Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Літоўскі воўк

Наварыч Алесь

Шрифт:

— У нас, на Магілеўшчыне, — сказаў Фогель, каб разрадзіць напружанасць, — шмат казадояў.

— Казадой, панове, гэта па-руску. Тут я спрачацца не буду. Па-нашаму, скажам так, — лагодна гаварыў тым часам пан Бароўскі, — па-нашаму, па-ліцвінску, ляляк, або лежань. Я ж казаў вам… У клуні ёсць… Ляляк і пугач… Птушка гэтая, панове, велічынёй з зязюлю. Мякка так лётае, слізгае і гуляе ў паветры, быццам ластаўка. У немцаў нават называюць начной ластаўкай — Nachtschwalbe. Рот, панове, у леляка да вушэй, з жорсткімі шчацінкамі. Хапае бамбавозаў, хрушчоў і ўсялякіх начных матылькоў.

— Мы паедзем, —

раптам сказаў чымсьці абрадаваны Фогель.

— Выпіце на дарожку і едзьце, панове, — сказаў Бароўскі і прадоўжыў, ад нервовасці не могучы стрымацца, сваё гаварэнне пра птушак: — Ляляк адлятае ў вырай у верасні. Само сабой, ляціць толькі вечарам. Птушка карысная. Але, на жаль, маладыя і дурнаватыя паляўнічыя любяць стрэльнуць па леляку. Ці ж гэта вялікая атэстацыя стралка?

— Згодныя і мы, што не вялікая, — сказаў Фогель. — Дзякуй, васпане, за гасціннасць. Паедзем, час. Дык, пане Бароўскі, кажаце, няма вашага сына ўдома?

— Не, што вы. Казаў яму і казаць буду: навошта табе, сыне, тая Польшча, тая свабода, тая Беларусь ці тая Літва? Жыві спакойна. Ці варта жыццё класці дзеля нейкага дзяржаваўкладання… На гэта Бог ёсць! Адумайцеся, казаў, ачомайцеся… Расея такая вялізазная, гэтулькі жаўнераў мае. Але, ведаеце, панове, молада-зелена. Ім адразу ўсяго хочацца… Эўропы, незалежнасці, хлопам волю даць. Словам, ім захацелася пагуляць у Гарыбальдзі. І калі ён, панове, мой сын, там нешта нарабіў, то ёсць губернатар, на літасць якога можна спадзявацца.

Фогель і спраўнік падышлі да коней, узлезлі ў сёдлы.

— А ці ведаеце, панове, што слонкі, вальдшнэпы значыцца, вельмі любяць птушанят, — сказаў, як бы не да месца, Бароўскі, трымаючыся за стрэмя каня, на якім сядзеў спраўнік. — Слонкі нават носяць дзетак сваіх у дзюбах або зашчэмліваюць паміж нагамі.

— Ды ну? — здзівіўся спраўнік.

Яму ўжо некалькі разоў падміргваў Фогель, даючы зразумець, што ўсё ў парадку, сын Бароўскага злоўлены.

Спраўнік нокнуў на каня.

— Панове, — раптам ледзь не ўзмаліўся Бароўскі, — вазьміце па птушцы. Нельга без падарунка. Вазьміце.

Спраўнік узяў вучонага шчыгла. Жандар адмовіўся.

— Я вам падару, пане капітан, самае дарагое, што ў мяне ёсць… Ведаеце залацістую шчурку? Мне адзін ахвотнік злавіў нядаўна перамётам… Настолькі рэдка сустракаецца… Сваячка райскай птушкі. Зрэшты, гэта і ёсць райская птушка, бо зімуе аж у Індыі. Звычайна паўночней лініі Кіеў — Пулавы не залятае. Сустракаюцца адзінкавыя экземпляры. Вельмі прыгожыя… Палётам падобныя на ластаўку, а з выгляду — маленькі ястрабок. Ну такая прыгожая. Па-наску яшчэ называюць пчалаедкай. Спявае «юр-р», «юр-р»… Вазьміце, прашу вас…

Каб не крыўдзіць гаспадара, жандар змілажаліўся і загадаў аднаму з падначаленых узяць клетку з жоўценькай птушачкай.

7. Шлях на волю

У вярсце ад маёнтка на дарозе стаялі жаўнеры з ачаплення і чакалі начальства. Паўротны падбег да Фогеля, адрапартаваў, што небяспечны бандыт злоўлены і арыштаваны.

— Дзе ён? — спытаўся Фогель.

Паўротны ўзмахнуў рукой у бок купы жаўнераў. Там, абступлены жаўнерамі, у густым цяні прыдарожнай алешыны сядзеў на

зямлі малады чалавек у распоратым па шву сурдуце. Фогель глянуў на ягоны скрыўлены, незадаволены твар. Так, гэта сын Бароўскага — Людовік.

— Ён? — паказаў нагайкай на Людовіка спраўнік, пытаючыся ў задыханага Максіма Дзеркача.

Селянін моўчкі кіўнуў.

— Ён страляў? — зіркнуў Фогель на паўротнага.

— Так точна, палячок стрэльнуў. Вось зброя гэтага бандыта. — Паўротны падаў рэвальвер. — У Гулевіча ледзь не патрапіў…

Сярод жаўнераў адзін, голы па пояс, трымаў кашулю ў руках. Пэўна, гэта і быў Гулевіч, бо засоўваў у дзірку ў палатне палец і казаў:

— Палячок стрэльнуў, кашулю прабіла, а я цэленькі, цэленькі, як маці нарадзіла.

— Дайце яму гарэлкі, — загадаў Фогель, паказваючы вачыма на Гулевіча.

— Ваша благародзь, — ажывіўся небарака, — нашыя палячка разы са тры лавілі. Зловяць і адпусцяць. Каб, значыцца, потым зноў злавіць… А як зловяць, то ўжо і прыкладуцца як след… Тры разы лавілі: палячок у жывога мяне страляў, а я цэленькі, цэленькі; толькі кашульку латаць давядзецца…

Жаўнеры паднялі схопленага за звязаныя за спінай рукі. Падштурхнулі, маўляў, ідзі. Людовік выйшаў на святло з ценю алешыны. Ускудлачаны, умазаны ў пясок, памяты, з падбітым вокам, якое набрыньвала ліловай крывёй, аблізваў перасохлыя, разбітыя на грыбы вусны.

Фогель і спраўнік разглядвалі арыштанта.

Людовік нягучна, слабым голасам, як быццам баючыся, што яго за гэтыя словы ўдараць, выкрыкнуў:

— Жыве вольнасць, жыве свабода!

Жандар і спраўнік паморшчыліся, капітан махнуў рукой, даючы знак ісці.

— Тыповая польская фанатычнасць… — ціха праказаў спраўнік, але юнак пачуў, павярнуў твар ужо з амаль чорным вокам і сказаў:

— Я не паляк… Мы — не палякі!

— Ага, ліцвіны ці мо — беларус? — не хаваючы сарказму, праказаў Фогель. — Чулі, ведаем… Тут была і будзе Расея! І дзесяць, і дваццаць, і пяцьдзесят гадоў…

— А хоць і сто! Усё роўна народ, які тут жыве, пераможа!

— Не пры нас, не пры нас. А вы, малады чалавек, з вашай зацятасцю і да Сібіры не дацягнеце… Прывяжыце яго да ружжаў!

Фогель нацягнуў повад, спыніў каня, павярнуўся да спраўніка.

— Што з птушкамі рабіць будзем? Не хацеў я браць. Непрыгожа.

Спраўнік нічога не адказаў. Рота з арыштаваным рушыла па дарозе наперад.

Спраўнік цяжка ўздыхнуў, адчыніў клетку і кінуў яе разам з птушкай на абочыну. Жандар загадаў жаўнеру, які нёс ягоны падарунак, паставіць клетку пры дарозе і расчыніць дзверцы.

Залацістая шчурка, або пчалаедка, якую пан Бароўскі атэставаў ледзь не як райскую, як толькі жаўнер адчыніў дзверцы, адразу выпырхнула, узнялася высока ў неба, зрабіла невялікі, нібы развітальны, круг і роўненька, як па шнурку, падалася на поўдзень.

Вучоны шчыгол не хацеў вылазіць з кінутай клеткі. Жаўнер засунуў руку ўсярэдзіну і спрабаваў злавіць птушку. Шчыгол балюча ўшчыпнуў жаўнера за палец. Фогель загадаў бегчы да сваіх.

Рота пайшла далёка наперад, жандар і спраўнік падаліся следам. Вучоны шчыгол насіў пустое вядзерца, чэрпаў і чэрпаў з пустога карытца, пераносіў і пераносіў паветра з аднаго кутка клеткі ў другі, хоць дзверцы на волю былі адчыненымі.

Поделиться с друзьями: