Літоўскі воўк
Шрифт:
— На што васпан намякае?.. — вырачыўся на Бароўскага Фогель.
— А ёсць яшчэ птушка свіргуль, — пачулася заміж адказу. — Свіргуль па-нашаму па…
— Па-руску, — ледзь не гыркнуў спраўнік.
Яны з Фогелем падпраўлялі гаспадара па чарзе.
— Свіргуль увесь чорны, як умазаны сажай, за выключэннем белаватага горлечка, крылы выгнуты сярпом. Яшчэ свіргуль пранізліва вішчыць, хоць вушы затыкай.
— Свіргуль гэта «стриж»? — спытаўся спраўнік.
— Так. Палёт ягоны своеасаблівы, — распавядаў, быццам чытаў лекцыю, Бароўскі. — Высока лунае, апісвае дугі. А калі нізка ляціць, то нясецца, як учадзелы. Свіргуль найлепшы лятун сярод ліцвінскага птаства…
— Рускага, —
Яму надакучыла рабіць заўвагі. А Бароўскі ўжо і не папраўляўся.
— Ён не можа ўзляцець з зямлі, бо не дазваляюць пальцы. Узлятае толькі тады, як кінецца з якога прадмета ўніз. Ну, панове, калі не хочаце на бераг, тады зойдзем у клуню. Тут у мяне ляляк жыве і, самае галоўнае, — пугач! Па-маскоўску, па-руску — хвілін.
— Гм… Ф-ф-филин, — ледзь не прысвіснуў Фогель. Што-што, а ўласнае прозвішча з пачатковым «ф» ён па-руску ўмеў вымаўляць.
— Пугач, панове, — дзівосная драпежная начная птушка… — працягваў лекцыю гаспадар.
Выраз твару ў Фогеля з раўнадушна-скамянелага памяняўся на змрочна-ўнурысты. Амаль атупелы.
5. Уцёкі
Людовік праз шчылінку глядзеў з гарышча, як бацька завіхаецца каля жандара і спраўніка. А ці ходзіць жаўнер каля глухой сцяны? Людовік пайшоў да процілеглага франтона, нечакана страціў раўнавагу, пахіснуўся, узмахнуў рукамі. Апуджаныя лаўстаўкі закрычалі і з пранізлівым шчэбетам паляцелі прэч. Людовік прысеў.
«Прымчаць сюды…» — мільганула думка. Стараючыся не грукаць, Людовік сягнуў да слыхавога акенца, якое выходзіла ў сад, глянуў уніз… Жаўнер якраз пры вугле дома стаіць. Чаго не ідзе? Унізе, у доме, нехта стукае дзвярамі. Ці не дабіраецца жандарскі афіцэр да залы? Чаго ты стаіш, жаўнер, ідзі прэч. Вось нехта ўвайшоў у залу, дайшоў да лесвіцы, яна дрыгнула пад цяжарам ягонага цела. Штык жаўнера бліснуў на сонцы і знік за вуглом дома. Людовік засунуў рэвальвер за пазуху, шырэй расчыніў створкі франтоннага акенца, перакінуўся праз яго, прысеў, каб не было відаць з гарышча, зачыніў створкі. Цяпер скакаць! Высакавата… З параненай нагой не скокнеш. Але выхаду няма. Людовік лёг на паддашак жыватом, спусціў ногі, з'ехаў уніз, учапіўся рукамі ў паддашак… рукі саслізгнулі, паляцеў і цяжка гэпнуўся. Так цяжка, што не ведаў, ці ўстане. Але нельга было затрымацца ні на міг, бо на шум вызірне жаўнер… Ускочыў, адчуў, як кальнула ў ране, змог зрабіць дзесяткі два крокаў, каб забегчы за кусты парэчак.
І як толькі схаваўся, зірнуў на франтон. У акенцы з'явіліся вусікі Фогеля. Эйш, даходлівы!.. Капітан пакруціў галавой, знік, потом зноў высунуўся. З-за вугла паказаўся жаўнер.
— Не было тут нікога? — спытаўся капітан.
— Січас нет, ваша благародзь, кто тут будзя?! — адрывіста, весела адказаў жаўнер.
Спацелы твар капітана знік, жаўнер прайшоўся паўз сцяну, пастаяў каля вугла, пайшоў назад, на сярэдзіне сцяны спыніўся і стаў глядзець на кусты парэчак, за якімі хаваўся Людовік.
«Чаго стаў? Няўжо прыйдзецца страляць?» — мільганула думка. Жаўнер мог і не бачыць Людовіка, пэўна, яго ўвагу прыцягнулі светла-чырвоныя гронкі яшчэ зусім няспелых парэчак. Вось ён падышоў да першага, бліжэйшага куста, стаў абіраць ягады, закідваць у рот, з задавальненнем чвякаць. Рабіў гэта ён так доўга, аж у Людовіка набегла ў рот сліны. Людовік асцярожна памацаў рэвальвер, бязгучна дастаў яго з-за пазухі.
Раз-пораз жаўнер азіраўся, каб не засталі знянацку. Ад яго да Людовіка было не больш пяці метраў. Зараз ён пойдзе, здаволіцца і пойдзе, не будзе ж ён абіраць усе парэчкі?
Нечакана
жаўнер знерухомеў. Ён глядзеў у глыбіню кустоў парэчак і, пэўна, бачыў Людовіка. Нават жаваць перастаў. Вось ягоная рука папаўзла па ружжы, каб у выпадку чаго зручней перахапіць яго, наставіць на незнаёмца, а гэта значыць — ворага.Людовік улавіў гэты рух, падняўся на каленях, наставіў рэвальвер на жаўнера і гучна прашаптаў:
— Стой і не рухайся.
Жаўнер перахапіў ружжо.
— Каму кажу! Варухнешся, стрэльну! Уб'ю!
Жаўнер застыў. Немалады, з шырокім, пляскатым славянскім тварам, плячысты і высокі, ён стаяў пад рэвальверам, разгублены, прыгорблены, лыпаў, не ведаючы, што рабіць.
— Стой і не рухайся, разумееш? Не шавяліся, а то стрэльну.
Людовік стаў адыходзіць, выцягваючы ў бок жаўнера рэвальвер, не зводзячы з яго вачэй. Варта было страціць ягоны позірк, як ваяка падасць сігнал сваім. Вось за адну яблыню зайшоў, вось другая… Калі ж будзе плот, за які можна заскочыць, каб схавацца, не стаць мішэнню?! Вось нарэшце і плот, які адгароджвае сад ад невялікай пусткі, за якой дарога, а там густы хмызняк — бярозкі, асінкі і ракіта да балотца. А за балотцам — лес. Людовік пераскочыў плот, азірнуўся. Жаўнер усё яшчэ разгублена стаяў, потым ускінуў ружжо наперавес і рынуўся наперад. Людовік кінуўся бегчы. Жаўнер нешта крыкнуў, але так слаба, што голас яго ледзь чуваць. Вось і дарога, за прыдарожным ровам — хмызняк, там балотца, а там — лес-ратаўнік! Але раптам з прыдарожнага рова паказаліся дзве галавы. І два штыкі тырчаць. Жаўнеры! Божа, сядзіба акружана! Ды яшчэ двойчы — двума ланцугамі.
Кінуўся ўбок, пабег проста па дарозе. Але з-за дрэва, здалёк яшчэ, выйшаў жаўнер. Людовік ускінуў руку з рэвальверам, накіраваў яго на чалавека і, разумеючы, што робіць глупства, і глупства непапраўнае, — яго ўсё-роўна дагоняць і арыштуюць, — націснуў на спускавы цынгель. Не націснуць не мог — невядомая сіла, быццам наканаваны на гэта, — кіравала ім.
6. Райскі падарунак
Глядзець пугача ні спраўнік, ні жандар не пайшлі. Адышлі ўбок і сталі нешта раіцца. Тады Бароўскі распарадзіўся, каб прынеслі на вуліцу тацу з пачастункам. Прыйшла са сподам Лёдзя. Цяпер яна абутая ў старых чаравіках.
— Панове, — гаспадар падняў малюсенькую чарку, — а ці ведаеце, што шпакі зімуюць у Італіі і на поўдні Францыі? Уяўляеце?! Нашыя шпакі зімуюць у гэтых краінах.
— Ці не намякаеце вы на польскую эміграцыю? — з усмешкай сказаў капітан. — І што туды ўцячэ ваш сын…
Бароўскі спалохана адхіснуўся ад Фогеля.
— Якія палякі, васпане, якая эміграцыя?! Мы — каталікі, гэта так, але да палякаў, гэтых спаконвечных бунтаўшчыкоў і ўзмуціцеляў дзяржаўных асноў, не маем аніякага дачынення. Ведаеце што, панове, запрашаю восенню на вальдшнэпавую цягу…
— А хіба на вальдшнэпа палююць восенню? — здзівіўся Фогель.
— Здараецца, што і восенню, — сказаў гаспадар. — Вальдшнэп, ён жа слука, вальшня, яшчэ і слонка. На слонак, панове, самае паэтычнае і хазардовае паляванне.
— Во, зноў польскае слова праскочыла… — адзначыў спраўнік і безнадзейна махнуў рукой.
— Вясной паляваць на слонак лепей. Але і восенню, бывае, слонкі высыпаюць у якім-небудзь лесе, сядзяць, жыруюць. Можна тады са стрэльбачкай і пахадзіць…
У гэты час прагучэў дзіўны гук. Быццам нешта гучна лопнула. Спраўнік і жандар перазірнуліся. Ці падобны гук на прыглушаны стрэл? Не з армейскага ружжа, але з рэвальвера. Бароўскі не падаў выгляду, што нешта пачуў. Толькі ў каторы раз пабялеў.