Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мадэль для забойства

Аляшкевіч Маргарыта

Шрифт:

 — Глянь, такія прыгожыя, такія маладзенькія, і ўжо ад паліцыі бегаем? Як кажаш, Фіч, да самых кучаў іх гнаў, што, таўсматы той? — дзядзька рассмяяўся, уявіўшы, відаць, уцёкі, і спытаў у згаданага Фіча нешта яшчэ на такім амерыкана-невамедама-якім дыялекце, што Агаце засталося толькі здагадвацца, якія “кучы” меліся на ўвазе і ці не абмяркоўваюць гаспадары, як лепей засмажыць сваіх хударлявых госцяў. Гэты самы Фіч паглядаў на дзяўчат галодным позіркам, аблізваў вусны і відавочна прапаноўваў нешта, што вельмі падабалася астатняму натоўпу і вельмі не падабалася Яначцы (яна часова страціла дар маўлення, затое ўсе яе пачуцці абвастрыліся). “Кароль”, аднак, прапанове рэзка запярэчыў і, відаць, аблаяў Фіча і астатніх. На чым бы ні трымаўся ягоны аўтарытэт сярод тутэйшых валацугаў, ён, на радасць дзяўчатам, трымаўся добра: натоўп нешта незадаволена прабурчаў і пачаў пакрысе распаўзацца па намётах і кардонках. Дзядзька таксама забраўся ў свой жоўты дамок, выцягнуў адтуль два кілімы, такія

ж выцертыя, як той, на якім сядзеў сам, і нейкія старыя апраткі: “Вось, сядайце, а ты спіну голую прыкрый, не дражні гусакоў” — з гэтымі словамі ён накінуў Яначцы на плечы драны кажух (дакладней, драным кажухом ён быў гадоў дваццаць таму, а цяпер выглядаў хутчэй як мэтлахі нявызначанага колеру і з неперадавальным пахам). Яначка ўспомніла раніцу, калі спрачалася з Агатай наконт кофтачак, і расплакалася.

 — Ну-ну, няма чаго такой красуні румзаць, ужо горай, чым было, не будзе, гэта я вам абяцаю… — тут дзядзька падняў тое, што Агата палічыла скіпетрам, раскруціў, узяў “ножку” і пачысціў яе нейкай адмысловай шчоткай (што з улікам навакольнага бруду здавалася калі не абсурдным, дык прынамсі збыткоўным), у круглую частку пляснуў з біклагі, скруціў усё назад, паставіў, зверху прымацаваў нешта падобнае да сподка з чаркай… Толькі калі да “скіпетра” дадаўся шланг з муштуком, Агата нарэшце прызнала ў ім кальян.

 — Гэй, Фані! Фані! Ну, дзе гэтую бабу заўжды носіць? Фані!

 — Спадару… — пачала Агата, але дзядзька яе не слухаў, а калі з-за бліжэйшай кучы смецця выбралася кабета дзікага выгляду, Агата забылася, чаго хацела спытаць. Гаспадар запатрабаваў у Фані чыгункоў і вады, і калі дзікунка пайшла, сеў раскладаць вогнішча. Калі яно добра ўзялося, калі на чыгунку пачалі абгараць наліплыя лісточкі і іншае смецце, дзядзька выдаў Агаце вялікую лыжку (“вось, можаш павылоўліваць плывунцоў, калі зварацца. А можаш пакінуць, ежа гусцейшая будзе”) і пачаў уважліва слухаць дзяўчат, зрэдчас рэагуючы на аповед рогатам, спачувальнымі “глянь!” і задумлівымі “гм-гм”. Сонца даўно пераваліла за поўдзень, гарачыня спадала, каля іншых намётаў таксама пачалі з’яўляцца вогнішчы.

 — Гм, гэх, ммм… Ну, мабільніка ў мяне, канечне, няма, а калі б і быў, дык даўно б разрадзіўся… — дзядзька адліў кіпню ў меншы чыгунок, а ў большы закінуў локшыны, насыпаў солі і пачаў задумліва мяць у руках пакунак са спецыямі. — Хіба толькі падшыванца якога выправіць… На ноч вам тут заставацца нельга, гэта ясна… Фані! Гэй, Фані, хадзі сюды! Хадзі, кажу! Ну, што думаеш, куркумы ці размарыну? Не? А мо перцу з імберцам? А дзе бэйбус твой, га? Хай падыдзе, макароны вось возьме…

