Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Літоўскі воўк

Наварыч Алесь

Шрифт:

2. Наўкол вінаваты

Ні ўтапіць, ні задавіць вяроўчынай ваўка Ясь, зразумела, і не збіраўся. Ці можна пазбаўляць жывую істоту жыцця? Тым больш такую даверлівую. Пасля таго як расказаў Буевічу пра тое, што здарылася, стары пан адразу ж загарэўся застрэліць Інсургента. Вінаватага знайшоў! Ясь даў ходу, а дома замкнуў ваўка ў пуні, каб нідзе не бегаў.

Прайшло некалькі дзён. Ні просьбы Аксаны і пана аканома, ні захады бацькі Буевіча, каб вызваліць сына, не дапамаглі. Стары

пан загуляў.

Артур тым часам сядзеў пад штыкамі расейскіх жаўнераў у камандзе ўнутранай аховы. За вязніцу быў усё той жа саляны склеп, толькі каля дзвярэй стаяла варта.

Урбановічы — і пан аканом, і Аксана, і нават старая цётка Ўрбановічыха, угаворвалі Фогеля. Нічога не выходзіла. Дабіліся толькі таго, што Фогель не спяшаўся адсылаць арыштанта ў Пінск, быццам вёў следства, допыты.

Ясь, каб нікому не мазоліць з ваўком вочы, хадзіў на балоты паляваць. Звычайна спачатку плыў на чоўне, потым скакаў з купіны на купіну, заходзіў у далёкія, глухія мясціны, дзе, здавалася, не ступала чалавечая нага. Качак тут было мора, і яны зусім не баяліся ні стрэлаў, ні выгляду чалавека. Хмарамі ўздымаліся, хмарамі і садзіліся назад. Гэта тыя, якія маглі лётаць. А колькі іх сядзела без пёраў па хмызах?! Якраз лінялі.

Інсургент, нібы адчуваючы за сабой віну, паказваў сябе спрытным і кемлівым памочнікам. Лепшай паляўнічай сабакі не прыдумаць! Нюх выключны, слых — пазайздросціць.

Як толькі Ясь ускідваў пістонаўку, воўк наструньваўся, каб кінуцца ў той бок, куды ён цэліў стрэльбай. Ведаў, што там абавязкова ў траве будзе акрываўленая здабыча. Праўда, Інсургент ніяк не мог прывыкнуць аддаваць качку цэлай — абавязкова адгрызаў галаву.

Аднойчы на сядзібе Кавальцоў з'явіўся стары Буевіч уласнаю персонай. Ён запатрабаваў аддаць яму Інсургента.

— Воўк здрадліва выдзер майго сына з воза гаршэчнікаў… Мушу паквітацца.

— Няма, пане Буевічу, — зманіў Ясь, адчуваючы, што ўсярэдзіне ўсё пахаладзела, бо Інсургент сядзеў з высалапленым ад гарачыні языком у бочцы ў пуні.

— Дзе ён? — глуха спытаўся пан.

— Я ж кажу, пане, няма, уцёк…

Буевіч цяжка злез з каня, прайшоўся па надворку.

— Цябе бачылі з ім на балотах. І не адзін раз. Ану адчыні пуню, — загадаў свайму чалавеку, які прыехаў з ім.

Пуню адчынілі. Буевіч зазірнуў усярэдзіну, пахадзіў па той пуні, убачыў бочку ў саломе, зазірнуў і ў бочку. Пастаяў, памацаў подсцілку, нечакана рэзка свіснуў. Цішыня.

— Твой воўк будзе застрэлены пры любых абставінах, — сказаў Буевіч, калі выйшаў з пуні. — Я з яго шкуру здзяру!

Убачыў старога Кавальца.

— Калі не выдасце мне ваўка, будзе яму кепска, — яшчэ больш глухім голасам прамовіў пан, тыцкаючы пальцам у Яся.

— Васпане, а пры чым тут Ясь?

— Навошта прыкарміў звера? Воўк і ёсць воўк…

— Злітуйцеся, паночку, — спалохана вымавіў стары Кавалец.

У бацьку накіпала злосць, але сварыцца з панам, тым болей з нейкім яшчэ сваяком не выпадала.

— Будзе так, як я сказаў, — прабурчэў Буевіч.

— Воля ваша, паночку. — Кавалец звыкла ўтупіў вочы ў зямлю.

— Га?! Паламайце граблі! Па лобе б'юцца… — невыразна прамармытаў Ясь.

І яго ятрыла несправядлівасць. Артур такую бучу ўскалаціў, мо і людзей забіваў, а тут вінаваты Інсургент. Крайняга знайшлі.

Пан рэзка абярнуўся.

— Што ты сказаў?

— Гладкай,

пане, дарогі…

Буевіч чмыхнуў, тузануў каня. Чалавек дапамог узлезці яму ў сядло.

Як толькі пан паехаў, пайшлі шукаць Інсургента. Адчуваючы небяспеку, воўк пакінуў бочку і глыбока зашыўся ў салому. Ясь пагладзіў Інсургента па лбе.

— Ну, брат, уліплі мы з табой.

Юнак узяў паляўнічую кайстру, пашытую з ласінай шкуры, свае пістонаўку і крамзэлю — крамянёвую стрэльбу, набраў у кашэль хлеба, солі. Па ўсім было відаць, што сабраўся надалёка і надоўга.

— Ты куды, Ясю? — спалохана спытала маці.

— У свет. Далей ад людзей…

— Сынку… — падняла рукі маці. — У лесе поўна жаўнераў. Паўстанцаў шукаюць…

— Я не туды, — махнуў рукой Ясь у бок Калоднага. — Я… на Волхаўскія балоты…

— Глядзі толькі, каб не падстрэлілі і цябе, — прамовіў сваё слова стары Кавалец. — Пакажы, што ты ўзяў?

Ясь раскрыў кайстру. Бацька ўзяў шратоўню, зробленую з бараняга мяшэчка.

— Дзе кулі? Колькі ў цябе куляў?

— Усяго дзве, тата.

— Значыць, крамянёўку бярэш?

— Пістоны ненадзейныя, а я ў лес іду. З крамзэляй надзейней.

— Ты, Ясю, з бунтаўшчыкамі не звязвайся. Ну іх да халеры. Паловяць іх, як рудых мышэй. Яшчэ, сынку, у мяне да цябе просьба: перадай грошы Налёткавым. Збіраюць дачку ў Пецярбург.

У Яся соладка заныла сэрца. Падабаліся яму дзяўчаты аднадворца. Выбірай любую. А тут такая нагода сустрэцца. Асабліва панаравіў Марысю, старэйшую. Разумная, начытаная. Гэтулькі часопісаў прывезла з далёкай сталіцы.

Тое, што ўбачыў на сядзібе Налётак-Чарняўскіх, непрыемна ўразіла яго. Марыся стаяла на мосціку праз равок і нешта весела расказвала… жандарскаму капітану Фогелю.

«Фогель тут. Значыць, праўду людзі кажуць, што ён лёстачкі да яе падпускае… Вось гэта неспадзяванка…»

Ясь падышоў, прывітаўся. Фогель злёгку кіўнуў. Ясь перадаў Марысі ўвязаныя ў хустачку грошы. Дзяўчына ўзяла грошы, злёгку пачырванела. Пастаялі, пагаварылі. Ясь пажаліўся, што змушаны нейкі час жыць у лесе, бо пан Буевіч пагражаў застрэліць Інсургента. Гаварыў ён гэта з тым намерам, каб у будучым не выклікаць у жандарскага начальніка падазрэнняў.

— Навошта табе гэты воўк? — сказаў Фогель, узіраючыся ў Інсургента. — Гэта ж звер… Прагані яго.

— Загіне адзін, зацкуюць сабакамі.

— Выгадаваў на сваю галаву, — уздыхнула Марыся. — Колькі часу ты будзеш у лесе?

— Спадзяюся, ты не паспееш выйсці за каго-небудзь замуж! — пажартаваў юнак з намёкам у адрас Фогеля.

Той зразумеў, крыва пасміхнуўся.

— Замуж? — спачатку здзівілася Марыся. — Не збіраюся… — Потым таксама пажартавала: — Вось ты не ідзі ў лес ваўка пільнаваць, а бяры мяне замуж. Возьмеш?

Ясь збянтэжыўся:

— І вазьму… Але ж ты ў Пецярбург збіраешся.

Фогель, як пачуў гэтыя словы, трывожна зіркнуў на Марысю. Тут недзе пырхнуў конь. Павярнуліся, убачылі жандараў. Яны з'ехалі з дарогі, спыніліся каля маладых людзей, прывіталіся з дзяўчынай — паненка ўсё ж, а на Яся не звярнулі ўвагі.

Фогель жа нечакана глухім, нядобрым голасам сказаў:

— Прынясеш у мястэчка ўсю зброю, якую маеш…

— Прабачайце, васпане, — збянтэжыўся Ясь. — А есці што будзем?

— У цябе шмат стрэльбаў. Кажуць, нават і вайсковая ёсць…

Поделиться с друзьями: