Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Літоўскі воўк

Наварыч Алесь

Шрифт:

Як даць зразумець бацьку, каб той вывеў царскіх служкаў прэч?

Дзверы рыпнулі. Людовік азірнуўся — у калідорчык увайшла маці.

— Сыне, навошта табе пісталет?! — спалохана зашаптала яна, убачыўшы ў руцэ сына зброю.

— Ціха, матуля, дзеля Бога, ціха… — Людовік на мігах паказаў, што ворагі побач. — Шапні бацьку, каб вывеў іх з залі… Я пакуль схаваюся…

— Дзе ты, сыне, схаваешся?! — ледзь прытомна прашаптала маці.

— Знайду…

Спалоханая матка пастаяла хвіліну, падумала, зайшла ў залу.

— Прашу прабачэння, панове, — пачуў Людовік ейны голас. — Можна мужа на хвілечку?!

Двух ці трох словаў ёй хопіць, каб бацька зразумеў, што ад яго патрабуецца. Вось маці выйшла, кіўнула сыну, маўляў, перадала.

Людовік прыслухаўся да голасу бацькі.

— А на гарышчы, панове, у мяне жыве пячураўка-трашчотка. Яе яшчэ называюць цюкалка. Гэтым летам яна ўпершыню ў мяне адклала яйкі. Пазнавата, праўда. Панове, проша да лесвіцы…

Бацька свядома паказваў гарышча, вёў туды спраўніка і жандара, каб тыя пераканаліся, што на гарышчы нікога няма. Добра, татусь, добра. Тады можна будзе, як жандар і спраўнік выйдуць, пераседзець на гарышчы, нікуды не ўцякаць. Толькі каб пашэнціла.

— Давайце, панове, смялей, лесвіца моцная.

Ага, палезлі. Пэўна, у планы спраўніка і жандара акурат уваходзіла абшукаць і гарышча. Але як знайсці прычыну, каб туды залезці. А тут і галавы не трэба ламаць — гаспадар сам туды вядзе. Людовік пачуў, як над галавой затупалі, бацькаў голас зрабіўся прыглушаным. Цяпер бацька патрымае «гасцей» гэтулькі, што рады будуць уцячы адтуль.

3. На гарышчы

— Я не забаўлю вас, панове, — сказаў Бароўскі, калі спраўнік і Фогель апынуліся пад дахам. — Зазірніце сюды, у гняздзечка. Палюбуйцеся, калі ласка, як па белым тле пушчаны кравяна-чырвоныя, месцамі фіялетавыя плямкі. Гэта яйкі чарацянкі. Яна перасмешка. У ціхія цёплыя ночы другой палавіны чэрвеня і пачатку ліпеня, панове, калі змоўкнуць раскацістыя песні салаўя, панове, чуйнае вуха чалавека, што прывык прыслухоўвацца да галасоў прыроды, з любоўю спыніцца на гуках таямнічых спевакоў, што быццам сабраліся на начны канцэрт: то адна заспявае, то другая. А гэта, панове, усяго адна чарацяначка выспеўвае. Падрабляе слаўку-гаварунчыка, вялікую сініцу, зябліка. Усё ў адной чарацянцы-перасмешніку. Паглядзіце, панове, птушачка сціплая: зверху аліўкава-бураватая, знізу жаўтавата-белая. Мае светлыя палоскі над вачамі. Падобна на пеначак. Але ў іх, панове, выцягнутая ўперад галоўка і хвосцік кліночкам, панове. У пеначак хвост злёгку выразаны…

Спраўнік ні на птушак, ні на яйкі не глядзеў. Зазірнуў за стаякі комінаў, а жандарскі капітан рабіў выгляд, што ўважліва слухае.

— Я вас стаміў, прашу прабачэння, але проста вымушаны паказаць вам яшчэ адзін цуд прыроды. Згадзіцеся, што ў назове «лас-таў-ка» — сама пяшчота і любоў. У ім і сімпатыя і дабрыня, з якой адносіцца просты люд да гэтага мілага стварэння. Беларусы…

— Рускія… — хмура буркнуў Фогель.

— Няхай рускія, — ахвотна згадзіўся Бароўскі, — словам, тутэйшыя кажуць: хто раскідае гняздо ластаўкі, таго паб'е на рабацінне. Так бароняць гэта дзіця прыроды ад няўрымснікаў, якія могуць па неразуменню браць яйкі.

Пачуўся грукат, жандар, спраўнік і бацька злазілі з гарышча.

Бацька не спыняў сваёй мітуслівай гаворкі ні на секунду:

— Ластаўка, панове, любіць гнездаваць у хлявах, стайнях, прылепвае кубачкі гнёздаў да шчытоў, крокваў. Яна так лоўка прашмыгвае праз выбітую шыбу ў шчыце, праўда?

Ціха стукнулі дзверы. Жандар, спраўнік і бацька спыніліся ў калідорчыку. Тут, за шафай, прыкрыты скручаным у трубу старым дываном, сціскаў абедзвюма рукамі зараджаны пісталет Людовік.

— Ці ведаеце вы, панове, што нашая звычайная ліцвінская ластаўка… — пачуўся выразны голас бацькі.

— Руская, — упарта настойваў на сваім Фогель.

— …руская ластаўка, — паправіўся Бароўскі, — зімуе ў Цэнтральнай Афрыцы? Як гэта міла, што ластаўкі, якія жылі ўсё дзяцінства пад саламяным дахам якога-небудзь селяніна, зімавалі сярод чорных мурынаў? У вачах гэтых Божых стварэнняў ёсць, гэтак сказаць, адбіткі

жырафаў, сланоў, ільвоў… Не, панове, ідземце на вуліцу. Вы абавязкова павінны паглядзець на ластавак. Увогуле, панове, я сэнс жыцця ў птушках бачу, яны — маё замілаванне, аздоба сэрцу. Як можна жыць без радасці ў душы, панове?

Людовік у напружанні чакаў, калі спраўнік і жандар пойдуць. І тады адкрыецца шлях на гарышча. Першы страх перад прыхаднямі прайшоў. Цяпер Людовік цалкам валодаў сабой, ведаў, што яму рабіць, ацэньваў небяспечнасць свайго становішча. І страху за жыццё не было.

— Птушкі саграваюць душу, лагодзяць, паверце, нават суцішаюць у цяжкую часіну, — аж распінаўся бацька. — Жыць разам з імі лягчэй. Чаму, да прыкладу, садзяць злачынцаў у турмы? Каб не бачылі неба, травы, птушак…

«Бацька, бацька… — падумаў Людовік. — Колькі замілавання і радасці прыносяць табе гэтыя стварэнні. Не туды пульсуе, ляціць твая, тата, энергія. Пра людзей трэба дбаць, пра незалежнасць краю… А то прыйдзе час, і свае ж, тутэйшыя, выракуцца мовы, і кнігаўкі стануць «чибисами», зязюлі — «кукушками», крыжадзюбы — «клестами». А на плісак стануць казаць «трясогузки». Не рускія, не расейцы, а свае янычары зробяць так, каб ніхто і не ведаў, што за птушка гівал ці задзярыхвост, забудуць назвы — цыранка, свіслук, хахатва… А з таго, хто чайку назаве кірляй, стануць смяяцца».

Высока над домам, у густой вяршыні ясеня пяяла туркаўка. Пяяла яна сумна, надрыўна, што аж хацелася плакаць.

Людовік кончыкам пісталета выцер слязіну. Дзверы стукнулі: адны, другія… Пайшлі.

Людовік увайшоў у залю, прысеў, каб яго не заўважыў жаўнер з вуліцы, дайшоў наўскарачкі да лесвіцы. Вычакаў момант, калі жаўнер сышоў з акна — гэта было відаць па штыку ружжа, — узлез па прыступках лесвіцы на гарышча.

Палавіна справы зроблена, але толькі — палавіна. Цяпер дзейнічаць у залежнасці ад абставін: або сядзець як мыш пад венікам на гарышчы, або вылазіць праз слыхавое акенца, скакаць у сад і праз кусты парэчак спрабаваць прабівацца ў лес.

4. Крык ластаўкі

На вуліцы пан Бароўскі на хвіліну замёр, быццам нешта абдумваючы, потым дастаў насоўку, выцер мокры лоб і зноў пачаў расказваць:

— Гляньце, панове, на шчыт. Ластаўка клеіць гняздо з гліны, робіць яго як невялічкую дыньку, шарыкам, з дзіркай у якасці ўвахода. Гэта, панове, гарадская ластаўка.

Фогель і спраўнік недаверліва зірнулі на гаспадара-птушатніка. Арніталагічная лекцыя відавочна зацягвалася.

— Не дзівіцеся, панове. Гарадскім ластаўкам не абавязкова жыць у горадзе, у месце. Ім проста патрэбны сцены, кручы, стромы. Нават на соснах лепяць свае гнёзды, не бачылі? Тут, на франтоне, у мяне вясковыя і гарадскія ластаўкі жывуць разам.

Ластаўкі, як гарадскія, так і вясковыя, якія заляталі праз адчыненае акенца, раптам выскачылі адтуль з трывожным крыкам. Жандар і спраўнік заклапочана перазірнуліся.

— Ведаеце што, панове, давайце паглядзім берагавых ластавак, — занадта паспешліва прапанаваў пан Бароўскі, але капітан Фогель падхапіў шаблю рукой і, не кажучы ні слова, рынуўся ў дом. Пэўна, яшчэ раз праверыць гарышча.

Гаспадар хацеў быў бегчы за ім, але спраўнік падхапіў яго пад руку.

— Пачакайце, — сказаў ён. — Ідзем, паглядзім вашых берагавулек.

У гэты час з акенца зноў з крыкам вылецелі ластаўкі. Потым праз хвіліну са слыхавога акенца, якое выходзіла ў двор, вызірнуў заклапочаны Фогель. Твар у яго выглядаў разгубленым. Неўзабаве ён вярнуўся. Вярнуўся ні з чым.

— Дык што, панове, паглядзім берагавулек? — спытаўся Бароўскі, калі Фогель вярнуўся з гарышча. — Рэчка недалёка… Там ёсць абрывісты беражок. Яны там жывуць — берагавулькі. Берагавулька адрозніваецца ад ластавак тым, што ў яе няма белага надхвосця. Што, панове, цікава, чым далей на ўсход, тым болей берагавулек. У Сібіры іх шмат.

Поделиться с друзьями: