Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Літоўскі воўк

Наварыч Алесь

Шрифт:

— Крыху ёсць, — сумеўся юнак. — Гэтага дабра па лесе хапае.

— Дык ты збіраеш? А потым перадаеш мяцежнікам?

— Не, пане, што вы, — шчыра сказаў Ясь. — Я ў панскія гульні не гуляю.

У гэты час здарылася наступнае. Нечакана каля мосціка з'явіўся Інсургент. Быў недзе прапаў, а тут прыбег, падстаўляўся на вочы. Ясь глянуў на яго. Божачкі, малады воўк трымаў у пашчы… кацяня. Прыдушанае, яно яшчэ варушылася. Воўк з шчырым, даверлівым выглядам падаваў Ясю здабычу, чакаючы адабрэння, чакаючы, што яго пахваляць.

Марыся ўбачыла кацяня, закрычала:

— О, які жах! Гэта маё любімае!

Ясь вынуў з пашчы ваўка кацянё, пахукаў на яго, яно слаба піскнула. Фогель хацеў выцяць

нагой ваўка, але Інсургент адскочыў. Тады жандар выхапіў з кабуры рэвальвер, узвёў курок, наставіў на Інсургента. Той прыціснуў вушы, адчайна скокнуў убок. Бахнуў стрэл! Інсургент скавытнуў, кінуўся праз равок прэч. Марыся пляснула рукамі і закрыла імі твар. Жандар хацеў стрэльнуць яшчэ раз, але Ясь падскочыў, тузануў яго за руку.

— Пане жандару, не чапайце. Гэта ж воўк, каты ў яго — хвароба…

— Хвароба? Якая дрэнь! — закрычаў Фогель. — Душыцель, драпежнік. Дажывешся, людзей пачне душыць… Адпусці руку, каму кажу! Не дакранайся да мяне…

— Паночку, не страляйце… Я з ім у лес, у лес пайду…

— Адыдзіся, кажу, — крычаў раз'юшаны Фогель.

Ясь адышоўся, збялелы, пакрыўджаны. Марыся, прыціскаючы прыдушанае кацянё да грудзей, пабегла дахаты.

— Ідзі адсюль, — пагрозліва прабурчэў жандар на Яся. — Ідзі, і каб больш я цябе тут не бачыў…

Фогель ненавідзеў у гэты момант самога сябе, што ўсё тут так здарылася. Ехаў сустрэцца з дзяўчынай, пагаварыць, неяк зачапіцца. І вось такое здарылася. Прыперла гэтага смаркача, ды яшчэ з ваўком!

3. Умець дараваць

Намер Яся падацца на Волхаўскія балоты губляў усялякі сэнс, бо належала шукаць Інсургента. Воўк пасля жандармавага стрэлу знік, і знік бясследна. Ясь абшукаў усё наваколле каля Налёткавай сядзібы, хадзіў усё шырэйшымі кругамі, баючыся натрапіць на ўтрупянелага чатырохлапага сябра. Потым шукаў па тых лясных сцежках, па якіх нядаўна блукалі разам з ваўком, клікаў, свістаў, нават браў вабу і падвываў, каб Інсургент адклікнуўся. Не, хмызнякі, чараты, дубнякі маўчалі.

Вяртаўся дахаты са спадзяваннем, што Інсургент, няхай паранены, падстрэлены, ужо вярнуўся, ляжыць у сваёй бочцы. Прыходзіў, зазіраў у бочку, але бочка была пустой.

Ноччу хлопец чуў, як нешта скрэблася ў сцены, мроілася сумнае скавытанне…

Аднойчы пані аканомава перадала, што хоча бачыцца з ім. Прыйшоў. Сказала, што ў маёнтку з птушніка прапаў улюбёнец пана Ўрбановіча — галандскі когут. Усе ўпэўненыя, што гэта — штукі ваўка. Пан аканом і Мондрык дзяжураць са стрэльбамі і сабакамі, мерацца застрэліць Інсургента.

Ясь не падаў выгляду, што абрадаваўся. Значыць, жывы, значыць, жандарава куля не дастала Інсургента.

— Уночы бегае вакол маёнтка, вые, скуголіць, просіцца да мяне. Адчувае, што яго могуць застрэліць… Забраў бы ты яго неяк, га?

— І што я з ім буду рабіць? — праказаў Ясь. — Ён — звер.

— Так, ён вырас, звярынае ў ім прачнулася. Але… — Аксана ўзрушана прыціснула рукі да грудзей. — Пазаўчора, калі месяц узышоў, прыбег пад самае акно, шкробся… Тут сабакі ляцяць, гляджу, а ён вялікі, і не баіцца сабак, спакойна гэтак уразвалачку патрусіў. Сабакі нават не гаўкаюць. Баялася, што муж яго застрэліць. Добра, што не прачнуўся гэтай ночы. Падыдзі вечарам, ён абавязкова прыбяжыць. Такое ўражанне, што гэта ніякі не воўк, а проста сабака.

Тым жа вечарам Аксана каля старых муроў падманіла Інсургента, начапіла на яго нашыйнік і спрабавала перадаць Ясю. Звер заўпіраўся, вырваўся з Аксаніных рук, адбегся. Памяць ягоная запомніла і дабро, і зло. Не хацеў скарыцца Ясю, не мог дараваць стрэл жандара.

— Інсургент, — злосна прашаптала аканомава, —

ідзі да яго, — паказала на Яся. — Ён твой гаспадар. Ідзі…

Воўк апусціў галаву, нерашуча ступіў крок.

— Ідзі, ідзі, — ласкавей праказала Аксана.

Воўк стаў падыходзіць. І ўрэшце ўткнуўся мордай Ясю ў ступакі. У Яся быццам камень з сэрца зляцеў. Потым, днём, пры святле, Ясь агледзеў ваўка. Раны ад кулі, пушчанай з жандаравага рэвальвера, не было. Але вось пярэпалах застаўся.

— Ну, Інсургент, — уздыхнуў Ясь, — давядзецца нам зрабіцца запраўскімі звераловамі, як пішацца ў адной кніжцы, будзем тутэйшымі чырванаскурымі, як у Фенімора Купера. Эх, шкада, што ты не чытаеш… Умееш жа дараваць. Тут не кожны чалавек можа прабачыць, забыць крыўду…

4. Зноў інсурэкцыя?

Праз вёску ляцеў коннік: у высокіх ботах, з шабляй пры баку, на галаве ківер са зламаным плюмажам, пад локцем штандар невядомага войска…

Ляцеў і крычаў:

— Інсурэкцыя! Інсурэкцыя! Матко Ойчызна! За правы, за волю, людзі, — на інсурэкцыю!

Сяляне пазіралі ў акенцы, хрысціліся і шапталіся:

— А Божухна! Зноў старога Буевіча чэрці забралі.

Напраўду, гэта быў бацька забранага Артура Буевіча, пан Купрыян Буевіч. Адбыўся ў ягонай галаве зрух пасля таго, як сына забралі жандары. Спачатку Буевіч фанабэрыўся, памчаўся аж у губерню, да губернатара, а яго нават не пусцілі на парог там, у тым Менску, да ягонага сіяцельства. Пагражаў ехаць на Вільню, да самога Мураўёва, але прапіўся ў нейкай ракаўскай карчме. Мусіў вярнуцца. Добрыя людзі падказалі, што можна адкупіцца. Нават сказалі, колькі пойдзе на гэта грошай. Ды дзе Буевіч возьме тыя грошы, калі панава гаспадарка двойчы ці тройчы закладзеная. Хадзіў, казалі, да манкевіцкага аканома, а той не даў ні гроша. Буевіч, як звыкла, зачаркаваўся з горам-бядою, вось і стаў губляць апошнія глузды. Хапаўся за зброю, садзіўся на каня, аблётваў вёску з канца ў канец, потым, знясілены, вяртаўся. Штандар валачыўся па зямлі, галава апушчана. Праўда, сялян не турбаваў, нікому ні ліха, ні якой крыўды не чыніў, як не робяць гэтага бяскрыўдныя, ціхія вар'яты.

Але ў той дзень убачылі сяляне, што нешта не тое з панам адбываецца. Перад тым як пан загалёкаў па вёсцы, заўважылі сяляне, што ад дома Буевіча ў розныя бакі конна і скараходна разбегліся ганцы: да Бароўскіх, да Пратасавіцкіх, на дальнія двары-хутары да аднадворцаў, якія былі і сваякі і прыяцелі Буевіча. Ці не задумаў што пан больш сур'ёзнае, чым проста гарладзёрнае бушаванне? І насамсправе інсурэкцыя якая, ці што? Мо надумаў наляцець збройна на мястэчка, выдзерці з лапаў жандараў свайго сына? Тут ужо трымайся, глядзі, каб не сталі склікаць і саміх сялян у хеўру.

Так яно і адбылося: Буевіч пачаў выклікаць сялян з хатаў і казаць ісці на фальварак. З сабой браць сякеры і косы.

Пад абед з'явіліся паны — ваколічная шляхта: бацька і сын Вярэнічы, пан Некрашэвіч з тузінам дваровых, браты Вабішчэвічы, браты Апанасовічы, усе Бароўскія — дзядзькі з пляменнікамі, пан Казлякоўскі, Пратасавіцкія, Квяткоўскія, Налётка… Прыбыў нават здаля адзін з апошніх Палюховічаў, стары дзед Магнусь.

Пад'ехалі да маёнтка Буевіча, спешыліся, стаялі, нечага чакалі. Раптам загудзела ці то дуда, ці то рог. Усе абярнуліся, доўга прыглядаліся, адкуль ідзе гук, а потым пачалі смяяцца. З-за павароту паказаўся гарбаты конь, стары, як шкілет. На кані, у праржавелай кірасе, сядзеў пан Шаламіцкі. Пану Шаламіцкаму было мо пад дзевяноста гадоў. Пачуў, што шляхта ідзе на вайну, таму, згодна звычаёваму праву, і ён вылез. За старым панам ехаў на коніку ягоны палясоўшчык Ахрэм і дудзеў у паляўнічы рог.

Поделиться с друзьями: