Кветкi самотнай князёўны (на белорусском языке)
Шрифт:
– Старыя памерлi, а моладзь у гарадах, - заключыў Вайдаш.
Пад'ехалi да цудоўнага мястэчка, якое зачароўвала сваiмi краявiдамi. На браме - выява бажаства. Бярозы блiшчэлi на сонцы восеньскай пазалотай. У паветры насiлiся павуцiнкi бабiнага лета. Не даязджаючы да свайго маёнтка, Вайдаш i Маруся прылеглi на цёплую пажоўклую траву.
– Вось i закончылася падарожжа, - усмiхнулася Маруся i раптам ажыўлена i весела паказала ў бок парку рукою.
– Глядзi, хто спяшаецца да нас!
Вайдаш азiрнуўся. Вялiкi, калматы, у рыжых плямах сенбернар бег да iх праз поплаў. Наблiзiўся, пачаў лашчыцца.
– Я больш за ўсё люблю такiх сабак, - сказала яна, - такiя ласкавыя! Сапраўдны вялiкi добры сябар!
– Ён будзе надзейным сябрам нашым дзецям, - усмiхнуўся Вайдаш.
– Недарэмна сенбернар славiцца, асаблiва ў гарах, бо заўсёды ратаваў людзей, трапiўшы пад лавiны. Яму нават пастаўлен помнiк. А ведаеш, калi я ў студэнцкiя гады быў у Севастопалi, расказвалi, што адна жанчына ў час вайны знайшла кволага шчанюка. Ён падрос i аказаўся прыгожым сенбернарам. Быў вельмi разумны. У час вайны жанчына галадала. Аднойчы сабака бег ля порта i ўбачыў, як матросы разгружаюць баржу, выносяць нейкiя мяшкi, скруткi. Сабака пачаў дапамагаць iм. За гэта матросы далi яму кацялок з ежай. Сабака ўзяў яго за дужку i асцярожна панёс дадому. Гаспадыня вельмi здзiвiлася. Ранiцаю панёс пусты кацялок на прычал i зноў прыняўся за работу. Матросы прасачылi за сабакам i таксама былi вельмi ўражаны тым, як даглядаў i клапацiўся аб сваёй гаспадынi ён. Вось так сабака аддзячыў ёй за клопаты, за тое, што ў час вайны, калi ўсе былi галоднымi, яна пашкадавала яго маленькага, выкармiла...
Сонца хiлiлася да небасхiлу. У пазалоце старых лiп хавалiся ласкавыя промнi. Маруся i Вайдаш яшчэ доўга сядзелi ў траве i аб нечым размаўлялi. Ля iх ляжаў, салодка закрыўшы вочы, вялiкi, у рыжых плямах, калматы сабака...
Напярэдаднi Пакроваў Iрэна са свякрухаю спяклi пiрог, абышлi з iм усе гаспадарчыя пабудовы, прыкладваючы да кожнае страхi, каб буры, што пачынаюцца ад Пакроваў, не разбурылi iх. Паклалi сена каровам: "На Пакровы дай сена карове", гэта каб былi сытыя ўвесь год.
А сёння ўсе збiралiся ў царкву. Iрэна выкiнула муху з гладышка i налiла сабе ў кубак малака.
– Калi ўжо гэтыя мухi паздыхаюць!
– буркнула яна.
– Хоць бы дзверы закрывалi, а то ў рот ляцяць, ранiцай спаць не даюць!
Пачала нацягваць сукенку. Аказалася, што тая цесная.
– Праклiнаю вашу вёску!
– закрычала, разнерваваўшыся, Iрэна.
– Усё лета бульба, сала i аладкi! Хутка буду як калода, торба торбаю!
– А ты цягай усяго паболей, як наша Сонька, - параiла свякруха, - Сонька наша i мяхi цягае, i па дзесяць вёдзер вады каровам носiць! Яна як конь! А Тамарцы нельга падымаць, здыхля! I ты - здыхля!
– Калi ўжо гэта скончыцца: "конь, конь"?
– раззлавалася Iрэна i шпульнула ў свякруху сваёй сукенкаю.
– Пайшлi вы ўсе ў ж...у!
– Во, бешаная!
– ускочыла свякруха.
– Сцяпан! Паганяй жонку!
Той узяў пугу i пабег за Iрэнай, якая выскачыла ў сенцы, затым на вулiцу i села на воз, на якiм ужо прымасцiлася Тамарка. Свёкар трымаў вожжы. Сцяпан кiнуў пугу i сеў на воз. З хаты выйшла свякруха, залезла таксама, спусцiла на драбiны ногi.
– А Верка з Надзькай паедзе?
– спытала ў мужа.
– Няма калi, кажуць, - адказаў той.
– Бляха, галава пухне, - паскардзiўся
Сцяпан, - бацька, дасi грошай на пiва?– Ты ж матцы свае грошы аддаеш, - адказаў той.
– Якiя яны мае?
– пацiснуў плячыма Сцяпан.
– Я ж не працую, фермер. Бульбу прадалi, вось i грошы. У маткi ж усе грошы. Яна - галоўная!
– Слава Богу, - абазвалася тая, - а каб у Iркi былi, дык усё на трусы патрацiла б!
На паўдарозе ад райцэнтра ўзялi на воз бабу ў квяцiстай хустцы i Гельтруду, якая важна шпацыравала па дарозе ў новых кiрзавых ботах.
– У цябе што, туфляў няма?
– здзiвiлася Iрэна.
– Што я - дурная, такiя дарагiя купляць?
– адказала Гельтруда.
– Яна дзеўка эканомная, - падтакнула свякруха i звярнулася да жанчыны: Твая дачушка, Хiма, паступiла вучыцца?
– Не, - адказала тая.
– Яна з вёскi нiкуды не хоча ехаць. Мне ўсе грады за лета выпалала, па чатыры разы палола, кароў даiла, свiням ахрап'е з поля носiць... Конь, а не дзяўчына!
– Вось некаму шчасце будзе, - уздыхнула свякруха i скасiлася на Iрэну, - а мая ж нявестка паўмяха бульбы не падыме!
– Як жыццё, Сцяпан?
– таўханула яго ў бок Гельтруда.
– Пахмялiцца хочаш? А то налью, у мяне ёсць!
– Праўда?
– ажывiўся той.
– Налiвай!
Гельтруда падала яму бутэльку гарэлкi, ён адкаркаваў, пачаў пiць. Мацi маўчала.
– Мне пакiнь крыху!
– азiрнуўся бацька i ўзяў з ягоных рук паўпустую бутэльку.
– Во добрая дзеўка!
– шапнула свякруха цётцы Хiме.
– Хай бы мой Сцяпан узяў яе, дык не...
– Мо шчэ возьме!
– абнадзеiла яе Хiма.
– Тамарка!
– крыкнула Гельтруда.
– Замуж не збiраешся? А то пасля Пакроваў хутка пост пачнецца. Колька Цяцеркiн не бярэ? Ты хоць для понту перад iм вядро вады падымi, а то нiхто замуж не возьме такую нехлямяжную! Баба павiнна ўсё цягаць на сабе! Не слухай ты тых дактароў, Тамарка, цягай усё!
– Гэлька праўду кажа!
– абняў яе выпiты Сцяпан.
– Гэлька - конь! Добрая жонка будзе!
– I ты, як матка: "конь, конь"!
– раззлавалася Iрэна.
– Дэбiлы калгасныя! Iншых размоў няма!
...Крыху прыйшла да сябе Iрэна толькi ў храме. Цiшыня i супакаенне душы апанавалi ўсю яе. Тамарка прытулiлася збоку i шапнула:
– Iрэначка! Мне сёння манастыр снiўся, быццам мы з табою да Аленкi ездзiлi ў Полацак... I мяне анёлы падхапiлi i панеслi высока-высока, далёка-далёка адсюль! Так хораша было!..
...Пасля таго як прыехалi дадому, свякруха ўздумала перанесцi на гару варэнне. Яна падавала банкi Тамарцы, а тая ставiла iх у плеценую кадушку.
– Навошта вам гэтулькi варэння?
– нервавалася Iрэна.
– Леташняе засталося - не паелi!
– Што ты ў нашым жыццi разумееш!
– буркнула свякруха.
– Жыта скончыцца, пшанiца скончыцца, буракi i бульба скончацца, з чаго тады гарэлку гнаць? Вось варэнне i выручае! У каго яго няма, дык з парашка для мыцця бялiзны гоняць. Гарэлка - наша выручалачка! Вось сёння хлопцы ў лес за дровамi паехалi, прыедуць - налiць трэба! Што я буду глядзець на тое свята, што Пакровы сёння? Праца перш за ўсё, без працы ў вёсцы здохнеш з голаду!
– Хутка вашы хлопцы без чаркi i вядра вады ў хату не прынясуць! Прывучылi да гарэлкi!