Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Кветкi самотнай князёўны (на белорусском языке)
Шрифт:

Тамара задуменнымi вачыма пазiрала на Iрэну.

– Лепш бульбу абiрай!
– выгукнула мацi, вярнуўшыся ў хату.

Тамарка сцiшана шапнула Iрэне:

– А што там яшчэ цiкавага?

– На вулiцы Герояў стаiць вельмi прыгожы дзiцячы садок - на ўсю сцяну мазаiчнае пано "Кветкi на акне", а на другой - "Сонечны дзень": дрэўцы, а ў небе два матылькi - жоўты i сiнi. Усё гэта выкладзена з каляровых каменьчыкаў i плiтак!..

– Як цiкава!
– усклiкнула Тамарка.
– А я нi разу ў садок не хадзiла. Напэўна, цiкава хадзiць у садок, там пiянiна, дзеткi скачуць... Iрэначка, давай купiм хоць

дзiцячае пiянiна, i ты мне пайграеш! Я вось школу скончыла ў тым годзе, а так свету i не пабачыла, мацi нiкуды не пускае...

– Гультаi толькi па свеце катаюцца!
– буркнула мацi.
– А ведай справу сваю - замуж выйсцi ды глядзець, каб хата поўная была!

– Iрэначка, - шапнула Тамарка, - давай матку падманем, што мы за травою свiнням пойдзем, а самi на возера ўцяком! Тут недалёка возера Ельня, праўда, па балоце, дык, можа, як дабяромся? Там такая прыгажосць! Там ёсць недалёка хутар, дзе жывуць цётка Тэрэза i дзядзька Янэк. У iх дачка - законнiца!

– А што гэта значыць?
– не зразумела Iрэна.

– Гэта па-польску манашка!
– растлумачыла Тамарка.
– Яна зараз дома. Раскажа нам шмат цiкавага! Уцячэм ад маткi?
– таемна заблiшчалi чорныя вочкi дзяўчынкi.

– Ага!
– кiўнула Iрэна.
– Нешта прыдумаем!

...Тамарка ўзяла мех i серп, пачакала Iрэну, i яны пайшлi праз агароды да лесу. Дзяўчынка весела падрыгвала, смяялася, быццам лань, выпушчаная на волю.

– А Гомель прыгожы?
– пытала Iрэну.
– Што там ёсць? А якiя людзi там?

– Добрыя людзi, - з усмешкай адказвала Iрэна.
– Прыветныя, ласкавыя, як i ў Берасцi. Там ёсць прыгожы парк, возера, а на iм - хатка для лебедзяў, прыгожая, з узорамi...

Яны схавалi мех з сярпом у канаве i рушылi праз мох да возера. На Ельнi ўжо былi турысты. Iрэна кiнулася да iх з такою радасцю, быццам яны былi прышэльцамi з другога свету, распытвала пра горад.

– Менск як Менск!
– смяялася дзяўчына ў белай майцы.
– Мы табе зайздросцiм - жывеш у такiм цудоўным краi! А нам так дакучае асфальт i даўка ў аўтобусах...

– А я сумую па асфальце, - адказала Iрэна, - i па перабранках у аўтобусах... Па касметычных салонах...

– Дурнiчка якая!
– усмiхнулася другая дзяўчына, вастраносая, якая памешвала чарпаком у катле.
– Ты тут босая ходзiш, макiкюр не трэба рабiць, фарбавацца, а я, як успомню, што ранкам прасыпацца трэба ды на сонны твар фарбы накладваць, бо сорамна ў горад выйсцi не фарбаванай, дык аж ванiтуе! А туфлi на абцасах, а гэтыя набойкi - раз абуешся - i ў рамонт нясi! Ды ты ж шчаслiвая, Iрэначка!

– А я мару жыць з каханым на хутары!
– задумлiва сказала дзяўчына з наiўна-задуменнымi вачыма, пухнаценькая i сарамлiвая.

– Шчасце зразумееш, калi яго страцiш, - заключыў адзiны ў групе хлопец, кiраўнiк паходу.

Ён настрайваў гiтару. Дзяўчаты падрыхтавалiся слухаць. Iрэна, каб не травiць душу, прапанавала Тамарцы пайсцi. Развiталiся.

– Ой, Iрэначка!
– аж захлёбвалася Тамарка, бегучы ззаду.
– Я так хачу ў горад! Так хачу стаць турысткай!

– Глядзi - станеш, - ухмыльнулася Iрэна, - з такой дурной мацi, што нават у пiянерскi лагер не пускае! I ў царкву...

– А давай да ксяндза сходзiм!
– нечакана прапанавала Тамарка.
– Ён тут недалёка жыве.

А потым - да бацюшкi!

– Ты ж да бабы Тэрэзы i дзеда Янiка збiралася...

– Я рада, што нарэшце вырвалася з дому, хоць людзей пабачу!

...Бацюшка быў стары, сiвенькi, дакладней, наогул увесь белы, як дзед-мароз. Доўгая барада, вялiкiя вочы за акулярамi. Ён выйшаў з двара, у якiм пабрэхваў маленькi чорны сабачка. Хата ў яго была прыгожая, вялiкая, пабудаваная лiтарай "г", вялiкi зямельны надзел ля хаты, прыгожы металiчны плот.

– Што хочаце, дарагiя?
– запытаў ён дзяўчат.

– Мы з хутара, - заiкнулася Тамарка, - вось хочам даведацца, калi служба будзе, а то мацi не пускае, дык, можа, мы ў нядзелю ўцяком. Хочацца на прычасце паспець. Мая мацi кажа, што праца галоўней, а я лiчу, што для душы трэба таксама нешта... А можа, у вас ёсць нядзельная школа, дык я б хадзiла?..

– Нельга асуджаць мацi, - павучальна адказаў бацюшка, - бацькоў трэба слухацца. Нельга гаварыць дрэнна пра другога, паглядзi лепей на свае грахi...

– А школа...
– абмякла Тамарка, - можна мне ў школу да вас?

– Толькi з дазволу бацькоў...

– А кнiжкi купiць у вас можна?
– уздыхнула Тамарка.

– Дарагiя дзяўчаткi, - лагодна сказаў бацюшка, - вядома, усё можна! Але сёння ў мяне госцi, не хачу iх кiдаць, адкрываць царкву, лепей прыйдзiце самi на службу, там i купiце, добра?

– Прабачце нас, - папрасiла Iрэна, развiталася i пацягнула за сабою Тамарку.
– Пайшлi дадому, а то мацi сварыцца будзе!

– Ну i няхай!
– заўпарцiлася Тамарка.
– Пайшлi да ксяндза! Ён такi прыгожы!...

– Ды што ты надумала - па людзях хадзiць!
– раззлавалася Iрэна.
– Як з дзiкага лесу!

– А я адкуль?! Я i ёсць - з лесу!
– засмяялася Тамарка i пабегла наўпрасткi да высокага катэджа ў канцы вёскi.

...Зямельны надзел быў такi маленькi, што, вiдаць, таму ксёндз i зрабiў гараж на першым паверсе, дакладней, пад хатай. Сама ж хата была невялiчкая, квадратная. Калi iсцi да яе, то з аднаго боку чапляешся нагою за кветнiк, а з другога да металiчнай сеткi, усярэдзiне якой гулялi качкi i куры.

– А дзе яны зiмою знаходзяцца?
– кiўнула галавою Iрэна.
– Можа, гэта ён хлеў будуе для iх?

Упрытык да хаты стаяў маленькi зруб.

– Не, гэта ён хатку для прыезджых будуе, - растлумачыла Тамарка, - неяк па-польску такая хатка называецца. Гэта калi хто прыедзе да iх у касцёл, паломнiкi якiя, дык каб пераначаваць было дзе. У кожным касцёле ёсць такая начлежка. Нават у Менску, мне бабы з касцёла расказвалi. Там, у касцёл Святога Роха, раз на месяц прыязджае моладзь каталiцкая, песнi пра Бога спяваюць, з розных гарадоў, вёсак, прыязджаюць, дык у касцёле i начуюць альбо ў вернiкаў...

– Ого, ды ты болей за мяне ведаеш!
– здзiвiлася Iрэна.
– А я неяк ехала ля гэтага касцёла ў аўтобусе, везла памiдоры, пачаставала адну бабульку, дык яна мне iконку Маткi Боскай падарыла, польскую...

За металiчнай сеткай бегала туды-сюды аўчарка, але на дзяўчат не брахала. З хаты выйшаў ксёндз. Ён быў не такi ўжо малады, як казала Тамарка, i не такi ўжо прыгожы, як падалося Iрэне, але прыветная ўсмешка асвятлiла твар.

– Як добра! Сёння ў мяне госцi!
– зазначыў ён.

Поделиться с друзьями: