Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Літоўскі воўк

Наварыч Алесь

Шрифт:

Пад вечкам было грубае сукно, пад сукном — укручаныя ў вашчоную паперу бліскучыя прычындалы, складзеная трынога, футаралы. І паўсюль насыпаны вылітыя са свінцу шарыкі.

— Хм, — здзівіўся жандар, пакручваючы ў пальцах шарык. — Гэта што? Куля? Га?

Студэнты і Кавалец паціснулі плячыма. Тут падышоў да вазка Буевіч-старэйшы.

Жандар спытаўся ў яго, што ў скрыні. Буевіч таксама паціснуў плячыма.

— Гм, раз гэта вязуць пану Ўрбановічу, гм, — сказаў жандар са сваім звыклым гмыканнем, — гэта нешта павінна быць. Але што? Наколькі хапае мазгоў, рыхтык нейкая аптычная прылада… Навошта свінцовыя шарыкі? Хм, ці, можа,

машынка якая для хуткаснай страляніны… Паклічце сюды гэтага брытанскага аўсаеда!

Прыйшоў і ангелец, а за ім паненка. Буевіч пераклаў ангельцу, што пан афіцэр патрабуе тлумачэнняў, што за прычындалле ў скрыні. Чужапанец раззлавана стаў нешта гаварыць.

— Калі я не зразумею, што гэта, канфіскую! — заявіў капітан Фогель.

Артур пераклаў, ангелец забурчэў, дастаў са скрынкі трыногу, раскарачыў яе, прыладзіў наверх трубу, прышрубаваў ручку, уставіў у вялікую трубу меншую, прыкруціў да яе знізу бліскучую штучку з футарала. Накіраваў трубу на паўднёвы захад, дзе светла-залатым карасём выплывала з зялёна-блакітнай мулі вячэрніх нябёсаў поўня… Ангелец доўга круціў колца на бліскучай штучцы.

— Please… — жэстам прапанаваў капітану паглядзець у трубу.

Жандар, як звычайна не хмыкнуўшы, зазірнуў у акуляр, зморшчыў нос, зірнуў на тое месца, куды толькі што глядзеў праз трубу. Зноў прынік да акуляра. Дзіўны меў выгляд — увесь утрапёны ў адно, толькі вусікі тырчэлі. Вось жандар працягнуў руку, не адрываючыся, мацнуў паветра.

— Гм, — праказаў, варушачы вусамі. — Месяц дзіравы, як сыр. Ямкі на ім, уга-га!

— Дайце і мне зірнуць, — сказаў Буевіч.

За ім у чаргу сталі Стасік, Бароўскі, Кавалец, некалькі жандараў, але жандарскі афіцэр не адыходзіўся, усё круціў ручкай наводкі на рэзкасць…

— Ах, Божа ж ты, Божа! Ваісціну Тварэц! Колькі жыву, такога не бачыў… Там жа горы! Сапраўдныя горы, даліны…

Ад захаплення жандар расчырванеўся. Зноў глядзеў на месяц то проста вачамі, то ў тэлескоп, вохкаў, цмокаў…

Нарэшце адышоўся, дастаў насоўку, стаў чысціць нос, смаркацца. Гэтым часам па чарзе зірнулі ў тэлескоп Буевіч-старэйшы, Стасік, Бароўскі, а Кавальца цікаўныя жандары сілком адцягнулі ад тэлескопа — ён глядзеў, глядзеў і не мог наглядзецца. А калі адцягнулі — на вачах хлопца макрэлі сцежкі ад слёз. Потым глядзела паненка, потым па чарзе жандары, зноў Кавалец. Падышоў глянуць і фурман ландары. Глянуў і адхіснуўся — спужаўся, схапіўся за галаву. Вось чаму развохкаўся жандарскі афіцэр! На месяцы, як на зямлі…

— Пэўна, там і балоты, там і рэкі… — прамовіў Кавалец.

І доўга яшчэ глядзелі на Палескім тракце пасярод балота ў тэлескоп жандары і спадарожныя, наводзілі то на зоркі, то на месяц, то шукалі Венеру, Марс, Юпітэр…

Навокал кракталі жабкі, дралі горла драчы, на далёкіх, забытых Богам хутаранскіх палетках галасілі перапёлкі, свісталі крыллем у звечарэлым паветры дзікія качкі, а над усім гэтым уладарна ўсходзіла чыстая, раўнакруглая, цяпер ужо ўся белая царыца-поўня.

2. Кляцьба

Жандары паўзбіраліся на коней, паехалі недзе на Пінск. З вобыскам нічога не выйшла. Праўда, афіцэр набраў у кішэню свінцовых шарыкаў. Патлумачыў — спытае пры выпадку ў манкевіцкага аканома, на якую халеру патрэбна такая процьма свінцу.

Было позна. Моцная поўня адблісквала ў прыдарожных балотцах. Недзе далёка ў альховых лясах

вухкалі-рагаталі пугачы. Чужапанец стаў складваць тэлескоп, нешта сварыўся, лапатаў па-ангельску. Гаварыў так хутка і неразборліва, што гімназісты разумелі толькі асобныя словы. Артур Буевіч разводзіў рукамі — што паробіш! Разгневанасць ангельца разумелася і без тлумачэнняў — позна. Гэта ж так затрымацца! Уночы ехаць па такой дарозе немагчыма, давядзецца начаваць. Але дзе начаваць сярод балота?

Падарожныя сталі раіцца, што рабіць. Намерыліся праехаць колькі вёрст, каб дабрацца да Лэйбы.

— Who is Leyba? — пацікавіўся ангелец.

— Карчму трымае на распутку. Гэта каля Рухчы, — адказаў Буевіч па-ангельску. — Там і заначуем… Раніцай як выедзем, да Манкевічаў рукой будзе падаць.

Калі ангелец і паненка пайшлі да ландары, Артур даў каманду выцягнуць схаваную скрыню.

— Чыя скрыня? — спытаўся Стасік. — Не ангельская?

— Вядома, не… — адказаў Артур.

— Хіба тады Ўрбановіча?

— Навошта табе ведаць? — раззлаваўся Артур. — Вязіце скрыню на Стахавецкую грэблю. Да старога млына. Схавайце пакуль там.

— У гэтай скрыні — тэлескоп, а ў той скрыні? — не ўцярпеў і Ясь Кавалец.

— Табе важна, Ясю? — паглядзеў на яго Буевіч. — Ляпнеш каму і падвядзеш нас… мяне пад такі манастыр…

— Каго — вас? — спытаўся на гэты раз Бароўскі. — Увогуле, спадар Артур, ты… вы яшчэ ў Пінску маніліся расказаць тое-сёе пра палітыку…

— Маніўся — дык і раскажу, — адказаў Буевіч-старэйшы. — Бачу, без тлумачэнняў не абысціся… — Ён уздыхнуў. — Слухайце. Спачатку вазьму з вас клятву, што нікому ніколі, ні пры якіх абставінах не раскажаце тое, пра што даведаецеся…

Юнакі маўчалі.

— Ну? — павысіў голас Артур.

— Клянёмся, клянёмся, — бязладна, на розныя галасы пакляліся хлопцы.

Буевіч-старэйшы сабраў іх у гурток, галава да галавы, абняў і стаў шаптаць.

3. Сякія-такія здагадкі

Артур пайшоў паперадзе ландары. Часам на поўню наплывала хмара, і тады рабілася так цёмна, што хоць на ваўка садзіся. Вазок цягнуўся за ландарай, хлопцы ішлі абапал вазка, бо конік за дзень даўся і ўжо толькі рабіў выгляд, што ён усё яшчэ жвавы.

Ішлі некаторы час моўчкі. Усё, што здарылася — жандарскі вобыск, і клятва, і нашаптаныя словы Буевіча-старэйшага, ляжала на душы невыразнай, не зусім асэнсаванай радасцю, урачыстасцю далучэння да нечага грандыёзнага, сапраўднага. Першым не вытрымаў нематы Стасік.

— Выходзіць, — сказаў ён, — мы ўдзельнікі інсурэкцыі?!

— Мо і так, — вяла адазваўся Людовік. — Толькі ты не кажы гэтак. Сказана — канспірацыя! Ніц не кажы, праўда, Ясю?

Кавалец прамаўчаў.

— Арыштуюць, не? — спытаўся Стасік.

— Каб нам паваротку на млын не прамінуць, — пераіначыў тэму Людовік. — Ясь, ты як паляўнічы, добра ў цемнаце бачыш, то ўзірайся.

— Яе не прамінеш… — адгукнуўся Кавалец. — Там пясок, з балота калі выедзем. Праваждаліся з трубой гэтай. Каб не жандары, дома даўно поліўку сёрбалі…

— Дык арыштуюць?! — нецярпліва, ні да каго не звяртаючыся, спытаў Буевіч-малодшы.

— Каго? — здзівіўся Бароўскі.

— Ежы Ўрбановіча… Праз кулі?

— Якія гэта кулі? — абурыўся Людовік. — Урбановіч пра сваё дбае. Яму да непадлегласці краю, не пры Ясю будзе сказана…

Поделиться с друзьями: