

На фэст прыбраўся раз пастух: Надзеў каптан і капялюш — Апошні шык, дый годзе! Пад ліпаю людзей-людзей!.. Музыкі, смех — аж дол гудзе! А смык — той чортам ходзе! . Хлапчына ў гурт бачком-бачком — І дзеўку злёгку плечуком Штурхель! — а сам не лысы. Яна зірнула строга: "Ах! А каб ты скіс, а каб ты спрах! Не адварочвай пысы!"

Хіба не нагадвае гэта "Без музыкі, без дуды?.." І добра, што нагадвае. Таму што, пачынаючы са сцэны гулянкі, перакладчык, нібы знайшоўшы ключ да таго, што адбываецца ў сэрцах герояў, робіць сваю справу ўсё лепей і лепей.

Усё яскравей паўстае перад намi зямля i народ — сарамлiвы, юрлiвы i вясёлы. Калi ж яшчэ ўлiчыць, што В. Сёмуха паспяхова дабiўся таго, каб ва ўсiх дзеючых асоб была свая мова, — то поспех яго несумненны.

Хораша перакладчык перадае тонкія назіранні Гётэ за прыродай: маналог Фаўста аб захадзе сонца, маналог Фаўста ў пячоры пра навальніцу, пад'ём на Грац у буру.

Або наіўная сярэдневяковая жаночая песенька, якая сапраўды, магла карыстацца поспехам толькі ў ХІV стагоддзі, у век містэрый, але якая і цяпер кранае нас, як успамін аб уласнай чароўнай наіўнасці.

Нас таксама кранае маленне Маргарыты, сцэна яе сустрэчы з Валянцінам — і паўсюль разнастайная дакладнасць у рытміцы. Я сям-там звяраў з арыгіналам, калі рытмічны злом перакладу здаваўся мне неапраўданым. І выяўлялася, што так у арыгінале, і што гэта не шкодзіць рэчы, бо перакладчык ішоў па радках вялікай трагедыі не па-рабску, і творча.

Я не скажу, вядома, што няма недахопаў. Але іх мала. Раней недакладнасцяў было больш, але перакладчык упарта працаваў над тэкстам — і ён зрабіўся зграбны, дакладны. Былі, напрыклад, раней рытмічныя зрывы ў сцэне з Вагнерам, цяпер яны збольшага выпраўлены. Былі, часам, рыфмы тыпу "жыве — на ўме! (параўнай сумна славутае "дзе-небудзь — мядзведзь"). Цяпер гэтага амаль няма.

Мiнула 15 гадоў з часу майго знаёмства з першым варыянтам "Фаўста". Прайшоў час, i вось рэч, ужо скончаная i адшлiфаваная, зноў ляжыць перада мною.

Блуканні па пакутах чалавечай душы, працы, думак, сэрца. І ледзь не першая спроба апісаць выхад яе на святло з таго змроку, у які ўкінута яна жыццём. Няхай яшчэ пад знакам тэалогіі — але спроба выхаду.

Ісці доўга, крывава, амаль безнадзейна:

Зірні, вялікі, з гэтай троннай залы На родны край, што ўвесь у мглістым чадзе. Дзе ўсё дабро тваё са злом звязалі І дзе няпісаны закон — бязладдзе. . Чарсцвеюць норавы, усюды смуты, Галодны край, раздзеты i разуты, Рай для грабежнікаў, зладзюг, А над сумленнымі вісіць абух.

Уступаюць у бой, нішчачы дабрабыт людскі, папяровыя грошы. На змену першай радасці (іх лёгка насіць нават у сумцы салдата ці ў якой кантычцы) прыходзіць капітал, які Гётэ заўважыў у жыцці і распяў на ганебным слупе ледзь не першы. Прыходзіць з ім інфляцыя.

Блазен:
І гэта грошы? Смецце гэта? Цьфу!
Мефістофель: Купляй і еш да стогну ў трыбуху! Блазен: Няўжо куплю я быдла, хату, хлеў? Мефістофель: А ўжо ж! Абы ты ўдосталь грошай меў! Блазен: І лес, і ворыва, і ўлоў рачны? Мефістофель: Глядзі, а мне казалі — ён дурны! Блазен: Куплю маёнтак і пайду з двара! (Выходзіць.) Мефістофель: (адзін). Ого! Яго ж на трон садзіць пара! Усё стаіць на шляху ў гэтай душы. І — вайна. У гуле шалёным Войнаў няспынных Чула, як зыкам утробным багі Сверб распалялі да славы ваеннай, І голас жалезны свары крывавай, Братазабойчай, Біў у муры.

І ўсё ж душа чалавечая паўстае супраць усяго гэтага. Няхай яна і не пераможа часам, але бываюць паражэнні, што вышэй за перамогу.

І пару слоў аб ілюстрацыях Арлена Кашкурэвіча.

Гэта вельмі своеасаблівы, па-новаму прачытаны, дужа сучасны "Фаўст". "Фаўст" вар'яцкага веку войнаў, нейтронных бомбаў, маўтхаўзенаў, аўтамабільных гонак, трушчоб, наркотыкаў, рэгбі, дзікіх катастроф і самоты. І кожны мае права на свой апакаліпсіс, на Грэтхен ля аргана з філармоніі, на лысага бітніка Мефістофеля на пустой бочцы з-пад бензіну, на шабас ведзьмаў, што лятуць на аўтапакрышках, на бітыя машыны і на лаканічную, найбольш прасякнутую болем — а не сімваламі! — сцэну ў турме. І на сцэны вайны, дзе якраз сімвалы найбольш ім падыходзяць.

Не зусім задавальняе мяне толькі Мефістофель. Зразумела, гэта дастойны праціўнік (менавіта такім дынызаўрам і зрабіў яго мастак), зразумела, будзеш ненавідзець таго, хто падносіць латы, як будучы пратэз, воіну, а пасля на магілах пераможцаў, на іх латах і гарматах трыумфальна трубіць у трубу.

І ўсё ж гэта крыху не мой Мефістофель. І таму неяк менш верыш ва ўзнясенне Фаўста.

Але ж кожны мае права на свой пункт погляду, да таго ж і ў ілюстрацыях ёсць галоўнае, тое, што і ў кнізе, — выхад да святла.

Фаўсту даравалі, бо ён змагаўся, даравалі, бо ён хацеў дабрыні (а часам з гэтага выходзіла і зло). І пад канец жыцця перамог: нават сляпы, на краі магілы, думаючы, што канчаюць дамбу і канал, ён разважае так:

Свабодны люд і радасная праца Шчаслівым зробяць гэты ўбогі край. . Дык вось канечны вынік мудрасці людской: Што толькі той жыцця і волі варт, Хто кожны дзень за іх ідзе на бой. . Калі б у працы ўбачыў я заўсёднай Народ свабодны на зямлі свабоднай, Імгненню б я сказаў тады: "Цудоўнае, спыніся!.."

У заключэнне хачу заўважыць, што кожны новы пераклад — гэта новае даследаванне "Фаўста". У дадзеным выпадку — удалае даследаванне, якое зрабіў Васіль Сёмуха. Таму гэтае эсэ не разважанне пра тое, чаго вартая гэтая рэч, а проста некалькі думак аб перакладзе "Фаўста", аб нашым беларускім "Фаўсце".

Крэсіва. Іскры. Агонь

Памятаеце, прыдбаў андэрсенаўскі салдат цудоўнае крэсіва? Ударыш ім — і спраўдзіцца нават немагчымае. Вось прыблізна ў гэткім стане і я. У руцэ ў мяне "Крэсіва", кніга вершаў паэта Васіля Зуёнка. Але спачатку нкалькі заўваг. Занадта, бадай, дэкларатыўны першы верш зборніка — "Мільёны год". Нягледзячы нават на пругкі рытм і някепскую канцоўку (што, увогуле, для невялікага верша зусім няблага). Але такі ўжо ў нас звычай: напхаць у пачатак кнігі самых сярэдніх вершаў. Нібы адчэпнага даць: за сярэднасць не лаюць, то вось вам пад удар пешку, абы зберагаліся фігуры другой лініі.

Поделиться с друзьями: