Кветкi самотнай князёўны (на белорусском языке)
Шрифт:
А потым яны ездзiлi на хутар да Аi з Мартыньшам. Ая зусiм маладзенькая, а ўжо ў iх трое дзяцей. Танклявая, светлавалосая, гаваркая i сур'ёзны прысадзiсты МартыньIш, яе муж. Меншая iх дзяўчынка, гадкоў двух, зняла калготкi i лезла ў начоўкi з вадою купацца. Маруся пачала сварыцца на яе. Хаця тая разумела толькi па-латышску, але ж у голасе Марусi пачула строгiя ноткi i вылезла з начовак. Свякруха Аi капала бульбу. Вайдаш падышоў да яе, спытаў нешта па-латышску. Маруся таксама вывучыла некалькi фраз, павiталася, спытала, як здароўе. Здавалася, яна ў iншым свеце i сама iншая, i ўсё, што з ёй адбываецца, гэта наогул не з ёй, проста яна "глядзiць кiно" пра жыццё незнаёмай ёй дзяўчыны...
...Вайдаш
– Аб чым ты засмуцiлася?
– пацалаваў яе цiха Вайдаш i падаў каву. Сам сеў у другое крэсла, насупраць. Недзе ля акна звонка звiнеў камар. Маруся адчувала затоены стук уласнага сэрца. Вайдаш замiлавана глядзеў на яе, тоячы на вуснах усмешку.
– Я ведаю, - прашаптаў ён, - ты сумуеш, што заўтра трэба ехаць адсюль... Табе спадабалася Нiца...
– Я закахана ў яе, - усмiхнулася Маруся.
– А ў Вiшаньцы - проза. Хаця... яна задумлiва дакранулася рукою да сваiх валасоў, адгарнула iх, - хаця ў Вiшаньку мне ўжо i не трэба ехаць, бо работа там скончана. Цяпер фронт работ там - забеспячэнцам i заўгасаўскiм работнiкам. Медыцынскае абсталяванне, мэбля, ложкi, падушкi, капы, фiранкi, цацкi, спартовыя пляцоўкi...
– Маруся засмяялася.
– Ды там жа работы - непачаты край... Можна мне там назаўсёды застацца! Я ў дзяцiнстве марыла быць экскурсаводам, вось i буду дзяцей на экскурсii вазiць, у Менск, у Мiрскi замак Радзiвiлаў...
– А кiм ты марыла быць у юнацтве?
– пацiкавiўся Вайдаш.
– Iнжынерам-архiтэктарам, - адказала Маруся.
– Мая мара збылася. Я працавала ў самым лепшым праектным iнстытуце, у самым лепшым калектыве... Шкада, што ўсё так хутка разбурылася...
Яна адпiла крышачку кавы i паставiла кубак на столiк.
– Так, - задумлiва прамовiў Вайдаш.
– Добрыя старыя часы... Я памятаю, як ты прыйшла першы дзень да нас на працу. У цябе быў такi дзелавы выгляд, тон размовы i такая строгая, класiчнага крою сукенка - чырвоная, з белым каўнерыкам i чорным бантам...
– Я абавязкова выберуся... Я не буду рабочай... Я знайду сябе, - з пакутай, але цвёрда i строга вымавiла Маруся, - я зноў стану на сваё месца. Гэта проста час падзення, а будзе яшчэ i час узлёту. У бюро я стаю на чарзе, на сваю спецыяльнасць. Але я не з тых, хто чакае - буду шукаць сама.
– Пакуль - адпачывай, - лагодна прамовiў Дуброўскi.
– Я дару табе Нiцу, гэту кватэру... Можаш запрасiць сюды Аю з Мартыньшам, патэлефануеш iм. Заўтра мы нiкуды не паедзем. Мне трэба па справах у Лiепаю. Буду там тыдзень. А ты заставайся тут гаспадыняй. Усё - тваё i для цябе...
Ён падняўся з крэсла i абняў яе. Валасы ягоныя пахлi травою i кветкамi Нiцы. "Дзякуй табе, - хацела яна сказаць яму, - што быў ты аднойчы ў маiм жыццi..."
... Ён цалаваў яе валасы, вусны, бровы, шаптаў ласкавыя словы. Смугла-сiнi змрок ахутаў адзiнае акно ў гэтым пакоi, пранiк у яго, апусцiўся на мяккiя крэслы i камiн, стаў напяваць асалоду i сон, пранiкнёнасць i даверлiвасць у душы... Маруся патанула ў мяккiх беласнежных прастынках, як у аблоках. Яе валасы рассыпалiся па падушцы i плячы Вайдаша...
– Раскажы,
якi ты быў у дзяцiнстве?– прашаптала яна.
– Каго з бацькоў i родзiчаў больш любiў?
– Бабулю, як i ты...
– адказаў Вайдаш.
– Я быў адзiнокiм. Многiя мяне не разумелi, акрамя бабулi. Яна сама дзетдомаўская. Памятала адзiн эпiзод са свайго маленства: яна стаiць у вялiкiм садзе, апранутая ў прыгожую белую сукенку, а побач - вялiкая чарапаха. I ўсё. Далей - дзiцячы дом. А потым аказалася, што прадзеду майму належаў маёнтак у Вiшаньцы. Прадзед мой жыў у Гданьску. Гэта ён згубiў дачку падчас рэвалюцыi, тую, што стаяла ў садзе, а побач - чарапаха... Зараз ён памёр. Маёнтак i зямлю завяшчаў дачцэ, маёй бабульцы, але i яна ўжо на тым свеце. Значыць - майму бацьку. I бацька памёр ужо... Вось так я стаў князем... Аказваецца, гэта вельмi складаная i цяжкая ноша... Я не хачу быць проста багатым, хачу прыносiць дабро людзям, але не заўсёды атрымлiваецца так, як я хачу, i не заўсёды мяне разумеюць. Як тут не ўспомнiць Якуба Наркевiча-Ёдку... "Няма прарока ў сваёй Айчыне"... Мне шкада, што вымiрае нацыя, я хачу выратаваць гэтых дзяцей, але столькi перашкод... Дай Бог мне сiлы вынесцi ўсё!..
Маруся прытулiлася вуснамi да ягонага пляча.
– Чым я магу дапамагчы табе?
– запытала.
– Тым, што ты ёсць са мною, - пяшчотна прытулiў ён яе да сябе.
Мiкола ўжо тыдзень, як жыў на Батанiчнай, у iнтэрнаце трамвайна-тралейбуснага ўпраўлення. Кантынгент тут быў, канешне, не той, што ў iнстытуце культуры, хлопцы п'юць, дзяўчат водзяць, але мiрыцца можна. Мiкола па-ранейшаму ў вольную хвiлiну складваў вершы. Марыў стаць бардам, знакамiтасцю. Вось i сёння, прыйшоўшы з лекцый па вадзiцельскай справе, засеў за блакнот. Гайва, дзяўчына ягонай мары, з далёкай Нiцы... Дзе ты, Гайва, што робiш зараз? Памятаеш мяне? Хутка я стану бардам i праслаўлю сваё i тваё iмя, як Петрарка Лауру...
Ягоныя думкi разагнаў стук у дзверы. Нехаця пайшоў адкрываць.
– Якiя людзi - i без аховы!
– ухмыльнуўся Мiкола, убачыўшы Наташу ў сукенцы для цяжарных.
– Я цябе, гада, сюды ўладкавала, а ты носа не кажаш! Хаваешся ад мяне! наляцела на яго Наташа.
Зайшла ў пакой, уселася на ложку, выцягнула ногi ў прыгожых белых басаножках. На вуснах з'явiлася пагардлiвая ўсмешка.
– Ну што, каханенькi-родненькi? Збiраешся жанiцца на мне сам альбо на алiменты падаваць, як раджу?
– запытала.
– Сумесную гаспадарку вялi? Вялi: ты мне бялiзну дапамагаў мыць, на вахце бачылi, як нёс выварку на кухню! Вахцёры пацвердзяць! Сяброўкi пацвердзяць дый прадавец крамы, што ты сам мне каляску купляў! Ага, задумаўся?
– Слухай, кацiся ты, га?
– насупiўся Мiкола.
– Па-добраму прашу!
Наташа весела засмяялася:
– Не, ужо трапiлася мышка кошцы ў лапу, не адпусцiць!
– Пантэра ты, а не кошка!
– агрызнуўся Мiкола.
– Паляванне на льва скончана!
– Наташа паднялася i дала Мiколу ў лоб пстрычку.
– Збiрайся ў загс!
– Дык я ўжо жанаты!
– схлусiў той.
– Пакуль ты народзiш...
– Паспееш з Аленкай распiсацца?
– здагадалася Наташа.
– Ага, бяжы хутчэй да гэтай дурнiцы, яна цябе з рукамi-нагамi адарве!
I, зарагатаўшы, пайшла з пакойчыка.
...Аленка мыла бацькаву бялiзну, калi з'явiўся Мiкола, узбуджаны, патлаты, як перапуджаны верабей.
– Аленачка!
– упаў перад ёю на каленi.
– Прабач, я ўсё зразумеў - ты адзiная, хто па-сапраўднаму мяне кахае! Я праслаўлю цябе ў сваiх вершах! Я стану бардам i буду спяваць пра наша з табою каханне. Няхай усе зайздросцяць нам, якая ў нас дружная сям'я! Аленачка, мы будзем з табою падарожнiчаць, на экскурсii ездзiць, мы будзем жыць дружна i цiкава, я буду багатварыць цябе!