Неўзабаве з большага чыгунка пайшоў такі водар, што дзяўчаты б не здзівіліся, калі б на яго сабраліся ўсе навакольныя жыхары, а не толькі купка нямытых малых. “Глянь, во дзе хітрая баба! — засмяяўся дзядзька, палічыўшы бэйбусаў. — Ну, ды так нават лепей…” Ён наклаў кожнаму па поўнай місе, бляшанцы ці што там у каго было, а пакуль малыя хапатліва елі, абпальваючы пальцы і вусны, паабяцаў сто енаў таму, хто першы прынясе яму з горада працоўную мабілку. Калі ж падшыванцы разбегліся, прыйшла чарга дзяўчат пазнаёміцца з кулінарным майстэрствам гаспадара. Ці то ён сапраўды быў добры кухарам, ці то голад зрабіў страву смачнейшай, але дзяўчаты ўміналі тую макарону з тушонкай так, што насы гайдука скакалі. Яначка нават адразу падумала прасіць дабаўкі, але потым вылавіла ў сваёй місе вялізны кавалак тлушчу, праглынула яго (не на зямлю ж пляваць!), успомніла пры калорыі і перадумала. Тады ўзяліся за гарбату — яна якраз настаялася ў меншым чыгунку і таксама падалася ім смачнейшай за ўсе гарбаты, якія прадаюцца тут у спецыяльных крамах за вялікія грошы (гэта, відаць, плывунцы водару дадаюць, міжволі падумалася Агаце). Ужо і кальян як след раскурыўся, калі да жоўтага намёта шумным гуртам падбеглі малыя. Яны сварыліся, хто з іх першы, адбіралі адзін у аднаго і выкідвалі мабілкі канкурэнтаў, так што пераможцу давялося выбраць старэйшым, а іншым аддаць суцяшальны прыз — чыгун з рэштай вячэры. Агата без асаблівай надзеі пазваніла ў агенцыю: здавалася, што нічога не магло прымусіць іхных агентаў хоць на хвілінку застацца на працы пасля заканчэння працоўнага дня. Аднак раптам слухаўку зняў Маса, які трапіў у аварыю (быў землятрус, самы вялікі ў свеце затор, нейкі ідыёт саштурхнуў сваю машыну з моста і трапіў Масе на капот), не змог прыехаць у дамоўлены час, вельмі перажываў за сваіх дурненькіх місі і збіраўся дзяжурыць ля тэлефона ўсю ноч, а дзе ж яны, а як яны, а што… Дзяўчаты не маглі нічога патлумачыць. Пачуўшы голас Масы, яны абедзве расплакаліся, і тады дзядзька пераняў у іх слухаўку і пачаў нешта сыпаць па-японску.

Сонца вісела нізка-нізка — Яначцы здавалася, што хтосьці нябачны расхіствае яго туды-сюды на празрыстай нітцы, а зямля крыху пагойдваецца ў такт. Агата лічыла, што ім пасля ўсіх гэтых прыгодаў, хваляванняў і занадта сытнай вячэры не варта было курыць кальян, у яе разбалеўся страўнік і закружылася галава, але Яначка толькі глядзела на сонца-ківач і адчувала сябе бязважкай. Калі ж ад сонца застаўся толькі вузкі пас і гаспадар загадаў ім падымацца і ісці за ім, абедзве задачы падаліся

дзяўчатам бадай што невыканальнымі. Яны як у сне цягнуліся за сваім правадніком па вялізным сметніку, які нагадваў адначасова выставу сучаснай скульптуры і сад камянёў, а потым па садзе камянёў, які нагадваў вялізны сметнік, затым аднекуль вынырнуў горад, і шаша, і Маса, і ў Яначкі перад вачыма ўсё шалёна завярцелася. Ужо ў машыне — яе лёгка пазнаць па кандыцыянаваным паветры — Яначка чула, як Агата апавядала Масу пра нейкія неверагодныя неверагоднасці, якія ніколі, ніколі не маглі з імі здарыцца, а Маса ўсё дзівіўся, што іх выратаванне з такога — ён рабіў вялікія вочы, — та-ко-га раёна каштавала яму ўсяго толькі сто енаў.

Ужо зусім сцямнела, а яны ўсё ехалі і ехалі. Праз вялікую колькасць аварыяў ім давялося перасячы ўвесь цэнтр, мінаючы хмарачосы Хібіі, знакамітую Гіндзу, з аднаго боку — імператарскі палац, з іншага — тэатр кабукі і крамы, крамы, крамы... Агата летуценна ўздыхнула: “Аднойчы я сюды траплю”. Пачуўшы гэта, Яначка ўмомант скінула сон, выхапіла з рукава дранага кажуха вялізную лыжку — тую самую, якой вылоўлівалі плывунцоў, — і пачала лічыць сяброўцы рэбры! Як яе толькі не забіла…

Цім-там-паці

(Рэцэпт)

Вам спатрэбяцца:

 — два пакункі пакрытага шакаладам печыва “Цім-там” (альбо любога іншага з шакаладнай праслойкай паміж дзвюма вафлямі);

 — дзве сталовыя лыжкі шакаладнага “Нэстле” альбо звычайнай какавы ў парашку, а таксама малако на чатыры добрыя порцыі какавы;

 — чатыры мадэлькі, знуджаныя беспрацоўем (альбо запрацаваныя да чорцікаў і мадэльераў уваччу);

 — чатыры вялікія кубкі;

 — вельмі шмат сурвэтак.

Як робім:

 — збіраемся у адным пакоі, раздаем усім печыва і кубкі з какавай;

 — абкусваем печыва з абодвух канцоў так, каб праз яго шакаладную праслойку можна было, як праз саломінку, цягнуць какаву;

 — апускаем адзін канец печыва ў гарачую какаву, а да другога прысмоктваемся і цягнем напой;

(заўвага: печыва трэба з’есці ў апошні момант перад тым, як яно плюхнецца ў кубак)

 — паўтараем працэдуру да таго часу, пакуль усе мадэлькі, а таксама стол, сцены і падлога не перапэцкаюцца шакаладам.

Дадому

Агата і Яначка збіраюцца дадому.

Яначка ўжо трэці раз пакуе рэчы, але прыціснуты зверху чамадан усё ніяк не можа зашчоўкнуць пашчу. Дзяўчаты і так, і гэтак, і нават дабівалі яго локцем, як дабіваюць у кіношках ворага. Агата ўжо займела добры гузак — нейкі абцас трапіўся ці мо прас. І ўжо здавалася, вось зараз замочкі сустрэнуцца, ну яшчэ крышачку… А яны ўжжжык — і разбегліся, і чаравічак з шампуняй выплюнулі, злыдні. Пасля хвіліны роспачнага роздуму Яначка рашуча выцягвае з чамадана пас, прас і кантрабас — “куплю татку банджа”, — і пад апладысменты Агаты зашчоўквае замочкі. Потым з пераможным выглядам узбіраецца на шалі. Шалі думаюць, вагаюцца, яны ўжо адвыклі ад чагосьці цяжэйшага за 46 кіло, а потым абвяшчаюць вырак.

 — О не, — стогне Яначка, — у мяне перабор на трыццаць пяць кіло!

 — Няўжо? Казала я табе, што не трэба купляць падарункі кожнаму, каго ты бачыла хоць раз ў жыцці?

Яначка і слухаць не хоча. Пакінуць былых аднакласніц без ружовых парасонаў, а былога бойфрэнда без калекцыі кальсонаў? Яна пачынае ў соты раз перабіраць чамаданныя вантробы. “Так, гэтыя чаравічкі… Яны ўжо старыя, можаш забраць сабе, калі хочаш, не? Ну, тады выкідаю… Што ж яшчэ… Не, піжамку не магу, гэта ўлюбёная…” Калі праз гадзіну Яначкіны рэчы зноў распаўзліся па пакоі, Агата ў чарговы раз запарыла гарбату і села на падлогу побач з пачварнай чамаданнай гарой.

 — Мо яшчэ што вышлі поштай? Усё ж танней будзе, чым у аэрапорце за лішнюю вагу плаціць.

 — А давай нікуды не паедзем!

Кубачак дзінькае аб сподак — гэта затрэсліся Агаціны рукі. Тут Яначка мусіла б прыціхнуць, а нават і з галавой схавацца ў якую торбу ад такога жахлівага позірку. Бо Агата не проста глядзіць — яна спапяляе. Не кажа, а апускае на галовы ворагаў гільяціну:

 — Ты. Зараз жа. Збярэш. Гэтыя. Чортавы. Рэчы. Бо. Мы. Едзем. Дадому.

Дадому, дадому!

Пачуццё абсалютна ірацыянальнае. Нібыта хтосьці завязаў твае кішкі шаўковай ніткай, і доўгі час ты яе быццам не адчуваеш, але раптам хтосьці пачынае змотваць клубок і паволі выцягваць твае вантробы. Розум падказвае Агаце, што вяртацца няма куды, што вяртацца ўвогуле немагчыма, што кінутая радзіма — гэта як кватэра, з якой ты з’ехаў, забраўшы карцінку са сцяны. Туды даўно ўсяліўся новы жыхар, прыпёр смярдзючую лядоўню і тэлевізійнага бажка, і ўсё, што насамрэч цябе там чакае і помніць, — гэта кавалак шпалеры, які пакуль не выгарэў пад карцінай. Але памяць маніць, хлусіць, падсвечвае шпалеры залатымі промнямі, каб бачнае было адно ззянне. І ты круцішся, як вугор, шукаеш, як саскочыць з чужынскай патэльні і паплыць туды супраць плыні. Што там, у гэтым туды, няважна, важна толькі тое, што трэба плыць.

Поделиться с друзьями: