Мадэль для забойства
Шрифт:
І вось Агата і Яначка жабруюць у метро: Яначка крыху прытанцоўвае і выводзіць рулады, Агата сядзіць на пятках, як ёг, і выбівае на каленках рытм, а на рэдкіх мінакоў глядзіць так жаласліва, што яны спачатку спяшаюцца хутчэй прабегчы міма, потым на бяспечнай адлегласці спыняюцца, абарочваюцца, адзін нават на фоцік паспрабаваў зняць, ды дзяўчаты хутка навучылі хітруна, колькі каштуе фотасесія.
— Не, нешта не ідзе.
Яначка раптам перастала гукаць жавароначкаў і патрабаваць ад іх, каб прынеслі вясну-лецейка, і пералічыла грошы ў насоўцы: усяго на некалькі прыпынкаў па жоўтай лініі.
— Гэй, толькі не раскісаць! Зрэшты, раскісай, раскісні як след, яшчэ жаласлівей будзеш глядзецца. Ну, падумаеш, этна-фольк ім не смакуе… А калі я зараз вось гэтае, га, вы такога не чулі…
Тут Яначка зараўла калядны харал: “Не-ба ізЯм-ля, не-ба-ізЯмля ра-даа-сна-спя ваааа-юць!” — падміргваючы ў паўзах Агаце (якая ад здзіўлення перастала румзаць)
Ці то змена жанру падзейнічала, ці то сапраўды хтосьці наверсе, недзе там, далёка над гарачым асфальтам, смогам і туманнай Фудзі, злітасцівіўся з бядачак, але не паспела Яначка даспяваць “Дзіва-дзіваабвя-шча-юць!”, як насупраць дзяўчат спыніўся сярэдні японец: не высокі і не нізкі, у цёмным гарнітуры і пры гальштуку, чаравікі начышчаныя, чорныя валасы бобрыкам, з-пад бобрыка пот па невыразным твары так і цячэ. Уласна праз пот ён і спыніўся — абціраўся насоўкай ды выраніў, а пакуль падняў, пачуў тое Яначкіна “дзіва”. Пастаяў, даслухаў — а мо проста ад спёкі адпачываў, усё ж у пераходзе якая-ніякая прахалода. Калі Агата пачала сяброўцы пляскаць, ужо асабліва не зважаючы на слухача, — ну, сапраўды ж добра праспявала, вунь пераход даў цудоўнае рэха, не горш чым у якім саборы, — дзядзька падышоў і давай дзяўчат на добрай ангельскай распытваць, што, ды як, ды чаму. І тут ужо Агата салаўём запела…
Турнікеты яны прайшлі разам з дзядзькам-дабрадзеем, які набыў ім квіткі да патрэбнай станцыі, але сам ехаў у процілеглы бок. Строгая дзяжурная больш не здавалася такой строгай. Агаце нават здалося, што белая пальчатка памахала ім здалёк на развітанне.
— Ты, напэўна, спявала у нейкім хоры! — выпытвала Агата, пакуль цягнік скакаў з цемры ў святло і зноў у цемру. А Яначка трыумфальна адмоўчвалася, маўляў, ды так, усяго патроху, — нарэшце і ёй удалося здзівіць сяброўку, хай памучыцца… Але вытрымала нядоўга:
— …і не ў нейкім хоры, а ў самым што ні ёсць царкоўным!
Агата толькі пырснула: уявіць гэту заўзятую шоперку, модніцу і тусоўшчыцу на клірасе ды яшчэ з хустачкай на галаве не атрымлівалася нават пасля сённяшняга выступу ў пераходзе. — Дык ты, хіба, звечара на дыскатэку, а зранку на службу, грахі замольваць?..
— От ужо нічога табе не скажы, — Яначка перастала смяяцца і пакрыўдзілася. — Што ты разумееш? Дыскатэкі, тусоўкі ўсялякія — гэта ж вельмі карысна для мадэлінгу, для прафесійнага росту. Дзе, ты думаеш, дызайнеры з дзяўчатамі сяброўства завесці могуць, ну не на паказах жа, калі ўсё дагары нагамі, суцэльны вэрхал, і абы гэта цаца маляваная паспела ў калекцыі выйсці ды не звалілася, ды апратку не сапсула… Вось на афтапацях — тут табе і шампанскага, кактэйльчыкаў усялякіх, расслабіцца і пагаварыць троху можна, а ты думаеш, як я на паказ “Кензо” трапіла, як мне гэтыя туфлікі дасталіся? Ага, ага, вось і не крывіся на дыскатэку, яшчэ зморшчыны раннія накрывіш… Між іншага, мяняем лінію ці не?
Калі дзяўчаты выбіраліся з натоўпу, які нарэшце сабраўся і панёс іх — дзве каляровыя трэсачкі сярод чорна-белай, цёмна-карычневай, шэра-офіснай плыні, — у непатрэбным кірунку, Агата была надта занятая падземным арыентаваннем, а Яначка тым, каб не згубіцца. Калі ж новы цягнік загаварыў з імі салодкім дзявочым голасам і вандроўніцы разабралі ў ім назвы наступнай і канцавой станцый, Яначка пачала расказваць, карыстаючыся зацішшам прыпынкаў і моўчкі прыгадваючы нешта прыемнае, пакуль цягнік ляцеў праз тунель. Яна расказвала, што спявае столькі, колькі сябе памятае: “…баба кажа, што я нават у пялюшках не хныкала, а напявала. У школе ў нас хору не было, вядома, якія на раёне школы, не тое што ў іх, сталічных… Затое ў царкве быў, мяне туды часта цягалі, як малая была, дык я ўсе малітвы павывучвала і пачала хору падпяваць… І нешта так добра атрымлівалася, ажно самой падабалася, калі яшчэ сонца праз вокны б’ецца, струменіцца, а ў сонечным святле пыл лётае, міра і ладан курацца… Прыго-о-ожа… І ты сабе спяваеш, і здаецца, голас разам з водарамі наверх ляціць, і Госпад з іконкі ласкава так глядзіць, як па галаве цябе позіркам гладзіць… Мяне спярша бабулькі слухалі ды хвалілі, ну, тыя, што свечкі абгарэлыя падбіраюць і кветачкі на святах папраўляюць… а тады ці то яны сказалі, ці то што, ды неяк матушка-рэгентша да мяне пасля службы падышла, запрасіла, вось я і пачала з тамтэйшым хорам спяваць, у іх заўжды людзей не хапала… Але ж блазнюкі гэтыя маладыя царкоўнікі, я табе скажу… Ты, між іншага, не першая, каго мае спевы ўразілі, я неяк была з адным дызайнерам сустракалася… Ну як сустракалася, быў паказ, смелая такая калекцыя, не так апранае, як распранае… Потым ён мяне запрасіў у кавярню, я прапанавала пагуляць па горадзе, гуляем, ён мне ўсё нешта пра нейкіх філосафаў гаворыць, я ўголас “ага, ага”, а сама думаю, хто гэта, і ўсё баюся, чым усё скончыцца, ну, бо ж малая была, гадоў чатырнаццаць, хлопцаў у мяне да таго не было ніколі, што з імі рабіць, не ведала… Бацькі
настрашылі, што ўсім хлопцам быццам бы аднаго толькі трэба… А тут якраз бачу — у кірунку царквы ідзем, і вечар, і пачынаюць званіць званы… Дык я яму і кажу, што мне, маўляў, на службу трэба, адспяваю і праз паўтары гадзінкі зноў з ім магу гуляць… Бедны хлопец з твару перамяніўся, вочы так неяк пагаслі, ён хуценька развітаўся і знік, і не званіў больш, так што калі ты выпадковых кавалераў не цярпіш, рэкамендую…”Дзяўчаты ўсё яшчэ смяяліся і з Яначкі, і з беднага дызайнера, калі салодкі голас абвясціў іх станцыю. Хвалявацца наконт шляху да дзвярэй не прыйшлося — на гэтай станцыі выходзіў увесь бітком набіты вагон, трэба толькі знайсці патрэбны выхад Е, да сустрэчы з Масам час яшчэ ёсць, так што можна скарыстацца прыбіральняй, каб прывесці сябе ў парадак. На шчасце для дзяўчат, усе прыбіральні ў метро бясплатныя і поўныя ўсялякіх зручнасцяў накшталт люстэркаў, гарачай вады, мыла, папяровых ручнікоў, гігіенічных пракладак і калгот.
— Слухай, а ў цябе, калі ты сабралася сваю справу рабіць, таксама гук вады ўключыўся? — Яначка не магла схаваць здзіўленне нават тады, калі дзяўчаты ўжо выбраліся на паверхню і ўладкаваліся чакаць на лавачцы. — Ага, ну, я так і думала, гэта, напэўна, каб ніхто цябе не чуў, класна прыдумана… Я вось чула, што ў іх ва ўнітазах такі прыборчык усталяваны: ты на яго сходзіш, потым націскаеш патрэбную кнопку, а ён табе раздрукоўку з тваім, значыцца, аналізам… Дык была раз у Марціны ў гасцях, ну ты ведаеш, яны непадалёк ад нас на кватэры жывуць, і ў іх такііі ўнітаз — што твой касмічны карабель, столькі ўсялякіх кнопачак, і ўсе з рознымі іерогліфамі. Я націскаць пабаялася, а сяброўка Марціны, яна мне расказала, панаціскала, дык ёй проста ў твар струмень заляпіў — бідэ, аказваецца…
Гэткімі байкамі красуні бавіліся яшчэ з паўгадзіны, але цудоўны настрой — ну як жа ж, праз паўгорада без грошай і карты даехалі! — пакрысе зноў пачаў псавацца: ані Маса, ані знаёмы мінівэн на даляглядзе не з’яўляліся. Агата раз-пораз адыходзіла агледзець машыны, якія ехалі ва ўсіх кірунках, вярталася ўся мокрая — “Асфальт гарачы, ажно абцасы прыліпаюць!” — па сто разоў правярала, ці сапраўды яны чакаюць каля правільнага выхаду… Вялізны гадзіннік на будынку насупраць высвечваў 15 хвілін дарэмнага чакання, 20, 25…
— Напэўна, я нешта наблытала, — не вытрымала Агата. — Можа, час недачула ці літару выхаду? Трэба яшчэ раз пазваніць.
То быў час, калі ад мабільнікаў яшчэ і не думалі адмаўляцца — імі хваліліся, іх прагнулі, за іх хваляваліся. Таму дзяўчаты, якія даймалі мінакоў просьбамі даць пазваніць, адразу выклікалі падазрэнне. Прыгожыя і высокія — на галаву вышэйшыя ад іншых, ярка апранутыя і дзіўна нафарбаваныя (цяжка апісаць, як пачынае выглядаць самы мінімальны макіяж, калі пабегаць па спёцы, паплакаць, яшчэ пабегаць, а потым паспрабаваць нешта падправіць з дапамогай мыла, вады і сурвэтак), з блытанай мовай (а хто ж на мяжы істэрыкі не пачне мяшаць базавую ангельскую, японскія фразы ветлівасці і родныя праклёны?), — небаракі выклікалі ў дзяжурнага палісмена асацыяцыю вельмі канкрэтную, але, на жаль, для іх не надта спрыяльную. Агата спярша памкнулася да яго — ахоўнік грамадскага парадку ну дакладна ж павінен валодаць прыстойнай ангельскай і жаданым мабільнікам, — аднак пасля першых жа фраз падхапіла Яначку і прасвідравала натоўп, які валіў і валіў з выхаду Е… І вось куды іх завялі ўцёкі!
Недзе паблізу прагрымеў цягнік — напэўна, тут метро зноў выходзіць на паверхню, машынальна адзначыла Агата, ухапіла Яначку за пятку і нарэшце вызваліла яе абцас, а тады звярнулася да людзей са звераватымі поглядамі: “Хай, гайз, мы тут заблукалі крыху, вы толькі пакажыце, кудой выхад, і мы адразу пойдзем…”
“Гайзы”, аднак, нічога не адказвалі, а толькі падышлі бліжэй, асабліва шчыльна ззаду, таму Агата інстынктыўна рушыла наперад, падцягваючы зляканую Яначку і працягваючы гаварыць: журналісцкая практыка прывучыла яе верыць у словы, у магчымасць дамовіцца з кім заўгодна, трэба толькі знайсці хоць нейкія кропкі судакранання. “Ого, ды ў вас тут клёва, столькі шынаў аўтамабільных, вы з іх, напэўна, вогнішчы робіце, а мы таксама рабілі, ага, ды вы не турбуйцеся, не трэба ўставаць, мы толькі міма пройдзем і ўсё, не зважайце, нас дзядзька палісмэн сюды загнаў, усё бег і бег за намі…”
— Паліцыя? Нехта тут згадвае паліцыю? — нарэшце азваўся хтосьці наперадзе. Натоўп ашчэрыўся ўсмешкамі, не сказаць каб дужа добрымі і прыемнымі. — Ну, хто ад паліцыі ўцякае, той нам найпершы сябар! Сюды, сюды, дайце на вас паглядзець!
Лахманы расступіліся, і дзяўчаты ўбачылі спярша жоўты намёт, увесь у выцвілых стужках, а затым дзядзьку, які паўляжаў перад ім на сцёртым кіліме і корпаўся ў зямлі. Вязаная жоўтая шапачка сядзела на смалістых кудзерах рыхтык карона, на руках у дзіравых пальчатках паблісквалі пярсцёнкі, побач валяўся металёвы скіпетр з мудрагелістай разьбой — ні даць ні ўзяць кароль сметніцы, вырашыла Агата і павіншавала сябе: з адным і галоўным дамовіцца лягчэй. А вадзяністыя вочы “караля” вывучалі дзяўчат і смяяліся: