Лабух
Шрифт:
— Дзве на левым і тры на правым...
— Тры на левым і дзве на правым...
— І па адной на грудзях...
— На грудзях не было ў мяне радзімак...
— Я пасадзіў іх... Зняў з плячэй і пасадзіў... Круглыя якія ў цябе грудзі... Пругкія саскі... Ты не карміла дзіця, мяне чакала...
— Цябе чакала...
— І між грудзямі пахне пралескамі... Да самага жывата пахне... да пупка... і ніжэй, да ўзлеску... Я пагуляю ў ім?..
— Пагуляй...
— Шаўкавісты які... А пад ім нешта пульсуе, б’ецца... Крынічка?..
— Крынічка...
— І можна папіць?..
— Можна... Папі...
— Як хмельна... Хмельная крынічка з шаўковымі беражкамі... Я ў яе нырнуць хачу... Увесь-увесь хачу ўвайсці ў яе, колькі мяне ёсць...
— Увайдзі...
— Я абдымаю цябе?..
— Абдымаеш...
— За плечы?..
— За плечы...
— За спіну?..
— За спіну...
— За ўсё?..
— За ўсё...
— Не занадта моцна?..
— Не, можаш мацней...
— Так?..
— Так... Яшчэ мацней...
— Ты йдзеш да мяне?..
— Іду...
Я ўдарыўся ў дзверы — хмелем, жаданнем:
—
— Ёй-ёй-ёй-ёй-ёй.. — тоненька, высока наклаўся яе голас на мой, — ёй-ёй-ёй... ёйёйёйёйёйёйёй... як соладка... ёй-ёй-ёй-ёй-ёй...
Я не кончыў — час палюцый маіх даўно мінуў... Але я быў з Лі-Лі, толькі што соладка быў з Лі-Лі... Я кахаю цябе, Лі-Лі, дзе ты падзелася?..
Ёйкаць за дзвярыма перасталі і шапнулі:
— Ламані...
— Што ламануць?..
— Дзверы... Яны тонкія...
— А пасля?..
— Пажар наладзім... Пажарным пазвонім, яны ўсё тут пераламаюць...
Гэты ўжо была б забаўка на ўсю ноч...
— Не, я пайду... Другім разам падпалім...
— Другім разам такога не будзе...
— Будзе... Дабранач... Дзякуй табе...
Я павярнуўся да лесвіцы, дзверы рванулі знутры:
— Раман!.. Раман Канстанцінавіч... Эй!..
Без пажара ў гэтым доме не абыйдзецца... Але без мяне, я пазабаўляўся нядаўна ў адным доме... І я рушыў з пад’езда на вуліцу.
Пакуль цягнуўся наш раман праз дзверы, ноч устала над Грушаўкаю ў поўны рост — іскрыстая, дрыготкая, з Млечным Шляхам, месяцам, сузор’ямі...
— Эй!.. — пачулася з-пад месяца. — А пакой паглядзець?..
Лілія, аблітая месячным святлом, стаяла на балконе... Як і ноч, у поўны рост стаяла — голая ў сузор’ях. Я адыходзіў, а яна свяцілася, фасфарыцыравала і раставала ў месячным святле...
Здань.
Велізарны, агромністы чалавек у чорным, шырачэзным — да краёў зямлі — плашчы ішоў, спяшаючыся, па балоце, у яго разборсталіся чаравікі, Лі-Лі сказала: “Трэба завязаць, а то наступіць і ў балота ўпадзе, балота выплюхне з берагоў і ўсю зямлю пакрые”. Велікан прыпыніўся, Лі-Лі стала завязваць адзін чаравік, я завязаў другі, велікан рушыў далей і падчапіў нас металічнымі наканечнікамі на борстках, і ў наканечніках тых, няшчыльна закляпаных, мы над балотам, як у люльках конусных, заматляліся. Велікан крочыў, балота страшна чвякала, ва ўсе бакі гразь ляцела, мы боўталіся, біліся адзін аб аднаго, учапіўшыся за борсткі, пакуль Лі-Лі не сарвалася, і балота імгненна — я міргнуць не паспеў — яе прыглынула. “Стой!..” — закрычаў я велікану, бо толькі ён мог з балота Лі-Лі выцягнуць, але велікан, ні на мяне, ні на Лі-Лі не зважаючы, ішоў і ішоў, цяжка сапучы, і мутна-шэрыя, як туман над балотам, вочы ягоныя па-вар’яцку зеўрылі ў далячынь, невядома што і каго ў ёй выглядаючы. Лі-Лі трэба было ратаваць, я адпусціў борсткі, сарваўся ў балота і праляцеў скрозь яго, бо яно аказалася не самім балотам, а змрочным, нізкім — велікану па калені — хмарыстым небам над балотам, само балота рассцілалася пада мной, і па ім, зноў разборстаныя, згубленыя, шлэпалі самі па сабе, набіраючы гразі, чаравікі велікана. Велікан, якога ўверх ад каленяў не віднелася за хмарамі, апярэдзіў, спяшаючыся, свае чаравікі, босаму ў балоце стала яму мокра, холадна, і ён стаяў, як бацян, паціраючы нагу аб нагу, чакаючы, калі чаравікі ягоныя да яго падыйдуць. Балота каля ног велікана надзімалася пухірамі, падобнымі на сытых чорных сабак, якія віскалі і скавыталі, нібы нацкаваныя на Лі-Лі, і ў шалёнай злосці адзін за адным лопаліся, разлятаючыся пухірчыкамі — сотнямі, тысячымі новых пухірчыкаў... Лі-Лі плёхалася ў балоце, намагаючыся як найдалей адгрэбацца ад пухіроў, ад сабак, але стуль, куды яна грэбалася, на яе наступалі чаравікі. “Шлэп... шлэп...” — шлэпалі чаравікі па балоце, і левы, той самы, які заборствала Лі-Лі, навіс над ёй — вось-вось апусціцца і расплюшчыць! Я з лёту ўдарыўся ў яго, і чаравік ледзь-ледзь, крышачку, але павярнуў убок — раздражнёна, нібы камар яго куснуў... Пакаціўшыся па чаравіку ўздоўж дзірачак для борсткаў, я пераскокваў з дзірачкі ў дзірачку, хапаўся і не мог ні за краі дзірак, ні за борсткі ўхапіцца, саслізнуў з наска і паляцеў пад падэшву — і падэшва апусцілася, накрыла мяне, прыдушыла і ўціснула ў балота...
Не паспеўшы разгледзець, што стала з Лі-Лі, я прачнуўся — тварам у мокрую падушку. На маёй шыі — упоперак — ляжаў і павіскваў Дартаньян. Ён паскавытваў, мусібыць, з таго, што я плакаў у сне...
Сцягнуўшы з шыі і спіхнуўшы з ложка Дартаньяна, я пачаў мацаць цемнату, шукаць побач с сабой Лі-Лі і, не знайшоўшы, зноў праваліўся ў той жа сон: Лі-Лі, з усіх сіл чапляючыся рукамі, нагамі, зубамі, караскалася па борстках на чаравік, бо толькі ён быў на балоце апорай, адно ў ім яна магла ўратавацца. Сам я ўжо быў невядома чым, балотам, балотным пухіром, той пустатой, што ў пухіры, і ніяк не мог Лі-Лі дапамагчы. Яна дабралася нарэшце па борстках да першай дзірачкі і праслізнула праз яе ў чаравік, які хоць і набраўся гразі, але ўсё ж не быў балотам, і ў ім — з ростам Лі-Лі, з яе доўгімі нагамі — можна было стаяць: гразь была Лі-Лі па грудзі. Я быў часткаю і неабсяжнага балота, і гразі ў чаравіку, Лі-Лі рухалася ўва мне, прыпадымалася на цырлацкі, шукаючы
месца, дзе вышэй, а велікан падняў чаравік, каб выліць гразь, за хмары яго падняў, дзе бліскаў месяц і свяцілі зоры, і ў зорна-месячным святле велікан, нахіліўшыся над чаравікам, разгледзеў Лі-Лі. Ён прылыбіўся неяк па-кацінаму, залез адной рукой у кішэнь плачша і дастаў жменю веліканчыкаў — абсалютна падобных да яго. Велікан высыпаў іх з далоні ў чаравік, у гразь, у мяне — і яны накінуліся на Лі-Лі... У гразі, ува мне яны садралі з Лі-Лі ўсё, што на ёй было, адзін ззаду — ува мне! — з размаху ў вайшоў Лі-Лі ў анус, другі — спераду ў вульву, трэці, павісшы на руках пад языком чаравіка, увагнаў пэніс, з якога сцякала балота, Лі-Лі ў рот, з іх членаў адначасова — у анус Лі-Лі, у вагіну і ў рот — лінулася чорная, як гразь, сперма, якая і была гразёй, была мной — веліканчыкі ўбіралі мяне, усмоктвалі ў свае анусы, як у клізмы, і выплёхвалі з членаў, нібы пампавалі... На змену першым тром кінуліся наступных трое, паўтарыўшы тое самае, пасля яшчэ трое і трое яшчэ... Лі-Лі напаўнялася гразёй, чарнела і распухала, а я нічога не мог зрабіць, бо, змешаны з дзярмом і мачой веліканчыкаў, сам быў гразёй, быў тым, ад чаго Лі-Лі чарнела і распухала. Веліканчыкі ўвіхаліся, гразі ў чаравіку менела і менела, а ў Лі-Лі яе ўсё болела, велікан загадаў веліканчыкам усю гразь сустветную перапамваць у Лі-Лі, якая так раздзьмулася, што сама ўжо запаўняла ці не ўвесь чаравік — і раптам яна лопнула ў жываце, з ягога не гразь лінулася, а пасыпаліся веліканчыкі... Дзесяткі, сотні, тысячы веліканчыкаў... Яны сыпаліся і сыпаліся, тупалі па мне, мясілі ў рэштах гразі, Лі-Лі ў жаху глядзела на свой разадраны жывот, асядала, падала, сцілкай клалася ў чаравіку, а веліканчыкі, толькі-толькі з жывата яе высыпаўшыся, тут жа яе гвалцілі. Вульвы, анусу, роту Лі-Лі ім ужо не хапала, яны ўторквалі члены ў вушы ёй, у ноздры, сунулі ў разадраны жывот, кашмар быў невыносны — я прачнуўся з крыкам, якім бы ўскрычала ў адчаі багна, калі б ведала адчай і ўмела крычаць:— Лі-Лі!..
Велікан адхіснуўся, хаваючыся ў чорны плашч, па ўсіх кутах кватэры, дзе пахла смерцю, разбегліся ў цямрэчу веліканчыкі... Дартаньян тупаў па мне, укладваючыся, і накінуўся на мой крык — угрызся ў сцягно. Ён ужо ў другі раз у тым жа месцы раздзіраў мне сцягно, грызучы батон на роліках... Для аднаго сабачага жыцця гэта занадта. Калі б ён быў маім сабакам, я б яму галаву грызучую скруціў...
Пакалочваючыся ад кашмару, я падняўся і падаўся ў ванну, каб змыць кроў і чым-небудзь перавязацца... Трэба было б знайці ёд, але дзе яго шукаць у чужой кватэры?.. На палічках у ваннай нічога аптэчнага не стаяла.
Я заначаваў у кватэры Рутнянскіх, змусіў сябе заначаваць у гэтым доме, у пакоі Ігара Львовіча, бо падумаў, што Лі-Лі, калі вернецца, дык вернецца сюды. Яшчэ я прыдумаў, што так мне зручней будзе, не перабягаючы з хаты ў хату, пакарміць нараніцы і вывесці пагуляць Дартаньяна. Нешта трэба было, апроч Лі-Лі, прыдумаць... Каб не здавалася, што я ўжо хвіліны лішняй пражыць без яе не магу.
Уночы я шукаў яе ўсюды, дзе яна магла быць. Пакінуўшы на балконе голую, залітую месяцам, Лілію, здань, якая ледзь не падмяніла Лі-Лі, я раптам здаўся сябе самому пустатаю ў пустаце, адчуў скразную, невыносную адзіноту. Адзіноту не наогул — адзіноту без Лі-Лі, і ад жандармерыі я не ішоў, а бег да вакзала, каб хутчэй злавіць таксі. “Чачэнец нейкі каля яе круціцца...” — сказала, развітваючыся, Зоя, але дзе і якога мне шукаць чачэнца? — трэба Поля знайсці. Не ведаючы, дзе жыве Поль, я заехаў, каб дазнацца адрас, да другой сваёй жонкі — дзверы адчыніў немец у піжаме. Марце заўсёды хацелася, каб я ў піжаме клаўся спаць, бацька яе спаў у піжаме, Марта мне піжамы гэтыя на ўсе святы дарыла, падбірала, у якую зажадаю ўлезці, я не ў адну ўлезці не зажадаў, таму яна на немца мяне і памяняла. Немец трымаў мяне ў дзвярах, не будзіў ні Марту, ні Роберта, мармытаў:”Nacht... ноч...” — думаў, можа, што я Марту ўночы забіраць прыпёрся, нібы ўдзень не мог яе забраць. Марта нарэшце сама выйшла са спальні, таксама ў паласатай піжаме, гэта ўжо немец яе ў піжаму загарнуў, са мной яна ў піжаме не спала, устрывожаная: “Што здарылася?..” — яна ўсё ж перажывала за мяне, немка паласатая. Дзе жыве Поль, яна дакладна не ведала: “На Зялёным Лузе недзе, нашто ён здаўся табе ўночы?..” — пабудзіла Роберта, і Роберт, канечне ж, быў у піжаме, толькі ў клетку, а не ў палосы, я зноў падумаў: “Каго немчура гэтая зробіць з майго сына?..” Роберт сказаў, што Полю можна пазваніць, нашто ехаць, але мне трэба было бачыць Поля — аднаго, ці з чачэнцам, ці з чачэнцам і з Лі-Лі. Роберт зазбіраўся ехаць са мной, гэта лепей, чым не зазбіраўся б — ён, значыць, не зусім немец. Я запісаў адрас і абняў Роберта, пацягнула яго абняць: “Наладзім яшчэ гулянку начную, сын, толькі другім разам...”
Поль чакаў мяне каля пад’езду, Роберт усё ж пазваніў яму — набраўся звычаяў нямецкіх. Але, калі Лі-Лі тут, дык яна тут, не збегла, Лі-Лі з тых, што прападаюць, а не з тых, што збягаюць. “Лі-Лі ў мяне няма, — адразу сказаў Поль, — вы наогул не так усё разумееце”. — “А як мне разумець, калі яна кажа, што спіць з табой?..” — “Яна так кажа?..” — “І што ад цябе ў яе, можа быць, дзіця!..” — “Яна так кажа?..” — толькі і пытаўся Поль, я падштурхнуў яго: “Вядзі ў хату!..” — “Няма ў мяне Лі-Лі...” — “Пайшлі!..” — “Бацькі дома, што я ім скажу?..”
Бацькоў ягоных дома не было, Поль зманіў, але не было ў яго і Лі-Лі. І чачэнца не было — підар быў у Поля, хоць, мусіць, і чачэнец можа підарам быць, але гэта быў выкладчык кансерваторыі, якога я ведаў, таму Поль не хацеў мне яго паказваць... Ці, можа быць, з-за Роберта паказваць не хацеў, які раптам са мной да Поля ўночы зазбіраўся? — ды хрэн тут разбярэшся, з-за чаго!.. У прыбіральні, куды я, абшукаўшы ўсе пакоі, уварваўся і натыкнуўся на выкладчыка, старая канцэртная афіша з фэйсам маім вісела... Выкладчык, седзячы на ўнітазе, вочы долу апусціў, сама сарамлівасць: “Раман Канстанціновіч, гэта, спадзяюся, паміж намі...”