Літоўскі воўк
Шрифт:
— Кажы, кажы, — падбадзёрыў Кавалец Людовіка. — Аканом мне хоць і брат па матцы, але дужа запанеў… А як чалавек запанее, то гэта ўжо напалавіну чалавек… Чулі, што Артур казаў пра роўнасць? Няма дваран… Ён мне хоць і брат, але няроўня… А раз няроўня, то якое братэрства можа быць…
— Маеш рацыю, — уздыхнуў Людовік. — Ты яму як парабак. Грошы ён грабе лапатай. Гаспадарку трымае з розумам. Там рубель, там капейка… Цяпер мэблю з лазы, кажуць, пачалі гнуць… Такія крэслы выгібаюць — залюбуешся… У Маскве ды Варшаве нарасхват. Ідуць, быццам венскія.
— Калі што — адкупіцца, — разважаў услых Стасік. — Дасць куку ў руку гэтаму вусатаму афіцэрыку, жандару, а
— Ты бачыў хоць адзін? — спытаўся Кавалец.
Стасік прамаўчаў. Пайшла цвярдзейшая дарога, неўзабаве колы сталі грузнуць у пяску. Конік ледзь перастаўляў ногі. Ландары не было відаць — ад'ехала далёка наперад.
Пацягнула туманам, сыромляй, і хутка сярод хмызняку паказалася рака ў нізкіх берагах. На яе паверхні затанцаваў адбітак поўні.
— Тут зварочваць, Людовік? — спытаў Ясь і без адказу пацягнуў лейчыну на сябе.
Выехалі на парытую бабрамі грэблю, і неўзабаве конь стаў як укапаны.
— Давядзецца несці, — сказаў Ясь, палазіўшы перад канём. — Тут прамывіна нейкая…
Знялі скрыню з вазка і панеслі ў канец грэблі, дзе віднелася будыніна з чорнай дзіркай праламанага даху. Гэта і быў млын.
— Я не засну, калі не даведаюся, што ў гэтай скрыні, — прамармытаў Стасік, цягнучы скрынку. — Жаба есць ад цікаўнасці.
— Ты брату не верыш? Сказаў, што там…
— Калі на свае вочы не ўбачу, не паверу. Арцік можа выдумаць, ого-го!
— Гэта ты пра сябе?
Але цікавасць брала верх. Намыслілі паглядзець, што ж у скрынцы. Доўга важдаліся, каб падняць вечка. Ясь завіхаўся з сякерай. Урэшце вечка паддалося. Памацалі, бо ў млыне было цёмна, змрочна — у скрыні роўненькімі радамі ляжалі цяжкія, вайсковага ўзору стрэльбы. Узялі па адной, вынеслі на месяц.
— Ангельскія штуцэры… — вызначыў Бароўскі. — Яшчэ змазаныя. Пэўна — проста з факторыі. Ангельцу не хапіла б ніякіх фунтаў адкупіцца, каб жандары трасянулі гэтую скрыню.
— Ангельцу? — здзіўлена шапнуў Стасік.
— А то не. Ды і які ён ангелец? Ён такі ангелец, як я… іракез. Ты чуў, як ён «р» гаворыць?
— Таксама мне знаток ангельскай мовы, — не згаджаўся Стасік. — Маўчаў бы лепей — гэта ангелец чыстай вады. Я на ўласныя вочы бачыў ягоны пашпарт. Ён Фогелю, капітану, паказваў.
— Такіх пашпартоў я табе надрукую на ўсю губерню. Кожнаму сабаку.
Адзін Кавалец маўчаў. Скрынка вайсковай зброі азначала адно — закалат. А разам з ім — страшэнную небяспеку. З жандарамі, колькі іх там ёсць, яшчэ можна справіцца, але цар нашле сюды такое войска, што стануць у лесе каля кожнай бярэзіны. Ён бачыў Маскву і ўяўляў, якая колькасць людзей у расейцаў можа быць. А гэта страшна, калі каля кожнай сасны ў бары, каля кожнага куста паставяць аднаго ўзброенага маскаля. Кавалец адчуваў сябе ўтульна, бяспечна толькі ў лесе, калі яго ніхто не бачыў і ён ведаў, што яго ніхто не бачыць.
Гімназісты таксама думалі кожны пра сваё. Людовік меркаваў, што ў краі рыхтуецца без іхняга, моладзі, юнакоў, ведама нешта надзвычайнае. Цяпер яны, хлопцы, зрабіліся саўдзельнымі гэтаму надзвычайнаму. Стасік падлічваў, якіх грошай можа каштаваць скрынка зброі і адкуль такія грошы ў брата. У кожнага ў вушах стаялі апошнія словы Буевіча-старэйшага: «Эўропа нам паможа…»
4. Радаводнае дрэва
Поўня залівала нізкарослыя альховыя кусты бледна-зялёным, быццам
мёртвым, святлом, часам хавалася за хмаркі, і тады рабілася цёмна і страшна. Конік адчуў, што хутка будзе канец ягоным пакутам, і ступаў спрытней. І сапраўды, праз якую гадзіну забрахалі сабакі, з'явіліся шэрыя ў дасвецці стрэхі хат. Ясь свіснуў пугай, сабакі змоўклі, і неўзабаве, праехаўшы невялікую вёску, вазок уехаў на гаспадарчы двор маёнтка памешчыка Буевіча, Стасевага бацькі.У двары звыклы беспарадак — там і там стаялі вазы з паднятымі аглоблямі, паўсюль шапацела пад нагамі салома, шмыгалі туды-сюды шматлікія каты і сабакі, цяжка ўздыхалі валы, якія ляжалі каля выдзеўбанага з дрэва карыта.
Людовік злез з вазка яшчэ ў вёсцы, пайшоў пешкі дахаты — маёнтачак Бароўскіх за вярсты чатыры. Змораны Стасік, не развітваючыся, — вядома, нацягаўся цяжкай скрыні, — пайшоў у дом, недзе ў свой пакой, падрыхтаваны да ягонага прыезду.
Кавалец пахадзіў па двары, паслухаў, як жавалі жуйку валы. Вось у доме запалілася святло, пачуліся галасы. Але ніхто не выйшаў, не паклікаў яго, Яся Кавальца, ні павячэраць, ні спаць.
Поўня схавалася за кучавыя воблакі, зазвінелі камары — навалакала на дождж.
Ясь крыўдзіцца не стаў. Што з таго, што гаспадар маёнтка — пан Буевіч — ягоны дзядзька? Адпаведна — Ясева маці стрыечная сястра пана Буевіча. Ейнай доляй было з шляхты выйсці замуж за мужыка. Вядома, страціла шляхецтва. Буевіч абяцаўся ўсынавіць Яся, каб карыстаўся прывілеямі шляхетнага стану. А ці патрэбны яму, Ясю, тыя прывілеі? Гэта ягонаму зводнаму брату, матчынаму сыну ад першага шлюбу, цяперашняму манкевіцкаму аканому, тыя прывілеі вой як прыгадзіліся. Яго ўсынавіў колішні муж пані Цэцылі, цяпер ужо нябожчык — пан Урбановіч. Усынавіў, прозвішча даў, царства яму нябеснае…
Ежы вучыўся, калі з'явіўся на свет Ясік. Ежы стаў служыць, выслужыўся, змог ад самога менскага губернатара дамагчыся пасады распарадчыка казённай эканоміі. Ежы хацеў дапамагаць Ясю, калі той згодзіцца, каб яго ўсынавіў пан Буевіч, але Ясь не хацеў і слухаць, што стане яшчэ нечым сынам — ён сын Кавальца, мешчанчука, нядаўняга селяніна, і ўсё тут. Не адварочвацца ж ад роднага бацькі!
Калі ў доме пагасла святло, дастаў з заўсёднай паляўнічай кайстры падсохлую лусту хлеба, умалоў, папіў са студні вады, якая патыхала балотам, нацягаў у вазок саломы, зашыўся нагамі, накрыўся сурдутам. У вазку звыклей, прасцей. Зрэшты, пасцелю ў маёнтку Буевічаў яму зроду не прапаноўвалі.
5. Буяны пан
Раніцай Ясь прачнуўся ад уладнага воклічу:
— Гэй, Цімох! Дзе людзі?
Ясь высунуў галаву з-пад сурдута. Даўно развідняла, сонца паспела добра абсушыць расу. Валы пайшлі на пашу, дваровыя сноўдаліся паміж крывабокіх свірнаў.
— Цімох, дурная твая галава, дзе людзі?
Крычаў сам пан Буевіч. Ён стаяў на ганку дома, жываглядна раскудлачаны, у малінавым атласным халаце, у турэцкай фесцы. Пан панам.
— Чаму людзі не прыйшлі? — зноў равянуў гаспадар маёнтка.
З-пад свірна — спаў там — паказаўся Цімох, якога Буевіч нядаўна прызначыў за распарадчыка. Аканома ў Буевіча не было — чым аканомстваваць, калі гаспадарка зводзілася. Уласна, гаспадар з Цімоха ніякі — стрэльбачку любіў, а разам з ёй і чарачку. Ніхто не ведаў, за якія заслугі валацуга Цімох абласканы панам. Падазравалі нават, што гэты прайдзісвет ці не ачмуціў гаспадара.
— Каму казаў склікаць сялян? — пагрозліва спытаўся Буевіч. — Дзе людзі?