Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Лабух

Някляеў Уладзімір

Шрифт:

— Вы следчага Патапейку ведаеце?

— З большага. Мы ў розных службах.

— А ведаеце каго-небудзь, хто яго добра ведае?

— Можна знайсці...

— Пашукайце... Трэба спаткацца з ім праз некага са сваіх, каб з даверам...

Я, зразумела, думаў пра сябе, прымроіўшы раптам нейкі шанс на тое, што Патапейка, якога гэбэшнікі, забраўшы ў яго справу, адсунулі ўбок, мог і пакрыўдзіцца... А ўжо хто-хто, а ён дакладна ведаў, што Ігара Львовіча я не забіваў.

Сяргей думаў пра брата.

— Калі за гэтым Шыгуцкі, дык без толку...

Што ў міліцыі, што ў пракуратуры ад аднаго прозвішча ягонага калоцяцца.

Крабіч загрыз гарэлку цыбулінай, цалкам цыбуліну без хлеба згрыз — і хоць бы паморшчыўся, ці слязіна выступіла...

— Ты чаго на вы да яго, да мента паганага?.. На хрэна наогул ён у ментах мне здаўся, калі дапамагчы не можа!..

Сяргей пахадзіў канём.

— Калі б не я, ты б даўно ўжо сядзеў. І шах табе ад майго каня пад боем...

Яны былі зусім не падобныя адзін на аднаго, гэтыя браты, брат-каталік і брат-гугенот. Для мяне куды лепей было б, каб Сяржук быў Алесем, а Алесь Сержуком.

— Красевіч табе прывітанне перадаваў, — сказаў я Алесю.

— Пайшоў ён...

— Чаго так?.. Ён жа прызнаўся табе, што любіць нацыяналістаў.

— Затое я не люблю.

— Каго?

— Нацыяналістаў!

Тут нават брат-міліцыянт здзівіўся:

— Во!.. А як сябе любіў.

Крабіч адышоў каралём.

— Сябе я люблю, хто мяне яшчэ палюбіць? І ёсць за што... А іх за што любіць?.. Ва ўладзе былі — здалі ўладу! Беларусь прасралі! Вольную прасралі Беларусь! Зноў кінулі пад маскалёў — і разбегліся, як пацукі!..

Ён проста бег мне насустрач...

— Ты ж з імі быў... — пачаў я, але Крабіч не даў дагаварыць.

— Ты ж з імі быў! А з кім быць было? Гэта ў вершах паэт адзін, як воўк, а ў жыцці трэба быць з некім! З братам, з табой, ці яшчэ з кім!.. Чаго я ў гэтым сярлівым Саюзе пісьменнікаў?..

— Бо сам сярун, — сказаў брат. — Зноў шах табе.

— Правільна, сярун! — нечакана згадзіўся Крабіч. — І яшчэ — каб з некім быць, хоць з імі... Вас у міліцыі гуляць у шахматы вучаць?..

— Серуноў вучаць біць... У міліцыі больш нацыяналістаў, чым у народным фронце.

— З чаго гэта?.. З гаўна?..

— З таго, з чаго ўсе злеплены... Але ў нас народу больш. Сто дваццаць тысяч. А народны фронт ваш выйдзе ў тры тысячы на вуліцу і галёкае: перамога!.. Адзін супраць сарака.

— Падлічыў?.. Раней у сто выходзілі...

— Раней мы вас і не білі, не заўважаў?.. Міліцыя — сама сіла, таму і любіць сілу.

— Мат табе, — змахнуў фігуры з дошкі Крабіч. — І не піздзі.

Сяргей сабраў шахматы.

— Да канца гуляюць, калі ўжо бяруцца... Да выніку. А ты, ды ўсе вы, раз — і фігуры з дошкі. З засранай уладай не гуляем... Ну і не гуляйце.

— Я паэт, — зноў наліў сябе Крабіч. — Сам з сабой гуляю... Табе гульні такія і не сніліся. Гульні жаданняў! Э, ды што з табой...

— Сплю спакойна, — адсунуў шахматную дошку на край стала Сяргей. — Мент любой уладзе патрэбны. Не тое, што паэт.

— Ды я ў сто разоў ім болей патрэбны,

чым ты! — узвіўся Крабіч. — Толькі хрэн я ім дамся!..

Сяргей наліў сабе.

— Ты ўжо даўся... За пралом галавы і пры нацыянальнай уладзе судзяць, і пры антынацыянальнай. Пасадзяць і сядзець будзеш.

— Во... — прызваў мяне ў сведкі Крабіч. — І гэта брат кажа...

Ён відавочна нерваваўся... Калі яго пасадзяць за Росціка, ніякай гульні з гэтага не зробіш. Ні нацыянальнай, ні антынацыянальнай. Пасадзяць і сядзець будзе.

— Ну і сяду, — выпіў Крабіч. — Бі жыдоў, ратуй Расею... Цьфу!..

— Можа, і вам?.. — пытаючыся, наліў мне Сяргей. Я чокнуўся з ім: зноў сяброўскае кола...

— Красевіч праз Шыгуцкага абяцаў дамагчы вашаму брату. Калі брат яму дапаможа.

— І ў чым дапамагаць гэтаму підару?.. — спытаў, толькі цьфукам закусіўшы, Крабіч.

— У выбарах...

— Разам з табой?

— Разам са мной.

Крабіч вылупіўся на мяне:

— Ты што, ахрэнеў!?.

Іншай рэакцыі ад яго я і не чакаў, але побач быў брат-міліцыянт, які сказаў разважліва:

— Пра Красевіча я чуў ад сваіх... З яго ці не новага міністра нашага ляпіць збіраюцца. І калі ён возьмецца...

— Міністра? — перапытаў я. — Унутраных спраў?..

— А што нам да знешніх... — выпіў Сяргей і адразу выявіў свой інтарэс. — Вы як Красевіча ведаеце?..

“Як лох”, — ледзь не кінуў я брату-міліцыянту. Бо думаў дагэтуль, што якраз Красевіч лох, калі згаджаецца ісці на выбары толькі дзеля правакацыі, а, значыць, пад раздачу...

Не ў дэпутаты яго на выбары запускаюць, а ў міністры. Толькі не адразу, бо хто Красевіч?..

Ніхто. Пешка.

Можна, канечне, і нікога міністрам прызначыць, такое было, але не глядзелася... Таму лепей пешку ў фігуры правесці — і шум-гам выбарчы, ды яшчэ са скандалам, для гэтага самае тое...

Заадно з правакацыяй.

Не ўсё лухта, што лухтой здаецца... І тым не менш іншы ў Панка інтарэс нейкі, не гэты — што яму да Красевіча? Гэбісту да мента...

— Як вас, ведаю, — адказаў я Сяргею, каб ён мацней стараўся звесці мяне з Патапейкам, і тут да мяне яшчэ адно дайшло: а чаго старацца?.. Што гэта дасць, калі ў Патапейкі начальнікам Красевіч будзе?.. Нічога не дасць. Патапейка зробіць не тое, на што настараецца ці Сяргей, ці хто заўгодна, а тое, што загадае Красевіч.

— Як я, ведае, — гідліва скрывіўся Крабіч. — А ўгаворвае...

Я бачыў, што ўгаварыць Крабіча амаль немагчыма, але і адступіцца не мог. Змагар Крабіч быў патрэбны мне, з ім на пару — гэта не аднаму, ён заслоніць мяне, прыкрые. Адным пытаннем: “А чаму на сцэне Крабіч?” — прыкрые...

— Я не прапаную табе агітаваць за Красевіча, — сказаў я, як мог спакайней. — Будзе канцэрт, выйдзеш, прачытаеш вершы, як сто разаў чытаў, і ўсё. Што тут такога?

Крабіч нахіліўся да мяне, дыхнуў цыбуляў:

— Ты каго за дурня лічыш?.. І думаць не думай, каб я ў гаўно ўступіў. Нават за золата.

Поделиться с друзьями: