Літоўскі воўк
Шрифт:
— Хто? — усклікнула Аксана.
— Я загадаў ім пакуль на вочы табе не паказвацца, — спакойна, цалкам валодаючы сабой, гаварыў аканом.
— Але чаму? — з нецярпеннем выкрыкнула Аксана. — Хто вярнуўся? Дзе яны…
— Бачыш, любачка, яны не сюды прыйшлі, а ў лесе сядзелі. Гневу баяліся і твайго, і майго. Раз я іх выпраўляў: даў зброю, адзеў, абуў, торбу наладаваў з харчамі, дык і адказ павінны даць. Яны, мусіць, даўно вярнуліся, але знаку не паказвалі. Ім жонкі ў лес паесці насілі. Пакуль Мондрык не заўважыў…
— А цяпер яны дзе? Калі ласка, прывядзі каторага сюды…
— Яны расказваць
— Што ж здарылася? Бітва была?
— Ну, скажам, не бітва, сутычка. З невялікім урадавым войскам.
— Яны… цэлыя?
— Не хвалюйся, любачка. Усё ў парадку. А то аж збялела. — Аканома аж перасмыкнула, калі ўбачыў, як Аксанін твар змяніўся ў колеры.
Ну не магла ж яна пабялець толькі ад «любові да радзімы». Пэўна, яе сэрца ўсё-ткі акруціў нехта. Калі не Артур, то нейкі агламэзднік з гэтых інсургентаў. Толькі вось бяда, невядома хто. Чаму яна так перажывае? Што ёй тая Літва, што ёй тая Беларусь?
— Не думай, любачка, не перажывай.
— Як так? — ускрыкнула Аксана. — А Артур? А Бароўскі? Што з імі?
«Вось, вось, — непрыемна казытнула ўсярэдзіне. — Зноў Артур. Нават не сароміцца адкрыта вымаўляць гэтае імя… Бароўскага дзеля прымітыўнага прыліку спамінае…»
Жонка падазрона зіркнула на яго.
— А вы… З імі гаварылі?
— Любачка, гаварыў. З конюхам нашым, да прыкладу.
— З Хведасам? Хведас вярнуўся?
— Папёр яго нячысцік у такую звадку, браты маладзейшыя звялі. Пытаюся, чаму ж ты маўчыш, расскажы, як яно там. Ён і кажа, паўстанне, кажа, як паўстанне, і адмахнуўся.
— Даўно ён дома?
— З паўмесяца.
— Паўмесяца? І вы, ты… маўчалі дагэтуль?
— А пра што расказваць? Як уцёк ад расейцаў пасля першага стрэлу?
Аксана абхапіла твар рукамі.
— Дзе ён? — выкрыкнула яна. — Дзе гэты баязлівец?
— Мо тут, па хатах, дзе служба жыве, туляецца, а мо дзе ў лесе…
Аксана ўжо выскачыла з афіцыны. Клікнула Ганну, і пабеглі па службах у пошуках конюха. У адной з хатаў, уласна, на той палавіне, дзе жыў Хведас з жонкай і трыма дзеткамі, было расчынена акно — не паспелі зачыніць. Хведас уцёк, выскачыў праз акно. Каб не паказвацца на вочы суровай гаспадыні. Відаць, адчуваў за сабой нейкую віну.
Тады Аксана і Ганна пабеглі разам праз парк да мястэчка. Сталі хадзіць па тых дамах, гаспадары якіх ці хто з сям'і ўдзельнічалі ў інсурэкцыі. І ўбачылі некаторых з іх. Маўклівыя, негаваркія, яны хавалі вочы і на ўсе роспыты адгаворваліся, што нічога не ведаюць. На пытанне, што з атрадам, крыва пасміхаліся. Пра Стасіка толькі расказалі — заснуў і боты спаліў пры агні, ваяка. Таму новыя спатрэбіліся.
7. Роспыты пана Бароўскага
Уражаная, Аксана некалькі дзён не выходзіла з пакоя. Аканом баяўся, каб не прычапілася да жонкі якая хвароба.
У нядзелю яшчэ адну навіну прынёс стары Бароўскі, які часам прыходзіў памузіцыраваць. Праўда, і ён пра тое, што сын вярнуўся, сказаў не адразу. Шапнуў аканому. Той, зразумела, адразу кінуўся ў роспыты. І трэба было Ганне пачуць. Тут жа далажыла Аксане. Аксана выйшла да госця, прывіталася, села ў фатэль.
Выглядала кепскавата: бледная, прычасаная прыхапкам. Вочы свяціліся рашучасцю і трывогай. І гэта зноў непрыемна ўразіла Ўрбановіча. Так нецярпліва чакаць навін можна толькі вядома ад каго.Бароўскі піў каву, расказваў пра свае гаспадарчыя клопаты, пра літаратуру. Потым узяўся расказваць пра птушак. Ну, цяпер, калі пан Бароўскі сядзе на ўлюбёнага коніка, не злезе, пакуль яго не спыніць. Таму Аксана спыталася:
— Чаму вы нічога не гаворыце пра Людовіка? Вы што, не бачыце, што са мной творыцца?
— А што, уласна, здарылася? — роблена здзівіўся Бароўскі.
— Ваш сын вярнуўся?
— Так, вярнуўся, — згадзіўся Бароўскі, быццам сын кожны месяц сыходзіў на смяротны бой і вяртаўся назад як ні ў чым не бывала. Як казачны герой. — Вярнуўся, і што з гэтага? — паўтарыў Бароўскі.
— Раскажыце, раскажыце, калі ласка, як яны там… Мы ж так чакалі іх… Ці хоць… цэлы ён? Як яны змагаліся?
— Ён-то цэлы… Хіба што старая хвароба разгулялася… — неахвотна стаў расказваць Бароўскі. Ён пазіркваў на гаспадара, урэшце адважыўся: — Усё адбылося так, як я і казаў. Маскалі далі залп, і нашыя хвалёныя інсургенты паўцякалі хто куды.
— Няўжо так і было? — усклікнула Аксана.
— А як яно іначай магло быць? — уступіў у размову аканом. — Няўжо табе, сэрцайка, хочацца разні, крыві, трупаў? Нейкія нялюдскія, звярыныя інстынкты ў цябе, любачка, выбачай, абуджаюцца…
— А воля, а незалежнасць? Няўжо марам нашага народа аб вяртанні да цывілізаванага, эўрапейскага шляху развіцця не дадзена ажыццявіцца?
Пан Урбановіч і пан Бароўскі перазірнуліся.
— Урэшце, як павятовы камісар я маю права на справаздачу, — суха сказала Аксана.
Твар аканома перакрывіла.
— Забудзь, ясачка, ты гэтыя словы… — прашаптаў ён. — Паслухай, што раскажа васпан Бароўскі, ды выкінь усё гэта з галавы. І каб ніхто не ўспамінаў нават, што ў нас тут было нейкае камісарства.
Бароўскі ціха, нягучна, гледзячы на вокны, пачаў расказваць:
— Нашыя не паспелі далучыцца да баяздольнага атрада паўстанцаў. Расейцы зграмаздзілі нечуваныя сілы. Цэлы вайсковы корпус падышоў з боку Менска. Тысячы вайсковых падвод, артылерыя, уланы, драгуны, некалькі тысяч пяхоты. Страшна ўявіць гэткую процьму войскаў.
— Я вам не веру, — з апушчанымі вачыма прамовіла Аксана. — Я еду да Людовіка.
У голасе Аксаны было гэтулькі рашучасці, што аканом не стаў пярэчыць. Зрэшты, у тым, што жонка з'ездзіць да Людовіка, быў і свой разлік. Няхай пачуе на ўласныя вушы, што мары не заўсёды стыкуюцца з жыццём, з жорсткімі рэаліямі, з явай.
Раздзел XVI. Акцыі і контракцыі
1. Міраж
Пані Бароўская спачатку зусім не хацела пускаць Аксану да сына нават на адну хвіліну.
— Не чапалі б вы яго. Начамі плача ў падушку, — тлумачыла сваю строгасць.
— Мілая васпані, — у сваю чаргу тлумачыла Аксана, — і я сама не свая… Дазвольце толькі прывітацца.
Старая пані не стала пярэчыць, вытурваць аканомаву жонку.