Літоўскі воўк
Шрифт:
Жандар разгарнуў пашпарт, прысвіснуў:
— Гм, пашпарт падданага яе вялікасці каралевы Вялікабрытаніі. Ніколі ў руках не трымаў… Так, так… Гандлёвы агент кампаніі «Усямірная сельскагаспадарчая выстава» Джон Лобстэр. Сэр, прашу вашы рэчы да агляду…
Ангелец закапыліў ніжнюю губу і адмоўна пахітаў галавой, даючы знак, што не разумее.
Стасік ад цікаўнасці аж рот раскрыў. Вобыск!
— Гм, гм. У Варшаве, панове, неспакойна… — уздыхнуў жандар, каб патлумачыць свае дзеянні.
— Ну і што, спадар афіцэр? — сказаў Буевіч-старэйшы. — То Варшава, а тут… Ці
— Гм, прашу паперы, — звярнуўся і да яго жандар. — Гм, так-так, — памыркаў ён, пазіраючы ў дакументы.
Усе адзначылі, што ледзь не кожную фразу капітан пачынаў з гмыкання.
— Гм, ці не тутэйшага памешчыка Буевіча вы сваяк? — паглядзеў ён на Буевіча-старэйшага.
— Сваяк, — весела адказаў Буевіч, — найроднейшы сын. А гэты гімназіст, — паказаў на Стасіка, — другі сын, малодшы. Закрый, браточак, рот, зубы выпадуць.
Стасік ад злосці аж клацнуў зубамі, сашчэмліваючы сківіцы.
— Гм, бачу, што малодшы, — сказаў з іроніяй жандар. — Адкуль васпан едзе?
— Адкуль? З Пецярбурга. Скончыў медыка-хірургічную акадэмію, маю прызначэнне на палкавога лекара. У Закаўказзе, спадар афіцэр. Вось гэтая папера… Пакуль на службу, хачу пабачыцца з бацькам.
— Чые гэта рэчы? Вы, пане Буевіч, суправаджаеце груз? А гэта хто? — сыпаў пытаннямі жандар, паказваючы вачамі на паненку.
— Наколькі мне вядома, рэчы належаць пану Ўрбановічу.
— Урбановічу? — перапытаў жандар. — Прашу карэту да агляду.
— А вы маеце права? — роблена здзівіўся Артур.
— Прашу мне не ўказваць мае правы, — абрэзаў яго афіцэр. — Гм, звычайная праверка не павінна вас турбаваць.
Буевіч-старэйшы адышоўся да Стасіка.
— Растлумачце містэру… — больш лагодна сказаў жандар і зірнуў у паперыну: — Містэру Лобстэру, каб дазволіў паглядзець і ягоныя рэчы. Ведаеце, мая ангельская з часоў гімназіі, выбачайце, пакрылася пылам…
— Ну, замежнікаў абшукваць, гэта, выбачайце… — развёў рукамі Буевіч-старэйшы.
— А чаго вы, пане Буевіч, лезеце не ў сваё дзела? — хітра зірнуў жандар. — А раптам у гэтых куфэрках зброя?
Буевіч сказаў некалькі словаў ангельцу па-ангельску. Падданы яе вялікасці каралевы Вялікабрытаніі яшчэ больш насупіўся, адвязаў клетку з індыком, паставіў яе каля ног, залажыў руку за руку. Жандары пачалі тузаць рамяні, якімі былі прывязаны дарожныя куфэркі.
У гэты момант, зусім нечакана, Стасік пачуў шэпт брата:
— Вярніся і скажы хлопцам, каб утапілі ў твань цяжэйшую скрынку.
Стасік агаломшана зірнуў на Артура.
— Мілы браточак, — не мяняючыся ў твары, працадзіў скрозь зубы Артур, — здымі з твару ідыёцкую міну і рабі тое, што я сказаў…
5. Жаноцкія таямніцы-драбніцы
Жандары ператрэслі куфэркі, прывязаныя да запятак карэты. Іх нічога не зацікавіла. Расчынілі саму карэту. Паненка пасунулася наперад, каб выйсці з карэты, адхінула фрэндзлі заслоны, паглядзела ўніз, куды ёй можна ступіць. Да яе жвава падскочыў жандарскі капітан
з выстаўленай рукой, але жанчына пашукала вачамі ангельца, той няспешна падышоў, яна абаперлася на ягоную руку і апынулася зне карэты. Ад няёмкасці капітан стаў пашчыпваць свае раўнютка падстрыжаныя вусікі.Правяральшчыкі зазірнулі ў карэту, выцягнулі з яе невялікі дарожны куфэрак, папрасілі адкрыць яго. Ангелец шчоўкнуў ключыкам, падняў вечка. Сярэдзіна абшыта зялёным сукном. У гнёздах стаялі бутэлькі, віднеліся прышпіленыя лыжкі, відэльцы…
Жандарскі афіцэр гмыкнуў, чым прачысціў горла, загадаў рабіць вобыск далей. Ангелец тым часам зрабіў знак фурману, які быў і за лёкая, і той хуценька перацягнуў куфэрак на невялікую палянку ўзбоч дарогі, распрастаў на траве абрус, вылажыў шынку, хлеб. З бутэлькі ангелец наліў у сярэбраную чарачку паненцы, сабе, нешта сказаў Буевічу.
Буевіч гасцінна махнуў рукой, звяртаючыся да афіцэра:
— Прашу пана…
Жандар павесялеў. Ром забулькатаў у чарачку.
— Гм, здароўе паноў, — сказаў жандар, перакуліў чарку, пасмакаваў у роце, глынуў. — Я думаю, — жандар прадыхнуў, — што тут не павінна быць крыўды за ператрус. Прыйшла дэпеша — пад Рэйтанавам затрымалі чалавека з падрыўной літаратурай. Герцэн і ўсялякае такое. Вы разумееце, што гэта значыць? А ром харошы. З водарам.
Жандар панюхаў пустую чарачку. Яму налілі яшчэ.
Буевіч прапанаваў:
— Падмацуйцеся, спадар афіцэр, ангелец просіць…
Жандар не стаў грэбаваць. Пэўна, выгаладаўся.
— Дык што, ангелец па-расейску ні бум-бум? — спытаў ён і далікатна ўзяў нейкі крэкер.
— Ні слова, — адказаў Буевіч.
— Гм, навучыцца, — сказаў, пражоўваючы, жандар. — Пацягнула ж яго ў такі час у дарогу.
— Які час, пане капітан?
— Ну… з палякамі, — адказаў жандар. — Але і твар у яго, у гэтага вашага ангельца, — паказаў ён на замежніка. — Нахаба. Быццам мы — не людзі.
— Ды ну, пане афіцэр, — здзівіўся Буевіч, паглядзеў на ангельца.
Той таксама паглядзеў на жандара і на Буевіча. Глядзеў і не міргаў нават.
— Гэта ж тыповая ангельская, выбачайце, морда, — сказаў Буевіч. — Яны толькі авёс, выбачайце, спажываюць… Слухайце, спадар афіцэр. Вось мой сакваяж з правізіяй. Давайце падсілкуемся па-сапраўднаму. У мяне і фляжка ёсць з цудоўным напіткам. Гэта, канечне, не ром, але рэч выдатная…
— Паглядзіце, майце ласку, вось гэтае апісанне, — сказаў жандар, прымаючы наступную поўненькую чарачку і падаючы Артуру складзены ў чатыры столкі ліст паперы. — Параўнайце апісанне з фізіяй гэтага аматара аўса.
Буевіч пачытаў, пажаваў вуснамі, скрывіўся.
— Абсалютна выпадковае супадзенне, — сказаў ён.
— Э, не, — пахітаў галавой жандар. — Не выпадковае. Я, выбачайце, хадзіў у свой час на публічныя лекцыі… Ведаем, што англы — арыйцы, індаэўрапейцы. Славяне — таксама… Чаму б, выбачайце за грубасць, мордамі не быць падобнымі?
— А гэта хто? — Буевіч падняў паперку.
— Крымінальны злачынец. Крымінальнік… Абрабавалі паштовы абоз.
Буевіч неадабральна пахітаў галавой, аддаў паперыну, наліў чарачкі.