Літоўскі воўк
Шрифт:
Раздзел XVIII. «Апошні наезд»
1. Калоднае
Людовіка судзілі ваенна-палявым судом і прысудзілі катаргу. Стары Бароўскі рады ўжо быў таму, што не павесілі.
З Польшчы прыходзілі неверагодныя навіны. Казалі, што паўстанцы стваралі аддзелы ўласнай палявой жандармерыі. За шпегства, даносы і супрацоўніцтва з расейскімі ўладамі сваіх жа вешалі на тэлеграфных слупах.
У Расеі, наадварот, пачаліся маніфестацыі антыпольскіх настрояў — быць палякам рабілася
Стала вядома, што аднекуль з Валыні прабіваецца на ўсход партыя нейкага Кракаўскага. Царскія войскі пераследуюць паўстанцаў след у след. У мястэчка наехала казакаў, прыбылі дзве роты стралкоў. Берагі Гарыні патруляваліся казачымі раз'ездамі, а два паромы праз раку — у самім мястэчку і ў блізкай Дубровіцы — ахоўваліся ўзмоцненымі атрадамі расейцаў.
Папаўзлі страшныя чуткі — вёскі, жыхары якіх падазраваліся ў падтрымцы паўстанцаў, палілі дашчэнту, а сялян разам з сем'ямі і маёмасцю гналі ў туркестанскія стэпы. З панамі, шляхтай рабілі іншае — арыштоўвалі маладых людзей, абвінавачвалі ва ўдзеле ў інсурэкцыі, а потым патрабавалі хабар за вызваленне.
«Вось ён, расейскі інстынкт», — спамінаючы пра паводзіны Фогеля, думаў Урбановіч.
Нечакана зусім блізка ад мястэчка па балотах з'явіліся паўстанцы Кракаўскага, насамрэч, як стала вядома ад расейскіх афіцэраў, якія часам наведвалі эканомію, гэта і была партыя таго самога Траўгута, які слыў за адважнага і ўдалага камандзіра. Дзіва што, сам вайсковец, удзельнічаў у нядаўняй Севастопальскай кампаніі, кобрынскі абываталь Рамуальд Траўгут ведаў слабыя месцы вайсковай арганізацыі расейцаў, і гэта абумоўлівала ягоныя поспехі. Але, пэўна, не гэта рабіла былога падпалкоўніка расейскіх інжынерных войскаў зманлівай здабычай царскіх сатрапаў. Траўгут за жонку меў унучатую пляменніцу самога Касцюшкі. А гэта ўжо вялікая палітыка.
У мястэчка і ваколіцы прыбывалі ўсё новыя роты расейскіх жаўнераў. З кожным днём іх рабілася болей і болей, і неўзабаве стварылася ўражанне, што ўся Расея атабарылася ў павеце. Пяхота, казакі, жандары, артылерысты, абозы, медычныя фургоны запаланілі дарогі, стаялі ў вёсках, на хутарах. Па лясах безупынна стралялі, штодня ў мястэчка прывозілі на сялянскіх падводах забітых ці параненых расейцаў. Урэшце пад Калодным, зусім блізка ад маёнтка Буевічаў, аблажылі самога Траўгута. У паветры стаяў безупынны трэск стрэлаў, чулася басавае гаханне гармат. Траўгут змог вырвацца з аблогі. У палон расейцы захапілі толькі параненых, якія не маглі самастойна рухацца. Астатнія разбіткі хаваліся ў багнах непралазных Пінскіх балот, у затопленай альховай альсе, сярод мора прыпрыпяцкіх лазовых хмызнякоў.
Урбановіч бачыў, што ягоная жонка прыгнечана самім толькі выглядам расейскіх багнетаў, шабляў, коней, фурманак, афіцэраў, кавалерыстаў, фуражыраў, кварцір'ераў. Ён і сам быў уражаны такой процьмай царскага войска. Здавалася, за кожнай бярозай ці алешынай стаіць узброены да зубоў расеец, як след апрануты і накормлены. Стаіць і ўхмыляецца. Маўляў, якой бы вам, ліцвінам, свабоды ні хацелася, нас, расейцаў, гэтулькі, як кедраў у Сібіры, як вады ў Волзе, — і мы змусім вас рабіць тое, што хочацца нашаму цару-бацюхну, а не вам самім паводле «польских мечтаний».
Адгрымела Калоднае, і войска паменела. Пяхотныя роты расейцаў пайшлі калонамі на захад. Па лясах ужо і не стралялі, толькі зрэдку рэха даносіла аддаленыя, заглушаныя, як бы аслабленыя стрэлы ці то паўстанцаў, што ўсё яшчэ бараніліся, ці то расейскіх жаўнераў, якія палявалі на ўцекачоў.
Аднойчы Аксана ездзіла да бацькоў і вярталася ў эканомію праз мястэчка. Каля карчмы пачула крык, убачыла
Яся Кавальца. Юнак нечага цягаў на пастронку свайго ваўка. Уздоўж вуліцы стаялі высокія, у рост чалавека, вазы, у якіх гарадзенскія ганчары звычайна вазілі ўласную прадукцыю: гаршкі, збанкі, макітры… На зямлі каля аднаго воза на расшкуматанай саломе ляжалі пабітыя гаршкі.Гаспадар, гарадзенец, стаяў на каленках, збіраў чарапок да чарапка і плакаў, прыгаворваючы:
— Я гэтулькі роботы робыв… Гліну копав, морозыв, возыв дохаты, потым мысыв, потым лыпыв, потым в піч ставыв, палыв, кожны горшчочэк выдьмухвав, абгладьвав… А воны?! Воны моі збаночкі павыкыдалы, побылы, патрушчылы… Коб на вас нэмоч, коб вам смолою вочы прочыстыло…
Аксана спыніла брычку. Кіўнула Кавальцу, каб падышоў. Бледны, сам не свой хлопец лупянуў пастронкам Інсургента, падцягнуў яго да брычкі. Воўк, таксама нечым перапалоханы, хаваўся Ясю ў ногі. Ясь так шчыльна заціскаў пастронак, на якім быў навязаны воўк, што той хрыпеў, высалапіўшы доўгі ружовы язык.
— Што тут здарылася? — спыталася Аксана.
— А то і здарылася, — злосна буркнуў Ясь. — А гэтага, — хлопец торкнуў за пастронак, — утаплю. Пачаплю камень на шыю і ў Гарынь…
— Ды што тут адбылося?
— Зайшоў купіць солі, — сказаў Ясь, заікаючыся, — а гэтага, — таўхануў нагой ваўка, — прывязаў да калодкі. Пакуль я тую соль купляў, на халеру яна мне здалася, гэты, — Ясь зноў таўхануў нагой ваўка, — неяк адблутаўся, падбег да воза і давай салому дзерці ў возе з гаршкамі. Яго і тычкай па спіне збабоўчылі, прагналі, а ён праз хвіліну з другога боку прыстроіўся. Тут ужо і дурному ясна, што нешта ў возе ёсць, калі туды лезуць-дабіраюцца. І якраз расейцы былі…
Ясь перадыхнуў, у твары было вялікае шкадаванне.
— І што далей?
— А што далей?! Жаўнеры раскідалі гаршчкі… А пад гаршкамі аж некалькі параненых… І сярод іх Артур…
— Артур? — выдыхнула аканомава.
Яна так уразілася навіной, што доўга не магла агойтацца.
— Дзе ён? Што з ім? — урэшце апанавалася аканомава. — Ён… здаровы?
— А то не… Жывы.
— Дзе ён? Куды яго павялі? — Уся пастава Аксаны паказвала вышэйшую ступень хвалявання.
— Забралі… У каманду ўнутранай аховы павялі… Фогель там, спраўнік… Ён, каб проста ехаў ці ішоў, і прайшоў бы. Не кранулі б… А то ўздумаў хавацца. Як той Тарас Бульба. Гэтая падла і выдала.
Ясь выцяў Інсургента пад зад нагой.
Аксана нацягнула лейцы, крыкнула на каня, стала выварочваць, каб ехаць да будынка, у якім змяшчалася каманда ўнутранай аховы, але спынілася, зноў паклікала Яся. Той падышоў да яе, валочачы Інсургента на вяроўцы, які ўпіраўся ўсімі лапамі.
— Я павешу яго… — ледзь не плачучы, сказаў Ясь. — Завалаку ў бліжэйшы лясок і павешу, гадзіну, здрадніка…
— Не чапай, — спакойна і сурова сказала Аксана. — Ты гэтага не зробіш. Ён не вінаваты. Ён помніць людзей. А цяпер слухай. Нашыя справы застаюцца нашымі справамі. Разумееш?
Ясь цяжка ўздыхнуў:
— Разумею.
— Наша сіла не ў колькасці. Наша сіла — у душы. Разумееш… Слухай далей, я паспрабую ўгаварыць Фогеля… Ведаю, што не адпусцяць, не той час, але пагавару. Ты ж накажы старому Буевічу. Няхай як хутчэй едзе сюды. Мы павінны вызваліць Артура. А Інсургента не чапай.
Аксана сцёбнула каня пужкай.
Ясь падняў Інсургента на вяроўцы, паказаў яму кулак і прамармытаў:
— Доўбень! Не разумееш, што кругом ворагі?
Воўк вінавата махнуў хвастом, міргнуў апуджанымі вочкамі, потым даверліва лізнуў Ясеву руку, маўляў, выбачай, братка, што я ў вашых людскіх справах разбіраюся?!