Крытыка
Шрифт:
Некаторая спрошчанасць верша "З вайны сустрэлі мацяркі сыноў" — таксама не радуе. Боль ва ўсіх аднолькавы, калі сын не вярнуўся з вайны. Ды толькі гаварыць пра яго трэба кожны раз іначай. Калі гэтага няма — тады ўвогуле не трэба. Васіль Зуёнак гэта ведае. Ведае хаця б таму, што побач стаіць верш "Помнік", дзе гэтая адметнасць зроку выяўлена высакародна, па-свойму, сапраўды па-народнаму.
Перад намі паэт. Паэт адметны, свежы, паэт са сваім зрокам, са сваім адкрытым гукам жыцця, слыхам і адкрытым болю і любві сэрцам.
Няма патрэбы тлумачыць розніцу паміж паэтам і нейкім іншым чалавекам. Усе ведаюць, напрыклад, са школьнага курсу фізікі, што чалавек, падскочыўшы, штурхае нагамі шар зямны, і той не адкочваецца толькі таму, што неверагодная розніца ў масе, але ўзаемадзеянне між чалавечым целам і зямлёй —
Гэта не ілюстрацыя да закону фізікі. Дзеля гэтага трэба было самому ляжаць пад той яблыняй і адчуць, як яблык упаў у траву, як азвалася — гулка на дасвецці — зямля. Трэба было, каб, як ад кожнай сапраўднай паэзіі, здрыгануўся не толькі шар зямны, але і сэрца таго, хто чытае. А калі чытаеш і мурашкі бягуць па спіне, гэта і ёсць — яе вялікасць Паэзія.
Хочацца сказаць аб галоўнай якасці паэзіі В. Зуёнка. Якасць гэтая — сапраўдная чалавечая дабрата, той гуманізм, якому павінна вучыць паэзія і дзеля якога яна толькі і існуе на зямлі.
Ён у паэта ва ўсiм. Птушкi недаверлiва злятаюць з гнёздаў, i чалавек, каб не астылi гнёзды, iдзе прэч. Ён ведае, што iх занадта многа крыўдзiлi. Адкуль iм ведаць, што паэт здатны "пiць з жураўлямi пiва", што ён "свой"? У недаверы птушак — той недавер, якi занадта часта iснаваў мiж людзьмi ў гiсторыi i якога не павiнна iснаваць. Таму што чалавецтва стала дарослае i недавер пахне смерцю. I гэтая дабрата i ўсёразуменне ў аўтара "Крэсiва" паўсюль. У вершы "Добры прыезд". У ненадакучлiвай фiласафiчнасцi "Часа абнаўлення, часа вяртання". Словам, Васiль Зуёнак з тых, хто стаў бы нарогам, рунню, дажджом, хлебам i,урэшце, зноў чалавекам.
Духмяных бы лустаў накроіў: Прыходзьце — Усе, хто не снедаў, Хто полудзень меў упрыглядку, Хто ноч сустракае нiшчымна, — Прыходзьце.У маленькай кніжцы шмат вершаў з сапраўды глыбокай філасафічнасцю. Так, ёю: бо сказанае аб простасці, чысціні, празрыстасці зусім не выключае складанасці. І не выключае глыбокага майстэрства. Напрыклад, у найтанчэйшым па інструментоўцы вершы "Успамін".
Завіхалася, шчыравала, Абдымала ды мілавала… О, рукі, Рукі ў ільняной старонцы… Духмянасць поля i гарачнасць сонца… Мачулiшча — блакіт палёў, Нябёс, Блакiт вачэй — блакіт туманны Слёз.Падобнае за апошні час нячаста даводзілася бачыць. А тут тое сустракаем у вельмі асацыятыўным, часам нават занадта ўскладнённым вершы "Ралля — аснова". Шукаць, урэшце, трэба і тут. На кожнай сцежцы нашай паэзіі. І паэт шукае.
Ніхто чамусьці не задумаўся, а чаму ў нас малавата вершаў на так званую "рабочую" тэматыку і чаму яны не заўсёды першакласныя па якасці? Якая таму прычына? Можа, яна ў тым, што праца, скажам, селяніна, рыбака, паляўнічага апаэтызавана самім шматтысячагадовым існаваннем паэзіі, што вакол яе традыцыя, звычкі, вакол яе — народная песня, прырода, што жыццё горада, жыццё завода здаецца, па неабходнасці, нівеліраваным. А можа, прычына ў тым, што мы гаворым пра паэзію "сялянскую", "рабочую", паэзію "для нешматлікіх" (глупства
якое!!!) і пры тым забываемся на тое, што існуе адна паэзія — чалавечая і дзеля чалавека, у неадрыўным адзінстве і ў разнастайнасці почыркаў.І вось перад намі вершы: "Над лесам — заводскія гмахі", а найперш — "Соль", ледзь не найлепшы ў зборніку, сапраўдны гімн працы і чалавеку.
Не ад сонца ідзём у глыбіні — Па сонца ідзём. Сонца гіне: У кайданы крышталёў закута — Ляжыць у падземных закутках. Ідзём — магутныя — Вызваліць брата З-за кратаў.Немагчыма працытаваць увесь верш з вольнай і мужнай яго інтанацыяй. Трэба прачытаць самому.
Яшчэ адной якасцю паэта ёсць — трывалая і дыхтоўная, моцная народная стыхія. Я пазнаю гэтыя радкі нават у перакладзе: па тыпова беларускай, вясковай пяшчоце і мяккасці, па адной гэтай падзяцы:
…Дзякуй, яблынька, дзякуй, белая, За казку…Гэта тая дабрата і ласкавасць супакутавання, якая пераварочвае душу, калі бачыш аднаногага салдата ў лазні, які не пусціў з сабою на паліцу хромавую нагу. Гэта дабрата да тых, хто ў небыцці, але гэта яшчэ і дабрата трывогі, папярэджання, мужнасці, як у адным з найлепшых вершаў зборніка "Ідуць дажджы":
Ідуць дажджы… І ліст лілеі Над смерцю рыб — хаўтурны стол, Ідуць… і стронцыю ўдары Цвiкi у труны б'юць і б'юць… А ў небе хмары, хмары, хмары… Ідуць дажджы… Дажджы ідуць.Народная стыхія паэтава яшчэ і ў спеўнасці. Не ў той, што нараджае шлягеры, а ў той, што бярэ інструментоўку народнага — "Шчыравала пчала" — і надае ўсяму гэтаму сучасны змест. І гэта больш сучасна, чым вольны верш, які кананізавалі некаторыя з нашых паэтаў.
Вершы "Калі б так проста кахалася", "Я не ведаю дзень той", "Прадвесне", "На Начы", "Чырвоныя ветры" — сучасныя.
І шмат яшчэ чаго з народнай стыхіі ёсць у творчасці В. Зуёнка. Гэта і гонар чалавека, які "жыве сяўбой, бярэ сяўбой". І страсная любоў да роднай прыроды, уменне пісаць аб ёй так, што верш хвалюе, як яна сама. Вось выезд восені:
Лейцы верасень сплёў з павуціны, Пугу звіў кастрычнік з пянькі, Лістапад лiсця ў воз падкiнуў, — Паганяй! Нацянькі! Едзе восень, глядзіць задаволена, Як ляцяць ад яе і бягуць, Як чарот ліхаманіць ад золі, Як iрве з багнiшча нагу — Уцякаць сабраўся мачэўнік… Ды не ўцёк — падвялі карані. Едзе восень — па пнях, па карчэўю… Едзе восень на рабым кані.Гэта сарказм і іронія ("Каменная філасофія", "Стары цецярук"). І цудоўная лірыка разлукі і кахання, то гарачая, то празрыстая і чыстая снегавой беллю ("Ля далёкіх паўстанкаў"). І тое ж язычаскае "Нахіляўся, як дзікі лясун", — з такой нечаканай і таму поўнай чароўнасці празаічнай канцоўкай.
Чалавек, які сказаў, што кнігаўкі — трыццатае калена марскіх чаек і — рыдаюць, бо трызняць аб назаўсёды страчаным моры, гэты чалавек — паэт. Ён паэт, бо сказаў пра зялёную поўню, што праз тыдзень выйдзе над лесам, што хмарка і верабей б'юць крыламі, купаючыся ў лужыне.